Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля атрымалі ў дар вілейскія гімназісты

- 13:18Выхаванне
Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля атрымалі ў дар вілейскія гімназісты

Днямі на базе вілейскай гімназіі № 2 прайшоў рэспубліканскі тэматычны семінар “Узаемадзеянне ўстановы адукацыі з сям’ёй па духоўна-маральным выхаванні вучняў”.

На адкрыцці семінара са словамі прывітання выступіў епіскап Барысаўскі вікарый Мінскай епархіі Веньямін, які падкрэсліў выключную ролю духоўна-маральнага выхавання ў сістэме сучаснай адукацыі і звярнуў увагу на вялікае значэнне добрай, высакароднай кнігі ў гэтым выхаванні. Пра ролю супрацоўніцтва царквы і школы ў духоўна-маральным станаўленні асобы гаварыў і протаіерэй Сімяон Мацюх, настаяцель Свята-Марыінскай царквы, благачынны Вілейскай акругі.

Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля атрымалі ў дар вілейскія гімназістыДырэктар вілейскай гімназіі № 2 Васіль Іванавіч Барысевіч прааналізаваў сістэму работы па ўзаемадзеянні з сем’ямі і адзначыў, што самым эфектыўным сродкам выхавання ў сям’і з’яўляецца асабісты прыклад бацькоў, іх паводзіны, аўтарытэт, лад жыцця, традыцыі, унутрысямейныя адносіны, эмацыянальна-духоўны клімат. Кіраўнік гімназіі расказаў пра работу інавацыйнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі і адзначыў, што самымі цікавымі напрамкамі ў гэтай дзейнасці гімназіі з’яўляецца менавіта духоўна-маральнае выхаванне на хрысціянскіх традыцыях у супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой, а таксама паглыбленне ўзаемадзеяння педагогаў, вучняў і бацькоў праз краязнаўства.
Як працуе сістэма ўзаемадзеяння сям’і і гімназіі, расказала старшыня бацькоўскага камітэта Ірына Пятроўна Рындзевіч. Па яе словах, гімназія — жывы арганізм, які знаходзіцца ў пастаянным руху і развіцці. Многія пытанні тут вырашаюцца праз работу клуба “Давер” і яго школ бацькоўства і мацярынства, дзе прапагандуецца станоўчы вопыт выхавання дзяцей у сям’і, пастаянна аказваецца псіхолага-педагагічная дапамога бацькам. Арганізоўваюцца спецыяльныя мерапрыемствы для бацькоў і ўсёй сям’і: “Мы разам”, “Сям’я XXI стагоддзя”, “Мы за чаем не сумуем”, “Фатаграфіі з сямейнага альбома”, “Усе мы родам з дзяцінства” і многія іншыя. Але самае галоўнае, што радуе бацькоў, гэта тое, што ў гімназіі створаны ўсе магчымыя ўмовы для развіцця дзяцей. Акрамя факультатыўных заняткаў па прадметах, у другой палове дня арганізаваны заняткі па ўсіх чатырох кірунках культурна-эстэтычнага цыкла, дзе заняты амаль 86% вучняў. Арганізавана работа дванаццаці дзіцячых творчых калектываў, многія з якіх вядомы на рэспубліканскім узроўні.
Узнагароды фонду “За высокае служэнне справе духоўнага адраджэння Айчыны” ўручыў падчас семінара выканаўчы дырэктар Міжнароднага дабрачыннага фонду “Сям’я — Яднанне — Айчына” Канстанцін Уладзіміравіч Яцкевіч. Ганаровай граматай узнагароджаны калектыў настаўнікаў вілейскай гімназіі. Сярод узнагароджаных і маладая шматдзетная сям’я Андрэя Мікалаевіча і Людмілы Анатольеўны Курыловіч, якая з’яўляецца сапраўдным узорам ва ўзаемаадносінах, выхаванні дзяцей і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Аднак самая вялікая ўзнагарода, якая была перададзена гімназіі, — факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля. Перадаючы яго ў дар, епіскап Веньямін падкрэсліў унікальнасць гэтага рукапіснага помніка XVI стагоддзя, адной з найвялікшых праваслаўных святынь Беларусі, якая па праве лічыцца сімвалам духоўнага адраджэння нацыі. Евангелле было перапісана ў 1581 годзе ў Слуцку ўласнаручна князем Юрыем Алелькавічам (1559—1586), бацькам святой праведнай Сафіі Слуцкай, а ў 2009 годзе выдавецтва Беларускага экзархата падрыхтавала і выпусціла яго, што стала яркай падзеяй у свеце сучаснага кнігадрукавання. Цяпер такая святыня ёсць і ў вілейскай гімназіі № 2.
Падчас семінара былі заслуханы даклады: “Хрысціянскія каштоўнасці ў жыцці сучаснай сям’і”, “Супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы і ўстаноў адукацыі па духоўна-маральным выхаванні вучняў”, “З вопыту павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Мінскай вобласці па духоўна-маральным выхаванні” і інш. Сваім вопытам падзяліліся і калегі з іншых рэгіёнаў. У прыватнасці, удзельнікі семінара маглі пазнаёміцца з вопытам работы кабінета праваслаўнай культуры, які дзейнічае ў Сялявіцкім яслях-садзе — базавай школе Слонімскага раёна.
Госці гімназіі наведалі факультатыўныя заняткі “Чалавек у свеце сямейных адносін”, тэмай якіх стала выхаванне дзяцей у сям’і. Таксама ім была прапанавана гутарка цыкла “Духоўна-маральныя асновы жыцця” з вучнямі 10-х класаў па тэме “Сумленне і свабода выбару”, якую правёў Мікалай Міхайлавіч Іваненка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Вынікі семінара былі падведзены за круглым сталом “Духоўна-маральнае выхаванне — аснова фарміравання каштоўнасных арыенціраў асобы”.

Наталля АЛЁХІНА.

aliohina@ng-press.by