Інавацыйны цэнтр — для адзінай адукацыйнай прасторы

- 16:18Рознае, Якасць адукацыі

Адукацыйная сфера па сваёй сутнасці інавацыйная, і ўкараненне інавацый у адукацыйны працэс з’яўляецца абавязковай умовай яе развіцця. Гэта адзначыла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, старшыня Беларускага педтаварыства, доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка на навукова-практычнай канферэнцыі “Інавацыйны цэнтр: ідэі, праблемы, шляхі развіцця”, якая на гэтым тыдні прайшла на базе гімназіі № 10 Мінска. Удзельнікамі канферэнцыі сталі дырэктары і намеснікі навучальных устаноў — удзельніц інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”.

Сапраўды, інавацыйная дзейнасць з’яўляецца асноўным рухавіком сучаснай школы, бо яна дае шырокае поле для творчасці, а таксама вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця. Выніковасць інавацый, шлях іх рэалізацыі напрамую залежаць ад навукова-метадычнага і арганізацыйна-метадычнага суправаджэння, якое ў адпаведнасці са сваім функцыяналам больш за дзесяць гадоў рэалізоўвае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Эфектыўнасць арганізацыі інавацыйнай дзейнасці грунтуецца на створанай сістэме ўзаемадзеяння паміж кіруючымі органамі, акадэміяй, інстытутамі развіцця адукацыі, установамі адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыйную дзейнасць, і навуковымі кансультантамі. Якасная нарматыўная прававая база і чатырохступеньчатая экспертыза па адзіных крытэрыях спрыяюць таму, каб інавацыйная дзейнасць не прымала выгляд “інавацыйнай стыхіі”, бессістэмных змяненняў, якія не паддаюцца кіраванню. Створана сістэма навучання ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, арганізоўваюцца вучэбныя курсы, семінары, павышэнне кваліфікацыі і г.д.

У 2015 годзе, у адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці”, у рэалізацыю інавацыйных праектаў уключылася 557 устаноў адукацыі па 68 тэмах (у 2013 годзе іх было 327, у 2014-м — 491 установа адукацыі). У 2016 годзе пададзены заяўкі па 39 тэмах ад 371 установы адукацыі.

Найважнейшым рэсурсам павышэння якасці інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца ўзаемадзеянне інавацыйных адукацыйных устаноў, узаемаўзбагачэнне і ўзаемадапаўненне іх дзейнасці. Необходна і ўжо становіцца магчымым фарміраванне інавацыйнай інфраструктуры праз арганізацыю сеткі рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў. З 2015 года ў 22 установах адукацыі пачаў рэалізацыю рэспубліканскі праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. У рэалізацыю праекта ўключаны школы, гімназіі, дзіцячыя садкі, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Навукова-практычная канферэнцыя спрыяла выяўленню і распаўсюджванню эфектыўнага вопыту работы ўстаноў адукацыі па масавым выкарыстанні інавацый і падрыхтоўцы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу да асваення і выкарыстання новаўвядзенняў у ходзе рэалізацыі названага праекта.

Канферэнцыя пачалася 12 мая работай трох секцый “Стварэнне і распаўсюджванне інавацыйнага прадукту як вядучая тэхналогія кіравання сучаснымі інавацыйнымі сістэмамі”, “Напрамкі і контуры сеткавага ўзаемадзеяння ў дзейнасці рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў”, “Сеткавае партнёрства як эфектыўная мадэль арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў”. Секцыі працавалі на платформе форуму АПА, дзе ўдзельнікі абменьваліся сваімі напрацоўкамі і ўражаннямі ў інтэрактыўным рэжыме.

23 мая на базе гімназіі № 10 Мінска прайшло выніковае пленарнае пасяджэнне, дзе гаворка ішла пра асаблівасці педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці ва ўмовах Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра.

Рэалізацыя гэтага праекта, які быў падтрыманы Міністэрствам адукацыі, прызвана здзейсніць своеасаблівы прарыў у інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. Гаворка ідзе ўжо не пра асобныя праекты і інавацыйныя пляцоўкі, а пра рэспубліканскую сетку інавацыйнай адукацыі, сістэму інавацыйных дэманстрацыйна-кансультатыўных стажыровачных пляцовак па найбольш актуальных напрамках адукацыі, арганічную частку сістэмы павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. Менавіта таму ў змест канферэнцыі былі ўключаны навуковая, навукова-метадычная і арганізацыйныя складнікі мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра. Натуральна, што на мерапрыемстве быў прадстаўлены вялікі практычны вопыт, назапашаны ўдзельнікамі праекта. Найбольш ужывальнымі выразамі, якія гучалі ў аўдыторыі, былі “нашы партнёры” і “партнёрская сетка”.

У прыватнасці, рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава засяродзіла ўвагу на сеткавым узаемадзеянні ў межах рэгіянальнага рэсурснага цэнтра, які дапаможа вырашыць праблемы каардынацыі эфектыўнага выкарыстання інавацыйных практык, шляхоў і сродкаў арганізацыі сумеснай работы ўсіх зацікаўленых.

— Важнай асаблівасцю сеткавага ўзаемадзеяння з’яўляецца тое, што ў сетцы няма арганізацый у традыцыйным сэнсе. Элементам сеткавага аб’яднання выступае факт узаемадзеяння, сеткавая падзея (праект, семінар, сустрэча, абмен інфармацыяй і г.д.). Персонамі могуць выступаць аўтарскія калектывы, носьбіты інавацыйных педагагічных тэхналогій. Сетка складаецца не толькі з адукацыйных устаноў, але і з асобных педагогаў, мікрасуполак, асацыяцый, якія імкнуцца да развіцця новага педагагічнага вопыту. У сетцы актыўна выкарыстоўваюцца ідэі навукоўцаў, іх вопыт і асабісты ўдзел, яна з’яўляецца адкрытай для новых ідэй, падыходаў і ўдзельнікаў.

Кожны чалавек можа ўступаць у пэўнае ўзаемадзеянне з сеткай, і гэтае ўзаемадзеянне складае змест індывідуальнага адукацыйнага развіцця кожнага чалавека, адукацыйнай установы, адукацыйнага асяроддзя. Прыклад такога сеткавага ўзаемадзеяння ў Магілёўскай вобласці — партнёрская сетка школ, якія з’яўляюцца інавацыйнымі пляцоўкамі рэспубліканскага ўзроўню і рэалізоўваюць ідэі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна Старавойтава.

Як заўважыла намеснік начальніка Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Аксана Валянцінаўна Сурыкава, стварэнне інавацыйнага асяроддзя — гэта сістэма ўмоў і фактараў, якія забяспечваюць працэсы самаразвіцця, самаўдасканалення, самаадукацыі суб’ектаў адукацыйнага і педагагічнага працэсаў. Развіццё інавацыйнай кампетэнтнасці — гэта гатоўнасць і здольнасць эфектыўна ажыццяўляць інавацыйную дзейнасць, а фарміраванне інавацыйнай культуры прадугледжвае прыняцце новага на светапоглядным і дзейнасным узроўнях.

Удзельнікі інавацыйных праектаў, на думку Аксаны Валянцінаўны, значна пашырылі арсенал тых форм і метадаў работы, якія спрыяюць планаванню, арганізацыі, матывацыі і кантролю ў межах рэалізацыі інавацыйнага праекта. Так, планаванне ажыццяўляецца стратэгічна, тактычна, аператыўна, з дапамогай “дрэва мэт”, “дарожнай карты”, матрыцы планавання, індывідуальнага інавацыйнага маршруту. Арганізацыі спрыяе калектыўны суб’ект кіравання, камандаўтварэнне, дэлегаванне паўнамоцтваў, сеткавае партнёрства, менеджмент ведаў. Матывацыя адбываецца праз стымуляванне, дзеянне каманды, прызнанне, PR-акцыі, трэнінгі, кар’ерны рост. Кантроль арганізоўваецца праз аналіз і ацэнку дзейнасці, супервізію (узаемакантроль), крытэрыяльныя мадэлі (самакантроль), экспертную ацэнку, апаніраванне і рэцэнзаванне. Такім чынам, інавацыйныя працэсы забяспечваюць пастаяннае развіццё педагагічнага калектыву і ўстановы адукацыі.

Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца гімназія № 10 Мінска, дзе інавацыйныя падыходы ўключаны ў формулу поспеху дзейнасці навучальнай установы. Цяпер гімназія прапаноўвае свае напрацоўкі для маладога і крэатыўна працуючага дырэктара. Як зазначыла дырэктар гімназіі № 10 Мінска Марына Аляксандраўна Ільіна, сёння яны могуць прапанаваць мадэль фарміравання кампетэнцый кіраўніка, якая грунтуецца на стратэгічным і сітуацыйным кіраванні. У гімназіі рэалізоўваецца смарт-кіраванне (эфектыўнае кіраванне на аснове тэхналогіі бэнчмаркінгу), за распрацоўку якога навучальная ўстанова атрымала грант Мінгарвыканкама.

— Смарт-кіраванне працуе вельмі эфектыўна, бо дае магчымасць паглядзець на сябе збоку, аб’ектыўна прааналізаваць свае моцныя і слабыя бакі, вызначыць стратэгічныя арыенціры, заўсёды быць на перадавой, браць на ўзбраенне новыя ідэі сваіх калег ці сеткавых партнёраў. Канечне, зварот да гэтай тэхналогіі новым назваць нельга, але выкарыстанне ўсіх яе інструментаў прынесла нам значныя вынікі. Ва ўсіх рэйтынгах мы ўзняліся на некалькі прыступак. Для кіраўнікоў мы можам прапанаваць некалькі форм навучання па смарт-тэхналогіі. За гэты год мы правялі шмат семінараў як рэгіянальнага, так і рэспубліканскага ўзроўню.

Не менш важным для кіраўніка ўстановы адукацыі з’яўляецца фарміраванне эканамічна-прававой кампетэнцыі, якая ўключае ў сябе інфармаванасць у галіне права, мікра- і макраэканомікі, маркетынгу. Фінансавая самастойнасць навучальнай установы сёння з’яўляецца актуальным пытаннем. Уменню зарабляць грошы таксама трэба вучыцца, чаму мы вучымся самі і вучым іншых. Фарміраванне ІКТ-кампетэнцый кіраўніка школы таксама неабходнасць сённяшняга дня. Наша гімназія з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па інфармацыйных тэхналогіях, а з пачатку 2016 года мы сталі сертыфікацыйным цэнтрам — сертыфікуем усе тры катэгорыі педагогаў, — расказала Марына Аляксандраўна.

Павышэннем эфектыўнасці навучання педагагічных работнікаў на аснове выкарыстання інавацыйных практык займаюцца ў Паплаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Гэтая навучальная ўстанова таксама з’яўляецца ўдзельнікам праекта. Яе дырэктар Віталь Мікалаевіч Дудко адзначыў, што яшчэ пяць гадоў назад калектыў установы вырашыў адукацыйную практыку перавесці з рэжыму функцыянавання ў рэжым інавацыйнага развіцця. З 2012 года яны сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні электронных сродкаў навучання ў сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Неабходнасць стварэння электронных прадуктаў зматывавала педкалектыў на самаразвіццё і самаадукацыю. Акрамя таго, у палажэнне аб прэміраванні былі ўнесены змены, якія таксама ўзмацнілі матывацыю да павышэння адукацыі настаўнікаў. Вітаўся ўдзел педагогаў у разнастайных курсах і семінарах, праграмах павышэння прафесійнай мабільнасці. Паступова быў назапашаны неабходны вопыт.

— З лютага мы пачалі прымаць педагагічных работнікаў роднага раёна і вобласці. Сваім калегам мы прапаноўваем два віды вучэбных семінараў рознай працягласці (трох-, чатырох-, шасцігадзінныя, нават

12-гадзінныя) па стварэнні аўтарскіх электронных сродкаў навучання. Сёння гэта два віды семінараў. Яны праводзяцца або па суботах, або на канікулах, або падчас пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў. Усё ж такі асноўнае прызначэнне школы — вучыць дзяцей. Канечне, мы не заменім установы дадатковай адукацыі дарослых, але невялікі ўклад у развіццё гэтай сістэмы зрабіць у стане, — адзначыў Віталь Мікалаевіч Дудко.

Загадчык спецыяльнага ясляў-сада Слоніма Людміла Іванаўна Рэутава пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з новымі падыходамі ў кіраванні якасцю дашкольнай адукацыі праз выкарыстанне інавацыйнага вопыту, аб’яднанага ў модулі па напрамках дзейнасці. Пра фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці дашкольнікаў праз стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы ўстановы дашкольнай адукацыі, сям’і і соцыуму расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Віцебска Ірына Іванаўна Машэра. Інавацыйны вопыт па кіраванні працэсам самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня стаў прадметам абмеркавання падчас выступлення дырэктара сярэдняй школы № 2 Асіповіч Андрэя Генадзьевіча Лянчэўскага. На фарміраванне прафесійных кампетэнцый педагогаў з дапамогай навучання сучасным падыходам да падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў накіравана рэалізацыя праекта ў гімназіі № 22 Мінска, пра што распавяла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Любоў Уладзіміраўна Грыцкевіч.

Асноўным напрамкам дзейнасці інавацыйнага цэнтра Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 з’яўляецца індывідуалізацыя працэсу навучання на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Пра асаблівасці работы ў сваёй гімназіі расказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Міхаіл Сямёнавіч Любавін. На пытаннях рэалізацыі профільнага навучання на аснове адукацыйных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій спыніўся дырэктар гімназіі № 21 Мінска Аляксандр Сямёнавіч Казакевіч.

Асаблівая ўвага была ўдзелена грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Дырэктар Лукскай сярэдняй школы Аляксандр Мікалаевіч Салаўёў прадставіў сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове выкарыстання культурнай спадчыны рэгіёна. Дырэктар Косаўскай сярэдняй школы Валянціна Уладзіміраўна Каліноўская паказала магчымасці ўплыву сеткавага ўзаемадзеяння як інавацыйнага складніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання, прадэманстраваўшы аўтарскія электронныя прадукты. Стварэнне партнёрскай сеткі праз выкарыстанне сеткавага ўзаемадзеяння як механізма эфектыўнай дзейнасці інавацыйнага цэнтра было прадстаўлена намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Чапукоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ірынай Іванаўнай Качан і настаўнікам Хадасоўскай сярэдняй школы Аляксандрам Улазіміравічам Сямёнавым.

Як адзначыла Галіна Іванаўна Нікалаенка, інавацыйная дзейнасць — лагічны працяг апрабаваных у ходзе эксперымента вынікаў навуковых даследаванняў. У той жа час рэалізацыя інавацыйнага праекта — эфектыўны шлях далейшага ўкаранення інавацый у масавую адукацыйную практыку. Дзейнасць рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў будзе спрыяць канструяванню эфектыўных мадэлей сеткавага ўзаемадзеяння з іншымі кампанентамі адзінай адукацыйнай прасторы для фарміравання, прадстаўлення, трансляцыі інавацыйных педагагічных практык, дазволіць стварыць умовы для развіцця метадалагічнага і тэхналагічнага сэрвісу адукацыйных і кансалтынгавых паслуг у сферы бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагагічных работнікаў. У гэтай сувязі актуальным становіцца стварэнне адпаведнай асацыяцыі ў Беларускім педагагічным таварыстве.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.