Для якасці навучання і выхавання — новыя дапаможнікі і магчымасці ІКТ

- 11:23Дашкольная адукацыя

Пытанні распрацоўкі і выкарыстання вучэбнай і метадычнай літаратуры, асаблівасці прымянення сродкаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій былі разгледжаны на секцыі “Навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі”. Яе каардынатарамі выступілі прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Старжынская і начальнік аддзела метадычнага забеспячэння Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Тукач.

Па словах Валянціны Тукач, навукова-метадычнае забеспячэнне заўсёды з’яўлялася асновай якасці адукацыі. Яно грунтуецца на выніках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у сферы адукацыі. У 2011 годзе з уступленнем у сілу Кодэкса аб адукацыі ў краіне сфарміравалася адзіная тэрміналогія для ўсіх узроўняў адукацыі. Структура навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі ўключае вучэбна-праграмную, праграмна-плануючую, вучэбна-метадычную дакументацыю, інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы і вучэбныя выданні. Да выкарыстання ў адукацыйным працэсе дапускаюцца вучэбна-метадычныя наглядныя дапаможнікі, зацверджаныя і рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі. Прыярытэтным напрамкам абнаўлення зместу дашкольнай адукацыі з’яўляецца распрацоўка, апрабацыя і ўкараненне новых праграм, вучэбна-метадычных, гульнявых комплексаў, у аснове якіх ляжыць асобасна арыентаваны падыход да дзіцяці. Працэс распрацоўкі і выдання вучэбных дапаможнікаў грунтуецца на вучэбнай праграме, якая арыентавана на вырашэнне задач адукацыйнага стандарту дашкольнай адукацыі. Вучэбная праграма прадстаўлена базавым кампанентам і зместам адукацыйных паслуг звыш базавага кампанента ў адпаведнасці з колькасцю гадзін, устаноўленай тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі. Змест праграмы пабудаваны з улікам лепшых традыцый практыкі сістэмы дашкольнай адукацыі, дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі і практыкі аб самакаштоўнасці дашкольнага дзяцінства, яго ролі ў развіцці асобы, дзе дзейнасць упоравень з навучаннем разглядаецца як рухаючая сіла псіхічнага развіцця дзіцяці.
Як адзначалася, у Беларусі сфарміравалася айчынная школа аўтараў-распрацоўшчыкаў вучэбных дапаможнікаў для дашкольнай адукацыі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу БДПУ імя Максіма Танка, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, БарДУ, Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, АПА, НІА. Вучэбныя выданні праходзяць ва ўстаноўленым парадку экспертызу, якая прадугледжвае ажыццяўленне аналізу як навуковага складніка вучэбных выданняў, так і іх магчымасць і мэтазгоднасць выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
Экспертыза якасці вучэбных выданняў праводзіцца супрацоўнікамі НІА на прадмет адэкватнасці іх зместу асаблівасцям псіхічнага развіцця дзіцяці, эфектыўнасці сродкаў і метадаў навучання: ці адпавядаюць яны ўзросту дзіцяці, ці прадугледжваюць арганізацыю навучання ў межах спецыфічных для дашкольнікаў відаў дзейнасці (гульнявой, маўленчай, выяўленчай, музычнай, тэатральнай). Характэрнымі асаблівасцямі дапаможнікаў з’яўляецца іх двайная адрасаванасць: яны прызначаны як для сумеснай работы дзіцяці і дарослага, так і асобна для дзяцей. Асаблівасцю дапаможнікаў таксама з’яўляецца варыятыўнасць зместу спосабаў навучання ў адукацыйным працэсе ўстаноў (дзіцяці прадастаўлена права выбару гульнявых развіццёвых заданняў), забеспячэнне падыходаў да развіцця дзіцяці ва ўмовах дашкольнай адукацыі і сям’і.
За перыяд з 2011 па 2015 год выдадзена 110 найменняў вучэбных выданняў. Толькі ў трэцім квартале гэтага года пабачылі свет 12 найменняў вучэбных дапаможнікаў, агульным тыражом 3 млн 184 тысячы экзэмпляраў.
Валянціна Паўлаўна падрабязна прадставіла прысутным некаторыя вучэбныя выданні для дашкольнай адукацыі. Сярод іх — ВМК “Мае першыя ўрокі”, серыі вучэбных наглядных дапаможнікаў “Свет дзяцінства”, “Старонкі роднай зямлі”, “Разумней!”, ВМК для дзяцей ад 3 да 4 гадоў па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” і інш.
Аб рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў дадатковай прафесійнай праграме “Дзіцячы фітнес” расказала кандыдат педагагічных навук дацэнт Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Марына Барысава. Яна адзначыла, што асноўная мэта сучаснай адукацыі — падрыхтоўка кваліфікаванага спецыяліста адпаведнага профілю, канкурэнтаздольнага, кампетэнтнага, адказнага, які свабодна валодае сваёй прафесіяй і добра арыентуецца ў сумежных галінах дзейнасці, а таксама падрыхтаванага да пастаяннага прафесійнага росту, сацыяльнай і прафесійнай мабільнасці. У сувязі з гэтым паўстае неабходнасць мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу ў межах сістэмы курсаў павышэння кваліфікацыі спецыялістаў дашкольнай адукацыі, якая накіравана на аздараўленне дзіцяці-дашкольніка, матываванне здаровага ладу жыцця, паглыбленне, сістэматызацыю і абнаўленне прафесійных ведаў, развіццё практычных уменняў у сувязі з неабходнасцю асваення сучасных методык, тэхналогій.
Праграма пад назвай “Дзіцячы фітнес” распрацавана ў Інстытуце педагогікі і псіхалогіі адукацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і прызначана для спецыялістаў па фізічнай культуры дашкольных устаноў, педагогаў устаноў дадатковай адукацыі, выкладчыкаў педкаледжаў, педагогаў-арганізатараў, якія з’яўляюцца слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі. У выніку навучання па ёй слухачы атрымліваюць неабходныя веды, якія звязаны з выкарыстаннем сучасных фітнес-тэхналогій. Усяго прадугледжана 72 гадзіны аўдыторных заняткаў. Структура праграмы складаецца з пяці раздзелаў. Першы раздзел раскрывае слухачам асаблівасці фізічнага, псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту, заканамернасці фарміравання рухальных уменняў і навыкаў, асновы развіцця фізічных якасцей і каардынацыйных здольнасцей у дашкольным узросце. У другім раздзеле разглядаюцца гістарычныя асновы ўзнікнення фітнесу, яго канцэптуальныя асновы, класіфікацыі праграм дзіцячага фітнесу і медыцынскае абгрунтаванне яго выкарыстання. У трэцім раздзеле “Фітнес-тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту ў адукацыйнай арганізацыі” даецца характарыстыка фітнес-тэхналогій, разглядаюцца асаблівасці методыкі работы па іх, адбываецца знаёмства з формамі ўзаемадзеяння дашкольнай установы і бацькоў. Пры вывучэнні фітнес-тэхналогій прадугледжваюцца практычныя заняткі, на якіх ажыццяўляецца паказ тэхнікі выканання фізічных практыкаванняў, вывучаюцца тэхнічныя прыёмы. У чацвёртым раздзеле разглядаюцца тэхналогіі пабудовы адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем той ці іншай фітнес-тэхналогіі. Слухачы курсаў знаёмяцца з арганізацыяй бяспекі і кантролю за тэхнічным станам фізкультурнага інвентару і спартыўнага абсталявання. І апошні раздзел праграмы ўключае вывучэнне нарматыўна-прававых дакументаў і інструктыўна-метадычных матэрыялаў, якія вызначаюць прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення фізічнай адукацыі ў сістэме дадатковай адукацыі. Са слухачамі выкарыстоўваюцца наступныя формы работы: лекцыі-прэзентацыі, семінары-практыкумы, майстар-класы, круглыя сталы і інш. Напрыканцы курса прадугледжваецца залік, які праходзіць у форме круглага стала, дзе слухачы прадстаўляюць прэзентацыі, відэаролікі з тым, як яны выкарыстоўваюць тую ці іншую тэхналогію.
Спецыфіку прымянення камп’ютарнай анімацыі ў працэсе навучання беларускай мове рускамоўных дзяцей дашкольнага ўзросту раскрыла прысутным кандыдат педагагічных навук дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.Шамякіна Таццяна Паліева. Найбольш часта практыкамі выкарыстоўваюцца эфекты анімацыі пры стварэнні вучэбных камп’ютарных прэзентацый, аніміраваныя аб’екты, шаблоны аніміраваных прэзентацый. Вялікія магчымасці адкрываюцца перад педагогам пры прымяненні анімацыйнага кіно: выкарыстанне мультыплікацыйных фільмаў на беларускай мове на занятках; стварэнне аніматэкі па асобных тэмах праграмы; стварэнне ўласных анімацыйных фільмаў. Прыклады аўтарскіх вучэбных анімацыйных фільмаў на беларускай мове прадстаўлены на сайце http://kazki.by. “Анімацыйнае кіно можа паспяхова выкарыстоўвацца як на занятках па развіцці мовы, так і ў свабоднай дзейнасці дзяцей. Асобныя фільмы могуць быць рэкамендаваны бацькам для сумеснага прагляду з дзецьмі”, — зазначыла Т.У.Паліева.
На думку Таццяны Уладзіславаўны, для прадукцыйнасці выкарыстання камп’ютарнай анімацыі пры навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове як другой неабходна захоўваць шэраг патрабаванняў: па-першае, дыферэнцыяцыя маўленчай устаноўкі, што можа забяспечыць пастаянны анімацыйны герой, які гаворыць толькі на беларускай мове; па-другое, супастаўленне маўленчых з’яў рускай і беларускай моў; па-трэцяе, выкарыстанне высокамастацкага моўнага матэрыялу (вершаў, загадак, песенек, лічылак і інш.), які выступае ў ролі ўзору, мае як развіццёвы, так і выхаваўчы патэнцыял. А таксама стварэнне эмацыянальна-станоўчага фону, заснаванага на эстэтычнай выразнасці анімацыі, якая забяспечвае прыцягальнасць беларускай мовы і актывізуе цікавасць дзіцяці; прысутнасць элементаў, якія пабуджаюць да самастойных выказванняў на беларускай мове (напрыклад, “Паклічам разам”, “Скажы сам”; “Паўтарай за мной”, “Дапамажы” і інш.), гэта значыць, анімацыйны герой павінен выступаць як партнёр у маўленчых зносінах; уключэнне гульнявых дыдактычных заданняў інтэрактыўнага характару з выкарыстаннем эфектаў камп’ютарнай анімацыі.
“Камп’ютарная анімацыя, якая выкарыстоўваецца ў працэсе навучання дзяцей нацыянальнай мове, павінна не толькі вырашаць задачы засваення моўных з’яў, навучання прадукцыйнаму маўленню на беларускай мове, але перш за ўсё павінна садзейнічаць авалоданню багаццем нацыянальнай культуры, развіццю патрыятызму, станаўленню маральных асобасных якасцей, фарміраванню эстэтычнай культуры і інш., а таксама развіццю памяці, мыслення, увагі і іншых псіхічных працэсаў”, — падкрэсліла Т.У.Паліева.
Цікавасць ва ўдзельнікаў секцыі выклікаў вопыт работы педагогаў з Северадзвінска Архангельскай вобласці Расіі — кандыдата педагагічных навук дацэнта кафедры інфармацыйных сістэм і тэхналогій філіяла Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава ІСМАРТ Святланы Патапенка і выхавальніцы дзіцячага сада № 8 “Лясная казка” Жанны Казяба — па выкарыстанні вэб-камеры для аўтаматызацыі пастаўленых гукаў у дашкольнікаў, якія маюць маўленчыя парушэнні. Для арганізацыі работы прымяняецца дапаможная камп’ютарная праграма кампаніі Asus — Life Frame Utility 3.1.13. З яе дапамогай уладальнікі ноўтбукаў могуць зрабіць здымкі, запісваць відэа з камеры, разнастаіўшы здымачныя працэсы з дапамогай даступных опцый. Напрыклад, рэжым фотаздымак дазваляе накладаць на будучую выяву ўсемагчымыя рамкі (“вёска”, “джунглі” і г.д.). Магчыма дабаўленне анімацыйнай выявы маленькага чалавечка, якая перадае які-небудзь настрой, міміку ці пачуцці. Карыстальнік можа таксама прымяніць інструмент “Аксесуары”, які ўяўляе сабой калекцыю малюнкаў, якія аўтаматычна накладваюцца на вобласць галавы таго, хто здымаецца. Гэта могуць быць розныя маскі, галовы жывёл, галаўныя ўборы, іншыя забаўныя эфекты — зорачкі, птушачкі і г.д. Аналагічнымі магчымасцямі валодае і відэазапіс.
Работа з дзецьмі па аўтаматызацыі пастаўленых гукаў праводзіцца паэтапна: спачатку вымаўленне замацоўваецца ізалявана, затым у складах, словах, фразах, сказах. На кожным этапе выкарыстоўваюцца лагапедычныя гульні і практыкаванні, з дапамогай якіх аўтаматызуюцца гукі, адначасова развіваецца пазнавальная актыўнасць і вышэйшыя псіхічныя функцыі.
Як адзначыла Ж.В.Казяба, да аўтаматызацыі пастаўленага гука можна пераходзіць толькі тады, калі дзіця вымаўляе яго ізалявана правільна і дакладна пры працяглым і шматразовым паўтарэнні. Шматразовае паўтарэнне аднаго і таго ж гука стамляе дзіця, а таму неабходна разнастаіць гульнявыя прыёмы. На этапе ізаляванага гукавымаўлення такія заняткі праводзяцца ў выглядзе розных гукапераймальных гульняў з апорай на немаўленчае гучанне. Так, для аўтаматызацыі свісцячых, шыпячых, санорных гукаў выкарыстоўваецца гульнявое практыкаванне “Хто далей?”. Дзіця і педагог спаборнічаюць у правільным і доўгім вымаўленні гукаў перад экранам манітора. У гэты час у рэжыме фота- ці відэаздымкі з дапамогай камп’ютарнай праграмы прымяняецца інструмент “Аксесуары”, у роце ў гуляючых з’яўляецца свісток (“с-с-с”) ці перад іх тварамі лятае муха (“ж-ж-ж”). Пераможца гульні адзначаецца дабаўленнем на фота эматыкона-смайла.
Вопыт расійскіх педагогаў паказаў, што выкарыстанне сродкаў ІКТ пры аўтаматызацыі пастаўленых гукаў у дашкольнікаў аптымізуе працэс навучання, актывізуе і падтрымлівае працаздольнасць дзяцей, павышае матывацыю. Станоўчым аспектам прымянення гэтай праграмы з’яўляецца магчымасць запісаць мову дзіцяці на відэа і прадаставіць запіс як самому выхаванцу, так і яго бацькам для прагляду памылак, дапушчаных падчас выканання заданняў, ці для дэманстрацыі станоўчай дынамікі, поспехаў дзіцяці.

* * *

Удзельнікі секцыі адзначылі карыснасць і эфектыўнасць прадстаўленага вопыту калег і выказалі зацікаўленасць у прымяненні некаторых распрацовак ва ўласнай практыцы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота ў дадатку Алега ІГНАТОВІЧА.