Бальная вышыня

- 10:12Вышэйшая школа, Рознае

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі працягваецца ўступная кампанія. Атрымаўшы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, абітурыенты вызначаюцца з прахаднымі баламі на розныя спецыяльнасці ва УВА. 

Сёлетняя выпускніца Маларыцкай раённай гімназіі Алена Каліна з будучай прафесіяй вызначылася яшчэ 2 гады назад. На працягу 10—11 класаў дзяўчына на павышаным узроўні вывучала гісторыю і грамадазнаўства. Алена з задавальненнем рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання, мэтанакіравана ідучы да пастаўленай мэты.

— Папаўняла веды штодзень, — расказвае Алена, — падчас самастойнай работы, на факультатыўных занятках і занятках у рэсурсным цэнтры, арганізаваных на базе гімназіі. Вялікі дзякуй усім маім настаўнікам, бо набраныя мной 387 балаў — гэта і іх заслуга. Цяпер я ўпэўнена ў сваіх ведах. Атрыманыя балы яшчэ раз пацвердзілі правільнасць выбару УВА і будучай прафесіі. Мая мара — набыць вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У Алены сярэдні бал атэстата — 9,8. На цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове дзяўчына набрала 95 балаў, па гісторыі Беларусі — 96, па грамадазнаўстве — 98. Колькасць балаў, набраных Аленай, — у ліку самых высокіх сярод выпускнікоў Маларытчыны за апошнія 7 гадоў. Так, у мінулыя гады Арцём Пацяюк з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы паступіў ва УВА з 380 баламі, Мікіта Сацюк, Марыя Карабейка, Кацярына Гусакова і Алёна Астапук з Маларыцкай раённай гімназіі — з 352—362 баламі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.