Расія: школьнікам пра бюджэт

- 11:52Паралелі

З 2016 года расійскім дзевяцікласнікам на ўроках грамадазнаўства будуць расказваць пра крэдыты, пенсіі і падаткі. Інфармацыі, якая павышае фінансавую пісьменнасць, будзе ўдзяляцца каля 30% часу, адведзенага на прадмет. Лікбез па кіраванні сваімі грашыма ў будучыні чакае не толькі дзевяцікласнікаў і не толькі ў рамках курса грамадазнаўства.

Пра гэта расказалі прадстаўнікі Цэнтрабанка Расійскай Федэрацыі, Мінфіна і Мінадукацыі. Паводле слоў першага намесніка міністра адукацыі і навукі Наталлі Траццяк, школьнікі будуць атрымліваць не толькі акадэмічныя, але і практычныя веды, як правільна распараджацца сваімі грашыма і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці. “У прыкладных адукацыйных праграмах адлюстраваны практычныя аспекты будучага фінансавага жыцця дзяцей: гэта пытанні фарміравання даходаў сям’і, стварэння сістэмы страхавання фінансавых рызык для сям’і, асноўныя паняцці (што такое пазыковыя сродкі, чым адрозніваюцца розныя віды крэдытавання, якія бываюць сістэмы пенсійнага назапашвання, што такое фарміраванне бюджэту”), — пералічыла яна.
Паводле слоў першага намесніка старшыні Банка Расіі Сяргея Швяцова, апавяданні аб фінансах зоймуць у дзевяцікласнікаў прыкладна 30% часу ўрокаў грамадазнаўства. “Трэба прымаць рашэнне аб пашырэнні праекта, і не толькі на 9-я класы”, — дадаў ён. Плануецца, што элементы інфармацыі аб фінансах так ці інакш закрануць іншыя прадметы — напрыклад, яны будуць уключаны ў задачы па матэматыцы.
Паводле ацэнкі Сяргея Швяцова, агульны ўзровень фінансавай пісьменнасці ў Расіі ніжэйшы, чым у развітых краінах і шэрагу краін, якія развіваюцца, што выліваецца ў нерацыянальныя спажывецкія паводзіны. “Калі ідзе эканамічны спад, насельніцтва павінна рэагаваць рацыянальна, а не купляць па некалькі тэлевізараў і некалькі пральных машын. Яно павінна разумець, што заўтра можа страціць працоўнае месца, таму схільнасць да зберажэнняў тут павінна пераважаць над схільнасцю да спажывання”, — заявіў Сяргей Швяцоў.
Пілотныя праграмы павышэння фінансавай пісьменнасці для школьнікаў стартавалі ў 2015 годзе. Паводле слоў намесніка міністра фінансаў Сяргея Старчака, у іх апрабацыі прынялі ўдзел каля пяці тысяч школьнікаў, двухсот настаўнікаў і трох тысяч бацькоў.