Шчасце Ніка Вуйчыча

- 14:14Сацыяльны ракурс

Пісьменнік матывацыйны прамоўца Нік Вуйчыч упершыню наведаў Беларусь. Ён выступіў са сваёй прамовай “Жыццё без межаў” перад шматтысячнай аўдыторыяй “Мінск-Арэны”.
Нік нарадзіўся без рук і без ног, але гэта не перашкодзіла яму стаць шчаслівым чалавекам. Ён натхняе людзей, якія па розных прычынах страцілі веру і надзею ў будучыню. Ён запэўнівае ўсіх нас у тым, што нават самыя смелыя мары могуць збывацца. Сакрэт сапраўднага шчасця Ніка Вуйчыча не ў знешнім поспеху, ён усім найбагацейшым унутраным светам асэнсоўвае сваю значнасць і менавіта таму знайшоў сапраўдную мэту ў жыцці.
Выступленне славутага чалавека па яго асабістым запрашэнні наведаў 11-гадовы выхаванец Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя парушэнні. Адам Эсерт, які, як і Нік, нарадзіўся без рук.

Ніку Вуйчычу 33 гады. Са сваімі прамовамі ён выступіў амаль 3000 разоў у 58 краінах свету перад 6 мільёнамі чалавек. Па тэлебачанні яго бачылі 1 мільярд 400 мільёнаў чалавек. У “Фэйсбуку” ў Ніка 8 мільёнаў падпісчыкаў. І пры гэтым ён ні долара не патраціў на маркетынг. Ён размаўляў з 13 прэзідэнтамі розных краін , і іх урады пасля яго выступленняў мянялі законы, якія тычацца людзей з абмежаванымі магчымасцямі і рэалізацыі іх правоў.

“Спадзяюся, што мой прыезд у Беларусь, маё выступленне натхніць многіх, — паведаміў прамоўца. — Я расказваю сваю жыццёвую гісторыю для таго, каб людзі станаваліся больш стойкімі, не здаваліся перад цяжкасцямі. У кожнага з нас бываюць узлёты і падзенні, дрэнныя і добрыя дні. Але не трэба адчайвацца, нельга страчваць надзею”.

Нарадзіўся Нік у Аўстраліі. Медыкі не змаглі дакладна патлумачыць, чаму ён з’явіўся на свет без рук і без ног. Мама і тата хлопчыка ў 60-х гадах пераехалі ў Аўстралію з камуністычнай Югаславіі. Фактычна яны былі бежанцамі і пачыналі жыццё ў новай краіне з чыстага ліста. Бацькі заўсёды гаварылі сыну: “Будзь удзячным за тое, што табе даў Бог, не параўноўвай сябе з іншымі людзьмі. Рабі, што можаш, каб дасягнуць мэты. А яна ў цябе абавязкова павінна быць. Не адчайвайся, не ўсё атрымаецца адразу, але спрабуй. Толькі праз спробы і памылкі ты прыйдзеш да самога сябе”.

Нік навучыўся пісаць, ён самастойна друкуе на камп’ютары з хуткасцю 43 словы ў хвіліну, умее плаваць і нават нырае з трампліна ў ваду. Малады чалавек займаецца сёрфінгам, гуляе ў гольф, захапляецца рыбалкай і многімі іншымі цікавымі і карыснымі справамі.

Асабліва цяжкімі для яго былі школьныя гады. Дзеці ўспрымалі яго з недаверам, здзекаваліся. Аднойчы Нік амаль здаўся перад акалічнасцямі, якія не мог змяніць. Калі яму было 10 гадоў, ён хацеў пакончыць з сабой, утапіцца ў ваннай. Адчуванні перад тым трагічным момантам былі такімі: ён — цяжар для бацькоў і ніколі не стане шчаслівым, мэты ў жыцці няма, ён ніколі не знойдзе работы, не ажэніцца.

Цяпер Нік упэўнены, што ў яго сёння не было б такой смеласці і веры ў лепшае, калі б у мінулым ён не прайшоў праз многія цяжкасці ў сваім жыцці.

Зараз у маладога мужчыны ёсць цудоўная жонка. Яе завуць Канаэ Міяхара. У іх два сыны — Кіёсі і Дэян.

“У пэўны момант я перажываў, што не магу ўзяць сваю каханую за руку. Але потым зразумеў, што самае галоўнае — адчуваць яе сэрца, — гаворыць Нік. — Я думаў і аб тым, што не змагу закалыхваць сваіх дзяцей на руках, калі яны будуць плакаць. Але сёння мой трохгадовы Кіёсі, калі пачынае плакаць, сам падыходзіць да мяне, абдымае, і слёзы на яго вачах адразу знікаюць”.

Многія кажуць Ніку: “Табе было прасцей, ты жыў у Аўстраліі, там у інвалідаў больш магчымасцей для самарэалізацыі, чым у іншых краінах”. Нік пагаджаецца з меркаваннем, але лічыць, што гэты факт вымушае яго да большай адказнасці. Ён павінен дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў больш складаных умовах і мае ў гэтым найбольшую патрэбу.

“Калі б я нарадзіўся ў сваёй краіне, але на 5 гадоў раней, то, магчыма, не дасягнуў бы таго, што маю ў жыцці зараз, — упэўнены Нік. — Адносіны ў грамадстве да людзей з абмежаваннямі, на шчасце, мяняюцца. Пасля заканчэння школы ў Аўстраліі я з цяжкасцямі, але ўсё ж паступіў ва ўніверсітэт. Хоць дзяржава і адмовіла мне ў спецыялісце для суправаджэння, але праблему дапамагла вырашыць некамерцыйная арганізацыя. Не трэба чакаць ва ўсім дапамогі ад дзяржавы. Дапамагаць адно аднаму павінны людзі. Часта падтрымка, якая зыходзіць ад звычайных людзей, куды больш дзейсная”.

Для таго каб быць шчаслівым, важна жыць у суладдзі са сваім унутраным светам, са сваімі думкамі і дзеяннямі. “Інакш вас не будуць прымаць іншыя людзі, — гаворыць Нік. — Пасябруйце з сабой. Падыдзіце да люстэрка і спытайце: “Я сябар самому сабе ці вораг; я люблю сябе або прыніжаю?” Калі вы ў роспачы, ёсць добры спосаб прыйсці ў раўнавагу і дапамагчы адначасова іншым, адчуць удзячнасць за свой добры ўчынак. Схадзіце ў хоспіс, паразмаўляйце з дзецьмі, якія там знаходзяцца, паспрабуйце іх рассмя-шыць — ім стане лягчэй. Я гляджу сёння на свайго бацьку, якому 61 год, у яго анкалогія. Цела яго памірае, але вочы напоўнены любоўю, таму што ён ведае аб сваім прызначэнні”.
Як навучыцца жыць з надзеяй на лепшае? Канечне, трэба мець веру і шчыра маліцца аб цудах. З усмешкай Нік прызнаўся, што на выпадак, калі Бог дасць яму рукі і ногі, у яго ў шафе стаіць пара абутку. Вельмі важна і вельмі няпроста даць інваліду матывацыю да актыўнага жыцця. Можна забяспечыць яго каляскай, стварыць безбар’ернае асяроддзе, але нельга прымусіць яго выехаць з дому, калі інвалід гэтага не хоча і не хоча бачыць людзей, таму што цікавасць да свету страчана. Каб свет змяніўся да лепшага, змены павінны адбыцца ўнутры чалавека, у яго душы. У гэтым Нік упэўнены на сто працэнтаў.

“Вы можаце чакаць цуду, а можаце самі стаць для кагосьці цудам, — зазначае Нік. — Калі мне было 24 гады, я сустрэў такога ж маленькага хлопчыка, як я, без рук і ног. І ён быў цудоўным! Я зразумеў у той момант, што калі б шмат гадоў назад сустрэў гэтага хлопчыка, калі сам быў яшчэ маленькім, то адно веданне, што я не адзін такі ў свеце, змяніла б маё жыццё. Зараз я яму дапамагаю. Схадзіў да хлопчыка ў школу і выступіў перад яго аднакласнікамі. І яны перасталі яго крыўдзіць”.

“Я зразумеў, калі шукаць сваё шчасце ў часовых рэчах (грошах, наркотыках, сексе, алкаголі), то і шчасце будзе такім жа — часовым. І ў вас ніколі не будзе поўнага задавальнення, — гаворыць Нік. — Марыць трэба аб вялікім, быць цярплівым, старацца змяніць негатыўныя сітуацыі, якія ты можаш змяніць, і спакойна прымаць тое, на што паўздзейнічаць не можаш”.

Нік прызнаецца, што бачыў больш шчаслівых людзей сярод бедных, чым сярод багатых. Так што шчасце не ў грошах і не ў высокіх пасадах.

Нік прапанаваў прысутным у зале пашукаць адказы на наступныя пытанні: “Хто вы?”, “Да чаго імкнецеся?”, “Вы добры чалавек або дрэнны, шчодры або эгаістычны?”, “Вы добры муж (жонка), бацька (маці)?”, “Як да вас адносяцца тыя, хто побач?”, “Калі б вам засталося жыць толькі 30 секунд, пра што б былі вашы думкі?”, “Як даўно вы абдымалі сваіх родных?”, “А калі гаварылі сябрам чароўнае слова “дзякуй”?.

Па меркаванні маладога чалавека, людзі павінны пераканаць сябе, што ўсе яны — лідары ў сваім грамадстве, таму што на сваёй рабоце і пасадзе — якімі б яны ні былі — усе могуць рабіць тое, што ад іх залежыць. “Вы працуеце не толькі для начальніка, а на дабрабыт сваёй краіны”, — падкрэсліў выступоўца. Самае галоўнае — быць прыстойным чалавекам. “Калі б я не стаў прамоўцам, я ўсё роўна быў бы Нікам Вуйчычам”, — упэўнены ён.

На сёння Нік шкадуе аб тым, што мала часу праводзіць са сваімі дзецьмі і жонкай, таму што выкарыстоўвае ўсе магчымасці для выступленняў перад вялікімі аўдыторыямі, шмат падарожнічае па свеце.

“Я сустракаўся з вельмі багатымі людзьмі, мільярдэрамі, лёс зводзіў і з сіротамі, якіх уласныя бацькі ва ўзросце 10 гадоў прадавалі ў рабства за 700 долараў, — гаворыць Нік. — Што сказаць гэтым людзям, тым, каму здрадзілі самыя блізкія і родныя, як падарыць ім надзею на выратаванне? Калі б я мог, зрабіў бы так, каб усе ў гэтым свеце мелі дом, ежу і лекі. Я быў у неразвітых краінах, у джунглях, дзе ў народнасцей, якія там жывуць, да сённяшняга часу існуюць плямёны і жорсткія вераванні. Як толькі ў кагосьці з племені нараджаецца дзіця з адхіленнямі, яго адразу забіваюць. Па меркаванні дзікуноў, ён пракляты багамі”.

“Мы жывём сярод людзей, — працягвае Нік. — Нікога з іх, як і мяне, нельга назваць дасканалым. Цяжка знайсці чалавека цярплівага, пакорнага лёсу, але амаль у кожнага з нас ёсць жаданне стаць лепшым. Можна ўсё жыццё пакласці на барацьбу з цемрай і жорсткасцю, але лепш, на мой погляд, дарыць больш святла людзям. Гэтым ты зробіш не менш важны ўклад у агульную справу дабра. Жорсткіх людзей змяніць амаль немагчыма, колькі б намаганняў ты ні прыклаў. Адыдзіце ў бок ад дрэннага, ідзіце далей. Але я малюся аб сваіх ворагах і не адказваю жорсткасцю на жорсткасць”.

У дзяцінстве Нік прымацаваў на люстэрка ў сваім доме фотаздымак афрыканскага дзіцяці-сіраты. Калі яму было цяжка, калі яго крыўдзілі, ён глядзеў на фотаздымак і думаў пра лёс гэтага дзіцяці, пра тое, як цяжка быць сіратой, што гэта нават цяжэй, чым быць інвалідам.

Элементарныя патрэбы ёсць у кожнага чалавека — у доме, ежы, адзенні, леках. Але не ва ўсіх людзей яны належным чынам задаволены. Бацькам бывае цяжка растлумачыць сваім дзецям, што яны не могуць у чарговы раз набыць для іх дарагую цацку або нейкую рэч. Але як толькі дзеці пазнаёмяцца з кім-небудзь з равеснікаў, хто марыць аб самым простым абутку, то іх мысленне мяняецца.

“Думаю, важна не вельмі песціць дзяцей, — зазначае Нік. — Мяне выхоўвалі з дабрынёй і строгасцю. Бацькі, напрыклад, прымушалі пыласосіць падлогу. Калі я хацеў набыць новую цацку, то купляў яе са сваіх кішэнных грошай. Гэта мяне навучыла беражлівасці і адказнасці”.

Нягледзячы на тое, што ў Ніка з яго жонкай ужо двое дзяцей, яны апякаюць і як могуць дапамагаюць ва ўсім яшчэ траім дзецям. Нік заклікае тых, у каго ёсць хаця б які лішак грошай, даваць іх тым, у каго іх да крыўднага мала або няма зусім. Зараз на зямлі мільярд людзей галадае, мільёны сірот. У Ніка ёсць мара стварыць нейкую ідэйную платформу, на якой мільёны людзей маглі б абменьвацца думкамі і, маючы аднолькавае бачанне праблем, прыходзіць да высноў аб дзейснай дапамозе прыніжаным і абяздоленым.

“Калі 400 мільёнаў чалавек ахвяруюць па 1 долары ў дзень, атрымаецца сума 2,8 мільярда долараў у тыдзень, — разважае Нік. — На гэтыя грошы можна было б пабудаваць шмат бальніц, прытулкаў, дамоў састарэлых. Калі вы камусьці дапамагаеце, у вас у саміх з’яўляецца пачуццё ўласнай годнасці, вы — у рэальнасці, у вас ёсць мэта ў жыцці”.

У Мінску Нік Вуйчыч знаходзіўся толькі адзін дзень. Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла на пляцоўцы галерэі TUT.BY, ён адказаў на пытанні журналістаў, а ўвечары выступіў перад гледачамі “Мінск-Арэны”.

Ён паабяцаў, што абавязкова прыедзе ў Беларусь яшчэ раз, нягледзячы на тое, што на сёння ў яго назбіралася 35 тысяч запрашэнняў выступіць (штотыдзень паступае каля 100 запрашэнняў).
Пасля выступлення ён развітаўся з беларусамі. І зрабіў гэта вельмі шчыра, так, што яго любоў адчуў кожны і запомніў яго непараўнальную ўсмешку — шчаслівую ўсмешку Ніка Вуйчыча. Людзі па чарзе падыходзілі да яго і проста абдымалі, прызнаваліся ў любові, плакалі і шчасліва ўсміхаліся.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Таццяны БАНДАРЧЫК.