Кібербулінг — бяда “лічбавага” пакалення

- 11:47Выхаваўчая прастора

Тэрмін “кібербулінг”, якім назвалі віртуальнае цкаванне, з’явіўся гадоў 10 назад, і спачатку дарослыя асаблівай трывогі ў ім не адчулі. Калі сінякі і парваная ў бойцы вопратка яшчэ становяцца тэмай для бацькоўскіх трывог, то панурасць сына ці дачкі пасля абразы ў сацыяльных сетках часта ўсяго толькі чарговая нагода абвінаваціць у іх праблемах захапленне камп’ютарам. Маўляў, не хочаш непрыемнасцей — не выходзь у анлайн. Але апошнім часам, калі СМІ раз за разам шакіруюць грамадства паведамленнямі пра суіцыды ў падлеткавым асяроддзі з-за цкавання ў школе, насцярожыліся і бацькі, і педагогі. Пра тое, што кіберцкаванне не менш, а нават больш трагедыйна ўспрымаецца дзецьмі, чым “звычайнае”, добра ведае і Маргарыта Прахіна, сацыяльны педагог, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткіх адносін да дзяцей “Дзеці — не для насілля”.

Небяспека “віртуальных апладысментаў”

Цкаванне існавала заўсёды ў дзіцячых калектывах, і тэма савецкага фільма “Чучала” балючая для многіх сучасных дзяцей, у кіберпрасторы яно набывае большы маштаб. Ад віртуальных агрэсараў не ўцячы са званком пасля ўрокаў, не схавацца нават ноччу, іх ахвяры жывуць у пастаянным страху атрымаць агідную СМС ці чарговы “шэдэўр” фотамантажу ў сацсетках. А калі праследуюць дзіця “інкогніта” або ствараюць для гэтага мноства “фэйкавых” крыўдзіцеляў, у дзіцяці ўзнікае пачуццё, быццам супраць яго паўстаў увесь свет.
Маргарыта Уладзіміраўна тлумачыць праблему тым, што для падлеткаў няма нічога важнейшага, чым іх уласны вобраз у вачах сяброў. Яны ідуць на ўсё, каб атрымаць як мага больш “лайкаў” у сетках, і ў той жа час гэтыя “віртуальныя апладысменты” падчас іх прыніжэння становяцца для падлеткаў згубай.
Ролю ахвяры, як правіла, адводзяць таму дзіцяці, якое адрозніваецца ад іншых. У асноўным гэта дзеці з малазабяспечаных сем’яў, якія не могуць адпавядаць свайму класу ў плане найноўшых гаджэтаў, моднага адзення. “Здараецца, што на выбар ахвяры ўплывае настаўнік: выпадкі прыгнечання і вымоў пры класе тыпу “ты недарэка”, “ніколі нічога не ведаеш”, “цягнеш уніз увесь клас”, на жаль, не рэдкасць, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна. — Асабліва гэта згубна ў малодшых класах, калі меркаванне настаўніка пра дзяцей уплывовае для класа, што і падлівае масла ў агонь. Тое ж можна сказаць і пра сітуацыі, калі настаўнік хваліць пэўнае дзіця, асабліва калі ставіць яго ў прыклад іншым. Тыя потым на ім “адрываюцца” за свае няўдачы. Вельмі часта прыгнятаюць дзяцей з іншым веравызнаннем, прычым у гэтай сітуацыі працаваць з дзецьмі складаней. Часта ахвярамі становяцца дзеці з нязначнымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, напрыклад, з дрэнным зрокам, картавасцю, заіканнем. Але галоўнае, што ўсіх іх аб’ядноўвае, — няўпэўненасць у сабе, якая падчас цкавання можа вырасці ў сур’ёзныя комплексы, а часам нават падштурхоўвае іх да непапраўнага кроку.
А вось іх крыўдзіцель (такога мяккага тэрміна вымагае яго ўз рост), наадварот, заўсёды лідар, па характары, як правіла, агрэсіўны і запальчывы. Ён па-майстэрску маніпуліруе сваімі равеснікамі, ведае, як іх перацягнуць на свой бок, ведае, як зрабіць так, каб яны падтрымалі яго, а не сталі пры выпадку заступацца за ахвяру”.
Але галоўная роля, адзначае педагог, адводзіцца сведкам. Ад іх залежыць працэс цкавання і ўвогуле тое, ці дойдзе да гэтага справа. Як правіла, у дзіцячым калектыве ў звязцы з зачыншчыкам толькі два-тры чалавекі, не больш. Астатнія толькі назіральнікі, якія смяюцца ў рэальнасці ці ставяць лайкі ў віртуале. Але ў любым выпадку ніхто з іх не заступіцца, бо будзе баяцца апынуцца на месцы ахвяры. Выключэннем можа быць непрызнаны лідар, які пастаянна ўступае ў канфрантацыю з яўным.

Адбіваючы анлайн-атакі

Канечне, лепшы спосаб спыніць цкаванне — перастаць на яго рэагаваць, памяняць акаўнт, закрыць сваю старонку. Не пашкодзіць на ўсякі выпадак сабраць кампрамат і пры неабходнасці аддаць яго ў праваахоўныя органы. Калі мы працуем з дзецьмі, бацькамі, паведамляем, што існуе адказнасць за любую абразу, тым больш публічную. Між тым такія справы раскрываюцца ў 99 працэнтах выпадкаў. Бо тыя, хто распачынае цкаванне, — звычайныя дзеці, а не хакеры, а ва Упраўленні МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, наадварот, працуюць асы, і для іх вызначыць IP-адрас яго ўладальніка не складае цяжкасцей. Іншая справа, што было толькі некалькі выпадкаў такіх зваротаў, а ўсё таму, што, калі для бацькоў школьнае цкаванне ўсё ж выходзіць за межы “звычайнага”, многія не вераць, што справу можна вырашыць, што можна знайсці крыўдзіцеля. А часта бацькі нават не ведаюць, што іх дзяцей трывожаць анлайн-атакі.
Каб быць у курсе спраў, Маргарыта Уладзіміраўна разам са звыклымі просьбамі будаваць з дзецьмі з маленства даверлівыя адносіны, раіць бацькам уваходзіць у лік сеткавых сяброў сваіх дзяцей, але ні ў якім разе не пад “фэйкавымі” імёнамі.
“Гэта іх дзеці ўсё роўна высветляць, і тады ўжо пра давер размовы не будзе, — папярэджвае педагог. — Пра адсутнасць даверу сведчыць і тое, што ў дзіцяці з мэтай схавацца ад цікаўных бацькоўскіх вачэй з’яўляецца яшчэ адна старонка, не на паказ. Таму калі няма нармальных зносін, камп’ютарныя тэхналогіі не дапамогуць”.
“Бяда яшчэ і ў тым, што насілле мае ланцуговую рэакцыю. Заўсёды дзіця, з якога здзекуюцца, знойдзе таго, з каго здзекавацца будзе ён,— упэўнена педагог. — Гэтая эстафета насілля бясконцая. Дарэчы, мае яна сур’ёзныя наступствы і для агрэсара. Калі яго не спыніць, такі стыль зносін захаваецца для яго на ўсё астатняе жыццё ў зносінах з партнёрам у шлюбе, з калегамі, з дзецьмі, з бацькамі. Але трэба памятаць, што ён таксама дзіця і яго агрэсія мае прычыны. Гэта могуць быць аналагічныя зносіны ў сям’і, жаданне прыцягнуць да сябе ўвагу ці падсвядомы страх самому стаць ахвярай (гэта, дарэчы, самая частая прычына). Такому дзіцяці неабходна адчуваць перавагу, кантроль над некім, не важна над кім. Класнаму кіраўніку варта пераключыць яго ўвагу на іншае, даручыць яму важную справу, папрасіць арганізаваць нешта ў школе, а можа, нават пагрузіць яго ў саму тэму”.

Хто нам перашкаджае, той і дапаможа

“Для кожнай школы тэматычныя тыдні сталі традыцыяй. Чаму б сярод тыдняў прававых ведаў, пажарнай бяспекі і мноства іншых не знайсці адзін для “Тыдня без насілля”? — разважае Маргарыта Уладзіміраўна. — Яго тэмамі могуць стаць: насілле ў класе, у школе, бяспечныя паводзіны на вуліцы, правілы зносін з незнаёмцамі, а формамі правядзення — дэбаты, трэнінгі, семінары, круглыя сталы, ток-шоу. Правядзіце тэматычную дыскатэку, здыміце ролік,запусціце сайт, стварыце групу ў сацсетцы ўмоўна “супраць булінгу”. Можна разам з дзецьмі выпрацаваць правілы і павесіць іх побач з памяткай пра дзеянні пры пажары ці традыцыйным вясновым напамінам пра небяспеку тонкага лёду. Так, яны неабходны, але кожны дзень дзеці сутыкаюцца не з гэтымі відамі небяспекі, яны сутыкаюцца з насіллем, маральным і фізічным. Толькі працаваць педагогу пажадана разам з псіхолагам, каб правільна размеркаваць дзіцячыя ролі.
Напрыклад, праводзім дэбаты для 11 класа і абмяркоўваем, вінаватая ахвяра ў булінгу ці не. Калі праблема ў класе ўжо ёсць, важна даручыць агрэсару выступаць сярод тых, хто сцвярджае, што не вінаваты, няхай ён прыводзіць аргументы супраць булінгу. Дзіцяці-ахвяры, каб пазбегнуць дадатковага стрэсу, якраз актыўныя ролі даваць не трэба. Лепш, калі яно будзе экспертам. Даць паразважаць трэба назіральнікам. Запрашаць на мерапрыемствы можна і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праінфармуюць школьнікаў пра меры адказнасці. Гэтую ж інфармацыю варта агучваць і на бацькоўскіх сходах”.

Павышэнне самаацэнкі паніжае рызыку

Як вядома, цкаванне папярэдзіць лягчэй, чым “лячыць” яго наступствы. Прычым пачынаць прафілактыку трэба як мага раней. У прыватнасці, у класе павінна быць сфарміравана атмасфера непрыняцця любога віду насілля. Каб той, хто збярэцца распачаць цкаванне, ведаў, што яго не падтрымаюць астатнія. Дарэчы, плануецца, што ўжо з наступнага навучальнага года ў класныя гадзіны для старшакласнікаў будуць уключаны распрацаваныя арганізацыяй “Дзеці — не для насілля” трэнінгі па вырашэнні канфліктаў без насілля, якія ўжо атрымалі грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яны ўваходзяць у цыкл пазакласных заняткаў па папярэджанні дамашняга насілля і паспяхова прайшлі апрабацыю ва ўстановах Брэсцкай вобласці.
Праблема булінгу актуальная для многіх. Як паказала даследаванне, якое нядаўна праводзіла арганізацыя “Дзеці — не для насілля” па Мінску і вобласці, 24,5 працэнта падлеткаў атрымліваюць абразы і пагрозы ў свой адрас. На думку маёй суразмоўніцы, праблема хаваецца выключна ў іх выхаванні: яе маштаб прама прапарцыянальны самаацэнцы дзіцяці. Вось чаму трэба з маленства выхоўваць у дзіцяці пачуццё годнасці, каб у выпадку, калі з яго жартуюць, таксама пасмяяцца, не апускацца на ўзровень абраз у адказ.
“Для нас непрывычныя паняцці “павышэнне самаацэнкі”, “выхаванне асобы”. Мы часта асуджаем эгаізм. А што ў гэтым дрэннага? Гэта натуральна — любіць сябе, ведаць сабе цану”, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна. — Акрамя таго, часта сваю ролю іграе і элементарнае невыкананне правіл паводзін у інтэрнэце. Гаварыць пра гэта неэфектыўна — дзеці вам раскажуць пра правы, свабоду слова і г.д. Таму эфектыўней расказваць ім пра магчымыя наступствы. Напрыклад, сёння атрымлівае папулярнасць секстынг: людзі перакідваюць сябрам свае фотаздымкі ў аголеным выглядзе. Але многія не задумваюцца, што гэтыя фота ў сетцы застаюцца назаўсёды. Дзяўчаты задумваюцца пра гэта, толькі калі закахаюцца, і жывуць у пастаянным страху, што іх выбраннікі ўбачаць іх у сетцы ў такім амплуа. Такія фота могуць разысціся па інтэрнэце, стаць прычынай здзекаў. Акрамя таго, існуе і яшчэ большая небяспека: такія фота атрымліваюць найбольш “лайкаў”. І без сумненняў, сярод тых, хто іх ставіць, будуць і “паляўнічыя” на дзяцей, якія потым будуць выкарыстоўваць гэтыя фота для сваіх мэт, напрыклад, для шантажу, каб вымагаць асабісты кантакт”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з інтэрнэту.