Арыентаванне — спорт, адпачынак, гульня

- 9:07Рознае, Спартыўныя падзеі

Як аб’яднаць спорт, адпачынак на свежым паветры і азарт гульні? Вельмі проста — стаць удзельнікам спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні. Гэта сур’ёзны спорт, па якім даюцца разрады і званні, спаборніцтвы прадугледжваюць выезд на прыроду, а форма заданняў нагадвае гульню ці квест. Акрамя таго, арыентаванне забяспечвае гарманічнае фізічнае і духоўнае развіццё, развівае ўменне працаваць у камандзе і сілу волі. Згадзіцеся, цудоўны занятак для дзіцяці. Пра ўсе гэтыя ўласцівасці арыентавання добра ведаюць удзельнікі першынства Рэспублікі Беларусь па спартыўным арыентаванні сярод юнакоў і дзяўчат, што прайшло ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці.

У маляўнічым лясным масіве ля вадасховішча Ляўкі, што знаходзіцца непадалёк Старых Дарог, размясціўся палатачны гарадок. Сюды на тры дні прыехала больш за 200 хлопцаў і дзяўчат — прадстаўнікоў зборных каманд усіх абласцей краіны і горада Мінска, каб паспрачацца за званне лепшых у краіне па спартыўным арыентаванні.

У склад кожнай каманды ўвайшлі дзеці ад 11 да 18 гадоў. Яны былі падзелены на чатыры ўзроставыя групы, у кожную групу ўвайшлі 4 хлопцы і 4 дзяўчыны. Удзельнікі каманд — прадстаўнікі розных раёнаў абласцей, кожны з іх дастойна праявіў сябе на рэгіянальных спаборніцтвах і заваяваў сваё месца ў зборнай. Спаборніцтвы праводзіліся як асабіста-камандныя і камандныя на трох дыстанцыях — спрынтарская, класічная і двухэтапная эстафета.

Пачалося мерапрыемства цырымоніяй адкрыцця, якая прайшла ў Старых Дарогах у сярэдняй школе № 3. Спартсменаў вітала Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, якая пажадала ўсім поспеху на спаборніцтвах, павышэння спартыўнага майстэрства, выканання разрадаў і новых цікавых стартаў. Дарэчы, першы старт адбыўся тут жа: на тэрыторыі школы і ў яе найбліжэйшым наваколлі былі арганізаваны спаборніцтвы на спрынтарскай дыстанцыі. Пасля гэтага каманды накіраваліся з горада ў лясны масіў, дзе падзеі развіваліся далей .

Задача ўдзельніка на любой дыстанцыі — знайсці адзначаныя на карце кантрольныя пункты. У гэтых пунктах размешчаны спецыяльны прыбор, да якога неабходна прыкласці электронны чып, якім забяспечаны кожны ўдзельнік спаборніцтваў. Такім чынам вынікі праходжання спаборніцтваў фіксуюцца аўтаматычна. Спрынтарская дыстанцыя кароткая — усяго каля кіламетра, на ёй выпрабоўваецца ў першую чаргу хуткасць. Класічная дыстанцыя значна даўжэйшая — некалькі кіламетраў, у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў. Яна патрабуе не толькі хуткасці, але і вынослівасці, засяроджанасці, уважлівасці, а эстафета — яшчэ і разумення, што ад твайго выніку залежыць вынік усёй каманды.

Лепш за ўсіх з заданнямі справілася каманда Мінскай вобласці. Яна і стала пераможцай першынства. На другім месцы — каманда Магілёўскай вобласці, на трэцім — горада Мінска. Цікава, што на працягу апошніх гадоў менавіта гэтыя тры каманды з’яўляюцца бясспрэчнымі лідарамі і сярод іх разгортваецца самая напружаная барацьба за першае месца. Гэтыя каманды займаюць увесь п’едэстал гонару, год ад году мяняючы пазіцыі на ім.


Тым часам спецыялісты з радасцю адзначаюць рост узроўню спартсменаў і іх цікавасці да арыентавання.
— Апошнім часам спартыўнае арыентаванне актыўна развіваецца ва ўсім свеце, усё больш людзей выбіраюць менавіта гэты спорт, у тым ліку і ў нашай краіне. Прыемна адзначыць, што з кожным годам узровень падрыхтоўкі каманд расце, у чым можна было ўпэўніцца на першынстве Рэспублікі Беларусь. Гэта пацвярджаюць і першыя паспяховыя крокі нашых каманд на міжнароднай арэне, — лічыць галоўны сакратар першынства загадчык сектара спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Марыя Леанідаўна Голубева.

Назіраючы за дзецьмі на фінішы дыстанцый, можна ўпэўніцца, што і сапраўды арыентаванне мае вялікую будучыню і перспектывы. Удзельнікі шчыра і ўзрушана абмяркоўвалі складанасці і поспехі праходжання заданняў, дзяліліся меркаваннямі, праблемамі і радасцямі не толькі з сябрамі па камандзе, але і з сапернікамі. Гэта такія пазітыўныя і непаўторныя эмоцыі, што дзеля іх хлопцы і дзяўчаты яшчэ не раз будуць браць удзел у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі ГОЛУБЕВАЙ.