Поўная скарбонка медалёў

- 10:24Рознае, Спартыўныя падзеі

“Дастойна абаранілі спартыўны гонар нашай краіны, паказалі высокія вынікі на міжнароднай арэне”, — такімі словамі можна коратка ахарактарызаваць выступленне беларускай каманды на XVI Сусветнай гімназіядзе, якая праходзіла з 11 па 18 ліпеня ў турэцкім горадзе Трабзон.

Пра высокую цану кожнага медаля, заваяванага на гэтых спаборніцтвах, сведчыць хаця б той факт, што гімназіяда праводзіцца раз у тры гады і для юных спартсменаў-навучэнцаў яна з’яўляецца своеасаблівымі алімпійскімі гульнямі. 7 залатых, 5 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі — вынік, пагадзіцеся, высокі, улічваючы тое, што наша каманда складалася з 22 спартсменаў ва ўзросце 14—17 гадоў (пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, прызёраў і пераможцаў Кубка свету, чэмпіянату Еўропы), якім супрацьстаялі прадстаўнікі яшчэ 38 краін.

Нагадаем, сусветная гімназіяда — гэта буйны дзіцячы спартыўны форум, які праводзіцца Міжнароднай федэрацыяй школьнага спорту (ISF) і садзейнічае ўмацаванню сяброўства паміж моладдзю розных краін. Праграма гімназіяды ўключала спаборніцтвы па 12 відах спорту — спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, плаванні, лёгкай атлетыцы, дзюдо і інш. Наша каманда змагалася ў 5 відах: мастацкая гімнастыка (групавыя і асабістыя спаборніцтвы), плаванне, лёгкая атлетыка (бег 400 м з бар’ерамі, кіданне кап’я), вольная барацьба, дзюдо.

Асабліва ўраджайнай на медалі для Беларусі аказалася мастацкая гімнастыка (4 залатыя, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі), у дзюдо мы заваявалі 2 залатыя медалі і яшчэ 1 залаты медаль у плаванні. Сярэбраную скарбонку беларускай каманды, акрамя мастацкай гімнастыкі, папоўнілі вольная барацьба (2 медалі) і лёгкая атлетыка (1 медаль). Дзве “бронзы”, як ужо адзначалася, у нашых гімнастаў.

Ігар ГРЭЧКА.