Кітай становіцца бліжэйшым…

- 15:57Выхаваўчая прастора

Усход — справа тонкая. Менавіта так вам скажуць вучні сярэдняй школы № 44 Віцебска, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Бацік”, што праводзіць настаўніца Алена Уладзіміраўна Родзік. З гэтага навучальнага года ў школе арганізаваны заняткі па мастацкім роспісе тканіны, прычым сюжэты работ маюць усходнюю накіраванасць. Такі кірунак выбраны невыпадкова, бо сярэдняя школа № 44 Віцебска ганарыцца сваім даўнім супрацоўніцтвам з Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь і тым, што вучні маюць магчымасць вывучаць кітайскую мову як асноўную замежную.

Гэтыя факультатыўныя заняткі з задавальненнем наведваюць вучні 5,6,7 класаў. Творчыя праекты, выкананыя па тэхналогіі баціку, былі прадстаўлены ў снежні 2015 года на гарадской выставе “Зімовыя цуды”, на якой работа вучаніцы 5 “В” класа Настассі Міцкевіч заняла 2 месца.
А 22 лютага 2016 года дэлегацыя педагогаў і вучняў школы прыняла ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Кітай маімі вачамі”, якая праходзіла падчас свята ліхтароў, прысвечанага кітайскаму Новага году і арганізаванага Рэспубліканскім інстытутам Канфуцыя ў Ліцэі БДУ (Мінск). Ганаровым госцем быў Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Цуй Цымін, які ў сваім выступленні падкрэсліў, што ў апошні час умацоўваюцца сувязі паміж Беларуссю і Кітаем, у тым ліку праз навучанне кітайскай мове ў школах і гімназіях нашай краіны. Пры гэтым ён назваў дзве школы ў Віцебскай вобласці, адна з якіх — сярэдняя школа № 44 Віцебска.
Вучні нашай установы адукацыі былі ўзнагароджаны дыпломамі І ступені (“Сакура” Настассі Міцкевіч) і ІІ ступені (“Драканятка” Алесі Яршовай, “Дракон” Паліны Казачковай). Дырэктар РІК БДУ Аляксандр Мікалаевіч Гардзей павіншаваў пераможцаў і ўручыў ім дыпломы і каштоўныя падарункі. “Такая высокая ацэнка дзіцячай творчасці натхніла нас на стварэнне новых работ з сюжэтамі культуры і мастацтва Кітая. Наперадзе шмат цікавых задум і ідэй, якія з вялікім задавальненнем будзем рэалізоўваць”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна Родзік.

Алена НОВІК,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 44 Віцебска.