Той, хто вядзе за сабой не прымушаючы

- 15:51Якасць адукацыі

Напрыканцы мінулага тыдня ў межах праграмы “Прэзентацыя навукова-педагагічных і аўтарскіх школ у адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь” адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дзейнасць навукова-педагагічнай школы як фактар інавацыйнага развіцця дадатковай адукацыі педагагічных кадраў”, на якой была прадстаўлена навукова-педагагічная школа прафесара Аляксандра Іванавіча Жука.

Як вядома, першы намеснік міністра адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар А.І.ЖУК — заснавальнік і кіраўнік школы па праблемах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адукацыі, інаватыцы ў сферы адукацыі. Акрамя таго, пад яго кіраўніцтвам у 90-я гады мінулага стагоддзя была створана Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, якая за 20 гадоў даказала сваю значнаць для нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Нагадаем, што дэманстрацыя навукова-педагагічных і аўтарскіх школ праводзіцца па ініцыятыве Акадэміі паслядыпломнай адукацыі іА.І. ЖукБеларускага педагагічнага таварыства.
Старшыня Беларускага педагагічнага таварыства, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, доктар педагагічных навук Г.І.Нікалаенка расказала, што навукова-педагагічная школа прафесара А.І.Жука — адна з нямногіх, якая ў нашай краіне зарэгістравана афіцыйна. Яна пачынае адлік з 1992 года, калі яе заснавальнік і кіраўнік Аляксандр Іванавіч Жук стаў дырэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, які далей пад яго кіраўніцтвам быў ператвораны ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Ідэі школы і практыка іх укаранення знайшлі ўвасабленне ў доктарскай дысертацыі, якая была абаронена Аляксандрам Іванавічам у 1998 годзе, “Тэарэтычныя асновы дзейнасці інстытута павышэння кваліфікацыі як цэнтра развіцця адукацыйнай практыкі”. Менавіта гэтая работа прадвызначыла далейшае развіццё сістэмы дадатковай адукацыі педагогаў у нашай краіне, лічыць Г.І.Нікалаенка.

“Развіццё школы заўсёды было непарыўна з кантэкстам адукацыі ў іншых краінах, ішло ў пастаянным узаемадзеянні з замежнымі калегамі А.І.Жука”, — працягнула старшыня Беларускага педагагічнага таварыства.
Знамянальна, што канферэнцыя ў АПА мела міжнародны статус: у ёй узялі ўдзел прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі з Расіі, а анлайн — з Украіны і Казахстана. Так, па ацэнцы Аляксандра Іванавіча Жука, дзякуючы 20-гадоваму супрацоўніцтву з прэзідэнтам расійскай Акадэміі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў адукацыі, доктарам педагагічных навук, прафесарам Э.М.Нікіціным, у постсавецкі час удалося захаваць адзіную адукацыйную прастору ў галіне дадатковай адукацыі педагогаў. Сумесныя семінары з расійскімі калегамі ў Мінску, Брэсце, Віцебску, у рэгіёнах Расіі дапамаглі вызначыцца з навукова-тэарэтычнымі падыходамі да сістэмы дадатковай адукацыі і абменьвацца практычным вопытам. Сёння гэтае супрацоўніцтва працягваецца. На новым вітку знаходзіцца партнёрства з Інстытутам педагагічнай адукацыі і адукацыі дарослых Расійскай акадэміі адукацыі, які выступіў арганізацыяй-апанентам па доктарскай А.І.Жука. Цесныя сувязі наладжаны з Украінай і Казахстанам.
“Наша сумесная работа спрыяла і навукова-тэарэтычным вышукам, і практычнаму вызначэнню таго, што павінны рабіць у сучасных умовах інстытуты развіцця адукацыі, — падкрэсліў кіраўнік навукова-педагагічнай школы. — Сёння ІРА побач з традыцыйнымі павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай выконваюць вельмі важныя новыя функцыі, звязаныя з падтрымкай адукацыйных ініцыятыў, інавацыйных і эксперыментальных пляцовак, з тым, каб узровень кваліфікацыі педагагічных кадраў адпавядаў сучасным патрабаванням”.
Аляксандр Іванавіч на канферэнцыі выступіў з дакладам “Тэарэтычныя асновы развіцця дадатковай адукацыі педагагічных кадраў”. Ён расказаў аб тым, што ўжо дасягнута яго навукова-педагагічнай школай і што яшчэ належыць зрабіць.
Такім чынам, вучоныя ажыццяўляюць сістэмны аналіз стану і тэндэнцый развіцця сістэмы дадатковай адукацыі педагагічных кадраў, арганізацыйнае праектаванне і праграмаванне, арганізоўваюць працэс “вырошчвання” новай кампетэнтнасці кадраў, якія ажыццяўляюць пераўтварэнні. Школа кіруецца такімі крытэрыямі сучаснай адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, як светапоглядная накіраванасць, адкрытасць, бесперапыннасць, інавацыйнасць і дыялагічнасць.
Прадстаўнікам гэтай навукова-педагагічнай супольнасці належаць наступныя вынікі: распрацоўка і рэалізацыя шматузроўневых праграм павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, інавацыйных праграм павышэння кваліфікацыі аўтараў адукацыйных праектаў і спецыялістаў па рабоце з інавацыямі, інавацыйных праграм перападрыхтоўкі кіруючых кадраў новага тыпу, інавацыйных праграм ансамблевага павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў (навучанне калектываў, якія жадаюць займацца распрацоўкай і ўкараненнем інавацый у сваіх установах).
Школай створаны канцэпцыя і мадэль дзейнасці ІПК як цэнтра развіцця адукацыйных практык; канцэпцыя і праграма развіцця ІПК як цэнтра бесперапыннай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў; тэарэтычныя асновы арганізацыі сістэмы метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі; тэарэтычныя асновы дзейнасці рэсурсных цэнтраў у галіне ўстойлівага развіцця.
Вучоныя распрацавалі, абгрунтавалі і ўкаранілі цэлы шэраг тэхналогій: тэхналогію атэстацыі педагагічных кадраў, модульныя інавацыйныя тэхналогіі, тэхналогію кіравання якасцю адукацыі, тэхналогію комплекснай падтрымкі адукацыйных ініцыятыў і метадалагічнага кансалтынгу дзейнасці ўстаноў адукацыі.
Акрамя таго, праведзена цэлая серыя навукова-практычных, інавацыйных семінараў, канферэнцый, а таксама створаны і рэалізаваны інавацыйныя распрацоўкі і адпаведныя часовыя структуры для станаўлення і развіцця Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

 Што да актуальных задач дадатковай адукацыі дарослых на будучыню, то сярод іх, на думку А.І.Жука, распрацоўка канцэпцыі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця як базавай для развіцця дадатковай адукацыі педагагічных кадраў, стварэнне дзяржаўна-грамадскай сістэмы кіравання адукацыяй, рэалізацыя канцэпцыі ўсеагульнага менеджменту якасці ў адукацыі. Па яго словах, трэба вырашаць задачы пераходу на новы гаспадарчы і фінансавы механізм кіравання адукацыяй (напрыклад, сёння з цікавасцю вывучаецца вопыт Расіі па падушавым фінансаванні і пачынаецца адпаведны эксперымент у Беларусі), мадэрнізаваць арганізацыйныя мадэлі адукацыі (побач з фармальнай павінна развівацца нефармальная і пазафармальная адукацыя, вынікі якой таксама дастойны ўвагі), упарадкаваць інавацыйную дзейнасць у адукацыі, сістэматызаваць работу на эксперыментальных інавацыйных пляцоўках, развіваць рэгіянальныя адукацыйныя сістэмы. І, нарэшце, патрэбна стратэгія развіцця інстытутаў развіцця адукацыі, якія “памянялі не толькі “шыльду”, але і місію, і бяруць на сябе вельмі сур’ёзныя функцыі па развіцці адукацыі краіны”.
Па названых напрамках, як адзначыў кіраўнік школы, ужо ёсць шмат практыка-арыентаваных напрацовак. Але вучоныя глядзяць і на больш далёкую перспектыву. Паводле меркавання А.І.Жука, да перспектыўных напрамкаў даследаванняў у сістэме дадатковай адукацыі адносяцца пытанні аксіялогіі; заканамернасці развіцця сістэм, што самаарганізоўваюцца; тэарэтычнае абгрунтаванне новых арганізацыйна-адукацыйных мадэлей, структур, тэхналогій, зместу дадатковай адукацыі, новых мадэлей педагагічнай адукацыі і павышэння кваліфікацыі кадраў, падрыхтоўкі андрагогаў. Важна вывучыць, на думку вучонага, у якой меры прынцып стандартызацыі можна прымяніць да дадатковай адукацыі, як ён спалучаецца з прынцыпамі варыятыўнасці і аўтаномнасці. Неабходна даследаванне нарматыўных функцый дадатковай адукацыі, а таксама такіх пытанняў, як кластарны падыход да арганізацыі дадатковай адукацыі ў рэгіёнах, кіраванне якасцю, лідарства і менеджмент, сацыяльнае партнёрства, праграмаванне развіцця дадатковай адукацыі.
“Мы павінны зазірнуць у будучыню: якой будзе дадатковая адукацыя праз 20 і больш гадоў, якім будзе педагог? Трэба гэта прадбачыць у даследаваннях і практыцы”, — заключыў Аляксандр Іванавіч.

Непасрэдна аб складзе навукова-педагагічнай школы па праблемах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адукацыі расказала адна з яе прадстаўніц — загадчыца кафедры кіравання ў сферы адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Н.М.Кошаль. “Выдатны арганізатар, інаватар, натхняльнік. Аптыміст, які заўсёды заражае сваімі ідэямі, — так ахарактарызавала кіраўніка школы Ніна Мікалаеўна. — Калі ў чалавека столькі зацікаўленасці і энтузіязму, то за ім хочацца і трэба ісці. Лідар — гэта той, хто вядзе за сабой, не прымушаючы”.
У школу ўваходзяць такія вядомыя ў краіне і сістэме дадатковай адукацыі людзі, як Уладзімір Трафімавіч Кабуш, Віктар Пятровіч Таранцей, Мікалай Іванавіч Запрудскі, Людміла Георгіеўна Тарусава, Юрый Мікалаевіч Шастакоў, Анатоль Аляксандравіч Глінскі і іншыя. Школа знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і ўвесь час папаўняецца маладымі кандыдатамі навук.

Адметна, што месцам прэзентацыі навукова-педагагічнай школы А.І.Жука стала Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, першым рэктарам якой у свой час быў Аляксандр Іванавіч. Аб яго дасягненнях у якасці арганізатара згадаў сённяшні кіраўнік АПА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.П.Манастырны.
Так, пад кіраўніцтвам першага рэктара ў акадэміі былі створаны факультэты і кафедры. Пры гэтым факультэты фарміраваліся паводле не галін ведаў, а катэгорый слухачоў. Кафедры ж працавалі адразу на ўсе факультэты, а не былі прывязаны да асобных з іх. У гэтым і заключалася своеасаблівасць мадэлі АПА, якая вытрымала праверку часам і ўжо 20 гадоў працуе менавіта такім чынам. Навуковы патэнцыял кафедр і прафесіяналізм метадычных службаў (трэцяга структурнага “кіта” акадэміі) станоўча ўплываюць на ўзровень адукацыйных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў АПА (у тым ліку і праекты нацыянальнага маштабу).
У 90-я гады ў акадэміі была створана аспірантура, магістратура, актыўна вялася навуковая работа, наладжваліся міжнародныя кантакты, што зараз, дзякуючы выдатнаму задзелу, з’яўляецца нормай у рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Значная заслуга Аляксандра Іванавіча — у фарміраванні кадравага патэнцыялу акадэміі. Ён падтрымаў найбольш таленавітых і мэтанакіраваных маладых супрацоўнікаў, стаўшы іх навуковым кіраўніком. Пераўтварэнні ў акадэміі зацікавілі прадстаўнікоў універсітэтаў, Нацыянальнай акадэміі навук, якія прыйшлі сюды працаваць.
Калі казаць словамі цяперашняга рэктара акадэміі, то захады, зробленыя ў 90-я гады А.І.Жуком, паказалі “высокую ступень устойлівасці і вялікі рэзерв для развіцця”.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, Аляксандр Іванавіч Жук падкрэсліў, што АПА як вядучая ўстанова краіны ў сістэме дадатковай адукацыі павінна ўзначаліць навукова-інавацыйную дзейнасць у галіне прафесійнага развіцця педагагічных і кіруючых кадраў, стаць цэнтрам вырашэння актуальных задач і перспектыўных распрацовак.

 

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.