Сучасныя цацкі-робаты не заменяць самаробныя

- 11:39Дашкольная адукацыя

Днямі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя сродкаў навукова-метадычнага і дыдактычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Удзельнікі семінара змаглі пазнаёміцца з матэрыяламі выставы “Цацка сваімі рукамі” і паназіраць за работай творчых майстэрань па вырабе і выкарыстанні цацак-самаробак.

 Вярнуць гульню ў жыццё дзіцяці

“Дзяцінства дадзена чалавеку для таго, каб ён мог як след пафантазіраваць і нагуляцца ў розныя гульні, — лічыць кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Ганна Мікалаеўна Белавус. — Гульня з’яўляецца адным з асноўных сродкаў развіцця асобы. Гуляючы, дзіця мадэлюе сацыяльныя адносіны, якія ў рэальным жыцці могуць быць для яго яшчэ недаступнымі. Але яно бачыць іх і выказвае свае адносіны да іх праз стварэнне розных гульнявых сітуацый. Часам гульня ўзнікае з патрэбы дзяцей быць падобнымі да дарослых. Яны часта пераўвасабляюцца ў дарослых, прымяраюць адзенне сваіх матуль і татаў, капіруюць іх паводзіны, дэманструюць рысы характару. Якая роля адводзіцца дарослым у дзіцячай гульні? Галоўнае для іх — не ўмешвацца ў ход гульні, не навязваць мадэлі паводзін, а чакаць, калі дзеці самі запросяць у сваю гульню”.

Увогуле, сёння дзіцячая гульня перажывае крызіс. Даследчыкі адзначаюць збядненне і стэрэатыпнасць гульнявых сюжэтаў, прадказальнасць ходу гульні, шаблонныя ўзаемаадносіны паміж персанажамі. Чым жа выклікана зніжэнне пазітыўнай гульнявой актыўнасці? Ганна Мікалаеўна бачыць праблему ў тым, што жыццё сучасных дзяцей па-за сценамі дашкольных устаноў часта праходзіць ізалявана ад равеснікаў, яны растуць сярод дарослых, якія да таго ж цалкам заняты сваёй прафесійнай дзейнасцю. Прычынай крызісу гульні стала і бурнае развіццё тэхнікі, вынаходкі якой хутка прыходзяць у кожную сям’ю і адцягваюць увагу дзяцей ад традыцыйных гульняў. Праблема і ў тым, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі змяніліся суадносіны часу, адведзенага на навучанне, і часу, адведзенага на самастойную гульню і іншыя віды дзейнасці. Рэжым дня ўстаноўлены вельмі жорсткі – у дзяцей амаль што няма часу для свабоднай гульні. Не спрыяе развіццю і ўдасканаленню гульняў тое, што адсутнічае перадача вопыту гульняў малодшым ад старэйшых дзяцей. На вулічных гульнявых пляцоўках сёння да крыўднага мала дзяцей, няма і тых шумных кампаній, якія калісьці ажыўлялі нашы двары і былі прадметам абмеркавання дарослых. Такія кампаніі давалі шмат для асобаснага развіцця дзяцей.

Загадчык лабараторыі дашкольнай адукацыі НІА Галіна Аляксандраўна Нікашына спыніла ўвагу на вельмі важнай супярэчнасці: з аднаго боку, гульня прызнана вядучым відам дзейнасці ў дашкольным узросце, але ж з другога — у дашкольных установах адной з галоўных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца заняткі. Між тым толькі ў гульні, а не на вучэбных занятках можа быць сфарміравана адвольнасць паводзін, уменне прытрымлівацца пэўных правіл, у гульні перш за ўсё абуджаецца кемлівасць. “Варта прызнаць, што сучасныя дзеці менш гуляюць са звычайнымі цацкамі, не гуляюць яны і ў гульні сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Ім больш падабаецца збіраць і разбіраць тэхнічныя прыстасаванні, паглыбляцца ў камп’ютарны свет, — падкрэслівае Галіна Аляксандраўна. — Дарослыя павінны ўлічваць інтарэсы дзяцей і мяняць падыходы да работы з імі, удасканальваць методыку арганізацыі гульнявой дзейнасці. Калі малы, напрыклад, любіць тэхнічныя навінкі, то ўвесь працэс яго ўзаемадзеяння з тэхнікай трэба скіраваць на развіццё, на атрыманне ведаў. Умелае кіраванне камп’ютарнай мышкай карысна, напрыклад, для развіцця дробнай маторыкі, прасторавага мыслення. Галоўнае пры гэтым, каб захапленне віртуальнай прасторай не стала празмерным і не перашкодзіла дзіцяці будаваць узаемаадносіны з людзьмі ў рэальным жыцці”. Відавочна, што згаданая супярэчнасць паміж патрэбай дзіцяці ў рухавай вольнай гульні і строгай неабходнасцю даваць яму веды, можа быць вырашана праз выкарыстанне гульняў з высокай дыдактычнай насычанасцю. Але такія гульні патрабуюць адпаведнага абсталявання. Стварэнне яго — актуальная задача, вырашэнне якой магчыма пры супрацоўніцтве інжынераў, дызайнераў, спецыялістаў па дзіцячай псіхалогіі і практыкаў. А гэта ў сваю чаргу патрабуе ўключэння пэўных арганізацыйных і фінансавых механізмаў.

Цацкі і гульні, якія ніколі не знікнуць

“Дзіцячая цацка — распаўсюджаны аб’ект даследавання як у еўрапейскай, так і ў сусветнай навуцы, — падкрэсліла начальнік упраўлення метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі НІА Раіса Раманаўна Касянюк. — Цацкі вывучаюцца ў розных кірунках рознымі міжнароднымі арганізацыямі: даследуюцца тэарэтычныя падыходы да феномена цацкі, аналізуецца ўплыў, які аказвае цацка на развіццё асобы дзіцяці, вывучаецца гісторыя цацак, а таксама тое, якая сувязь існуе паміж цацкай і працэсам атрымання адукацыі, як звязаны паміж сабой цацка і новыя тэхналогіі, як мяняецца дызайн цацкі і іншыя пытанні”.

Добрыя перспектывы для новых даследаванняў цацак і гульняў адкрываюцца ў сувязі з тым, што сёлета ААН прыняла дапаўненне да Дэкларацыі правоў дзіцяці, якое звязана з яго правам на гульню. Гульня ў гэтым дапаўненні разглядаецца як спосаб разумення жыцця і галоўная форма актыўнасці дзіцяці. Якія гучаць прапановы па рэалізацыі гэтага права? Гульні трэба ўключаць ва ўсе грамадскія праграмы падтрымкі псіхічнага і фізічнага здароўя дзяцей. Ва ўсіх установах, дзе прысутнічаюць або аказваюцца дзеці, у тым ліку ў бальніцах, паліклініках, прадпрыемствах гандлю і іншых сацыяльных аб’ектах, павінны быць створаны ўмовы для гульні і гульнявое асяроддзе. Трэба актывізаваць гульні ў пачатковай школе – гэта павысіць матывацыю і эфектыўнасць навучання. Гульня павінна быць уключана ў сістэму мер па інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Гульня здольна аб’ядноўваць і ўмацоўваць сем’і, бо на першым плане пры гэтым — клопат пра дзяцей. Разам з папулярызацыяй гульняў трэба праводзіць даследаванне іх унікальнага значэння для развіцця дзяцей розных узроставых груп, распрацоўваць метады падтрымкі гульняў і ўключаць іх у праграмы навучання ўсіх спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі”.

“Самаробныя цацкі і сучасныя цацкі-робаты, ці можна іх спалучыць у жыцці дзяцей так, каб не страціць вопыт мінулага і ў той жа час не адстаць ад часу? — гаворыць метадыст НІА Разалія Адамаўна Туфкрэа. — Цацка не проста прадмет гульні, яна можа быць прадметам культуры, а значыць, будзе дапамагаць дзіцяці спасцігаць навакольнае асяроддзе, развіваць яго патрыятычныя пачуцці, грамадзянскасць. Такую цацку мы называем нацыянальнай, у ёй у той ці іншай форме адлюстраваны разнастайныя сімвалы Беларусі – дрэвы (лес, сасна, дуб), расліны, кветкі, жывёлы, птушкі (лён, васілёк, зубр, бусел), а таксама сімвалы свят (народных і дзяржаўных), адзначаны выдатныя мясціны роднага краю, нацыянальныя героі краіны, карціны мастакоў і г.д. Праз цацкі дашкольнікі атрымліваюць інфармацыю аб працоўных дасягненнях беларусаў, напрыклад, аб вырабах беларускай прамысловасці. Актуальным будзе выпуск цацачнага трактара “Беларус” ці іншых знакавых для беларусаў цацак”.

Цацачныя фігуркі можна зрабіць з матэрыялу, які нам падарыла прырода. Традыцыйнымі для беларусаў з’яўляюцца драўляныя цацкі-забавы, папяровыя цацкі. Нельга ўявіць сучасную дашкольную ўстанову без саламяных упрыгажэнняў. Калі ж маленькі беларус не пазнаёміцца з глінянай свістулькай, то шмат што страціць. Свістулькі ёсць у кожнага народа і ў кожнага яны свае. У беларусаў свістулька прадстаўлена ў выглядзе качкі. Адна такая ўнікальная фігурка была знойдзена ў раскопках Мінска – зараз яна захоўваецца ў музейным пакоі БДПУ імя Максіма Танка. З дзіцячага кругагляду не павінна знікнуць жалезная завадная цацка-пеўнік (ці кураня), які дзяўбе зерне. Цацка-каталка і ваўчок – таксама з мінулага, але яны працягваюць сваё жыццё. Заўсёды ўражвае дзяцей і дарослых самаробная цацка, у ёй як нідзе адчуваецца душа яе стваральніка.

“Што неабходна для стварэння і належнага функцыянавання ў дашкольнай установе прадметна-гульнявога асяроддзя? — задае пытанне намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 92 Мінска Лілія Канстанцінаўна Ладуцька. — Галоўнае, каб яно не было перагружаным, каб цацкі не стаялі на ўсіх паліцах і ў радок, як у магазіне, але ў той жа час у пакоі не павінна адчувацца пустата. Мы стараемся, каб у нашай установе прадметна-гульнявое асяроддзе мела сучасны дызайн, было эстэтычна аформленым, функцыянальным і ў той жа час бяспечным, камфортным і ўлічвала інтарэсы дзяцей. Кожнае дзіця павінна мець магчымасць займацца любімай справай, свабодна перамяшчацца, гуляць з усімі дзецьмі, а пры неабходнасці магло застацца адно са сваімі думкамі. Камфортная атмасфера ствараецца ва ўстанове па прынцыпе “няжорсткага заніравання”. У пакоі групы прадугледжаны міні-куточкі, якія даюць магчымасць дзецям гуляць у падгрупах”.

У дзяцей карыстаецца папулярнасцю вялікі шматфункцыянальны гульнявы набор (канструктар-трансформер), мяккія модулі. Яны дазваляюць дзецям самім мадэляваць гульнявое асяроддзе ў адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі – канструяваць касмічныя караблі і станцыі, дамы, магазіны. У нас многа і невялікіх прадметаў, цацак, дэталяў адзення (накідак, капялюшыкаў, каўнерыкаў, гальштукаў), якія выкарыстоўваюцца дзецьмі для пераўвасаблення ў пэўнага персанажа, цацкі і прадметы служаць дапаўненнем да яго вобраза. Педагогі імкнуцца, каб асяроддзе стымулявала не толькі пазнавальную, але і рухальную актыўнасць малышоў — для гэтага прадугледжана спецыяльнае абсталяванне. Шмат магчымасцей і ў пазнавальна-практычнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца пры дапамозе цацак для гульняў з вадой і пяском. Мы выкарыстоўваем не толькі гарызантальную плоскасць памяшкання, але і вертыкальную (сцены), і паветраную прастору. Пакоі сада ўпрыгожваюць падвясныя модулі, яны афармляюцца ў адпаведнасці з порамі года, святамі, тэмамі даследчых праектаў і, як правіла, з’яўляюцца вынікам творчасці дзяцей”.

Якімі б сучаснымі і прыгожымі ні былі прамысловыя цацкі, дзеці заўсёды з задавальненнем гуляюць з цацкамі, што створаны сваімі рукамі. Педагогі сада — сапраўдныя дызайнеры, дэкаратары, краўцы. Ва ўстанове ёсць наборы цацак, сканструяваных і зробленых выхавальнікамі і бацькамі разам з дзецьмі. Імі створаны таксама аўтарскія гульні і гульнявыя дапаможнікі па фарміраванні культуры энергазберажэння (з макетамі водаправода і электрастанцыі, з лато і лабірынтамі), якія дэманстраваліся ў ходзе рэспубліканскага энергамарафону. Ёсць у садзе і свой лялькаград, дыдактычны тэлевізар з серыямі маляваных фільмаў. Ва ўстанове праводзяцца выставы цацак, створаны віртуальны “музей цацкі”. Руплівымі рукамі педагогаў сабраны цэлыя гульнятэкі, прысвечаныя беларускім народным цацкам, бяспецы жыццядзейнасці і іншым тэмам. Будзем спадзявацца, што ўсе лепшыя ідэі і распрацоўкі практыкаў у хуткім часе атрымаюць шырокае распаўсюджанне, пойдуць у масавую вытворчасць.

Надзея ЦЕРАХАВА.

terekhova@ng-press.by

Фота аўтара.