Усе колеры маладзёжных захапленняў

- 10:25Навіны рэгіёнаў, Рознае

Велатрыялісты, джамперы, скейтбардысты, ролеры, графіцісты, бітбоксеры, хіп-хоперы — абласное маладзёжнае свята “БелаРусь маладая” сабрала на цэнтральнай плошчы Салігорска больш за тысячу самых актыўных і крэатыўных маладых людзей з усёй Мінскай вобласці. Штогод мерапрыемства становіцца пляцоўкай для прэзентацыі цікавых і сучасных захапленняў моладзі, дэманстрацыі таго, як можна здорава і здарова бавіць вольны час. Дэлегацыі ад кожнага раёна вобласці прыязджаюць сюды, каб паказаць, чым жыве моладзь у іх рэгіёне.

Адметнасцю сёлетняга свята стаў арт-парад “БелаРусь у сэрцы маім” — шэсце маладзёжных дэлегацый раёнаў, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі маладзёжных субкультур, творчых калектываў, маладых рамеснікаў, спартыўных секцый. Кожны раён прэзентаваў творчае выступленне. Арт-парад прайшоў на Міншчыне ўпершыню.

Стаць на некалькі хвілін рыцарам ці кавалём, намаляваць графіці ці стварыць гліняны выраб, паспрабаваць сябе ў каратэ ці рэстлінгу маглі ўдзельнікі фестывалю маладзёжных субкультур. Фестываль стаў працягам свята і дазволіў усім жадаючым не толькі пазнаёміцца з сучаснымі субкультурамі, але і паспрабаваць стаць іх часткай: на плошчы былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі і выставы, прайшлі шматлікія майстар-класы.

Тым часам на сцэне адбываліся творчыя спаборніцтвы. У рамках мерапрыемства прайшоў адборачны тур конкурсу “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Прадстаўнікі кожнага раёна змагаліся за права ўдзельнічаць у фінале конкурсу, які адбудзецца ў Растове-на-Доне. Удзельнікі выконвалі кампазіцыю патрыятычнай тэматыкі і эстрадную песню. Сваімі маладымі моцнымі галасамі яны стварылі цудоўнае музычнае аздабленне свята.

Потым на свяце запалілі “Агонь танца” — абласны адборачны тур гэтага харэаграфічнага конкурсу таксама прайшоў на цэнтральнай плошчы горада шахцёраў. У пяці намінацыях змагаліся аматары спартыўнай лаціны, брэйк-данса, стрыт-данса, усходняга танца, канкурсанты прадставілі свае шоу-праграмы.

Важнай часткай мерапрыемства стаў абласны этап рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Дыялог пакаленняў “Кветкі Вялікай Перамогі”. Да размовы былі запрошаны прадстаўнікі маладога пакалення Міншчыны, а таксама ветэраны вайны і працы, вядомыя беларусы, палітыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, спорту, культуры. Праект стаў вялікай камунікацыйнай адкрытай пляцоўкай, дзе былі агучаны пытанні і праблемы, якія хвалююць зараз маладых людзей: удзел моладзі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, забеспячэнне росту духоўнага, культурнага, навуковага, інавацыйнага патэнцыялу грамадства, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, магчымасці для рэалізацыі здольнасцей і талентаў кожнага і іншае. Разам старэйшае і маладое пакаленні спрабавалі знайсці шляхі вырашэння гэтых пытанняў.

Завяршэнне свята было ў прамым сэнсе каляровым — фестываль фарбаў “размаляваў” удзельнікаў свята. Гэтыя яркія падзеі адбываліся пад жарты каманд КВЗ — пераможцаў абласнога фестывалю і сэты лепшых ды-джэяў Міншчыны, якія ўдзельнічалі ў музычнай бітве.

Важна, что маладзёжнае свята, арганізаванае Мінскім аблвыканкамам і Мінскім абкамам БРСМ, — гэта не проста грандыёзная забаўляльная праграма, яно выконвае выхаваўчую функцыю і мае сацыяльную значнасць.

— Падобныя мерапрыемствы дэманструюць рэальныя інтарэсы, захапленні і памкненні моладзі. Прыемны той факт, што наша моладзь у большай ступені матываваная менавіта на канструктыўнае баўленне вольнага часу. Вулічныя прыгоды і шкодныя звычкі становяцца непапулярнымі сярод маладых людзей Міншчыны, яны аддаюць перавагу здаровай альтэрнатыве — танцам, музыцы, спорту, — лічыць Кацярына Канановіч, другі сакратар Мінскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ”.

Таксама Кацярына Канановіч адзначае, што мерапрыемствы падобнага маштабу арганізоўваюцца пры садзейнічанні дзяржаўных структур, што дае магчымасць паказаць прадстаўнікам улады самых яркіх, крэатыўных і перспектыўных маладых людзей, іх патэнцыял, дапамагчы вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у маладога пакалення, і з дапамогай канструктыўнага дыялогу вырасціць плеяду лідараў, якія ўжо заўтра ўзначаляць важныя сферы дзейнасці нашага грамадства.

— І, вядома ж, значным з’яўляецца тое, — дадае Кацярына, — што маладзёжныя мерапрыемствы дазваляюць з’яднаць лепшыя творчыя сілы моладзі Мінскай вобласці, умацаваць культурныя сувязі і традыцыі раёнаў сталічнага рэгіёна, матывуюць на яшчэ большыя здзяйсненні і перамогі ў імя роднай Беларусі.

Дар’я РЭВА.
Фота Канстанціна КАСЦЕЦКАГА.