Лета — час карысных спраў

- 12:27Апошнія запісы

Ні адно дзіця не павінна застацца без увагі, у летні перыяд павінны працаваць усе ўстановы дадатковай адукацыі школьнікаў, спартыўныя і культурныя ўстановы — так на выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь акрэсліла кірунак дзейнасці ўсіх зацікаўленых дзяржаўных устаноў намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Выязное пасяджэнне адбылося ў Лідзе Гродзенскай вобласці і пачалося з азнаямлення з работай устаноў дадатковай адукацыі, дзе назапашаны вялікі вопыт работы з дзецьмі і моладдзю. Н.І.Качанава і ўдзельнікі пасяджэння пагаварылі непасрэдна з юнымі ўдзельнікамі гурткоў. Так, у Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі летам арганізуюць дзве змены лагера для школьнікаў, якія не маюць магчымасці выехаць на аздараўленне ў іншыя месцы. А прадстаўнікі Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў паведамілі аб тым, як яны прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод сваіх равеснікаў і як гэта становіцца сваеасаблівым трэндам моладзі, расказалі намесніку прэм’ер-міністра аб сваім бачанні развіцця гарадской маладзёжнай інфрастуктуры.

Выязное пасяджэнне камісіі было прысвечана пытанням занятасці дзяцей у канікулярны час, спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце з падлеткамі, у тым ліку з тымі, хто знаходзіцца на розных відах уліку, мерам па стабілізацыі сітуацыі, звязанай з правапарушэннямі непаўналетніх.

Адкрываючы пасяджэнне, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што дзеці не павінны быць прадстаўленымі самі сабе. Важна, каб яны не толькі аздараўліваліся летам, але і займаліся справамі, карыснымі для іх саміх і для грамадства, мелі магчымасць зарабіць. У гарадах, раённых цэнтрах павінны быць створаны ўмовы для работы ў школах, летніках, установах дадатковай адукацыі, каб дзеці былі заняты і адначасова атрымлівалі працоўныя навыкі.

Канкрэтны прыклад такой работы прывёў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. У раёне распрацаваны міжведамасны праект “Выбар за табой”: дзеці, якія стаяць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці з малазабяспечаных сем’яў далучаюцца да сацыяльна карысных спраў. Так, у мінулым годзе такія дзеці працаўладкоўваліся летам у цэнтральную раённую бальніцу, бібліятэкі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У гэтым годзе да названых прадпрыемстваў далучаецца камбінат хлебапрадуктаў.

Аб сістэме работы і мерах, якія ажыццяўляюцца ў Гродзенскай вобласці па недапушчэнні росту злачыннасці сярод падлеткаў, расказаў намеснік страшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Незанятасць дзяцей у вольны час вядзе да правапарушэнняў, адзначыў Віктар Андрэевіч. На Гродзеншчыне захавалі шматфункцыянальную сістэму дадатковай адукацыі, забяспечылі яе даступнасць у сельскай мясцовасці. Сёння ў гэтых установах займаецца амаль 50 тысяч школьнікаў.

— Пачалі з таго, што пераарыентавалі на работу ў вячэрні час больш за 35 працэнтаў аб’яднанняў па інтарэсах у школах, каля 50 працэнтаў — ва ўстановах дадатковай адукацыі. Аптымізацыя аб’яднанняў па інтарэсах з улікам новых кірункаў, якія запатрабаваны ў моладзі, дазволіла павялічыць з 25 да 45 працэнтаў колькасць аб’яднанняў для старшакласнікаў. 87 працэнтаў навучэнцаў заняты ў шосты школьны дзень. У Год культуры прапанавана новая форма работы — “Культурная субота”.

У Гродзенскай вобласці дапрацоўваецца рэгіянальная праграма “Лета-2016”. Разглядаецца пытанне аб адкрыцці аздараўленчых лагераў у сельскіх школах, якія знаходзяцца ў маляўнічай мясцовасці. На базе кругласутачных летнікаў будуць арганізаваны профільныя прававыя атрады для непаўналетніх, якія знаходзяцца на ўліку ў КСН. Атрымана згода пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь на стварэнне сеткі ваенна-патрыятычных лагераў на базе пагранічных застаў Гродзенскай пагрангрупы, Смаргонскага і Лідскага пагранатрадаў.

Міністэрства адукацыі прапанавала аб’явіць у гэтым годзе жнівень часам турызму і на працягу ўсяго месяца далучаць дзяцей да турыстычных мерапрыемстваў, паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. Віктар Віктаравіч таксама расказаў, як працуюць створаныя ва ўсіх навучальных установах саветы па прафілактыцы. Асаблівая ўвага была звернута на летняе працаўладкаванне навучэнцаў, арганізацыю работы студэнцкіх будаўнічых атрадаў і ўключэнне ў іх склад падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку.

Аб занятасці дзяцей і арганізацыі бяспечнага і карыснага летняга адпачынку гаварылі таксама намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі і намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.