Спартакіяда – на старт!

- 9:57Рознае, Спартыўныя падзеі

Пад гукі марша ўрачыстым строем выйшлі на дарожкі лепшага гродзенскага спартыўнага комплексу — стадыёна “Нёман” — прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска. Лепшыя юныя спартсмены, а ўсяго ў Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў прымае ўдзел каля 2500 навучэнцаў, выйдуць на старты па 21 відзе спорту, 19 з якіх — алімпійскія.

Фіналу Рэспубліканскай спартакіяды папярэднічалі спаборніцтвы ў школах, на раённых і абласных этапах. Усяго ў масавых спартыўных стартах прынялі ўд зел каля 400 тысяч школьнікаў краіны. Слушна адзначыў на адкрыцці спартакіяды намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык, што вялікі спорт пачынаецца з дзіцячага спорту, і для многіх спартсменаў першымі ўзнагародамі былі медалі, якія яны заваявалі менавіта на такіх спаборніцтвах. Школьная спартакіяда становіцца трамплінам у вялікі спорт і аказвае значны ўплыў на фарміраванне здаровага ладу жыцця, выхоўвае характар юнага спартсмена.

Удзельнікаў спартакіяды віталі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік.


А тым часам стадыён вітаў школьнікаў Брэсцкай вобласці, прадстаўнікі якой уваходзяць у нацыянальныя каманды Рэспублікі Беларусь па многіх відах спорту. У складзе Віцебскай вобласці — прызёры чэмпіянату Еўропы па скачках на батуце, навучэнцы віцебскіх школ спартыўнай гімнастыкі, лёгкай атлетыкі, грэка-рымскай барацьбы, бокса, цяжкай атлетыкі. Гомельская каманда выступіць на спартакіядзе ў складзе 256 чалавек, і ў юных спартсменаў ёсць з каго бра ць прыклад — гамяльчане ўжо атрымалі 21 ліцэнзію на ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях.

У 2015/2016 навучальным годзе юныя фізкультурнікі Мінскай вобласці паказалі высокія дасягненні на рэспубліканскіх спаборніцтвах “300 талентаў для Каралевы”, у спаборніцтвах па хакеі з шайбай, па летнім мнагаборстве “Здароўе”. Прадстаўнікі Магілёўскай вобласці — чэмпіёны Рэспубліканскай спартакіяды прыкладнога фізкультурна-спартыўнага комплексу “Абаронца Айчыны” па летнім мнагаборстве. У складзе каманды Гродзеншчыны — пераможцы і прызёры міжнародных спаборніцтваў мінулага года па скачках на батуце, мастацкай гімнастыцы, настольным тэнісе. На папярэдняй Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў гродзенцы заваявалі 43 залатыя, 48 сярэбраных і 48 бронзавых медалёў.


Каманду Мінска прадстаўляюць гульцы юніёрскай зборнай, якія ў гэтым годзе выступяць за нашу краіну на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы, чэмпіёны і майстры па ўсіх відах спорту, якія прадстаўлены на спартакіядзе. У мінулым годзе сталічныя школьнікі былі лепшымі па 13 відах спорту.

І ў гэтым годзе іх чакаюць новыя старты. Фінальныя спаборніцтвы адбудуцца на спартыўных аб’ектах у Гродне, Лідзе, Мастах, Смаргоні і Слоніме. Судзіць спаборніцтвы будуць 500 арбітраў, многія з якіх працуюць на самых высокіх міжнародных турнірах.


А старт Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў — 2016 даў старшыня судзейскай калегіі, заслужаны майстар спорту СССР па цяжкай атлетыцы, двухразовы алімпійскі чэмпіён, дванаццацікратны рэкардсмен свету, ганаровы грамадзянін Гродна Аляксандр Курловіч. Поспехаў юным спартсменам у алімпійскі год пажадала і багіня Ніка, якая эфектна выехала на дарожкі стадыёна на сучасным сродку парамяшчэння — сегвеі.

Урачыстае адкрыццё спартакіяды працягвалася музыкай духавога аркестра, танцавальнай кампазіцыяй “Беларусь вітае чэмпіёнаў”, выступленнем барабаншчыц, групы падтрымкі хакейнага клуба “Нёман”, групы чырлідынгу “Дартлі”, а таксама паказальнымі выступленнямі юных спартсменаў.


Ад імя ўсіх удзельнікаў спартакіяды ўрачыстую клятву спаборнічаць, паважаючы і выконваючы правілы ў імя спорту і ў гонар сваіх каманд, абвясціла сярэбраны прызёр спартакіяды школьнікаў 2015 года ў складзе каманды Гродзенскай вобласці па валейболе Вера Філіповіч.

На раніцу панядзелка, 20 чэрвеня, былі завершаны спаборніцтвы па сямі відах спорту. Па іх выніках лідзіруюць Магілёўская, Гомельская і Гродзенская вобласці.

Завяршыцца спартакіяда 25 чэрвеня. А ўжо ў ліпені лепшыя спартсмены адправяцца на XVI Сусветную гімназіяду, якая адбудзецца ў Турцыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юрыя ІВАНЮКА.