Каб педагог дашкольнай адукацыі быў кампетэнтным і сучасным спецыялістам

- 11:27Рознае, Якасць адукацыі

Патрэба ў павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і атрыманні адпаведнай кваліфікацыі з кожным годам у нашай краіне павялічваецца. У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКіП) БДПУ імя Максіма Танка можна набыць дадатковую педагагічную спецыяльнасць незалежна ад таго, ёсць у спецыяліста вышэйшая адукацыя па профілі ці ў яго вышэйшая адукацыя іншага кірунку. У інстытуце сёння вучаць не толькі дарослых, але і дзяцей дашкольнага ўзросту. Падрабязней аб кірунках работы ІПКіП расказвае яго дырэктар Ірына Уладзіміраўна ШАСЦІТКА і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі Вольга Валер’еўна КЛЯЗОВІЧ.

Змяніць падыходы
да работы

“На спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” на 2016—2017 год для перападрыхтоўкі мы набралі 218 чалавек — 8 груп. У мінулым годзе груп было пяць, а тры гады назад — толькі тры, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Сярод слухачоў ІПКіП спецыялісты не толькі з педагагічнай адукацыяй, ёсць і з эканамічнай, гістарычнай, філалагічнай, эстэтычнай. У ліку прычын павялічанага попыту на спецыяльнасць — рост нараджальнасці, а значыць, неабходна большая колькасць выхавальнікаў. І другая прычына — у дашкольныя ўстановы пачалі вяртацца педагогі, якія ў пэўны момант пакінулі іх і працавалі ў іншых сферах, таму ім трэба ўзнавіць страчаныя навыкі работы з дзецьмі.

Аснова перападрыхтоўкі ў ІПКіП практыка-арыентаваная. Класічных лекцый тут не праводзіцца, амаль ніхто не канспектуе за выкладчыкам. Дарослыя навучэнцы старанна рыхтуюцца да заняткаў, яны актыўныя ўдзельнікі семінарскіх і практычных заняткаў. Калі нашы выкладчыкі пытаюцца ў сваіх слухачоў: “З якой мэтай вы прыходзіце да нас на курсы?”, то адказы атрымліваюць самыя розныя: “даведацца пра штосьці новае”, “змяніць падыходы да сваёй работы з дзецьмі”,“упэўніцца ў тым, што працую правільна” і г.д.

Ва ўсе адукацыйныя і вучэбныя праграмы па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ўключаны сучасныя методыкі і навуковыя даследаванні ў гэтай сферы. Са слухачамі працуюць спецыялісты, якія маюць вопыт работы ў дашкольных установах, метадысты вышэйшай катэгорыі, кандыдаты навук, дысертацыйныя даследаванні якіх служаць цудоўным дапаможнікам падчас заняткаў”.

У выхавальнікаў сёння вельмі запатрабаваны веды па выяўленчай дзейнасці дзяцей пры дапамозе нетрадыцыйных тэхнік і спосабаў. Так, дацэнт кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі Юлія Уладзіміраўна Захарава правяла серыю заняткаў па сваім аўтарскім курсе, дзе пазнаёміла педагогаў з тэхнікамі артышок, фальцаванне, “кніжны тунэль”, самаробная папера. Свой вучэбны курс “Нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчай дзейнасці ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці дашкольнага ўзросту” распрацавала выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі бесперапыннай адукацыі Марына Уладзіміраўна Быліна.

Надзвычай важныя і неабходныя сёння даследчы і праектны кірункі ў рабоце з дашкольнікамі. Таму педагогам прапаноўваюцца курсы па арганізацыі такой дзейнасці. У маладых спецыялістаў у рамках павышэння кваліфікацыі запатрабаваны курс “Псіхолага-педагагічныя асновы дзейнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі”. Папулярныя ў слухачоў здароўезберагальныя тэхналогіі (напрыклад, адукацыйная кінезіялогія). У гэтым кірунку будзе абараняць кандыдацкую дысертацыю выкладчык ІПКіП Кацярына Міхайлаўна Рэйд, яе тэма — “Развіццё асобаснай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай актыўнасці”.

Сёння ўсё большай колькасці дзяцей патрабуецца карэкцыя маўленчага развіцця. І педагогам, якія пройдуць адпаведнае навучанне ў інстытуце, будзе лягчэй выяўляць парушэнні ў дзяцей і кансультаваць бацькоў па даных пытаннях. Старшы выкладчык Таццяна Пятроўна Гароніна распрацавала курс “Дамашні лагапед” , які ўтрымлівае рэкамендацыі па ранняй дыягностыцы маўленчых праблем і аказанні першаснай дапамогі яшчэ да таго, як з дзіцем пачынае працаваць настаўнік-дэфектолаг. На працягу доўгага часу з дзецьмі дашкольнага ўзросту працавала Інга Уладзіславаўна Кіжло, спецыяліст па лагапедыі і лагарытміцы (спалучэнне маўлення з рытмічнымі рухамі пад музыку) факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Зараз такія заняткі праводзіць Яўгенія Славік, лагапед дзіцячай паліклінікі, выпускніца БДПУ.

Заняткі са слухачамі праводзяць не толькі штатныя работнікі ІПКіП, але і спецыялісты з іншых факультэтаў і іншых устаноў. Інстытут, напрыклад, супрацоўнічае з лагапедамі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі, наладжвае сувязь з выкладчыкамі і выпускнікамі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. І гэта невыпадкова: у слухачоў выклікаюць цікавасць курсы па карэкцыйнай рабоце з дзецьмі пасля аперацыі па кахлеарнай імплантацыі і па рабоце з іх бацькамі.

Адна з праграм вучэбных курсаў, якая рэалізуецца на працягу 5 гадоў дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі Вольгай Валер’еўнай Клязовіч, “Педагагічная нарада — праводзім інакш”.

“Як ператварыць педсавет у сапраўдны савет педагогаў? — разважае Вольга Валер’еўна. — Падчас курсаў на працягу пяці дзён са слухачамі, якія выступаюць як адзіны калектыў установы адукацыі, праводзяцца педагагічныя нарады. Кожны дзень прапаноўваецца новая тэма такіх сустрэч. А задача кожнага іх удзельніка актывізаваць мысленне і агучыць для калег свае адукацыйныя метады і прыёмы, свае тэхналогіі з элементамі рэфлексіі, калектыўнага ўзаеманавучання, з элементамі праектнага навучання і г.д. Мы ламаем стэрэатыпы ўяўленняў педагогаў аб педсавеце, калі гаворым, што рашэнні падчас яго павінны прымацца ў адкрытым абмеркаванні з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў, ролевых і дзелавых гульняў, мадэлявання пэўных канкрэтных сітуацый, якія могуць узнікаць ва ўстанове. Ёсць у нашым арсенале яшчэ адна падобная праграма “Бацькоўскі сход — праводзім інакш”. Слухачы ў гэтым выпадку на працягу пяці дзён выступаюць у ролі бацькоў і вучацца ўзаемадзейнічаць з педагогамі.

Гэты вопыт нашы дарослыя навучэнцы, упэўнена, спраецыруюць на сваю дзейнасць і прынясуць у педсаветы і бацькоўскія сходы іскрынку нестандартнасці і энтузіязму”.

У ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка на бюджэтнай аснове сёння ажыццяўляецца двухгадовая перападрыхтоўка па 10 спецыяльнасцях (15 вучэбных праграмах) на факультэце перападрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі. Праводзіцца павышэнне кваліфікацыі па 100 адукацыйных праграмах (з разліку на 36 гадзін), стажыроўка па 5 адукацыйных праграмах, а таксама вучэбныя курсы для педагогаў па 46 адукацыйных праграмах (працягласцю ад 2 да 24 гадзін) на факультэце павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі.

На ўмовах бюджэтнага фінансавання ідзе перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі толькі тых спецыялістаў, якія ўжо працуюць па педагагічнай спецыяльнасці, але не маюць адпаведнай кваліфікацыі. Іх прымаюць па накіраваннях раённых і абласных аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ўстаноў адукацыі. Астатнія спецыялісты вучацца на платнай аснове.

Курсы для дашкольнікаў

На працягу пяці гадоў пры ІПКіП праводзяцца вучэбныя курсы для дашкольнікаў у школе ранняга развіцця. Усе перадавыя інавацыі, пра якія ў інстытуце выкладчыкі расказваюць выхавальнікам, апрабіруюцца з маленькімі дзецьмі ад 1,5 года. З імі праводзяцца заняткі па развіцці логікі, матэматычных уяўленняў, маўлення, выяўленчай дзейнасці, па лагарытміцы, харэаграфіі і г.д. На занятках самых маленькіх прысутнічаюць іх мамы. Слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі, на базе якога размешчана школа ранняга развіцця, прыходзяць на заняткі і атрымліваюць сапраўдны майстар-клас па рабоце з дашкольнікамі.

“Вельмі важна сёння стварыць эфектыўную асобасную прастору, па-сучаснаму спрыяльныя ўмовы для развіцця кожнага дашкольніка, даваць яму не канкрэтныя веды, а сфарміраваць матывацыю да навучання, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Тое, што нашы выкладчыкі працуюць і з дзецьмі, і з дарослымі, вялікі плюс для ўсіх. У гэтым і сучасны адукацыйны падыход: каб вучыць дарослых, трэба самім на практыцы ведаць, як працаваць з дзецьмі. Сярод педагогаў хочацца адзначыць Святлану Аляксееўну Важнік — метадыста вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Вядучы кірунак яе дзейнасці — арганізацыя заняткаў у адаптацыйных групах, работа з бацькамі, фарміраванне правільнага, асэнсаванага бацькоўства. Старшы выкладчык кафедры прыватных методык факультэта Ірына Аляксееўна Турчанка падрыхтавала дысертацыю, якая прысвечана навучанню ва ўмовах інклюзіі, што апрабуецца якраз на занятках з дашкольнікамі. А Дар’я Дзянісаўна Зрубовіч, спецыяліст у сферы замежнай мовы, выкладае малышам яе азы праз гульні, спевы і выяўленчае мастацтва.

У мінулым годзе на курсах для дашкольнікаў займалася 60 дзяцей. З наступнага навучальнага года плануем прыняць яшчэ большую колькасць малышоў. Дарэчы, навучанне ў школе ранняга развіцця даступнае, у нас самы даступны кошт па горадзе ў параўнанні з аналагічнымі паслугамі”.

Па запытах устаноў і асобных педагогаў

Той, хто вучыць іншых, павінен заўсёды набываць новыя веды і вучыцца сам. Дзе праходзяць павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікі ІПКіП? Адна з магчымасцей іх творчага ўдасканалення — удзел у міжнародных праектах. У гэтым годзе каманда супрацоўнікаў ІПКіП упершыню ў рамках праграмы Еўрасаюза “Мост”, якая рэалізуецца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, прыняла ўдзел у стажыроўцы ў Італіі ў Фларэнційскім дзяржаўным універсітэце. Майстар-класы выкладчыкам з Беларусі давалі спецыялісты, якія працуюць з педагогамі дашкольнай адукацыі і інклюзіўнай адукацыі.

“Калі, скажам, у іх дзіцячай установе ўзнікае канфлікт паміж выхаванцамі, то да вырашэння гэтай праблемы падключаецца ўніверсітэцкая каманда спецыялістаў і ў рамках дзейнасці навуковай лабараторыі пачынаецца псіхалагічнае даследаванне прычын канфлікту, — падкрэслівае Ірына Уладзіміраўна. — У выніку вучоныя паведамляюць заяўнікам (педагогам), што яны павінны зрабіць, каб паправіць сітуацыю. Важным вынікам гэтай стажыроўкі стала разуменне, што мы з замежнымі калегамі рушым у адным кірунку. Але нам яшчэ ёсць чаму павучыцца ў іх. Мы таксама працуем па запытах устаноў або асобных педагогаў, якія жадаюць асвоіць канкрэтныя адукацыйныя праграмы, напрыклад, праграму прафілактыкі прафесійнага выгарання і г.д. У 2016 годзе па запытах канкрэтных устаноў нашы выкладчыкі распрацавалі 13 адукацыйных праграм і на будучы год інстытут прапаноўвае слухачам ужо 100 праграм павышэння кваліфікацыі”.

У рамках стажыроўкі многіх слухачоў сёння зацікавіць праграма “Педагагічны вопыт: тэорыя і практыка апісання і прымянення”. Нагодай для яе стварэння стаў запыт педагогаў, абумоўлены патрэбай і абавязкам пастаянна павышаць свой адукацыйны ўзровень. А гэта мае на ўвазе абагульненне і сістэматызацыю педагагічнага вопыту. Педагогу ў гэтым пытанні неабходна метадычная падтрымка. І выкладчыкі дапамагаюць слухачам у вызначэнні мэт і задач работы, у фармуляванні важных катэгорый і палажэнняў, у апісанні практычнай часткі, вынікаў.

Адукацыйны запыт педагогаў рэалізуецца і ў рамках праграмы “Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання ўстановамі адукацыі”, з якой яны даведваюцца аб правільным афармленні дакументаў — арганізацыйна-распараджальнай дакументацыі, асабістых спраў, працоўных кніжак і г.д. Вынікам звароту педагогаў у інстытут стала распрацоўка праграмы “Інтэрактыўная дошка: стварэнне адукацыйнага прадукту”, разлічанай на 36 гадзін. Так, вучэбны курс па рабоце з інтэрактыўнай дошкай выкладчыкі інстытута правялі на базе ясляў-сада № 7 Ашмян (па запыце калектыву). Педагогам ясляў-сада № 469 Мінска было прапанавана стварыць самім такія адукацыйныя прадукты з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі ў праграме Smart. Гэты працэс суправаджалі нашы выкладчыкі. Ужо праз тыдзень 12 педагогаў гэтай установы стварылі 12 прадуктаў і абмяняліся імі. Цудоўны і павучальны прыклад!

У рамках удзелу ў міжнародным праекце “Тэмпус інавест: педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі” педагогі інстытута выязджалі ў 10 устаноў адукацыі нашай краіны, каб на ўласныя вочы ўбачыць рэальныя праблемы ў адукацыі дзяцей з АПФР. І ў выніку стварылі праграму павышэння кваліфікацыі “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”. Мэта праграмы — сфарміраваць пазітыўныя ўяўленні пра асаблівыя адукацыйныя запыты дзяцей у педагогаў, якія ніколі не сутыкаліся з імі.

Перспектывы і праекты

“Лічу, што галоўная місія нашага інстытута, каб педагогі пасля атрымання ведаў у ім заставаліся ў сістэме дашкольнай адукацыі і ў далейшым прыходзілі да нас павышаць свой адукацыйны ўзровень і кваліфікацыю, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Мне хацелася б, каб педагог дашкольнай адукацыі быў кампетэнтным, сучасным спецыялістам, а бацькі гаварылі, як ім пашанцавала з выхавальнікам. ІПКіП сёння гатовы павялічыць прыём на факультэты перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, і Міністэрства адукацыі падтрымлівае нас у гэтым пытанні. Праз кваліфікацыйны экзамен, які нашы слухачы здаюць у інстытуце, мы ўжо сёння выяўляем лепшых спецыялістаў дашкольнай адукацыі і запрашаем іх праводзіць заняткі з нашымі слухачамі, у тым ліку на базе дашкольных устаноў, па канкрэтных методыках работы з дзецьмі. Сёння ў многіх дзіцячых садах працуюць педагогі, якія маюць сертыфікаты і дакладна арыентуюцца ў новых методыках і тэхналогіях (ТРВЗ, тэхналогія навучання грамаце Зайцава, ІТ-тэхналогіі, праектнае і даследчае навучанне і г.д.). У іх ёсць чаму павучыцца выхавальнікам, якія пакуль што выкарыстоўваюць толькі элементы сучасных методык і тэхналогій. У 2017 годзе ў рамках павышэння кваліфікацыі мы плануем акцэнтаваць увагу слухачоў на магчымасці асваення той ці іншай тэхналогіі або методыкі ў поўным аб’ёме.

Плануем запусціць і новы праект па перападрыхтоўцы выхавальнікаў у прыватных установах адукацыі для сваіх калег з Казахстана. Для гэтага распрацоўваем праграму іх дыстанцыйнага навучання. У наступным годзе чакаем таксама гасцей з Італіі ў рамках ажыццяўлення праграмы “Запрошаны прафесар”. Плануецца, што іх выкладчыкі правядуць серыю цікавых заняткаў з нашымі слухачамі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.