Улюбіцца нанова ў родны горад

- 12:27Краязнаўства

Пінск — адзін з найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, буйны гандлёвы і культурны цэнтр Палесся. Захаваўшы да нашых дзён багатую архітэктурную спадчыну, самабытны каларыт звычаяў і традыцый палешукоў, унікальную прыроду, дапоўніўшы сваё аблічча сілуэтамі сучасных будынкаў, горад над Пінай застаецца такім жа непаўторным і казачным, як у былыя часы.
Каб даведацца пра гісторыю Пінска, пачуць шэпт старых легенд і паданняў, трэба часцей гуляць па горадзе, не спяшаючыся, уважліва разглядаючы кожны будынак. За гэтым і адправіліся ўдзельнікі краязнаўчага гуртка “Радзімічы” сярэдняй школы № 14 Пінска. Сустрэча з родным горадам, здавалася б, добра вядомым, прынесла навучэнцам шмат адкрыццяў і ўражанняў.
Асаблівыя пачуцці ў дзяцей выклікала наведванне помнікаў архітэктуры. Да іх адносіцца палац вядомага дзяржаўнага дзеяча XVIII стагоддзя, гарадскога суддзі і падстарасты пінскага Матэвуша Бутрымовіча. На закладцы палаца ў 1784 годзе прысутнічаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Уваходзім у палац і ўсведамляем, што больш за два стагоддзі назад па гэтых жа прыступках падымаліся знакамітыя асобы, прадстаўнікі знатных родаў — Орды, Скірмунты. Згодна з сямейнай легендай, род Орда вёў радавод ад самога Чынгісхана. Атрымліваецца, яго нашчадкам з’яўляецца і ўнук Бутрымовіча — праслаўлены мастак, музыкант, кампазітар, педагог Напалеон Орда. Нямала часу ён праводзіў у гэтым доме, пра што сведчаць шматлікія работы мастака. Апошняя гаспадыня палаца — пісьменніца і гісторык Канстанцыя Скірмунт — перадала ў Кракаўскі музей 971 малюнак Напалеона Орды. Гэта выратавала іх ад гібелі ў пажары, які ахапіў палац у 1901 годзе. “Мы хадзілі па раскошных залах затаіўшы дыханне. І ўсё гэта — у нашым родным горадзе! Хіба можна гэтым не ганарыцца?!” — падзяліліся Дар’я Палюховіч і Ганна Шмат.
Вікторыя Кос і Валерыя Аўтаномава падчас экскурсіі па велічным касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі кляштара францысканцаў упершыню пачулі, як гучыць знакаміты пінскі арган. Арган унікальны, ён захаваўся з моманту стварэння ў 1836 годзе і ўваходзіць у лік самых вядомых у Еўропе па гістарычнай каштоўнасці і прыгажосці гучання. Яго гукі нараджаюць 1498 металічных і драўляных труб. Гэтыя гукі ўзнімаюцца да скляпеністай столі, кружаць там і запаўняюць сабой усю прастору. Здаецца, мы дыхаем чароўнай музыкай і лунаем над зямлёй. А потым гукі вырываюцца наверх, плывуць над Пінай і зноў вяртаюцца пад чырвоны дахоўкавы дах касцёла, які відаць разам з высокай чатырох’яруснай званіцай з усіх куткоў старога горада.
Ансамбль кляштара з фасадамі духоўнай семінарыі, кардынальскім гербам і ажурнымі балконамі над воднай гладдзю ракі — гэта візітная картка Пінска. Такой жа асаблівасцю горада з’яўляецца і касцёл Карла Барамея, пабудаваны для манахаў-камуністаў з Італіі ў 1770—1782 гадах. Храм падобны да маленькай крэпасці, таўшчыня сцен дасягае двух метраў, прыступкі вузкай мураванай вітай лесвіцы захоўваюць сляды часу. Званіца, быццам шатром, накрыта дахоўкай, а зверху — купал. Уладзімір Караткевіч вельмі любіў Пінск, гэты касцёл ён называў барочнай цацачкай. Пасля рэстаўрацыі ў ім адкрыта канцэртная зала. “Хацелася б таксама пабудаваць што-небудзь асаблівае, патрэбнае, праславіць наш горад і пакінуць памяць пра сябе”, — адзначылі Аляксандр Моўчан і Данііл Філімонаў.
Пасля незабыўнай прагулкі ў дзяцей з’явілася жаданне ствараць. Навучэнцы думалі, фантазіравалі, малявалі эскізы будынкаў, планавалі іх прызначэнне, выбіралі месцы размяшчэння, называючы раёны і вуліцы. Калі ўсё было гатова, запрасілі ў школу галоўнага спецыяліста ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Пінскага гарвыканкама Веру Аляксандраўну Дзікавіцкую і разам з дырэктарам школы Генадзем Юр’евічам Федаровічам падзяліліся сваімі марамі і імкненнем зрабіць горад прыгажэйшым. Спадзяёмся, што планы гурткоўцаў ажыццявяцца і мы станем сапраўднымі творцамі гісторыі старажытнага і заўсёды маладога Пінска.

Людміла ДЖАВАТАВА,
кіраўнік гуртка “Радзімічы”.
Фота Сцяпана ГАРЫНЦА.