Не чакаць, а дзейнічаць

- 17:22Рознае, Сацыяльны ракурс

Сустрэча за круглым сталом кіраўніцтва сістэмы адукацыі рэгіёна, прадстаўнікоў абласной выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, дырэктараў профільных устаноў адукацыі і прадстаўнікоў галіновых прадпрыемстваў — адна з цэнтральных падзей традыцыйнай для Віцебшчыны абласной практычнай канферэнцыі “Напрамкі моды “Вясна — лета”.

У размове прынялі ўдзел:

начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый ХОМА;

старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр СЯГОДНІК;

начальнік аддзела прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей КАВАЛЕНКА;

галоўны спецыяліст аддзела прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Павел КІРЫЛАЎ;

намеснік начальніка ўпраўлення прамысловасці камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Вольга МАРТЫНАВА;

намеснік начальніка аддзела рынку працы і прафесійнай адукацыі ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама Таццяна АЎЧЫННІКАВА;

намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Аляксандра ГАПОНАВА;

галоўны інжынер філіяла ААТ “Магатэкс” у Полацку Алена КАСЦЕЦКАЯ;

начальнік аддзела кадраў СААТ “Белвест” Валянціна ІВАШНЁВА;

дырэктары Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Ганна БУРЭНЬ і Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці Аляксандр УЛАХОВІЧ.

На сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі кадравых службаў галіновых прадпрыемстваў і дырэктары ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Дзмітрый ХОМА:

— На жаль, набор на спецыяльнасці лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва штогод зніжаецца, з кожным разам усё больш складана фарміруюцца групы. Тэндэнцыя трывожная: калі кожны з нас не задзейнічае ўсе даступныя рэсурсы, каб выправіць становішча, праз некаторы час мы вымушаны будзем закрыць незапатрабаваны напрамак у падрыхтоўцы. Аднак зменяцца эканамічныя ўмовы, і яго ў любым выпадку давядзецца аднаўляць, а гэта будзе непараўнальна больш складана. Існуючую сістэму адукацыі варта ўдасканальваць, мадэрнізаваць, але ні ў якім разе не ламаць. Сітуацыя па абутковай прамысловасці і сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва крыху лепшая, але і там праблем дастаткова.

Павел КІРЫЛАЎ:

— Падрыхтоўка кадраў па розных профілях істотна скарачаецца ў сувязі са змяншэннем заявак ад арганізацый — заказчыкаў кадраў, зніжэннем прэстыжу рабочых прафесій, дэмаграфічнага становішча. Напрыклад, па лёгкай прамысловасці — з 18 кваліфікацый у 2010-м да 7 — у 2015 годзе. Перапынена падрыхтоўка па такіх незапатрабаваных спецыяльнасцях, як “Вышывальшчыца”, “Кравец”, “Мадыстка”, шэрага іншых.

Аляксандр СЯГОДНІК:

— Лёгкая прамысловасць перажывае складаны перыяд, і гэта адбіваецца на камплектаванні кантынгенту ўстаноў адукацыі. Прадпрыемствам трэба не толькі мадэрнізаваць вытворчасць і аптымізаваць лагістыку, шукаць новыя рэзервы і рынкі збыту, але і перагледзець многія прывычныя падыходы да работы з кадрамі.

Вольга МАРТЫНАВА:

— На 45 прадпрыемствах лёгкай прамысловасці Віцебшчыны працуе пятая частка ад агульнай колькасці работнікаў прамысловасці рэгіёна. У вобласці выпускаецца 100% беларускіх ільняных тканін, практычна 100% дываноў і дывановых вырабаў, 44% абутку, 13% трыкатажу. На прадпрыемствах праводзіцца планавая мадэрнізацыя, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, арганізуюцца новыя вытворчасці, развіваюцца кластарныя ўзаемаадносіны паміж суб’ектамі гаспадарання, прадугледжваецца стварэнне сумесных тэхналагічных патокаў. У цэлым можна сказаць, што галіна працуе рэнтабельна. Прамысловымі арганізацыямі штогод вызначаецца патрэба ў спецыялістах, заключаюцца дагаворы з установамі адукацыі. Маладым спецыялістам, згодна з заканадаўствам, ствараюцца дадатковыя ўмовы, накіраваныя на замацаванне на вытворчасці, у тым ліку кантрактная форма найму, магчымасць далейшага навучання, сацыяльныя гарантыі. Разам з тым на вытворчасці назіраецца ўстойлівы дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў.

Дзмітрый ХОМА:

— З 2009 года ў швейнай і тэкстыльнай прамысловасці колькасць кадраў зменшылася на 3,6 тысячы чалавек. Што кажуць перспектыўныя прагнозы па гэтым напрамку? У нас толькі за апошнія 2 гады выпуск на ўзроўні прафтэхадукацыі па рабочых прафесіях зменшыўся на 800 чалавек. Калі гэтыя тэмпы захаваюцца, хто прыйдзе працаваць на вытворчасць праз некалькі гадоў?

Вольга МАРТЫНАВА:

— На прадпрыемствах вядзецца маштабная мадэрнізацыя, што, безумоўна, спрыяе аптымізацыі колькасці работнікаў. Зараз на вытворчасці патрабуюцца кадры з рабочымі спецыяльнасцямі, якія могуць выконваць некалькі тэхналагічных аперацый.

Дзмітрый ХОМА:

— Праблема заключаецца ў адсутнасці дакладнай інфармацыі, якія рабочыя і спецыялісты будуць запатрабаваны на рынку працы нават праз 2—3 гады. Сучасныя эканамічныя рэаліі патрабуюць ад нас пошуку такіх рэзерваў, такой сістэмы работы, каб на выхадзе з крызісу стаць мацнейшымі на некалькі ўзроўняў. І перш за ўсё гэта супрацоўніцтва.

Попыт на высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў ёсць. Але каб іх падрыхтаваць, трэба матываваць да паступлення ў профільныя ўстановы адукацыі моцных абітурыентаў. Пакуль жа ў сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ідуць пераважна тыя, хто не можа разлічваць на ўніверсітэты. Магчыма, стымуляваць моладзь да вучобы маглі б персанальная стыпендыі ад заказчыкаў кадраў? Калі з моцнага прадпрыемства прыйдзе прадстаўнік кадравай службы і скажа, што гэтага выпускніка школы мы гатовы праз 3 гады вучобы ўзяць да сябе на работу, а потым дадзім яму магчымасць расці далей, атрымаць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, на мой погляд, атрымаецца эфектыўны варыянт прафагітацыі.

Аляксандра ГАПОНАВА:

— Даступнасць вышэйшай адукацыі, у тым ліку атрымання яе на платнай аснове, прыводзіць да таго, што 72% віцебскіх школьнікаў працягваюць вучобу ў 10 класе, 77% выпускнікоў 11-х класаў ідуць у вышэйшую школу. Мы неаднойчы абмяркоўвалі, як пераадолець гэтую тэндэнцыю. Многае з задуманага рэалізавана. Але ж мы працуем з непаўналетнімі, за кожным з якіх — двое законных прадстаўнікоў і яшчэ некалькі ўплывовых членаў сям’і. Апытанне пацвярджае: менавіта сям’я аказвае самы вялікі ўплыў на выбар выпускніком установы адукацыі і будучай прафесіі. Бацькі з уласнага вопыту, ды яшчэ бабуля з дзядулем дададуць, як гэта цяжка — стаяць за канвеерам, адпрацаваць змену, даць план, каб зарабіць грошы.

Школа не дае прафесію, яе асноўная задача — гэта асвета і выхаванне, але нам трэба падрыхтаваць асобу да свядомага жыццёвага выбару. І тут мы чакаем дапамогі. Магчыма, надышоў час заключаць дагаворы паміж школай, сістэмай прафтэхадукацыі і прадпрыемствамі, выпрацоўваць адзіныя падыходы і патрабаванні да прафарыентацыйнай работы, шырэй задзейнічаць шосты школьны дзень і патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі. Неабходна больш эфектыўна арыентаваць і матываваць на атрыманне профільнай адукацыі ўдзельнікаў гурткоў і студый, а на прыкладзе творчасці гэтых навучэнцаў — іх равеснікаў.

Дзмітрый ХОМА:

— І зараз ніхто не забараняе начальніку аддзела кадраў разам з дырэктарам і прадстаўнікамі ўстановы прафесійнай адукацыі прыйсці на бацькоўскі сход і паспрабаваць наладзіць дыялог з бацькамі. За няпоўныя 10 гадоў колькасць школьнікаў у нашым рэгіёне зменшылася больш як на 40 тысяч, і калі па Віцебску і Наваполацку нараджальнасць павялічылася і дынаміка стабілізавалася, то ў цэлым па вобласці, нават па Оршы і Полацку, яна працягвае пагаршацца. А ў раёнах праз 5 гадоў з 20 сённяшніх застанецца прыкладна 11—12 тысяч сельскіх навучэнцаў.

Мы зацікаўлены набраць дзяцей і даць ім прафесійную падрыхтоўку, а прадпрыемствы — у тым, каб нам дапамагчы. Як варыянт — заключаць з бацькамі дагавор на выплату стыпендыі ад прадпрыемства, няхай невялікай, пакуль малады чалавек будзе вучыцца ў профільным ліцэі або каледжы.

Валянціна ІВАШНЁВА:

— Зараз мы выплачваем 840 тысяч у месяц кожнаму мэтавіку — навучэнцу каледжа. Сёлета шасцёра такіх выпускнікоў чакаем у свой калектыў. Летась па нашай ініцыятыве 600 віцебскіх навучэнцаў наведалі з экскурсіяй “Белвест”, але толькі 5 з іх прыйшлі на вучобу ў каледж — найперш таму, што дзеці на свае вочы пабачылі цяжкую працу. Сёлета мы зноў праявілі ініцыятыву і прывезлі ў Віцебск навучэнцаў школ Гарадка (у нашага прадпрыемства ў Гарадку ёсць вытворчасць) — 36 чалавек разам з настаўнікамі. Дзеці знаёміліся з вытворчасцю, з умовамі вучобы ў каледжы. Спадзяюся, сярод іх былі і нашы будучыя работнікі. Але калі група выйшла з прадпрыемства, я запыталася: “Як уражанні?” У адказ пачула: “Напэўна, з работы не выходзяць, а выпаўзаюць”.

Дзмітрый ХОМА:

— Аднак што лепш, калі да вас прыйдуць пяцёра, якія пажадаюць за прапанаваныя перспектывы і добрую зарплату працаваць на вытворчасці, або 15, з якіх праз паўгода падрыхтоўкі (і немалых выдаткаў) вы не пабачыце ніводнага? Магчыма, варта скіраваць увагу на абітурыентаў з сельскіх раёнаў і мэтанакіравана праводзіць з імі работу. Самі па сабе людзі на вытворчасці не з’явяцца, і сітуацыя не зменіцца.

Сапраўды трэба мяняць падыходы. Хаця, як ні парадаксальна, зараз ідэальная сітуацыя на рынку працы для кіраўніка любога прадпрыемства: можна выбраць найлепшага спецыяліста з некалькіх перспектыўных кандыдатур.

Таццяна АЎЧЫННІКАВА:

— Сёння ў гарадской мясцовасці адчуваецца востры недахоп швачак, дзе попыт удвая перавышае прапанову, зборшчыкаў абутку — перавышэнне попыту ў 3—4 разы. У сферы паслуг і бытавога абслугоўвання запатрабаванай застаецца прафесія цырульніка.

Адзначаецца тэндэнцыя значнага павелічэння колькасці беспрацоўных, якія жадаюць уладкавацца на некваліфікаваную працу пры рэзкім скарачэнні адпаведных вакансій. Напрыклад, попыт на такія прафесіі, як падсобны рабочы, перавышае прапанову ў 87 разоў, грузчык — у 55 разоў, кухонны рабочы — у 50 разоў, дворнік — 46, мыйшчык посуду — у 22 разы.

Разам з тым з 2009 года маем значнае зніжэнне спісачнай колькасці работнікаў, занятых непасрэдна ў тэкстыльнай і швейнай вытворчасці. Асноўныя напрамкі стабілізацыі на рынку працы — рэалізацыя інвестыцыйных праектаў з прымяненнем перадавых тэхналогій і менеджменту для стварэння новых прадпрыемстваў і рабочых месцаў. У 2016—2020 гады ў выніку структурнага пераўтварэння эканомікі працягнецца вызваленне рабочай сілы, што патрабуе яе ператоку на іншыя віды эканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў высокавытворчы сектар эканомікі.

Сяргей КАВАЛЕНКА:

— Праблема ўдасканалення кваліфікацыйных структур працоўных рэсурсаў закранае не толькі спецыялістаў. Вялікі прабел у гэтым плане з прадстаўнікамі рабочых прафесій. У большасці арганізацый прыватнай формы ўласнасці няма адпаведных аддзелаў. Мы маем усё неабходнае — і хацелася б знайсці паразуменне з прадпрыемствамі.

Таццяна АЎЧЫННІКАВА:

— Дзеля задавальнення патрэбы рынку працы ў кваліфікаваных спецыялістах на працягу 2015 года органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці былі накіраваны на вучобу 42 беспрацоўныя па прафесіі “цырульнік”, 26 — па прафесіі “майстар па манікюры і педыкюры” і 23 “зборшчыкі абутку”, якія прайшлі перападрыхтоўку на базе Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці.

Адным з прыярытэтаў застаецца арганізацыя прафесійнага навучання непасрэдна на вытворчасці. Таксама сумесна з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, установамі прафесійнай адукацыі і прадпрыемствамі мы займаемся прафарыентацыйнай, інфармацыйнай і кансультацыйнай работай. Трэба сказаць, што на Віцебшчыне прадпрыемствы, як і ўстановы прафесійнай адукацыі, таксама праводзяць дні адкрытых дзвярэй. Лічу гэта каштоўным вопытам.

Аляксандр УЛАХОВІЧ:

— Прадпрыемствам, якія маюць патрэбу ў кадрах, варта звярнуць увагу на ўзаемадзеянне з цэнтрам занятасці, які можа сфарміраваць групу і падрыхтаваць да самастойнай работы. Цэнтр занятасці, установы адукацыі — мы разам гатовы даць вытворчасці неабходныя кадры. Як, напрыклад, наш каледж гэта робіць разам з “Белвестам”.

Валянціна ІВАШНЁВА:

— Згаданыя дзве групы зборшчыкаў абутку, якія ўжо завяршылі вучобу, — а зараз у нас вучацца яшчэ дзве такія групы — вельмі складана фарміраваліся. Справа ў тым, што навучанне на вытворчасці дазваляе прадпрыемству выплачваць так званыя “вучнёўскія” — напрыклад, мы плацім 1 млн 950 тысяч рублёў у месяц, а стыпендыя беспрацоўнага ў разы меншая. Аднак рыхтаваць работнікаў на вучнёўскіх месцах нас прымушае кадравая нястача. Адукацыя — не наша асноўная функцыя: усё ж мы прадпрыемства па вытворчасці абутку.

Таццяна АЎЧЫННІКАВА:

— У свой час на Аршанскім ільнокамбінаце ўзнікала такая ж праблема. Мы ўзнялі гэтае пытанне на ўзроўні міністэрства. У выніку ў адпаведнасці з уставам у трохбаковы дагавор паміж ільнокамбінатам, беспрацоўным і раённым Цэнтрам занятасці сталі асобна ўносіць пункт, што прадпрыемства аплачвае “вучнёўскія”. Можам прадаставіць прадпрыемствам узор такога дагавора.

Павел КІРЫЛАЎ:

— Установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вядуць падрыхтоўку па праграмах дадатковай адукацыі дарослых, дзе на цяперашні час вучыцца 130 чалавек. На базе Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжаў працуюць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы швачак. Падрыхтоўкай рабочых і спецыялістаў для азначаных сфер займаюцца 103 выкладчыкі і 123 майстры вытворчага навучання, больш за 70% з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю; задзейнічана сучаснае абсталяванне і тэхніка. У нас ёсць кадры і ліцэнзіі на падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па шматлікіх спецыяльнасцях і кваліфікацыях. Акрамя таго, ёсць магчымасць арганізацыі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі на прадпрыемствах усіх форм уласнасці, у тым ліку без адрыву ад вытворчасці, а таксама прадастаўлення розных паслуг арганізацыйна-метадычнага характару. Мы таксама гатовы прапанаваць арганізацыям-заказчыкам падрыхтоўку па сумежных спецыяльнасцях.

Дзмітрый ХОМА:

— Цэнтр занятасці сцвярджае, што ў нас не хапае швачак, а з працаўладкаваннем выпускнікоў ёсць цяжкасці. Дык трэба нам швачкі ці не? Пры наведванні профільных каледжаў прыкра бачыць паўпустыя вялікія майстэрні з сучасным абсталяваннем. У Віцебску мы аб’ядналі тры профільныя ўстановы прафтэхадукацыі ў адзін каледж, і нават ён адчувае цяжкасці з наборам. Пакуль атрымліваецца вырашыць праблему за кошт сумежных спецыяльнасцей. Каб зусім не страціць падрыхтоўку швачак, мы вымушаны спалучаць напрамкі: “швачка-кухар”, “швачка-цырульнік”, “швачка-сакратар”.

Ганна БУРЭНЬ:

— Наш каледж ажыццяўляе падрыхтоўку па сумежных спецыяльнасцях. Сталі так рабіць, бо не маглі набраць швачак. Рэакцыя калектыву на новаўвядзенне спачатку была шокавай. А на справе аказалася здорава. Найперш для дзяцей, яны цяпер лепш сацыяльна абароненыя, больш мабільныя. У жыцці па-рознаму складваецца, і, напрыклад, калі па стане здароўя або з-за пераезду на іншае месца жыхарства наша выпускніца не зможа працаваць швачкай, то ўладкуецца кухарам. І для дзяржавы карысць відавочная.

Што да прафарыентацыі, то мы цесна працуем з філіялам ААТ “Магатэкс”, у тым ліку маем вопыт і па выплаце навучэнцам стыпендый ад прадпрыемства. Яно імкліва развіваецца, працуе з новымі тканінамі — гэта выклікае цікавасць да прафесіі. Часта бываем у школах, запрашаем дзяцей да нас у каледж і заўсёды гаворым: “Развівайце творчыя здольнасці, вы зможаце не проста быць швачкамі, а ў далейшым атрымаць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю”. Зразумела ж усім: спецыялісты з універсітэцкім дыпломам сёння ў пераважнай большасці — тэарэтыкі, і толькі тыя, хто прайшоў ступені прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, знаёмыя з тэхналагічным працэсам, ведаюць работу, адаптаваныя, мабільныя. Ім прасцей знайсці сябе на вытворчасці.

Аляксандр СЯГОДНІК:

— Нельга сядзець і чакаць: “Мне патрэбны кадры”. Хто іх стане шукаць, як не кіраўнік прадпрыемства? Тым больш што ёсць тыя, хто можа неабходныя кадры падрыхтаваць. Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі — самая мабільная, здольная ажыццяўляць падрыхтоўку дзе хочаце, была б адпаведная заяўка. Праблемы будуць заўсёды, але іх трэба і можна вырашаць.

Таццяна БОНДАРАВА.