Ад роднага слова да нацыянальнай свядомасці

- 11:34Рознае, Якасць адукацыі

Педагагічная майстэрня “Выхаванне асобы малодшага школьніка сродкамі нацыянальнай культуры” прайшла на базе сярэдняй школы № 126 Фрунзенскага раёна Мінска. На яе былі запрошаны настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі навучальных устаноў горада, якія пазнаёміліся з вопытам педагогаў па выхаванні нацыянальнай самасвядомасці дзяцей, з сучаснымі формамі, метадамі і прыёмамі работы, што прымяняюцца на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.

Прадстаўляючы сваю навучальную ўстанову, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах Наталля Васільеўна Шут адзначыла:

— Сёння мы з’яўляемся базавай пляцоўкай Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі па пачатковых класах, рэсурсным цэнтрам у сістэме спецыяльнай адукацыі, мэта дзейнасці якога — метадычнае суправаджэнне педагогаў, што працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, па іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства. Тры гады назад на базе школы быў адкрыты першы ў рэспубліцы клас для дзяцей з парушэннямі слыху. Для слухачоў БДПУ імя Максіма Танка, МГІРА, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі тут арганізоўваюцца практычныя заняткі. Школа з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага праекта ў старшых класах “Укараненне паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання навучэнцаў на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. А зусім нядаўна — з 17 снежня 2015 года — наша ўстанова стала вучэбна-навукова-педагагічнай лабараторыяй: у нас дзейнічае клас педагагічнага профілю, заняткі ў якім праводзяць як нашы настаўнікі, так і педагогі БДПУ імя Максіма Танка.

У пачатковай школе працуюць 13 класаў-камплектаў, 7 груп прадоўжанага дня. Навучанне ажыццяўляецца на рускай мове. Асаблівасцю ўстановы з’яўляецца дзейнасць інтэграваных класаў. На сёння ў 3 інтэграваным класе вучыцца 18 малодшых школьнікаў, з іх 5 — з парушэннямі слыху (па праграме для дзяцей І аддзялення дапаможнай школы). Летась быў адкрыты спецыяльны клас для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 12 настаўнікаў і 6 педагогаў-выхавальнікаў, 3 настаўнікі-дэфектолагі. У сваёй дзейнасці педагогі актыўна выкарыстоўваюць праблемнае навучанне, інфармацыйныя і гульнявыя тэхналогіі, дыферэнцыраванае і індывідуальнае навучанне, ТРВЗ-педагогіку, тэхналогію “Вучуся без двоек” і інш.

Навучальная ўстанова ганарыцца дасягненнямі сваіх вучняў. Так, дыпломаў І ступені на гарадскім конкурсе праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць” удастоены чацвёртакласніца Варвара Арлова і трэцякласніца Яўгенія Лагун. Дыпломы І і ІІІ ступені на конкурсе “Юны матэматык” атрымалі трэцякласнік Марк Івін і чацвёртакласніца Яна Варакса.

Аб выхаванні нацыянальнай самасвядомасці, любові і павагі да беларускай мовы, традыцый беларускага народа ва ўмовах групы прадоўжанага дня расказала яе выхавальніца Ірына Іванаўна Лагун.

— Калі я прыйшла ў школу, то ўбачыла, што дзеці зусім не разумеюць беларускай мовы, а часта і не жадаюць размаўляць на ёй, — адзначыла педагог. — А таму важна было арганізаваць работу па выхаванні павагі да роднай мовы, патрыятычным выхаванні малодшых школьнікаў.

Сваю дзейнасць яна пачала з лексічнай работы, з пашырэння і ўзбагачэння слоўніка дзяцей — спярша неназойліва кожны дзень педагог знаёміла вучняў з некалькімі словамі на беларускай мове, а потым адзін дзень на тыдзень цалкам прысвячала ёй: вучні з настаўніцай размаўлялі толькі на роднай мове. Затым праводзілася работа з беларускімі загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Так, адна з форм работы — педагог піша на паперы прыказкі, разразае іх на часткі і просіць дзяцей знайсці пачатак і канец, з асобных слоў утварыць сказ. Паступова Ірына Іванаўна пачала знаёміць дзяцей з беларускімі традыцыямі. Разам з педагогам малодшыя школьнікі гуляюць у народныя гульні, развучваюць і з задавальненнем спяваюць беларускія песні. Апошнім часам гульні, танцы, спевы аб’ядноўваюцца і выліваюцца ў пастаноўку народных свят. Дарэчы, удзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі цудоўнага відовішча — свята “Купалле”, якое вучні рыхтавалі больш за тры месяцы. Прыгожыя нацыянальныя касцюмы былі пашыты бацькамі разам з настаўніцай. Са сцэны лілася мілагучная беларуская мова. Складана паверыць, што яшчэ зусім нядаўна малодшыя школьнікі не маглі нават звязаць некалькіх слоў па-беларуску, а зараз з лёгкасцю, без памылак спявалі, размаўлялі на роднай мове. Гэта сведчыць пра тое, што вельмі вялікая і сур’ёзная работа выканана педагогам.

Як вядома, мова — гэта сродак зносін, канал развіцця інтэлекту. Менавіта ў моўнай дзейнасці развіваецца і мысленне дзіцяці, яго пачуцці, навыкі зносін. Агульныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да мовы вучняў: змястоўнасць, лагічнасць, яснасць, правільнасць выказвання. У многім ад таго, як развіта мова дзяцей у пачатковых класах, залежыць, як вучань будзе вучыцца, працаваць, узаемадзейнічаць у далейшым. Сістэму работы па развіцці мовы вучняў прадставіла настаўніца пачатковых класаў Іна Уладзіміраўна Саладуха.

Дзейнасць педагога накіравана на развіццё камунікатыўных уменняў і навыкаў: раскрываць тэму выказвання, асноўную думку, лагічна будаваць фразы і г.д. Ужо з 1 класа малодшыя школьнікі знаёмяцца з прыметамі тэксту, правіламі яго пабудовы, структурай, з тым, як звязаны часткі тэксту, сказы адзін з адным. Пры праверцы пісьмовых работ можна заўважыць, што пачаткоўцы робяць памылкі ў лагічнай паслядоўнасці, няправільна вызначаюць межы сказаў, парушаюць парадак слоў і г.д. Практыка паказвае, што на пастаўленыя пытанні вучні часта адказваюць адным словам, не могуць правільна пабудаваць сказ, у сваіх выказваннях робяць многа моўных памылак. Галоўную ролю ў выпраўленні гэтых памылак выконвае сістэма практыкаванняў: вылучэнне апорных слоў; работа над дэфармаваным тэкстам; складанне ланцужкоў сувязі, стварэнне ўласных тэкстаў і г.д. Настаўніца імкнецца арганізаваць навучанне так, каб дзеці вывучалі родную мову ўсебакова: практычна авалодвалі яе лексікай, арфаэпічнымі і граматычнымі нормамі, вучыліся свабодна будаваць сказы, умелі выбіраць з багатага арсеналу моўных сродкаў самыя дакладныя, пераканаўчыя, яркія, г.зн. авалодваць культурай мовы. Спачатку вучні працуюць над словам, затым — над словазлучэннем, сказам і тэкстам.

Паколькі франтальная работа не заўсёды прыносіць жаданыя вынікі, Іна Уладзіміраўна аддае перавагу арганізацыі работы навучэнцаў у малых групах. Пры гэтым педагог прымяняе гульнявыя тэхналогіі, якія ўлічваюць ўзроставыя асаблівасці малодшых школьнікаў, садзейнічаюць развіццю ўвагі, памяці, мыслення і вельмі падабаюцца дзецям. Так, на работу над словам накіраваны гульні “Ланцужок” (з доўгага слова выбіраецца некалькі зычных, задача дзяцей — скласці як мага больш слоў з імі), “Чароўны мяшэчак” (у скрыню змяшчаецца пэўны прадмет, дзіця апускае руку і навобмацак расказвае, які прадмет, не называючы яго), “Барацьба з Догмай” (вучням прапаноўваецца скласці словазлучэнне са слоў, якія, на першы погляд, несумяшчальныя, і патлумачыць свой выбар: ганарлівы ручнік, ветлівы падарунак, лянівая радасць). Рабоце над сказам і тэкстам прысвечаны гульні “Трымай думку” (дзецям прапаноўваецца гатовы сказ, і яны павінны скласці апавяданне, выкарыстоўваючы апошняе слова з папярэдняга сказа), “Карусель” (навучэнцам раздаюцца малюнкі, іх задача — скласці па іх сказ і запісаць; потым па камандзе перадаць іншай групе, якая вызначае члены сказа; потым паперка перадаецца наступнай групе, якая падпісвае часціны мовы і г.д.) і інш. Вучні з задавальненнем прымаюць удзел у гульнях, самі рыхтуюць іх. Як заўважыла настаўніца, такая сістэма падабраных практыкаванняў прыносіць станоўчыя вынікі.

Майстар-клас для ўдзельнікаў педагагічнай майстэрні па вырабе беларускай анучнай лялькі правяла настаўніца пачатковых класаў Вольга Пятроўна Прыгодзіч. Яна нагадала прысутным, што лепшай для лялькі была тканіна, якая бралася са старой сукенкі ці кашулі бацькі ці маці, бо яна нясе добрую энергетыку. Пры вырабе лялек нельга было карыстацца ні нажніцамі, ні іголкай. Каб жыццё было “не рэзанае і не колатае”, тканіну рвалі, а дэталі злучалі між сабой з дапамогай розных нітак, вяровачак, якія завязвалі на няцотную колькасць вузельчыкаў. Каб надзяліць ляльку магічнай сілай, у некаторых выпадках чыталі спецыяльную замову. Меліся і лялькі, выраб якіх патрабаваў маўчання.

Работу па стварэнні лялек з розных матэрыялаў настаўніца праводзіць на ўроках працоўнага навучання. Пры гэтым вучні знаёмяцца з нацыянальнымі абрадамі беларусаў, з роллю ў іх лялькі і яе сімвалічным значэннем. Педагогі і самі паспрабавалі зрабіць абярэгавыя лялькі. Яны атрымаліся не толькі мяккімі і цёплымі навобмацак, але і напоўненымі дабрынёй, любоўю, клопатам.

Удзельнікі мерапрыемства адзначылі высокі ўзровень работы, што вядзецца ў пачатковай школе, па стварэнні адукацыйнага асяроддзя, якое б садзейнічала развіццю нацыянальнай свядомасці вучняў, любові і павагі да роднай мовы і культуры, пра што яшчэ раз яскрава засведчыла выстава з вырабамі дзяцей на нацыянальную тэматыку і з музейнымі экспанатамі народнага побыту беларусаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.