Супрацоўніцтва, узаемапавага, дысцыпліна і асабістая адказнасць

- 17:50Суразмоўца
Л.Э. Бачыла

Не кожны чалавек можа быць добрым кіраўніком. Тут зусім не важна: жанчына ты альбо мужчына, высокага росту ці сярэдняга. Галоўнае, як паказвае практыка, — моцны дух, стрыжань. Менавіта гэты стрыжань і ўнутраная моц і дазволілі маленькай, вытанчанай жанчыне — Людміле Эдуардаўне Бачыла — дасягнуць значных поспехаў. І, дарэчы, не толькі ў рабоце, а і ў асабістым жыцці.

Што прыводзіць да поспеху

Навучальную ўстанову, якую ўзначальвае Л.Э.Бачыла (гімназію № 1 Барысава), у Мінскай вобласці ведаюць і часта прыводзяць у якасці прыкладу. Неаднарозовая пераможца конкурсаў сярод гімназій сталічнай вобласці, яна за мінулы навучальны год прызнана лепшай па інфарматызацыі адукацыі сярод устаноў адукацыі Міншчыны. Што тычыцца Барысаўскага раёна, то за апошніх 10 гадоў гімназія № 1 станавілася лепшай па розных намінацыях: у арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў, выхаванні культуры здароўя і здаровага ладу жыцця, у фінансава-гаспадарчай дзейнасці… Адным з фактаў, які сведчыць аб якасці работы ўстановы, з’яўляецца конкурс у пятыя гімназічныя класы: ён самы вялікі сярод чатырох гімназій Барысаўскага раёна.

Л.Э. Бачыла“Высокіх вынікаў можна дасягнуць толькі ў атмасферы супрацоўніцтва, узаемапавагі, дысцыпліны і асабістай адказнасці”, — адзначае Людміла Эдуардаўна Бачыла. Дысцыпліна заўсёды была на першым месцы ў гімназіі. Людміла Эдуардаўна сама вельмі дысцыплінаваны і адказны чалавек, таму для сваіх калег і навучэнцаў выступае ў якасці прыкладу.
Безумоўна, поспех установы ствараецца за кошт многіх складнікаў: гэта і кадры, і дзеці, і тэхналогіі, і матэрыяльная база, і многае іншае. Але самае галоўнае — лідар, які вядзе да поспеху, які генерыруе ідэі, вызначае кірункі работы, прадбачыць вынікі. Людміла Эдуардаўна Бачыла — нязменны кіраўнік гімназіі з дня яе заснавання. 90-я гады мінулага стагоддзя… Асаблівы час для беларускай адукацыі. Час ініцыятыўных, адказных, творчых кіраўнікоў школ, якія ўпэўнены ў поспеху. Іх смеласць з лішкам акупілася. І іх установы да гэтага часу адны з лепшых у краіне.
А гімназіі № 1 Барысава магло б не быць ці яна не была б такой, якая ёсць зараз, калі б Людміла па жаданні сваіх бацькоў стала інжынерам. Чаму педагогіка стала яе выбарам? Менавіта таму, што ў школе, якую яна скончыла, былі выдатныя педагогі. Людміла Эдуардаўна закончыла 10-ю школу горада Слуцка. У той час яе ўзначальваў заслужаны настаўнік Беларусі Сяргей Фёдаравіч Рубанаў (дарэчы, зараз гэтая школа носіць яго імя). З удзячнасцю ўзгадвае Людміла Эдуардаўна свайго настаўніка матэматыкі і дырэктара: “Сяргей Фёдаравіч быў выдатным, адукаваным, строгім і адначасова справядлівым чалавекам. Дзякуючы такім настаўнікам, як ён, я ведаю, як трэба працаваць у школе”. Калі абітурыенткай яна бліскуча здала экзамен па матэматыцы ў інстытут, то экзаменатары нават запыталіся, якую школу скончыла дзяўчына. “Лепшую!” — быў адказ. Такую ж лепшую школу хацела пабудаваць і яна сама. І на тое былі не толькі жаданне, але і яскравы прыклад, і веды (яна старанна вучылася ў школе і інстытуце), і характар. Моцны характар ёй перадаўся, як яна сама адзначае, і ад бабулі, і ад маці, і ад таты ваеннага. Увогуле ў сям’і Бачыла выхоўваецца патрабавальнасць да сябе і да дзяцей. Тое ж Людміла Эдуардаўна перадала дачкам, а потым і ўнукам. А яшчэ вучыць унукаў, навучэнцаў сталічных гімназій, што праўда заўсёды за настаўнікам. Аднак на сваім рабочым месцы, яна становіцца на бок навучэнцаў: што б ні здарылася, настаўнік павінен папярэджваць канфліктныя сітуацыі, не дапускаць непаразумення ў стасунках з вучнем — толькі на павазе і даверы павінна будавацца іх узаемадзеянне. Так на справе і адбываецца. Адсюль і высокія дасягненні і добрыя вынікі.

Напоўніць новым зместам!

Пасля інстытута Людмілу Эдуардаўну чакала месца настаўніка матэматыкі ў сярэдняй школе № 2 Барысава. Тут яна адпрацавала 10 гадоў, умацавалася ў прафесіі, назапасіла неабходны вопыт. Потым прыйшла як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў школу-новабудоўлю №19, дзе праз чатыры гады заняла пасаду дырэктара. На той час у школе вучылася амаль дзве з паловай тысячы навучэнцаў. І менавіта з такой колькасцю дзяцей іх установа першай у Барысаве стала называцца гімназіяй. Атрымалася так, што менавіта Людміле Эдуардаўне давялося ствараць на базе сярэдняй школы ўстанову новага тыпу, давялося вучыцца разам з іншымі сталічнымі дырэктарамі маладых гімназій — Л.М.Лабадаевай, Г.І.Дабрынеўскай, Т.І.Вечар. Дарэчы, па меркаванні Л.Э.Бачыла, не толькі настаўнік, але і дырэктар павінен вучыцца ўсё жыццё, каб паспяваць за часам, адпавядаць яго запатрабаванням.
“Калі мы адкрывалі гімназію, то я педагагічнаму калектыву заўважыла, што мы не шыльду мяняем, а павінны напоўніць адукацыйны працэс новым зместам, узняць яго на якасна новы ўзровень”, — дзеліцца Л.Э.Бачыла. Можна дакладна сказаць, што імкненне да новага, няспынны пошук шляхоў аптымізацыі адукацыйнага працэсу — характэрныя рысы работы адміністрацыі гімназіі №1 Барысава. З набыццём статусу гімназіі ў яе кіраўніка з’явіліся не толькі новыя магчымасці, але і вялікая адказнасць за вынікі работы, і шэраг пытанняў. Напачатку вырашана было не эксперыментаваць з формамі навучання, як было тады модна, а зрабіць стаўку на ўрок. А менавіта, напоўніць яго сучасным зместам, узмацніць логікай, выверыць методыкай і узбагаціць творчасцю. Калектыўныя намаганніі былі накіраваны на стварэнне аднолькавых стартавых магчымасцей для ўсіх навучэнцаў і разам з тым рэалізацыю спецыяльных праграм для работы з адоранымі дзецьмі. Задача якаснай падрыхтоўкі вучняў для атрымання далейшай адукацыі, да свядомага выбару прафесіі стала адной з галоўных для настаўнікаў старэйшых класаў. Надзвычай важным у той ідэалагічна няпросты час стала пытанне захавання традыцый, выхавання патрыятызму, грамадзянскай свядомасці вучняў.
З мэтай пашырэння магчымасцей для самарэалізацыі вучняў была распачата вялікая справа — стварэнне эстэтычнага кірунку. Ён і зараз існуе ў гімназіі. Сёння каля 400 дзяцей з другога па дзявяты клас займаюцца ў тэатральных, вакальных, харэаграфічных і мастацкіх калектывах. Вядома, што гэты кірунак патрабуе значных укладанняў. Артысты павінны быць прыгожымі, яркімі. У гімназіі самі ствараюць цудоўныя касцюмы. Тром калектывам гімназіі — студыі “Сузор’е”, ансамблю “Дывертысмент”, студыі “Мельпамена” — прысвоены званні ўзорных. А ў 2008 годзе ансамблю выкладчыкаў “Лотаць” было прысвоена званне народнага. Сваімі калектывамі ў гімназіі ганарацца і радуюцца, калі яны становяцца пераможцамі конкурсаў.
Але не толькі творчыя здольнасці развівалі ў сваіх выхаванцаў педагогі гімназіі №1 Барысава. Пасля таго, як школа стала гімназіяй, у раскладзе з’явіліся эканоміка, права, мастацкая сусветная культура і іншыя прадметы. Усе працавалі шмат і ўспрымалі гэта як мае быць. Сёння ў настаўнікаў гімназіі дастаткова падстаў для гонару: сярод іх навучэнцаў пераможцы шматлікіх конкурсаў і алімпіяд не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню, а з УВА, дзе вучацца былыя выпускнікі гімназіі, нярэдка прыходзяць падзякі. Бадай даражэй за падзякі толькі тыя моманты, калі ўчарашнія гімназісты вяртаюцца ў родныя сцены ў якасці настаўнікаў. А такіх сёння ў калектыве шаснаццаць чалавек!
З вышыні пражытых гадоў Людміла Эдуардаўна здзіўляецца: як толькі ўсё атрымлівалася? І хутка дае адказ: “Побач былі аднадумцы, руплівыя і надзейныя калегі!”

Новае дзесяцігоддзе — новыя справы

Цікава, што ў жыцці Людмілы Эдуардаўны Бачыла многае вымяраецца дзесяцігоддзямі: 10 гадоў работы ў адной школе, 10 гадоў работы ўстановы ў статусе гімназіі і затым праз 10 гадоў — яшчэ адно новаўвядзенне. Работа калектыву гімназіі да таго часу прыносіла ўжо даволі стабільныя вынікі. Але час прад’яўляў новыя патрабаванні да ведаў выпускнікоў, з ростам прэстыжу вышэйшай адукацыі значна ўзраслі конкурсы ў ВНУ, але скараціліся наборы на бюджэтныя месцы. Як узгадвае Людміла Эдуардаўна, такая сітуацыя падштурхоўвала да пошукаў спосабаў дапамогі вучням выпускных класаў. Гэтым абумовілася яе цікавасць да інфармацыі пра мультыпрофільную мадэль навучання, якую яна знайшла ў расійскім прафесійным часопісе. Ідэя Людміле Эдуардаўне прыйшлася даспадобы, яна хутка звязалася з кіраўніцтвам школы №1131 Масквы і атрымала запрашэнне на семінар па гэтай праблематыцы. Потым, атрымаўшы адабрэнне ў Міністэрстве адукацыі, заручыўшыся амаль стапрацэнтнай падтрымкай сваіх педагогаў, Людміла Эдуардаўна распачала падрыхтоўку калектыву да работы ў новым рэжыме. Вось так гімназія №1 Барысава стала першай у краіне выкарыстоўваць мультыпрофільную мадэль на трэцяй ступені навучання.
“Першы год было вельмі складана, — узгадвае Людміла Эдуардаўна. — Былі сумненні, але вынікі аказаліся вельмі добрыя, таму было вырашана працягваць распачатую справу. “І ўжо ў 2001 годзе гімназіі быў прысвоены статус рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі па апрабацыі мультыпрофільнай мадэлі навучання. Праз год-другі педагогі гімназіі ўжо актыўна трансліравалі вопыт работы з “мультыпрофілем”, і трэба сказаць, што ён быў запатрабаваны.
Творчы падыход да кіравання ўстановай адукацыі не дазваляе дырэктару супакойвацца на дасягнутым. Новае дзесяцігоддзе адзначылася новым пачынаннем. Аналізуючы адукацыйныя патрэбы сучасных гімназістаў, параўноўваючы магчымасці, якія прадстаўляла некалі мультыпрофільная сістэма навучання з тымі, што даюць сённяшнія чатыры кірункі навучання, у гімназіі прыйшлі да неабходнасці больш якаснага задавальнення попыту на адукацыйныя паслугі. Вынікам гэтых аналітычных разважанняў стала рэалізацыя з 2011 года (якраз амаль праз 10 гадоў) дыстанцыйнага навучання ў гімназіі. Пра магчымасці і перавагі дыстанцыйнага навучання Людміла Эдуардаўна даведалася на семінары, дзе вопыт работ прадстаўляла дырэктар гімназіі №1 Мінска Наталля Уладзіміраўна Бушная. У тым жа годзе на базе гімназіі №1 Барысава ўжо быў створаны раённы рэсурсны цэнтр па ўкараненні ў адукацыйны працэс дыстанцыйных тэхналогій навучання.
“Мы не разглядалі дыстанцыйную адукацыю як альтэрнатыву класна-ўрочнай сістэме навучання, — адзначае Л.Э.Бачыла. — І не гаварылі пра раўназначную замену традыцыйнага навучання — жывых стасункаў настаўніка з вучнямі. Дыстанцыйная адукацыя — гэта сродак пашырэння спектра дадатковых адукацыйных паслуг, спосаб скіраваць дзяцей на самастойнае навучанне дома”. І педагогі гімназіі ўзяліся вучыць дзяцей таму, як можна здабываць веды з дапамогай камп’ютара. І бацькі ўжо літаральна на другім сходзе, прысвечаным дыстанцыйнаму навучанню, адзначылі, што гэтае новаўвядзенне адцягнула іх нашчадкаў ад сацыяльных сетак, што яны цяпер за камп’ютарам больш вучацца, чым гуляюць.
З 2012 года на базе гімназіі рэалізоўваецца абласны праект “Задавальненне адукацыйных запытаў навучэнцаў, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі сродкамі дыстанцыйнага навучання”, была праведзена абласная калегія па інфарматызацыі і некалькі вучэбных семінараў для дырэктараў і намеснікаў устаноў адукацыі Барысаўскага раёна. У калектыве гімназіі так прынята: навучыўся сам, перадай веды калегам.
“Я не магу сказаць, што інфарматызацыя ў нас пачалася толькі два гады назад з увядзеннем дыстанцыйнага навучання, — адзначае Л.Э.Бачыла. — На працягу 10 апошніх гадоў інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца актыўна як педагогамі, так і адміністрацыяй. Інфарматызацыя — гэта патрабаванне часу. І тое, што робіць установу адукацыі канкурэнтаздольнай, прывабнай для навучання”.
Яшчэ ў 2003 годзе ў гімназіі быў створаны свой інтэрнэт-сайт, арганізавана тэлебачанне. Паступова набывалі новую тэхніку, камп’ютары, зараз у распараджэнні педагогаў і навучэнцаў 3 інтэрактыўныя дошкі, 2 камп’ютарныя класы, кабінет інфармацыйных тэхналогій, 3 лінгафонныя кабінеты і многае іншае.

У адказе за будучыню

“Усю ідэалогію нашага калектыву можна вызначыць у некалькіх сказах, — адзначае Людміла Эдуардаўна. — Мы разглядаем прафесію настаўніка толькі як прызванне. Якасць ведаў для нас прыярытэт. Творчасць — гэта стан душы. Патрыятызм не прыгожае слова, а перакананне. А да здароўя мы ставімся як да найважнейшай каштоўнасці.
У гімназіі працуюць 130 педагогаў. Мы ганарымся многімі, бо сярод іх ёсць лаўрэаты спецыяльнага фонду прэзідэнта, выдатнікі адукацыі, заслужаны настаўнік Беларусі (Я.Я.Валынец), пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства. Мне пашчасціла, што ў калектыве, дзе я працую, настаўнікі — вялікія працаўнікі”.
У гімназіі №1 Барысава не баяцца работы, умеюць працаваць творча, самааддана. Магчыма і таму, што ведаюць: чым больш яны працуюць, тым больш зарабляюць. Дырэктар заахвочвае іх за ўсе вялікія і малыя справы.
Патрэбныя сродкі для ўстановы ў калектыве навучыліся зарабляць самі, рознымі спосабамі, і дзякуючы збору макулатуры і металалому таксама.
Яшчэ адна заслуга кіраўніка — уменне супрацоўнічаць з бацькамі. Калі яны бачаць, што дзеці займаюцца ва ўтульных, добра абсталяваных кабінетах, атрымліваюць якасную адукацыю, то актыўна адгукаюцца на просьбы дырэктара, за што яна ім вельмі ўдзячная.
Святочная гутарка да 8 Сакавіка з Людмілай Эдуардаўнай і не магла быць іншай. Яна не можа проста расказваць пра сябе, яна — гэта яе гімназія, яе калектыў, яе навучэнцы. У гэтым яна ўся. І сакрэт поспеху гімназіі № 1 Барысава, на мой погляд, такі: калі адказваеш за будучыню цэлага пакалення (а навучальная ўстанова падзяляе гэтую адказнасць з сям’ёй), трэба ўважліва вывучаць патрабаванні часу і працаваць так, каб ім адпавядаць. А інакш рызыкуеш згубіць будучыню.

Святлана КІРСАНАВА

kirsanava@ng-press.by