Выйсці шчаслівым з вады

- 11:07Рознае, Сацыяльны ракурс

Трагічная гібель расійскіх школьнікаў на карэльскім Сямвозеры кранула кожнага з нас, асабліва вопытных турыстаў-воднікаў. Як можна адправіцца ў водны паход у шторм? Як можна саджаць у каноэ дзяцей, якія не ўмеюць правільна трымаць у руках вясло? Як можна апрануць на вучняў выратавальныя камізэлькі, якія не адпавядаюць іх памерам? Пытанні, пытанні, пытанні…

І самыя галоўныя: якая асноўная прычына трагедыі і як яе пазбегнуць?

Актуальныя рэкамендацыі

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аператыўна адрэагавала на інцыдэнт і даслала на адрасы ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, устаноў рэспубліканскага падпарадкавання рэкамендацыі па прыняцці дадатковых мер па гарантаванні бяспекі дзяцей у месцах адпачынку і аздараўлення. У рэкамендацыях нагадваецца пра неабходнасць выканання мер бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, арганізацыі турыстычных, у тым ліку водных, паходаў і профільных летнікаў з выкарыстаннем палатак, перавозцы дзяцей усімі відамі наземнага і воднага транспарту. Асаблівая ўвага засяроджваецца на бяспецы турыстычных маршрутаў, калі выхад на іх арганізаваны пасля складаных умоў надвор’я.

Кіраўнікі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі павінны выключыць правядзенне паходаў, экскурсій з арганізаванымі групамі дзяцей пры неспрыяльных умовах надвор’я. Пры арганізацыі паходаў абавязковай з’яўляецца наяўнасць метэазводкі, прымацаванай да маршрутнага ліста, зацверджанага кіраўніком установы адукацыі. Для выключэння няшчасных выпадкаў з непаўналетнімі неабходна забяспечыць магчымасць сувязі са службамі ратавання ўсімі магчымымі спосабамі (акрамя мабільнай сувязі). Падчас паходаў з выкарыстаннем плаўсродкаў арганізаваныя групы дзяцей абавязкова павінны суправаджаць асобы, спецыяльна навучаныя ратаванню на вадзе.

Водны рай

Карэлія з’яўляецца сапраўдным раем для беларускіх турыстаў-воднікаў. Па рэках і азёрах гэтага маляўнічага расійскага рэгіёна пралягаюць дзясяткі маршрутаў розных катэгорый складанасці. Кожны год гэтыя маршруты пераадольваюць шматлікія турыстычныя групы нашых землякоў. Няўжо водная дарога на Карэлію пасля трагедыі будзе закрыта? Гэтае цалкам слушнае пытанне ўзнікла і ў загадчыка аддзела спартыўнага турызму Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Сяргея Аляксеевіча Уразава.

— Карэлія — вельмі прыгожы край. Дзякуючы маляўнічасці гэтай зямлі, па рэках якой і прайшоў мой першы водны паход, я палюбіў водны турызм. Праўду гавораць, што доўга будзе Карэлія сніцца. Гэта казка, гэта прыгажосць. Для нашых воднікаў Карэлія зручная тым, што там у меру бурлівыя рэкі, парогі лакальныя, даўжынёй некалькі соцень метраў. Охта — шыкоўная рэчка, Паўночная Шуя — класная рэчка. Белыя ночы, ты сплаўляешся, а сонца рухаецца над гарызонтам. А яшчэ ў Карэліі шмат рыбы, і там рыбакамі становяцца ўсе, нават тыя, хто ніколі не трымаў у руках вуду. А па Сямвозеры мы таксама падарожнічалі, праўда, перасякалі яго зімой на лыжах. Тады былі маразы пад 25 градусаў, і дрэвы, як і нашы бароды, былі ў інеі, — з захапленнем расказваў пра маляўнічасць роднай для беларускіх воднікаў Карэліі Сяргей Аляксеевіч, аднак потым інтанацыя ў голасе змянілася. — Як можна было адправіць на тое возера непадрыхтаваных дзяцей? Цалкам упэўнены, што з выхаванцамі нашага цэнтра падобная трагедыя не здарылася б.

І гэтая ўпэўненасць апраўданая. Акрамя правільнага веславання пры праходжанні перашкод навучэнцы цэнтра адпрацоўваюць на трэніроўках элементы ратавальных работ, напрыклад, пераварот разам з байдаркай, пры якім чалавек павінен, не пакідаючы судна, вярнуць яго ў першапачатковае становішча (эскімоскі пераварот), выхад з участка вады з моцнымі заваротамі (выхад з бочкі). Вучыць Сяргей Аляксеевіч сваіх выхаванцаў і дзеянням у камандзе, бо ў водныя паходы часта адпраўляюцца на суднах-“двойках” і для паспяховага выканання ўсіх элементаў матросу і капітану важна дапамагаць адзін аднаму. Яшчэ адзін закон турыста-водніка — дысцыпліна. Сяргей Аляксеевіч прывівае яе вельмі проста: калі вучань не слухаецца педагога — 50 адцісканняў ад зямлі, сказаў грубае слова — 100 адцісканняў. Ніякага маральнага прыніжэння, ды і для здароўя карысна. Калі б загінуўшыя ў Карэліі вучні валодалі хаця б мінімальнымі навыкамі кіравання воднымі суднамі, умелі дзейнічаць у камандзе, то відавочна, што трагедыі б удалося пазбегнуць.

Выпадковасцей няма

Трагічную гібель расійскіх школьнікаў Сяргей Аляксеевіч Уразаў не лічыць выпадковасцю. Канечне, халатнасць кіраўніцтва летніка, якое ледзь не гвалтоўна адправіла дзяцей у паход, — адна з галоўных прычын. Аднак ёсць і іншая, сістэмная: водны турызм не самы прыярытэтны ў плане развіцця від турызму, як у Расіі, так і ў Беларусі. Напрыклад, у нашай краіне сярод навучэнцаў не праводзяцца адпаведныя рэспубліканскія спаборніцтвы. Дыпломы, кубкі, прызы за перамогу ў спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму — усё гэта — рэгіянальны ўзровень. Напрыклад, Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска праводзіць гарадскія спаборніцтвы, Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства рэгулярна збірае лепшыя каманды вобласці для карыснага воднага адпачынку і абмену вопытам. А вось пытанне правядзення падобных спаборніцтваў на ўзроўні рэспублікі пакуль што застаецца адкрытым. І хвалюе яно не толькі Сяргея Аляксеевіча Уразава, які аддаў воднаму турызму больш за 25 гадоў працоўнага і вольнага часу, але і дырэктара сярэдняй школы № 23 Бабруйска, а ў нядаўнім мінулым дырэктара былога Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” Аляксандра Генадзьевіча Фурса.

Па закліку сэрца

Аляксандр Генадзьевіч выхаваў некалькі пакаленняў юнг, матросаў, капітанаў, якія няхай і не сталі прафесійнымі маракамі, затое выраслі фізічна моцнымі і вынослівымі людзьмі, з павагай адносяцца да воднага багацця краіны. Педагог упэўнены, што ўменні і навыкі, атрыманыя вучнямі падчас заняткаў водным турызмам, абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці. А яшчэ яны ніколі не пакінуць на беразе рэчкі смецце. Наогул, без пашаны да роднай зямлі складана быць турыстам-воднікам, як нельга падарожнічаць на байдарках і не быць рамантыкам, летуценнікам.

— Нас, воднікаў, у турыстычным асяроддзі часта лічаць гультаямі, бо свае рукзакі мы не нясём на плячах. Аднак гэта памылковае параўнанне, бо веславаць цэлы дзень нават самаму закаранеламу турысту-водніку няпроста. Аднак мы гатовы пераадолець любыя цяжкасці, хаця б дзеля таго, каб палюбавацца берагам ракі з боку вады. Паверце, прыгажосць роднага краю з такога ракурсу ўспрымаеш зусім іначай. Хоць я ўжо і не вяду заняткі па водным турызме, аднак пры кожнай нагодзе намагаюся сплаўляцца па рэках з сябрамі. Цяжка, вельмі цяжка без вады, таму з наступнага навучальнага года на базе нашай школы планую адкрыць гурток воднага турызму, паспрабую сумясціць працу дырэктара школы са сваім захапленнем, стылем жыцця, бо без вады, як пяецца ў вядомай песні, ні туды і ні сюды. А яшчэ ў водным паходзе разумееш, што так званыя цяжкія падлеткі, якія вяслуюць разам з табой, зусім не цяжкія. Гэта самыя звычайныя дзеці са сваім характарам, поглядам на жыццё, захапленнямі, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.

Водныя паходы з’яўляюцца для іх выдатнай нагодай для сацыялізацыі, рэалізацыі сваіх здольнасцей і, дарэчы, належнай ацэнкі гэтых здольнасцей. Так, за паход І катэгорыі складанасці працягласцю 160 км, здзейснены ў 2014 годзе па Случы і Прыпяці ад Салігорска да Турава і прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”, вучні Аляксандра Генадзьевіча атрымалі дыплом І ступені. Падрыхтоўка да паходу была самая грунтоўная і вялася гурткоўцамі на працягу навучальнага года. Фарміраванне экіпажаў і размеркаванне абавязкаў адбывалася з улікам паходнага вопыту навучэнцаў. Так былі вызначаны капітаны экіпажаў, матросамі сталі навучэнцы, якія да гэтага не ўдзельнічалі ў водных паходах або недастаткова асвоілі неабходныя навыкі. Усё рабілася для выключэння няшчасных выпадкаў на маршруце.

Каб не было пытанняў

Пасля няшчаснага выпадку на Сямвозеры сваё расследаванне прычын трагедыі правялі многія СМІ. Гаварылася і пра халатнасць кіраўніцтва летніка, і пра неадпаведнасць дзейнасці летніка нормам і патрабаванням, многія з нас з камяком у горле чыталі пра лёс дзяцей, якім не пашанцавала выбрацца падчас шторму на бераг. “Настаўніцкая газета” таксама правяла невялікае расследаванне. Высновы наступныя: адна з прычын трагедыі ў тым, што многія з тых, хто адправіўся ў той трагічны паход, не мелі належных навыкаў кіравання плаўсродкамі. Як можна саджаць у каноэ дзяцей, якія не ўмеюць правільна трымаць у руках вясло? Як можна адправіцца ў водны паход у шторм? Пытанні, пытанні, пытанні… Мы павінны рабіць усё магчымае, каб гэтыя пытанні больш ніколі не ўзнікалі.

Ігар ГРЭЧКА.