Прафесійныя ўяўленні для прафесійнага самавызначэння

- 11:32Суразмоўца

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама распрацавалі прыкладную мадэль прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Жодзіна, якая дэманстравалася на пашыраным пасяджэнні Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларусі з удзелам намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка.
Сёння начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама Ірына Яўгенаўна Дуванава дзеліцца з намі асаблівасцямі распрацаванай сістэмы, якая дазваляе школьнікам не толькі сфарміраваць уяўленні аб свеце прафесій, але і авалодаць інфармацыяй пра рэальныя патрэбы рынку працы свайго рэгіёна.

— Ірына Яўгенаўна, наколькі я разумею, ва ўстановах адукацыі вашага горада пытанням прафарыентацыі надаецца вельмі вялікае значэнне.
— Выбар прафесіі прадвызначае поспех кар’ернага і жыццёвага шляху чалавека, таму дапамога навучэнцу ў выбары прафесіі з боку педагогаў не толькі дапамагае яму арганізаваць сваю вучэбную дзейнасць (калі ён свядома вывучае школьныя прадметы, якія могуць спатрэбіцца ў працоўным жыцці), але і надае ўпэўненасць у адносінах да сваёй будучыні.
Работа па прафарыентацыі праводзіцца ўсімі педагогамі на ўроках, занятках дадатковай адукацыі і ў пазаўрочнай дзейнасці. Для правядзення прафесійнай дыягностыкі школьнымі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службамі, а таксама больш хуткай апрацоўкі яе даных ва ўсе ўстановы адукацыі горада пры садзейнічанні Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прадастаўляюцца тэставыя матэрыялы.
Ва ўсіх установах адукацыі выкарыстоўваюцца камп’ютарызаваныя анкета “Вывучэнне прафесійных намераў вучняў выпускных класаў”, пакет псіхадыягнастычных методык “Профіль”, электронная прафарыентацыйная карта навучэнца. Педагогамі-псіхолагамі праводзіцца сістэматызацыя працэсу прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, якая дазваляе вядзенне электроннай прафкарты на працягу 5 гадоў: з 7 па 11 клас.
Вынікі праведзенай дыягностыкі дапамагаюць навучэнцам дакладна сарыентавацца ў свеце прафесій, вызначыць найбольш аптымальны шлях да выбранай прафесійнай дзейнасці, а таксама спрыяюць самааналізу і самапазнанню, дапамагаюць навучэнцу па-новаму паглядзець на сябе і свае магчымасці.
Штогод у снежні аддзелам адукацыі праводзіцца папярэдняе вывучэнне прафесійных інтарэсаў і намераў навучэнцаў выпускных класаў усіх устаноў адукацыі. У кожнай установе арганізаваны факультатыўны курс “Асновы выбару прафесіі”. Аддзел адукацыі супрацоўнічае з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Жодзінскага гарвыканкама, прадстаўнікі якога рэгулярна інфармуюць школьнікаў пра найбольш запатрабаваныя прафесіі рэгіёна.
Сёння Жодзіна — буйны прамысловы горад Мінскай вобласці. Гэта горад аўтамабілебудаўнікоў, кавалёў, швейнікаў, энергетыкаў, хлебапекараў, будаўнікоў, навукоўцаў, земляробаў і жывёлаводаў. Прамысловы комплекс горада прадстаўляюць 15 прамысловых прадпрыемстваў машынабудавання, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці, прадукцыя якіх славіцца не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Усяму свету вядома прадукцыя вытворчага аб’яднання “БелАЗ”, выдатнай якасцю адрозніваюцца вырабы ААТ “Світанак”, Кавальскага завода цяжкіх штамповак. На тэрыторыі горада размешчаны два навукова-практычныя цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве і жывёлагадоўлі. Безумоўна, усё гэта задае тон нашай прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі.

— Сёння актуальнай з’яўляецца арганізацыя профільнай адукацыі. Мяркую, гэты напрамак у вас таксама добра развіваецца?
— Так. З верасня 2015 года профільнае навучанне арганізавана ў васьмі ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада. Профільная педагагічная група адкрыта на базе сярэдняй школы № 9 Жодзіна. Акрамя вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, для навучэнцаў арганізаваны факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, які наведваюць дзеці з усяго горада (26 чалавек).
Акрамя таго, з пачатку навучальнага года ў 7 установах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана дапрофільная падрыхтоўка вучняў на факультатыўных занятках. У дзвюх школах працягнута вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў 11 класе: у сярэдняй школе № 6 Жодзіна рэалізоўваецца філалагічны і фізіка-матэматычны напрамкі, а ў сярэдняй школе № 9 — фізіка-матэматычны.

— У Жодзіне працуе цэлая плеяда мастакоў і ўвогуле творчых людзей. Гэта таксама знайшло сваё адлюстраванне ў вашай сістэме прафарыентацыйнай работы?
— Выкладанне прадметаў эстэтычнага цыкла арганізавана ў рамках факультатыўных заняткаў. Рашэннем Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта на працягу 4 гадоў дадаткова выдзяляецца больш за 520 вучэбных гадзін звыш тыпавога вучэбнага плана для правядзення заняткаў музычнай, мастацкай, харэаграфічнай і тэатральнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Акрамя таго, па рашэнні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта, для работы з адоранымі навучэнцамі дзеля развіцця іх здольнасцей і прыродных задаткаў штогод дадаткова выдзяляецца не менш як 60 гадзін на арганізацыю міжшкольных факультатыўных заняткаў. Так, у гэтым навучальным годзе на арганізацыю такіх заняткаў было выдзелена 75 вучэбных гадзін.
Сёлета ў рамках Года культуры і ў мэтах прафесійнай арыентацыі вучняў аддзелам адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама сумесна з Палацам культуры ААТ “БелАЗ” рэалізоўваецца праект “Вернісаж прафесій: сфера “Культура”.

— Звычайна на выбар прафесіі выпускніка вялікі ўплыў аказваюць бацькі. Часам яны нават вырашаюць, дзе і на каго будзе вучыцца іх дзіця. Ці ўключае ваша сістэма работу з бацькамі?
— Канечне, у аспекце павышэння якасці арганізацыі прафарыентацыйнай работы асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў, якія сапраўды аказваюць непасрэдны ўплыў на прафесійны выбар і развіццё сваіх дзяцей. На тэматычных бацькоўскіх сходах у даступнай форме бацькоў знаёмяць з правіламі выбару прафесій, патрабаваннямі, якія прад’яўляюць прафесіі да чалавека, з уплывам сацыяльных і эканамічных фактараў на прафесійны выбар навучэнцаў.
Яркай падзеяй у маі 2015 года стаў VIII гарадскі бацькоўскі сход па тэме “Выбар маладых — выбар будучыні”, які праводзіўся ў мэтах актыўнага ўкаранення новых форм арганізацыі прафарыентацыйнай работы, павышэння прэстыжу рабочых спецыяльнасцей, рэкламы працаўладкавання выпускнікоў у адпаведнасці з сучаснымі запытамі рынку працы. У бацькоўскім сходзе прынялі ўдзел больш за 400 чалавек.

— Ірына Яўгенаўна, вялікі ўплыў на фарміраванне прафесійнага светапогляду аказваюць непасрэдна прадстаўнікі розных прафесій, экскурсіі на прадпрыемствы, дні адкрытых дзвярэй у навучальных установах. У вас гэта практыкуецца?
— Канечне. На працягу першага паўгоддзя гэтага навучальнага года было арганізавана больш як 50 прафарыентацыйных экскурсій на прадпрыемствы горада: ААТ “БелАЗ”, Жодзінскі хлебазавод, “Світанак”, ААТ “КЗЦШ”, Жодзінскі ГУПС Мінскага філіяла РУП “Белпошта” і іншыя, а таксама ў цэнтр занятасці Жодзіна.
Практычна год назад пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міжнароднага Алфёраўскага фонду падтрымкі адукацыі і навукі, Беларускага фізічнага таварыства, ТАА “Магія святла”, ЗАТ “Галаграфічная індустрыя”, асабіста акадэміка Леаніда Віктаравіча Таніна быў рэалізаваны маштабны праект — выстава-семінар мастацкіх галаграм “Моладзь і навука: праз супрацоўніцтва і адукацыю да новых адкрыццяў і перамог”. Семінарскія заняткі для навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжа праводзілі вядучыя вучоныя і спецыялісты ў галіне аптычнай галаграфіі, лазернай фізікі, космасу, атамнай энергіі. Актыўныя слухачы былі ўзнагароджаны аўтарскімі зборнікамі задач па фізіцы.
У рамках узаемадзеяння з установамі адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, аддзел адукацыі каардынуе ўдзел выпускнікоў школ у днях адкрытых дзвярэй, рэгулярна інфармуе аб правілах прыёму ў навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Першы ўрок новага навучальнага года навучэнцы школ і гімназій Жодзіна заўсёды праводзяць на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах горада.
Вялікая работа ажыццяўляецца сумесна з Жодзінскім прафесійным ліцэем. У межах агульных мерапрыемстваў праходзіць знаёмства з рабочымі прафесіямі, якія можна атрымаць у родным горадзе (майстар-класы, трэнінгі, бацькоўскія сходы, спартыўныя гульні і г.д.). Выпускнікі ўстановы атрымліваюць шэраг спецыяльнасцей: “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, “Станочнік шырокага профілю”, “Слесар-рамонтнік”, “Слесар-сантэхнік”, “Электрагазазваршчык”, “Муляр”, “Тынкоўшчык”, “Прадавец”, “Кантралёр-касір”.
З 2012 года Жодзіна працуе над рэалізацыяй ініцыятывы Міжнароднага дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) “Горад, дружалюбны да дзяцей”. 18 сакавіка 2014 года наш горад атрымаў ганаровае званне горада, дружалюбнага да дзецей. Актыўную пазіцыю ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы займае Жодзінскі гарадскі парламент школьнага самакіравання, створаны пры Жодзінскім гарадскім Савеце дэпутатаў у верасні 2013 года. Парламент налічвае 18 чалавек. Сваю дзейнасць юныя парламентарыі ажыццяўляюць у цесным супрацоўніцтве з Жодзінскім гарвыканкамам, Саветам дэпутатаў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Д.І.Харытончыкам, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, з установамі і грамадскімі арганізацыямі горада. Прадстаўнікі гарадскога школьнага парламента прымаюць удзел у шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных маладзёжных семінарах і форумах.
З 2014 года ў сярэдняй школе № 4 Жодзіна рэалізоўваецца абласны педагагічны праект “Фарміраванне прафесійнага выбару навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі ўзаемадзеяння з асноўнымі прадпрыемствамі горада і школьным музеем баявой і працоўнай славы”, у рамках якога сумесна са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, бацькамі для навучэнцаў праводзяцца ўрокі па прафесійнай арыентацыі з прыцягненнем прадстаўнікоў навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый горада.
З 1 верасня 2014 года ўсе ўстановы Жодзіна пачалі рэалізацыю праекта “Славутыя выпускнікі”. Гэты праект дазволіў навучэнцам пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі ўстаноў адукацыі, жыццём знакамітых выпускнікоў, якія маюць высокія прафесійныя дасягненні ў навуцы, адукацыі, спорце, турызме, культуры, ахове здароўя, прамысловасці, народнай гаспадарцы, грамадскім жыцці.

— Сапраўды, у вас праводзіцца маштабная і ўсёабдымная прафарыентацыйная работа са школьнікамі. На сённяшні дзень яе можна лічыць узорнай.
— Насамрэч, гаворачы пра сістэму прафарыентацыйнай работы, нельга не ўзгадаць вядомы выраз: усё новае — гэта добра забытае старое. Беларусь мае вельмі багаты вопыт у падрыхтоўцы навучэнскай моладзі да выбару жыццёвага шляху. Людзі старэйшага пакалення памятаюць і святы прафесій у пачатковай школе, і школьныя вучэбна-вытворчыя камбінаты, дзе вучні маглі асвоіць запатрабаваную грамадствам прафесію, і, вядома, настольную кнігу кожнага выпускніка “Куды пайсці вучыцца”.
Сучасныя рэаліі надаюць гэтаму напрамку новы імпульс, ставяць перад намі новыя задачы. Сёння прафесійная арыентацыя — гэта ўжо не толькі далучэнне школьнікаў да свету рабочых спецыяльнасцей, а таксама падрыхтоўка выпускнікоў школы да самавызначэння, усвядомленага выбару будучай прафесіі. І сёння вакол гэтай праблемы кансалідаваны навукова-практычныя сілы вядучых устаноў адукацыі.

— Ірына Яўгенаўна, вялікі дзякуй за прадметную размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.