Маладыя, таленавітыя, энергічныя

- 11:00Адукацыйная прастора
С.А. Азардовіч

19 сакавіка былі падведзены вынікі Мінскага гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя!”. Яго ініцыятарамі і арганізатарамі з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

У пачатку конкурсу было 29 маладых педагогаў, нехта з іх толькі пераступіў парог школы, а нехта ўжо нават паспеў падрыхтаваць пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сямёра, хто найбольш паспяхова прайшоў усе конкурсныя выпрабаванні (самапрэзентацыя, урок у незнаёмым класе, распрацоўка і абарона адукацыйнага праекта, педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне), трапілі ў фінал конкурсу. Гэта менавіта тыя маладыя людзі, якія, па меркаванні членаў журы, якое ўзначальвала Марына Браніславаўна Юркевіч, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, найбольш паспяхова прадэманстравалі прафесіяналізм і творчасць, талент і крэатыўнасць, валоданне методыкай прадмета і сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, веданне асноў дзіцячай і падлеткавай псіхалогіі. С.А. АзардовічНа сцэне тэатральнай залы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ім неабходна было прадэманстраваць пазакласнае мерапрыемства і адказаць на цікавыя і арыгінальныя пытанні брэйн-рынга. І хоць за два месяцы нялёгкіх конкурсных выпрабаванняў маладыя педагогі сапраўды стаміліся, фінал прайшоў на высокім узроўні, на духоўным і эмацыянальным уздыме. Гэта быў сапраўдны паказ, у які былі ўцягнуты не толькі ўдзельнікі на сцэне, але і гледачы, якія падтрымлівалі маладых педагогаў-канкурсантаў.

Разам з выхаванцамі настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 123 Ленінскага раёна Святланы Мікалаеўны Шыш мы вучыліся вызначаць прыроду нашых страхаў, падзяляць іх на рэальныя і ўяўныя, разбіраліся, калі яны для нас з’яўляюцца ворагамі, а калі вартаўнікамі, і ў канчатковым выніку вырашалі, як іх можна перамагчы. Памятка “Як пераадольваць страх”, складзеная навучэнцамі Святланы Мікалаеўны падчас мерапрыемства, цяпер падкажа ім, што рабіць у хвіліну, калі цела і дух перапаўняе страх.

Як жыць? Гэтае філасофскае пытанне абавязкова некалі паўстае перад чалавекам. Каб не памыліцца ў сваім выбары, трэба чытаць, аналізаваць, прымяраць на сябе пазіцыі літаратурных герояў. Літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Кожны выбірае па сабе…” Кацярыны Анатольеўны Семіёнька, настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 23 Фрунзенскага раёна, уяўляла сабой невялічкі спектакль, падчас якога маладыя людзі і настаўніца з дапамогай герояў класічных твораў фармулявалі правілы і мэты жыцця, разважалі, якое б жыццё яны хацелі пражыць, да каго быць падобнымі.

У настаўніка матэматыкі з сярэдняй школы № 135 Заводскага раёна Дзяніса Аляксандравіча Сабалеўскага навучэнцы геаметрыю вывучаюць у вершах. Сваё пазакласнае мерапрыемства малады педагог правёў у форме суда над паралелаграмам.
Навучэнцы Паўла Сяргеевіча Багушэвіча, настаўніка англійскай мовы сярэдняй школы № 49 Фрунзенскага раёна, сустракалі сваіх аднагодкаў з-за мяжы і расказвалі ім пра родны горад, яго гісторыю, культуру.

Члены журы кіраваліся сваімі крытэрыямі пры выстаўленні адзнак за правядзенне пазакласнага мерапрыемства на сцэне, а для мяне асабіста самымі яркімі аказаліся выступленні Кацярыны Дзмітрыеўны Хаменка, настаўніцы геаграфіі гімназіі № 2 Першамайскага раёна, Аляксандра Андрэевіча Труса, настаўніка англійскай мовы гімназіі № 3 Цэнтральнага раёна, і Сяргея Аляксандравіча Азардовіча, настаўніка гісторыі гімназіі № 174 Маскоўскага раёна. К.Д. ХаменкаПераканана, што Кацярына Дзмітрыеўна і без Георгія Калдуна выдатна б выканала песню пра любімы горад, але, безумоўна, яго з’яўленне на сцэне выклікала ўспышку эмоцый у гледачоў. Кацярына Дзмітрыеўна здзіўляла гледачоў падчас усяго пазакласнага мерапрыемства, якое праходзіла ў выглядзе пасяджэння клуба “Геаграфічны мост”. Яго ўдзельнікам (гімназістам) неабходна было здагадацца, прадстаўнік якой краіны адправіў ім відэапрывітанне, і такім чынам высветліць гарады-пабрацімы Мінска. Агучвалі відэапасланне менавіта прадстаўнікі той краіны, якая дасылала пасланне, таму па іх знешнасці можна было здагадацца, адкуль яны родам. Разам з тым гімназістам, якія ведаюць геаграфію, няцяжка было па звестках, якія прадстаўлялі пасланцы, здагадацца, якая ж краіна дасылае ім прывітанне.
Для пацвярджэння сваёй здагадкі яны маглі скарыстаць тры падказкі, якія, што адметна выбіралі гледачы і члены журы. Вось тут нас і чакалі незвычайныя сустрэчы. У Мінска шмат гарадоў-пабрацімаў, навучэнцы гімназіі № 2 атрымалі пасланне ад чатырох з іх. Менавіта ў красавіку святкуецца Сусветны дзень пародненых гарадоў. Мы таксама можам прыняць у ім удзел і, як прапанавала Кацярына Дзмітрыеўна, прагуляцца, напрыклад, па Сяндайскім скверы, размешчаным каля Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, які названы ў гонар японскага горада-пабраціма Сяндая, і падзівіцца цвіценню горнай сакуры.

Для большасці маладых педагогаў самым складаным на пачатку прафесійнай дзейнасці з’яўляецца падтрыманне дысцыпліны ў класе і наладжванне ўзаемаадносін з сям’ёй дзіцяці. Аляксандр Андрэевіч Трус і з першым, і з другім спраўляецца на “выдатна”. Удзельнікі конкурсу маглі ацаніць яго майстэрства правядзення бацькоўскай суботы. Аляксандр Андрэевіч лічыць гэты дзень асаблівым. Дзеці праводзяць яго разам з дарослымі, сваімі бацькамі, таму кожны павінен прадэманстраваць тое лепшае, чым валодае. Падчас сустрэчы адны вучацца ў другіх, спаборнічаюць, дэманструюць свае таленты і ў выніку становяцца яшчэ больш зразумелымі і блізкімі адно аднаму. Бацькі (чатыры маці) імкнуліся даказаць, што і яны выдатна валодаюць англійскай мовай, ва ўсякім выпадку не горш за выхаванцаў Аляксандра Андрэевіча. Напачатку яны дамовіліся, што зносіны на сустрэчы ладзяцца толькі на англійскай мове. Маці пераўвасобіліся ў англійскіх лэдзі, а гімназісты апрануліся ў беларускае нацыянальнае адзенне. Каб субота праходзіла цікава і інфарматыўна, Аляксандр Андрэевіч прыдумаў шмат цікавых конкурсаў: крыжаванку з пераапрананнем на веданне нацыянальнага адзення англічан і беларусаў, невялічкае спартыўнае спаборніцтва: хто на бягу на патэльні прыгожа пераверне дранік і не скіне яго на падлогу. А завяршылася сустрэча сумесным выкананнем “Купалінкі” на англійскай мове, але спачатку песня была вельмі прыгожа выканана гімназісткамі на мове арыгінала. Над перакладам песні, дарэчы, працавалі калектыўна: настаўнік, навучэнцы і бацькі.

Як прызнаўся Сяргей Аляксандравіч Азардовіч, ён любіць са сваімі выхаванцамі займацца праектнай дзейнасцю. Менавіта таму сваё пазакласнае мерапрыемства ён прысвяціў падвядзенню вынікаў работы над творчым праектам “Мінск — сталіца чэмпіянату свету па хакеі-2014”. У рэалізацыі праекта прымалі актыўны ўдзел навучэнцы 7, 9, 11 класаў, некаторыя з іх прысутнічалі на сцэне 19 сакавіка і дапамагалі настаўніку. Адметна, што Сяргей Аляксандравіч кожнага прадставіў. Гісторыя беларускага спорту шматгранная, багатая на поспехі, дасягненні, рэкорды. Чэмпіянат свету па хакеі стане важнай падзеяй для нашага народа, перакананы С.А.Азардовіч. Яго выхаванцы працавалі над стварэннем буклета-даведніка па Мінску. Дзеці дзяліліся на групы, у кожнай было сваё заданне: ахарактарызаваць галоўныя аб’екты інфраструктуры Мінска, скласці экскурсійны маршрут па Мінску, выявіць асноўныя спартыўныя традыцыі мінчан. Кожная група падрыхтавала сваю прэзентацыю, якая прадстаўлялася праз цікавыя рэбусы, заданні, вершы. Як ацанілі ўдзельнікі конкурсу, брашура будзе цікавай і змястоўнай, гімназістам засталося толькі перакласці яе на англійскую і беларускую мовы і выдаць.

П.С. БагушэвічПа выніках усіх этапаў вялікага і доўгага конкурсу журы вынесла рашэнне ўзнагародзіць дыпломам І ступені настаўніцу геаграфіі гімназіі № 2 Першамайскага раёна Кацярыну Дзмітрыеўну Хаменка. Кацярына Дзмітрыеўна самая вопытная ўдзельніца конкурсу, яе стаж работы ў навучальнай установе складае чатыры гады. Сёння яна выконвае абавязкі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, курыруе пытанні па інфармацыйных тэхналогіях. “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе” — тэма яе праекта і даследавання, якое яна, як аспірантка БДПУ імя Максіма Танка, зараз праводзіць. За чатыры гады ў школе Кацярына Дзмітрыеўна шмат паспела: стаць пераможцай Еўрапейскага адукацыйнага форуму “Партнёрства ў адукацыі” ў намінацыі “Выбар настаўніка”, атрымаць грант Мінгарвыканкама. Кацярына Дзмітрыеўна пераканана, што яе прадмет “Геаграфія” — самы неабходны маладым людзям, бо ён дае ўяўленне аб усім на свеце: ад зямлебудовы да эканомікі і палітыкі. Яна прыйшла на работу ў школу па закліку душы. Вучаніцай яна марыла займацца турызмам, таму паступіла на геаграфічны факультэт БДУ, а потым зразумела, што больш жадае расказваць пра геаграфію іншым, у першую чаргу дзецям. Так яна стала настаўніцай, і калектыў гімназіі № 2 Мінска прыняў яе з радасцю як адну з лепшых сваіх выпускніц. Кацярына Дзмітрыеўна вельмі цікавы і таленавіты чалавек. У студэнцкія гады гуляла за каманду БДУ ў КВЗ, там жа пазнаёмілася з Георгіем Калдуном, які, як і многія яе аднакурснікі і калегі па гімназіі, дапамог ёй рэалізаваць усе задумы па пазашкольным мерапрыемстве на сцэне, каб яно стала вельмі яркім і запамінальным.

Дыпломам ІІ ступені адзначаны настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 49 Фрунзенскага раёна Павел Сяргеевіч Багушэвіч. Павел Сяргеевіч — выпускнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, у прафесіі ўжо тры гады.

Настаўнік гісторыі гімназіі № 174 Маскоўскага раёна Сяргей Аляксандравіч Азардовіч атрымаў дыплом ІІІ ступені. Сяргей Аляксандравіч скончыў БПДУ імя Максіма Танка, зараз з’яўляецца аспірантам кафедры філасофіі ўніверсітэта. За невялікі тэрмін работы ў гімназіі — два гады — быў адзначаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна.
“Якія яны, маладыя педагогі-кансурсанты, малайцы! — такое было калектыўнае рашэнне залы, і яна яго агучвала апладысментамі і авацыямі. Відавочна, што пашанцавала тым дзецям, калектывам, куды прыйшлі працаваць гэтыя маладыя, таленавітыя, працавітыя, захопленыя сваёй справай людзі.

Як слушна заўважыла ў канцы конкурсу старшыня журы М.Б.Юркевіч, маладыя педагогі здзівілі і парадавалі журы. Падчас фінальнага выпрабавання яны прадэманстравалі, што могуць спраўляцца са сваім страхам перад навучэнцамі, вопытнымі калегамі, бацькамі, могуць наладжваць геаграфічныя масты сяброўства з прадстаўнікамі розных краін, жыць не толькі для школы і навучэнцаў, але і для сябе, умеюць пераўвасабляцца ў акцёраў, рэжысёраў, пастаноўшчыкаў і што да чэмпіянату свету па хакеі сталічная адукацыя гатова.
Віншуем усіх удзельнікаў фіналу з выдатным выступленнем!

Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.