У рабоце са студэнтамі варта больш актыўна задзейнічаць сацыяльныя сеткі

- 14:54Якасць адукацыі

Мы ўжо расказвалі, што на пачатку сакавіка Офіс праграмы TEMPUS у Рэспубліцы Беларусь правёў дзень інфармавання (семінар) па праграме Еўрапейскай камісіі Erasmus Mundus. Аб’яўлены конкурс заявак на 2013 год, таму зараз універсітэты актыўна абмяркоўваюць з будучымі партнёрамі сумесныя праекты, а таксама рыхтуюць дакументы для ўдзелу ў конкурсе заявак па праграме Erasmus Mundus. Зразумела, у працэсе работы з’яўляецца шмат пытанняў. Асабліва гэта тычыцца навічкоў — тых, хто толькі пачынае развіваць акадэмічную мабільнасць. І для іх падобныя дні інфармавання з’яўляюцца вельмі карыснымі: на ўсе пытанні тут ёсць адказы.

У той жа час трэба адзначыць, што прадстаўнікі ўніверсітэтаў цікавяцца не толькі чыста тэхнічнымі пытаннямі (парадкам і працэдурай падачы дакументаў для ўдзелу ў конкурсах). Сёння ў вышэйшай школе разумеюць: для таго, каб акадэмічная мабільнасць ва ўніверсітэце была не эпізадычнай, а стала сістэмай, якая дае доўгатэрміновыя вынікі, неабходна дакладная стратэгія дзеянняў.
У гэтым сэнсе цікавы вопыт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе акадэмічная мабільнасць знаходзіцца пад асаблівай увагай рэктара. Пашырэнне акадэмічнай мабільнасці, павышэнне якасці праектаў — адзін з найважнейшых прыярытэтаў БДУ.
Пра тое, як ва ўніверсітэце ажыццяўляецца менеджмент праектаў і сацыялагічнае вымярэнне акадэмічнай мабільнасці, на прыкладзе праграмы Erasmus Mundus расказаў на дні інфармавання начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў упраўлення міжнародных сувязей БДУ А.У.РЫТАЎ.

Як заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч, эфектыўны менеджмент міжнародных праектаў у значнай ступені забяспечваецца наяўнасцю навукова-метадычнай базы і эфектыўных камунікацый з мэтавымі аўдыторыямі.
Сучасная навукова-метадычная база ўпраўлення міжнародных сувязей БДУ ўключае ў сябе вычарпальную інфармацыю аб дзейнасці міжнародных арганізацый і фондаў, якія прадастаўляюць фінансавую дапамогу для навучання і навуковых даследаванняў; аб парадку і працэдурах падачы дакументаў для ўдзелу ў конкурсах; аб патрэбах і чаканнях непасрэдных удзельнікаў замежных навукова-адукацыйных стажыровак, выніках навучання і атрыманым вопыце.

Аляксандр Рытаў расказаў, што ў мінулым годзе ў БДУ праходзіла стажыроўку супрацоўніца міжнароднага офіса Балонскага ўніверсітэта Франчэска Валетна, якая даследуе ўплыў праграмы Erasmus Mundus на жыццё грамадства, і ў БДУ яна праводзіла сацыялагічнае апытанне на гэтую тэму. Нядаўна яна даслала ў Мінск абагульненне таго, што ў яе атрымалася.
У прыватнасці, Франчэска высвятляла прычыны таго, чаму беларускія студэнты хочуць паехаць на вучобу за мяжу, і ў выніку ранжыравала іх чаканні наступным чынам. На першым месцы — каштоўны вопыт для асобаснага росту; на другім — магчымасць стаць больш канкурэнтаздольным і атрымаць добрую работу; на трэцім — паглыбленне ведаў па спецыяльнасці, магчымасць выбраць вучэбныя дысцыпліны, прайсці якія ў Беларусі няма магчымасці, вывучаць тое, што цікава, і, нарэшце, магчымасць адчуць дух еўрапейскай мадэрнізацыі.
Акрамя таго, Франчэска пераканалася ў тым, што ўдзел у праграме Erasmus Mundus студэнты ніяк не звязваюць з магчымай эміграцыяй. Яны хочуць атрымаць новыя веды і вярнуцца на радзіму.
Адметна, што студэнты пераважна задаволены акадэмічнай мабільнасцю, хаця вынікі не заўсёды адпавядалі іх першапачатковым чаканням. Так, у анкетах маладыя людзі напісалі, што ўдзел у праграме абменаў паспрыяў значнаму павышэнню ўзроўню валодання замежнымі мовамі, пашырэнню кола навуковых інтарэсаў, а таксама кругагляду, зрабіў больш зразумелай культуру і менталітэт еўрапейцаў, даў навыкі жыцця ў мультыкультурным грамадстве. Вядома, студэнты называюць і практычную карысць для далейшай кар’еры і самаразвіцця, але далёка не на першых пазіцыях (насуперак чаканням, дзе гэтыя паказчыкі ўказаны ў ліку асноўных прыярытэтаў).
Упраўленне міжнародных сувязей БДУ таксама вывучае ўсе праблемы і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ўдзельнікі акадэмічнай мабільнасці. Так, адна з непераадольных пакуль праблем — залік (а дакладней незалік) пройдзеных прадметаў.
Як паведаміў Аляксандр Рытаў, толькі 16% студэнтаў, якія прайшлі навучанне па праграмах акадэмічнай мабільнасці за мяжой, змаглі атрымаць поўнае ці частковае прызнанне пройдзеных прадметаў, 84% не атрымалі ніякага прызнання і мусілі здаваць усе залікі і экзамены згодна з вучэбнымі планамі свайго ўніверсітэта.
“Пры адсутнасці выразнага механізму прызнання вынікаў навучання за мяжой пытанне прызнання вырашаецца ў індывідуальным парадку і ў значнай ступені залежыць ад пазіцыі дэкана і прафесуры факультэта, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Зрэшты, студэнты не надта непакояцца з гэтай нагоды: за мяжой у іх была магчымасць праслухаць менавіта тыя курсы, якія яны хацелі. Многія высока ацанілі магчымасць самастойна выбіраць вучэбную траекторыю, і таму пасля вяртання на радзіму нараканняў на непрызнанне, як правіла, няма”.
Студэнты часцей адзначаюць складанасць працэдур падачы дакументаў у рэжыме анлайн, цяжкасці з афармленнем неабходных дакументаў, а таксама з атрыманнем візы і рашэннем практычных пытанняў ад’езду і знаходжання за мяжой. Ва ўпраўленні міжнародных сувязей БДУ пільна вывуаюць кожны канкрэтны выпадак з тым, каб у будучыні гэтыя цяжкасці можна было згладзіць. Бо толькі ведаючы ўсе нюансы, універсітэцкія структуры, адказныя за акадэмічную мабільнасць, могуць выбудоўваць адэкватную работу з заяўнікамі.
“У нас ёсць сайт на кожны праект, прычым на рускай мове, — расказвае Аляксандр Рытаў. — Згодна з нашай статыстыкай, толькі 65% студэнтаў вучацца ў Еўропе на англійскай мове, астатнія — на нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай і іншых. І як мінімум трэці студэнтаў патрэбна даваць інфармацыю аб тым, як прыняць удзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці не на англійскай мове. Гэта, дарэчы, тое, што еўрапейцы не прадугледзелі ў сваіх правілах (мова дакументацыі праграмы Erasmus Mundus англійская, усе сайты англамоўныя). А мы стварылі ў інтэрнэце рускамоўнае асяроддзе, дзе ўсе студэнты могуць атрымаць поўную інфармацыю аб праграмах акадэмічнай мабільнасці”.
Сёлета ўпраўленне міжнародных сувязей БДУ стварыла сваю групу на Facebook. “Гэта вельмі эфектыўны сродак камунікацый, які я ўсім рэкамендую, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Любы ваш пост удзельнікі групы атрымліваюць на свой электронны адрас. Так мы змаглі адысці ад рассылкі інфармацыі праз сервер БДУ (там стаіць абмежаванне — 20 адрасатаў на адно пісьмо), і зараз у нас тысяча падпісчыкаў. Але самае важнае, што дае сацыяльная сетка, — магчымасць абмену інфармацыяй паміж удзельнікамі групы. Вядома, пэўныя каментарыі мы пішам, але большасць пытанняў вырашаецца без нашага ўдзелу. Зразумела, ёсць небяспека злоўжыванняў з боку асобных карыстальнікаў, але гэта непазбежна ў сацыяльных сетках, і не трэба гэтага надта баяцца”.
Інфармацыю аб акадэмічнай мабільнасці ў БДУ імкнуцца дыферэнцыраваць у залежнасці ад узросту, статусу і адукацыйнага профілю заяўнікаў. Таму, напрыклад, інфармацыйныя семінары, як правіла, праходзяць два дні: першы дзень — для студэнтаў, другі — для выкладчыкаў і іншых катэгорый слухачоў. Таксама арганізатары стараюцца развесці інфармацыю для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей, эколагаў, гуманітарыяў і г.д.
Дарэчы, 75% заяўнікаў на акадэмічную мабільнасць — гуманітарыі, 70% — дзяўчаты. І ўсе яны пераважна старшакурснікі.
Упраўленне міжнародных сувязей БДУ пастаянна пашырае спадарожныя паслугі для заяўнікаў: дапамагае ў афармленні дакументаў, атрыманні візы, арганізацыі ад’езду і г.д., праводзіць тэсціраванне па англійскай мове (за перыяд конкурсных кампаній восені 2012 года пратэсціраваны 90 чалавек). Спецыялісты ўпраўлення распрацавалі адпаведныя інструкцыі для стыпендыятаў.
“Трэба на сістэмным узроўні навучыцца карыстацца вопытам тых, хто ўжо ўдзельнічаў у акадэмічнай мабільнасці. Гэта павінна быць мэтанакіраваная і пастаянная работа, — гаворыць Аляксандр Рытаў. — Напрыклад, мы загадзя атрымліваем згоду ў тых, хто ўжо пабываў за мяжой, каб іх кантактная інфармацыя была перададзена будучым стыпендыятам для ўзаемнага кансультавання, абмену вопытам і інфармацыяй. Пераважная большасць удзельнікаў праграм акадэмічнай мабільнасці ахвотна дзеліцца сваім вопытам знаходжання ў чужой краіне.
Таксама мы просім усіх, хто выязджаў па праграмах абмену, пісаць нам эсэ. У Еўропе прынята, што калі ёсць дагавор з універсітэтам-партнёрам, куды можна паехаць на вучобу, то павінны быць водгукі пра гэты ўніверсітэт, прычым у свабодным доступе, каб кожны мог загадзя азнаёміцца з умовамі знаходжання ў іншай краіне і непасрэдна ва ўніверсітэце. Такія водгукі мы, напрыклад, чыталі на сайтах універсітэтаў — партнёраў БДУ. Вельмі цікава і карысна ведаць, што пра нас думаюць іншыя, каб змяняцца ў лепшы бок”.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by