Хто шукае, той знаходзіць, або Дом для дзіцяці

- 11:24Рознае, Сацыяльны ракурс

Дзіця засталося без апекі бацькоў, апынулася пад папячыцельствам дзяржавы… Што самае лепшае можна зрабіць для малога ў такой сітуацыі? Канечне, дапамагчы аднавіць родную сям’ю, у выпадку немагчымасці зрабіць гэта — даць хлопчыку або дзяўчынцы новую сям’ю, замяшчальную. “У цэнтры нашай увагі дзіця, яно павінна выхоўвацца ў сям’і”, — падкрэслівае начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Аляксандраўна Саротнік. Выступаючы нядаўна перад журналістамі, яна адзначыла, што ўжо ў 28 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках нашай краіны 100% дзяцей, якія страцілі бацькоўскую апеку, перадаюцца ў замяшчальныя сем’і.

Так, ні адно дзіця з 4 рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, 3 — Гомельскай, 7 — Магілёўскай, 6 — Мінскай, 3 рэгіёнаў Брэсцкай і столькі ж Віцебскай абласцей, з 2 раёнаў Мінска не трапляе ў інтэрнатную ўстанову. Да вопыту сталіцы мы і вырашылі звярнуцца ў першую чаргу.

Як нам расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, у Мінску за апошнія гады наогул зменшылася колькасць дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў, — са 160 малых на 10 тысяч дзіцячага насельніцтва ў 2004 годзе да 68 у 2015 годзе (гэтая лічба выгадна вылучаецца на фоне сярэднерэспубліканскай). Гэта пры тым, што колькасць дзяцей у сталіцы пастаянна расце. Раёны горада, у якіх удаецца пазбаўляць абсалютна ўсіх такіх малых знаходжання ў інтэрнатных установах, — Савецкі і Партызанскі. Мы вырашылі завітаць у сацыяльна-педагагічны цэнтр Савецкага раёна.

Безумоўна, нельга гаварыць, што работа з сем’ямі, у якіх малыя знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з пошукам замяшчальных бацькоў для дзяцей, чые бацькі не жадаюць вярнуцца да нармальнага жыцця, а таксама работа па іншых напрамках вядзецца толькі ў СПЦ. Гэта сумесная дзейнасць розных структур. Але любы сацыяльна-педагагічны цэнтр, на мой погляд, з’яўляецца каардынуючым пунктам такой работы.

Адносна нядаўна, года паўтара назад, тут, пры СПЦ Савецкага раёна, існаваў сацыяльны прытулак для дзяцей, якіх часова адабралі ў бацькоў. Цяпер такіх хлопчыкаў і дзяўчынак селяць у іншыя СПЦ горада, дзіцячыя дамы. За паўгода, адведзеных законам, удаецца або аднавіць нармальныя ўмовы пражывання ў біялагічнай сям’і, або адшукаць дзіцяці замяшчальную, куды яно пераходзіць адразу, мінуючы інтэрнатны этап. За апошнія два гады дзеці з Савецкага раёна нават не ўсынаўляліся праз Нацыянальны цэнтр усынаўлення, хаця даныя іх туды, канечне, перадаюцца — пытанні з перадачай дзіцяці ў сям’ю спецыялісты вырашаюць на месцы, у СПЦ. Ды і раней у год толькі 1—2 дзіцяці траплялі адсюль у інтэрнатныя ўстановы.

Зараз, дарэчы, пераважае варыянт, калі дзеці вяртаюцца ў родныя сем’і. Так, летась пяць дзяцей удалося вярнуць у біялагічныя сем’і, анаго малога ўзяў пад апеку блізкі чалавек, аднаго ўсынавілі.

У першым квартале бягучага года ў раёне наогул у адносінах ні да аднаго дзіцяці не было прызнана, што яму патрэбна апека дзяржавы, за другі квартал, праўда, адбылося сем часовых адбіранняў. Як расказваюць спецыялісты СПЦ, якія працуюць з сем’ямі, яны пастаянна звязваюцца з прытулкамі, дзе часова размясцілі малых, і ведаюць, што сітуацыі складваюцца нядрэнна. Ёсць надзея, што гэтых дзяцей удасца вярнуць да родных бацькі і маці. Толькі ў адной сям’і, хутчэй за ўсё, так зрабіць не атрымаецца. Дзіця там зусім маленькае, нарадзілася ад нарказалежнай маці ў красавіку, жанчына малым зусім не цікавіцца, а бабуля пражывае са сваёй дачкой у адной кватэры, значыць, стаць апекуном дзіцяці не зможа. Так што гэтага малога, хутчэй за ўсё, чакае жыццё ў замяшчальнай сям’і, магчыма, усынаўленне. А кандыдаты, якія жадаюць узяць да сябе немаўля, ужо ёсць.

— Блізкіх дзіцяці мы пачынаем шукаць, як толькі дзіця пераходзіць пад апеку дзяржавы, — гаворыць Алена Мікалаеўна Каган, намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Савецкага раёна Мінска. — Адначасова працуем і з сям’ёй, дапамагаем бацькам вярнуцца да нармальнага жыцця, шукаем бабуль, татаў, калі яны не жывуць з маці малых, іншых блізкіх. Пачынаем рабіць гэта нават раней. І не толькі для таго, каб потым, калі спатрэбіцца, адшукаць дзіцяці апекуна з ліку родных людзей, але і каб на тыя паўгода, якія даюцца бацькам на рэабілітацыю пры часовым адбіранні дзяцей, малыя не траплялі ў прытулкі або дзіцячыя дамы. Атрымліваецца, напрыклад, што дзіця проста паехала да бабулі ў госці, яно абыходзіцца без душэўнай траўмы.

У СПЦ зараз, акрамя дырэктара Алены Мікалаеўны Фільковай (падчас майго візіту яна знаходзілася ў адпачынку), яе намесніка Алены Мікалаеўны Каган працуюць яшчэ чатыры педагогі-псіхолагі, тры сацыяльныя педагогі, юрыст, супрацоўнікі непедагагічных службаў. Многія спецыялісты працуюць у цэнтры шмат гадоў і праблемныя сем’і раёна ведаюць дасканала.

Юлія Вячаславаўна Свяцкая, сацыяльны педагог, расказвае, што ў ліку клубаў і аб’яднанняў, якія дзейнічаюць пры СПЦ, ёсць клуб “Я — родитель” для бацькоў, чые дзеці часова адабраны з сям’і, і для бацькоў, якія стаяць на ўліку ў СПЦ і чые дзеці ва ўзросце да трох гадоў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Каму дзіця патрэбна, той на нашы заняткі ходзіць рэгулярна, — кажа Юлія Вячаславаўна, — гэта адразу бачна. Хаця мы стараемся працаваць да апошняга з кожнай маці, з кожным бацькам. Нават дамаўляемся з ЖЭС аб растэрміноўцы камунальных плацяжоў, шукаем месцы для малых у дзіцячых садах. Зараз хадайнічаем аб тым, каб аднаму з бацькоў арганізацыя выдзеліла інтэрнат, каб ён мог забраць дзіця, бо маці, хутчэй за ўсё, будзе пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а жывуць яны пакуль разам. А ёсць бацькі, якія самі просяць іх кантраляваць, бо хочуць вярнуць дзяцей, але ім вельмі цяжка справіцца з дрэннымі звычкамі.

Працуе ў СПЦ і школа прыёмных бацькоў, у тым ліку для кандыдатаў у замяшчальныя бацькі з іншых раёнаў Мінска. Прычым СПЦ Савецкага раёна цесна супрацоўнічае з сацыяльна-педагагічным цэнтрам Першамайскага раёна, каб стварыць магчымасць навучання як мага большай колькасці кандыдатаў у замяшчальныя бацькі (школы дзейнічаюць папераменна: то ў адным, то ў другім з гэтых раёнаў). Звычайна група складаецца з 15—18 чалавек.

Вучобу ў такой школе прайшла нядаўна сямейная пара, якая адшукала на вуліцы каляску з кінутым трохмесячным дзіцем. Людзі, у якіх, дарэчы, ужо было сваё дзіця, так уразіліся здарэннем, што вырашылі: гэта знак з неба. Пазней яны ўсынавілі малога. А вось яго родная маці, як высветлілася, сама калісьці, калі была дзіцем, знаходзілася ў прытулку, яе часова адбіралі ў бацькоў. Нядбайнасць і легкадумнасць, асацыяльныя паводзіны, на жаль, у некаторых сем’ях становяцца спадчыннымі. Так што дзіцяці, якое ўсынавілі ў такім пяшчотным узросце, думаю, вельмі пашанцавала.

Зараз, як расказалі педагогі-псіхолагі цэнтра Наталля Юльянаўна Варабей і Іна Міхайлаўна Тумакова, мяняюцца самі ўсынавіцелі. Сярод іх нямала людзей, якія не могуць нарадзіць уласнае дзіця. І калі раней яны разглядалі гэтую сітуацыю як суцэльны негатыў, то цяпер заўважаюць у ёй станоўчыя бакі, магчымасць узяць дзіця.

У школе прыёмных бацькоў дарослых рыхтуюць да таго, што цяжкасці іх чакаюць немалыя, але пераадолець іх можна, вучаць таму, як гэта зрабіць. Так, да кандыдатаў прыходзяць замяшчальныя бацькі са стажам і расказваюць пра свой вопыт, памылкі і перамогі. Пытанняў у курсантаў да іх, як правіла, бывае вельмі многа — ад здароўя прыёмных дзяцей да асаблівасцей іх паводзін. Здараецца, хоць і рэдка, што нехта адмаўляецца ад ідэі стаць замяшчальнымі бацькамі. Але гэта і лепш, бо такі сур’ёзны выбар павінен быць цалкам асэнсаваным.

— Вярнуць дзяцей у сем’і або перадаць іх у новыя сем’і ўдаецца за кошт каманднай работы, — гаворыць Н.Ю.Варабей. — Так не бывае, што хтосьці адзін папрацаваў з бацькамі і ў нас ёсць гатовыя кандыдаты. Ды і потым адаптацыя дзіцяці ў сям’і працягваецца гады два. Бацькі часта прыходзяць са свімі праблемамі да нас, ім неабходна падтрымка.

— Мы заўсёды адгукаемся на такія звароты, — працягвае І.М.Тумакова, — нягледзячы на тое, у якім раёне жыве гэтая сям’я. Мы нікому не адмаўляем у дапамозе.

Наконт таго, з кім прасцей працаваць — кандыдатамі ў замяшчальныя бацькі або роднымі нядбайнымі бацькамі, спецыялісты аднагалосна адказваюць, што аддача большая ад матываваных людзей, тых, хто вырашыў узяць прыёмнае дзіця. Хаця і сярод маці, якія ў пэўны момант спатыкнуліся, ёсць такія, што мараць вярнуць дзіця, робяць усё магчымае дзеля гэтага. А ёсць і іншыя, тыя, каго першы вопыт нічому не вучыць, і другі раз дзяцей у іх адбіраюць ужо не часова, а пазбаўляюць бацькоўскіх правоў.

— У такой рабоце заўсёды прысутнічае чалавечы фактар, — кажуць мае суразмоўцы. — Вельмі многае залежыць ад тых, хто выконвае гэтую работу . Мы выступаем у ролі праваднікоў, шукаем замяшчальныя сем’і паўсюль, дзе толькі можам, хаця б часова, каб дзіця не трапіла ў інтэрнат. І, здараецца, знаходзім іх там, дзе зусім не чакалі. Напрыклад, для адной дзяўчынкі адшукалі сям’ю ў школе, дзе яна вучылася. Выступілі перад бацькамі, і дзяўчынку ўзяла маці яе аднакласніцы. Зараз наша былая выхаванка скончыла ўжо 9 клас, усё ў сям’і склалася добра. А дзяўчынкі — і прыёмная, і родная — вырашылі разам паступаць у педагагічны каледж.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва СПЦ.