Расія: Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі зацвердзіла парадак паступлення ў ВНУ

- 14:10Паралелі

Ён будзе лічыцца трывалым, і абітурыенты змогуць загадзя даведвацца пра ўсе дэталі прыёмнай кампаніі. У гэтым годзе іх чакае каля 900 ВНУ і 1300 філіялаў. На ўсіх узроўнях адукацыі ў 2016 годзе будзе выдзелена амаль паўмільёна бюджэтных месцаў. Залічэнне пройдзе ў два этапы. Спачатку ВНУ прымуць 80% выпускнікоў, потым — яшчэ 20%. Уся інфармацыя на сайтах ВНУ сёлета павінна быць размешчана не пазней за 16 лістапада, а ў наступныя гады — не пазней за 1 кастрычніка.

Выпускнікам каледжаў і тэхнікумаў не прыйдзецца здаваць АДЭ, калі яны раптам захочуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы: ім будзе дастаткова вынікаў уступных выпрабаванняў, якія праводзяць самі ВНУ. Але права здаваць АДЭ ў іх, безумоўна, ёсць. Акрамя таго, калі раней ВНУ ўлічвалі толькі школьны атэстат з адзнакай, то цяпер будуць таксама ўлічваць дыплом аб сярэдняй прафесійнай адукацыі — калі ён таксама з адзнакай. Захаваны ўмовы прыёму профільных абітурыентаў. Для іх універсітэт ці інстытут можа ўстанавіць уступныя экзамены ў адпаведнасці з профілем сярэдняй прафадукацыі. Напрыклад, калі выпускнік будаўнічага каледжа паступае ў будаўнічы інстытут, то экзамены для яго могуць быць не па фізіцы, рускай мове або матэматыцы, а па профільных дысцыплінах.
Вынікі алімпіяд школьнікаў будуць сапраўдныя на працягу 4 гадоў, якія ідуць за годам правядзення алімпіяды (год правядзення алімпіяды плюс яшчэ 4 гады). Раней вынікі алімпіяд школьнікаў былі сапраўдныя толькі 1 год. Таксама абітурыентам гарантуюцца дадатковыя балы за індывідуальныя дасягненні — да 10. Напрыклад, за перамогу ў Алімпійскіх гульнях, залаты значок “Гатовы да працы і абароны”, атэстат з адзнакай, валанцёрскую дзейнасць, удзел у творчых конкурсах. Плюс адзнака, якую ВНУ паставіць за сачыненне.
Што павінен ведаць кожны выпускнік ў гэтым годзе? Тое, што ВНУ маюць права ўстанаўліваць дадатковыя выпрабаванні або праводзіць субяседаванне. Напрыклад, дадатковае выпрабаванне можа быць на спецыяльнасцях “Эксплуатацыя паветраных суднаў”, “Стаматалогія”, “Філалогія” і на некаторых іншых. МДУ і СПБДУ могуць праводзіць дадатковыя ўступныя экзамены па любых прадметах.
Каго ВНУ залічаць без уступных выпрабаванняў? Гэта члены зборных каманд Расіі, пераможцы і прызёры Усерасійскай алімпіяды школьнікаў і іншых алімпіяд. Захоўваецца і мэтавы набор, але для мясцовых улад і прадпрыемстваў, якія накіроўваюць абітурыентаў на вучобу, правілы сталі больш строгімі. Яны павінны гарантаваць студэнтам арганізацыю практыкі.
Падчас прыёмнай кампаніі ВНУ павінны штодня абнаўляць спісы, вылучаючы тых, хто ідзе па спецыяльнай квоце, мэтавай квоце, агульным конкурсе, на платнай аснове або можа быць залічаны без уступных выпрабаванняў. Абавязку ўказваць, ці прынёс чалавек арыгінал дакументаў, у ВНУ няма, але некаторыя ВНУ гэтую інфармацыю даюць, і абітурыентам лягчэй падлічыць рэальны конкурс. Пры гэтым ВНУ загадзя абавязаны паведамляць, ці ёсць у іх месца ў інтэрнаце. А вось ці прымаць дакументы па электроннай пошце, вырашаюць самі.
Раней, падчас нарады з членамі ўрада ў Нова-Агарове, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пацікавіўся новымі тэндэнцыямі ў арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ.
“У гэтым годзе залічаны 324 тысячы студэнтаў на бюджэтныя месцы”, — паведаміла віцэ-прэм’ер Вольга Галадзец. Істотна павялічыўся конкурс у ВНУ — 8,8 чалавека на месца.
Ёсць тэндэнцыя ўстойлівага росту прыёму на прыродазнаўчанавуковыя, інжынерна-тэхнічныя, медыцынскія і педагагічныя спецыяльнасці. Назіраецца ўсплёск жадаючых паступіць на шэраг спецыяльнасцей, такіх як “Медыцынская біяхімія” і “Гасцінічная справа”.
“Мы будзем падтрымліваць навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях, і гэта будзе сігналам для павелічэння квоты па іх на будучы год”, — сказала віцэ-прэм’ер.
У гэтым годзе сярэдні бал залічаных па АДЭ склаў 65,2, што на 0,8 больш, чым у мінулым. “У сярэднім па ВНУ ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў расце”, — канстатавала намеснік старшыні ўрада. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 6,9 тысячы ўдзельнікаў алімпіяд.
“Мы змянілі свае пазіцыі ў сусветным размеркаванні працы”, — сказала В.Галадзец. “Нашы ВНУ не толькі рухаюцца наперад у сусветных рэйтынгах. Ёсць і яшчэ адзін вельмі істотны паказчык: расце колькасць замежных студэнтаў, у тым ліку і тых, якія вучацца за ўласныя сродкі. Сёлета з розных краін іх паступіла 86,7 тысячы. Гэта сведчыць пра папулярнасць расійскай адукацыі ў свеце”, — лічыць яна.
Са свайго боку ўзмацніла кантроль за суб’ектамі вышэйшай адукацыі Федэральная служба па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі. Як расказаў у інтэрв’ю “Рассійскай газеце” яе кіраўнік Сяргей Краўцоў, за два апошнія гады правераны 1341 ВНУ і філіял. Прыкладна 800 ліцэнзій выключаны з рэестра: гэтыя ВНУ і філіялы ліквідаваны. “Рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі прымае суд, мы толькі адпраўляем туды матэрыялы”, — адзначыў ён. Пазбаўленне акрэдытацыі ў адрозненне ад ліцэнзіі не забараняе ВНУ працаваць, падкрэсліў С.Краўцоў. Усяго ў гэтым годзе прыпынена акрэдытацыя 169 ВНУ. Гэта значыць, што яны могуць вучыць студэнтаў, але не маюць права выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзору. У гэтым выпадку ВНУ можа выдаваць выпускнікам дыплом толькі ўласнага ўзору. Па словах С.Краўцова, яшчэ адна мера ўздзеяння на ВНУ — забарона прыёму. Прыём забаронены ў 134 ВНУ. Гэта своеасаблівы сігнал: у навучальнай установе нешта не ў парадку, трэба мяняць сітуацыю.
Што да наступных кандыдатаў на закрыццё, то, як запэўніў чыноўнік, ніякіх чорных спісаў няма. У той жа час, па яго словах, ёсць вынікі маніторынгу, які праводзіць Міністэрства адукацыі і навукі: “Па выніках такога маніторынгу 2014 года мы павінны праверыць амаль 1000 ВНУ. Гэта тыя ўніверсітэты, інстытуты, філіялы, якія выканалі менш за чатыры паказчыкі маніторынгу з сямі. Цяпер на іх ніхто не вешае ярлык неэфектыўных, але гэта падстава ацаніць якасць адукацыі ў гэтых ВНУ. На жаль, як паказвае вопыт, у 90% выпадкаў яны не выконваюць неабходных патрабаванняў. Мы правялі ўжо 496 пазапланавых праверак. Да канца года праверым яшчэ 35 ВНУ. Многія ВНУ і філіялы, не чакаючы прыходу нашых інспектараў, самі падаюць просьбу аб выключэнні з рэестра ліцэнзій. Хачу заўважыць, у праверках ВНУ ўдзельнічаюць не толькі супрацоўнікі службы, але і эксперты з вядучых ВНУ, дактары, кандыдаты навук, прызнаныя ў экспертнай супольнасці”.