Галоўная мэта развіцця краіны — павышэнне якасці жыцця людзей

- 16:06Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У 2020 годзе прырост ВУП Беларусі да 2015 года складзе 12—15 працэнтаў, у кожнай беларускай сям’і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру, а сярэдняя працягласць жыцця павялічыцца да 75,3 года. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на V Усебеларускім народным сходзе. Сярод мэт пяцігодкі таксама рост рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5—11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9—11 працэнтаў.

Галоўная мэта развіцця краіны на 2016—2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на наступных прыярытэтах: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь.

Прапаноўваем чытачам азнаёміцца з некаторымі палажэннямі праекта праграмы.

Праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады прадугледжана стварэнне да 2020 года эфектыўнага кампактнага дзяржаўнага апарату.

“Самая сучасная вытворчасць дасць жаданую аддачу толькі пры эфектыўным кіраванні, таму ў бягучай пяцігодцы разам з далейшай комплекснай мадэрнізацыяй базавых галін і паскораным фарміраваннем новых высокатэхналагічных сектараў прадугледжваецца абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай”, — гаворыцца ў праекце праграмы.

У гэтых мэтах прадугледжваецца размежаванне функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка; скарачэнне залішніх і дубліруючых функцый органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых (наглядных) і праваахоўных органаў; пашырэнне паўнамоцтваў і сфер адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання; умацаванне пазіцый Нацыянальнага сходу на міжнароднай арэне; фарміраванне кампактнага ўрада. Запланаваны перавод да 2020 года ўсіх адміністрацыйных працэдур у электронны фармат; павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы; арганізацыя сістэмы стажыровак дзяржаўных служачых у вядучых сусветных адукацыйных цэнтрах. У выніку паслядоўнай рэалізацыі намечаных мер будзе створаны эфектыўны кампактны дзяржаўны апарат.

“Галоўная мэта — павысіць эфектыўнасць кіравання: даць кіраўнікам усіх узроўняў свабоду дзеянняў, пакінуўшы неабходныя паўнамоцтвы для прыняцця рашэнняў, права на рызыку, ініцыятыву, пры ўзмацненні персанальнай адказнасці за стан спраў на даручаным участку работы, укараненні дзейсных матывацыйных механізмаў”, — напісана ў дакуменце.

Згодна з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, бюджэтна-падатковая палітыка ў бягучай пяцігодцы будзе накіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў і іх канцэнтрацыю на прыярытэтных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця, на далейшую аптымізацыю падатковай сістэмы. Будуць забяспечаны бездэфіцытны бюджэт, пераход да трохгадовага бюджэтнага планавання, аптымізацыя механізмаў размеркавання даходаў бюджэтаў, шырокае ўкараненне бюджэтавання, арыентаванага на вынік. Прадугледжваецца таксама аказанне дзяржаўнай падтрымкі на аснове роўнага доступу, канкурэнцыі ў адпаведнасці з рыначнымі патрабаваннямі, паступовае скарачэнне дзяржаўнага доўгу.

У мэтах забеспячэння ўстойлівага рэгіянальнага развіцця нарматывы адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін), якія фарміруюць асноўны аб’ём даходаў бюджэтаў раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання, будуць захаваны на тэрмін, не менш за тры гады. Гэта павысіць самастойнасць мясцовай улады ў правядзенні палітыкі рэгіянальнага развіцця, з’явяцца дадатковыя стымулы для падтрымкі бізнесу і стварэння новых рабочых месцаў. Мерапрыемствы ў галіне падатковай палітыкі будуць накіраваны на падтрыманне аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, што стымулюе эканамічны рост.

У праекце праграмы прадугледжаны таксама меры па фінансавым аздараўленні рэальнага сектара эканомікі.
Прадугледжваецца дыферэнцыраваны падыход да аднаўлення плацежаздольнасцi арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Фінансавае аздараўленне прадпрыемстваў стане асновай для павышэння дысцыпліны ўзаемаразлікаў, зніжэння ўзроўню крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці, падкрэсліваецца ў праекце праграмы.

Праектам прадугледжваецца паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, атамную і аднаўляльную энергетыку, бія- і нанатэхналогіі, фармацэўтычную прамысловасць, прыборабудаванне і электронную прамысловасць. Паблізу Беларускай АЭС будзе створаны кластар электраёмістых інавацыйных вытворчасцей, ажыццёўлены пераход на электраабаграванне памяшканняў у жыллёвым будаўніцтве.

Будзе сфарміраваны інавацыйна-прамысловы комплекс у сферы распрацоўкі і вытворчасці складанай медыцынскай тэхнікі, сістэм гарантавання бяспекі, абсталявання неразбуральнага кантролю і аналітычнага прыборабудавання. У мікраэлектроніцы будзе асвоена вытворчасць матрыц для сістэм апрацоўкі інфармацыі касмічных лятальных апаратаў, паўправадніковых прыбораў магутнай сілавой і высакавольтнай электронікі, высокачастотных мікрасхем і мікрасістэм.

Паскоранае развіццё атрымаюць фатоніка (оптыка, лазерная і цеплавізійная тэхніка, іншая тэхніка двайнога прызначэння), а таксама вытворчасць электрычнага транспарту і аўтакампанентаў да яго. Будзе асвоена вытворчасць новых канструкцыйных матэрыялаў для медыцыны, машынабудавання і будаўніцтва. Плануецца арганізацыя серыйнай вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў. Будзе створана сетка нацыянальных даследчых лабараторый (цэнтраў) і інавацыйна-прамысловых аб’яднанняў, арыентаваных на рэалізацыю поўнага інавацыйнага цыкла.

Цэнтралізацыя сродкаў інавацыйных фондаў дасць магчымасць сканцэнтраваць рэсурсы для мэтавага фінансавання праектаў і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця.

Адной з асноўных задач у праекце праграмы абазначана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Прадугледжваецца, што інтэнсіўнаму інавацыйнаму развіццю нацыянальнай эканомікі будзе садзейнічаць правядзенне стымулюючай бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і інвестыцыйнай палітыкі. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі павінна стаць інавацыйна-вытворчай карпарацыяй для фарміравання высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Ёй належыць асаблівая роля ў інтэнсіўным развіцці касмічнай дзейнасці, нана- і біяіндустрыі, робататэхнікі.

Развіццё рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі будзе забяспечана за кошт спрашчэння ўмоў камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, што належаць дзяржаве, гарантаванага забеспячэння аховы, абароны і кіравання аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці на ўнутраным і знешнім рынках.

Інавацыйная інфраструктура ўмацуецца індустрыяльнымі пляцоўкамі для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Стымуляванне інавацыйнага прадпрымальніцтва плануецца ажыццявіць за кошт пашырэння грантавай формы фінансавання навуковых і інавацыйных праектаў. Узровень навукаёмістасці ВУП за кошт усіх крыніц фінансавання перавысіць 1 працэнт.

Праграмай прадугледжана і разняволенне дзелавой ініцыятывы. “Беларусь — краіна роўных магчымасцей. Роля дзяржавы будзе заключацца ў стварэнні спрыяльных умоў для ініцыятывы і вядзення бізнесу як у дзяржаўным, так і прыватным сектары. Любы ініцыятыўны чалавек незалежна ад узроўню адукацыі або наяўнасці спецыяльных эканамічных ведаў зможа пачаць сваю справу ў Беларусі або знайсці работу па душы”, — напісана ў дакуменце.

Дзяржава забяспечыць абарону і недатыкальнасць правоў прыватнай уласнасці, зніме абмежавальныя бар’еры, лібералізуе кантрольную дзейнасць. Для гэтага прадугледжваецца пашырэнне форм дзяржаўнай падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, павышэнне эфектыўнасці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, увядзенне адміністрацыйнай (а пры паўторным учыненні — крымінальнай) адказнасці за ўмяшанне службовых асоб праваахоўных (кантралюючых, наглядных) органаў у законную дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, істотнае зніжэнне фінансавых санкцый за нязначныя парушэнні, радыкальнае спрашчэнне і скарачэнне колькасці відаў і форм справаздачнасці, укараненне сістэмы ацэнкі наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, скарачэнне колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці, увядзенне інстытута падатковых кансультантаў у мэтах якаснага прадастаўлення адпаведных паслуг.

Таксама ў праграме закладзена прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы. Так, новаствараемыя на тэрыторыі сельскай мясцовасці і гарадоў (за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў) прадпрыемствы будуць вызвалены на працягу двух гадоў ад падатку на прыбытак і падатку на нерухомую маёмасць. Дзяржава ў рамках адпаведнай праграмы падтрымае пашырэнне інавацыйнай інфраструктуры малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах рэспублікі (тэхнапаркі, венчурныя арганізацыі, цэнтры падтрымкі, інкубатары малога прадпрымальніцтва).

Інструменты эканамічнага рэгулявання будуць накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі і процідзеянне манапалізму. Прамое рэгуляванне цэн і тарыфаў будзе захавана толькі на паслугі, што аказваюцца прадпрыемствамі, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, і натуральнымі манаполіямі, а таксама на асобныя групы тавараў, у прыватнасці паліва, электра- і цеплаэнергію.

Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць сфарміраваць паўнацэннае канкурэнтнае асяроддзе, устанавіць адзіныя правілы вядзення бізнесу. Вынікам вырашэння пастаўленых задач стане рост долі суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб’ёме валавой дабаўленай вартасці з 28,7 працэнта ў 2014 годзе да 40 працэнтаў у 2020-м.

Фінансавыя сродкі, якія грамадзяне трацяць на набыццё і будаўніцтва жылля, плануецца вызваліць ад дэкларавання і выстаўлення падатковых прэтэнзій. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.

У праекце праграмы абазначана, што асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу з’яўляюцца павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне каштарыснай вартасці будаўніцтва, рост экспарту будаўнічых паслуг. Будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі жыллёвага будаўніцтва грамадзян і юрыдычных асоб.

У мэтах паляпшэння жыллёвых умоў насельніцтва, забеспячэння даступнасці жылля, якое ўзводзіцца, прадугледжваецца далейшае развіццё рынку арэнднага жылля ва ўвязцы з фінансавымі рэсурсамі, у тым ліку за кошт сродкаў арганізацый і прыватных інвестараў.

Важным напрамкам развіцця жыллёвага будаўніцтва стане падтрымка індывідуальнага будаўніцтва, малапавярховага домабудавання, у тым ліку драўлянага. У мэтах развіцця індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва будуць укараняцца прагрэсіўныя тэхналогіі, перш за ўсё модульныя канструкцыі, якія забяспечваюць высокія тэмпы і нізкі кошт будаўніцтва.

Вялікая ўвага будзе ўдзелена будаўніцтву шматкватэрнага даступнага і камфортнага жылля тыпавых спажывецкіх якасцей з выхадам на 100-працэнтнае энергаэфектыўнае выкананне ў 2020 годзе.

Прадугледжваецца выдзяленне ў дастатковай колькасці зямельных участкаў пад індывідуальную забудову і іх забеспячэнне ў поўным аб’ёме інжынернай інфраструктурай (газазабеспячэнне, водазабеспячэнне, энергазабеспячэнне), уключаючы размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

Акрамя таго, плануецца актыўная забудова ў гарадах-спадарожніках, вызначаных рашэннямі прэзідэнта. Мадэль іх развіцця будзе комплекснай — стварэнне сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры, рабочых месцаў. Для гэтага будуць укаранёны асаблівыя фінансавыя механізмы для будаўніцтва інфраструктуры за кошт мясцовых бюджэтаў і прыцягнення прыватнага капіталу.

Будзе прадоўжана работа па стрымліванні росту кошту аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылля, у тым ліку таго, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, за кошт будаўніцтва жылля па праектах эканамічных жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцей і зніжэння затрат на будаўніцтва на ўсіх стадыях інвестыцыйна-будаўнічага цыкла.

Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы будаўнічага комплексу будзе адпаведнасць кошту квадратнага метра жылля сярэдняй заработнай плаце па краіне.

Прадугледжваюцца зніжэнне каштарыснай вартасці будаўніцтва за кошт аптымізацыі затрат па поўным цыкле будаўнічых работ (ад праектавання да ўводу ў эксплуатацыю аб’екта) і скарачэння іх працягласці, укараненне сістэмы кіравання якасцю будаўнічых праектаў, паляпшэнне спажывецкіх і эксплуатацыйных характарыстык будынкаў і збудаванняў, якія ўзводзяцца, з паступовым іх набліжэннем да перадавых міжнародных стандартаў, пашырэнне аб’ёмаў будаўніцтва аб’ектаў “пад ключ” і ўкараненне сучасных тэхналогій для ўзвядзення энергаэфектыўных і рэсурсаэканамічных, экалагічна чыстых будынкаў і збудаванняў, актывізацыя ўдзелу ў падрадных таргах на будаўніцтва аб’ектаў за межамі краіны.

Плануецца забяспечыць больш шырокае прымяненне айчынных будаўнічых матэрыялаў з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі. Доля выкарыстання айчынных сыравіны і матэрыялаў у будаўніцтве павялічыцца да 85 працэнтаў у 2020 годзе.

У выніку прынятых мер прадугледжваецца давядзенне долі індывідуальных жылых дамоў у агульным аб’ёме жылля, якое ўзводзіцца, да 40 працэнтаў, долі жылля ў малых гарадах — не менш як да 10 працэнтаў ад аб’ёму штогадовага ўводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля.

За пяцігоддзе плануецца будаўніцтва 18 млн кв.м жылых памяшканняў, у тым ліку 1,55 млн кв.м для грамадзян, якія стаяць на ўліку для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і якія маюць права на дзяржаўную падтрымку. Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць павысіць забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара з 26,5 кв.м у 2015 годзе да 27,3 кв.м у 2020 годзе.

Меры ў галіне аплаты працы, прапанаваныя ў праграме, будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. У рэальным сектары эканомікі пашырыцца прымяненне гібкіх сістэм аплаты працы. Рост рэальнай заработнай платы будзе ўвязаны з ростам прадукцыйнасці працы.

Суадносіны заработнай платы бюджэтнікаў і сярэдняй заработнай платы ў эканоміцы плануецца забяспечыць у 2020 годзе на ўзроўні, не ніжэйшым за 80 працэнтаў. Гэта прадугледжваецца забяспечыць праз аптымізацыю функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Памер мінімальнай велічыні, што выкарыстоўваецца пры вылічэнні ставак (акладаў, службовых акладаў) бюджэтнікаў, будзе паэтапна набліжацца да бюджэту пражытачнага мінімуму, у перспектыве — да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт устанаўлення штогадовага памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек.

Па матэрыялах БелТА.