Адзін вучань — адзін камп’ютар: матывацыя навучэнцаў

- 11:36Навука і інавацыі, Рознае

Актыўнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у нашай школе пачалося з 2004 года са з’яўленнем сучаснага камп’ютарнага кабінета, падоранага прадпрыемствам-шэфам ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”.

Калі амаль усе педагогі школы выказалі жаданне авалодаць камп’ютарам і выкарыстоўваць новыя праграмна-метадычныя комплексы на ўроках, было арганізавана навучанне настаўнікаў навыкам работы на камп’ютарах. Пры садзейнічанні папячыцельскага савета былі закуплены ПМК “Школьны настаўнік” па рускай мове, матэматыцы.

Праз некаторы час у школе з’явіўся праграмна-тэхналагічны комплекс “ПараГраф”, прымяненне якога дазволіла на больш якасным узроўні арганізаваць кіраванне адукацыйнай дзейнасцю ў школе. Наша школа не толькі дзялілася сваім вопытам, але і імкнулася адкрываць для сябе новыя тэхналогіі. У 2012 годзе педагогі прысутнічалі на выступленні Аляксандра Марцінкевіча, намесніка дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, і больш падрабязна пазнаёміліся з мадэллю навучання “1 вучань — 1 камп’ютар” і матэрыяламі эксперымента па ўкараненні гэтай мадэлі. Калі ж з’явілася магчымасць вывучыць сэрвісы Web 2.0, яны з задавальненнем прынялі ўдзел у трэнінгах, якія праходзілі ў ПВТ. Сустрэча з калегамі-аднадумцамі паспрыяла жаданню прыняць удзел у інавацыйным праекце.

Такім чынам, пачатковая школа Краснасельскага з 2013 года ўключылася ў рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Актуальнасць работы над гэтым праектам вызначалася невысокім узроўнем валодання вучняў ІКТ, неабходнасцю ўдасканалення традыцыйных практык навучання, а таксама магчымасцю актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з дапамогай індывідуальных электронных прылад (ІЭП).

Навукова-метадычнае і інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне ажыццяўлялася праз сайт падтрымкі інавацыйнага праекта (рэжым доступу: http://goo.gl/geU52F) і сайт Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (рэжым доступу: http://goo.gl/voE2Iz) пад кіраўніцтвам кансультантаў А.Г.Сарокі і І.М.Васільевай.

Для рэалізацыі інавацыйнага праекта і вырашэння задач інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі ўжо былі створаны ўсе неабходныя ўмовы: кабінеты мелі неабходнае абсталяванне, інвентар, матэрыялы, вучэбныя дапаможнікі, дадатковую літаратуру па прадметах, рабочае месца настаўніка было абсталявана камп’ютарам, быў камп’ютарны кабінет, 2 мультымедыйныя ўстаноўкі, быў падключаны высакаскорасны інтэрнэт. Усе камп’ютары былі аб’яднаны ў лакальную сетку. З мэтай паспяховай рэалізацыі інавацыйнага праекта за сродкі бацькоў былі набыты 36 ноўтбукаў для навучэнцаў.
У рэалізацыі праекта ўдзельнічалі высокакваліфікаваныя педагогі, для якіх было арганізавана бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі як ва ўстановах дадатковай адукацыі праз семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, так і ў рамках установы адукацыі праз работу пастаянна дзеючага семінара на аснове дыферэнцыраванага падыходу.

Удзел у рэспубліканскім семінары “Адукацыйныя тэхналогіі Intel і шляхі ўкаранення ІКТ у сучаснай школе” ў Гродне паспрыяў таму, што педагогі актыўна ўключыліся ў работу тэматычных трэнінгаў Intel з серыі “Элементы”: “Метады ацэньвання ў класе XXI стагоддзя”, “Метады супрацоўніцтва ў класе XXI стагоддзя”, “Крытычнае мысленне пры рабоце з данымі”, “Метад праектаў”, “1 вучань — 1 камп’ютар: матывацыя навучэнцаў”, а таксама ў работу дыстанцыйных курсаў Intel “Праектная дзейнасць у інфармацыйным адукацыйным асяроддзі XXI стагоддзя”, міжнароднага дыстанцыйнага трэнінгу “Летняя сесія-2015. Чэрвень” па апрабацыі вучэбнага сеткавага праекта “Вандраванне ПДРэшкі”. Па выніках работы быў створаны сеткавы камунікацыйны праект “Падарожжа ў краіну Слоўнікавых Слоў”, які быў прадстаўлены на X Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і адзначаны дыпломам III ступені.

Для аказання дзейснай дапамогі педагогам у рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўстанове працаваў пастаянна дзеючы семінар. Правядзенне заняткаў семінара “Выкарыстанне Web 2.0 у адукацыйным працэсе” спрыяла павышэнню ІКТ-узроўню педагогаў. Настаўнікі пазнаёміліся з анлайн-сэрвісамі для стварэння і правя-дзення апытанняў, галасаванняў і тэстаў Simpoll і Pollservice, пашырылі веды пра сеткавы сэрвіс Blogger, даведаліся пра спосабы стварэння і вядзення блога. Педагогі таксама пазнаёміліся з сэрвісамі для стварэння інтэрактыўных публікацый Calamеo, fotofilmi і сэрвісамі для захоўвання закладак bobrdobr.ru, rumarkz.ru, utx.ambience.ru, навучыліся ствараць анлайн-газеты і інфармацыйныя бюлетэні з дапамогай сэрвісаў wikiwall.ru, www.flipsnack.com.

Як вынік — педагогі змаглі паспяхова навучаць ІКТ вучняў сваіх класаў. Аналіз прымянення сэрвісаў Web 2.0 у адукацыйным працэсе паказаў, што для арганізацыі сумеснай групавой работы ў класе найбольш удала выкарыстоўваліся сэрвісы linoit.com, Stixy (віртуальныя інтэрактыўныя дошкі для размяшчэння аб’яў, ідэй, заданняў па прадметах, фатаграфій і інш.), карты ведаў bubbl.us, SpiderScribe (для сумеснай і індывідуальнай работы пры стварэнні кластараў, блок-схем, напісання сінквейнаў, сістэматызацыі, абагульнення і замацавання вывучанага матэрыялу). Для лепшай візуалізацыі вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваліся сэрвісы WordCloud, Tagxedo-Creator, Tagul, imagechef.com.

Для індывідуальнай работы з навучэнцамі незаменныя сэрвіс стварэння разнастайных дыдактычных вучэбных матэрыялаў у інтэрнэце Learning Apps і праграма для стварэння віктарын, дыдактычных гульняў і тэстаў kahoot. Магчымасці Google-дыска на ўроках выкарыстоўваліся як для сумеснай, так і для індывідуальнай работы: Google-дакумент прымяняўся для напісання сумесных тэкставых работ, правядзення праверачных работ; з дапамогай Google-прэзентацый навучэнцы рыхтавалі прэзентацыі для сваіх выступленняў, а на ўроку стваралі калектыўныя прэзентацыі; Google-табліцы часцей за ўсё выкарыстоўваліся для стварэння крыжаванак ці правядзення даследаванняў на ўроках, а таксама для запаўнення зборнай ведамасці вынікаў работы навучэнцаў; пры дапамозе Google-малюнка выконваліся праверачныя заданні; Google-форма прымянялася падчас стварэння тэстаў для праверкі ведаў па прадметах, анкетавання.

Навучэнцы паспяхова прымалі ўдзел у разнастайных сеткавых праектах: у вэб-квестах “Падарожжа Нязнайкі ў нязведаную галактыку Інтэрнэт”, “Асенняя літаратурная эстафета”, “Зімовая літаратурная эстафета”, “У пошуках Дзеда Мароза”, у сеткавых камунікацыйных праектах “Падарожжа ў краіну Слоўнікавых Слоў”, “Матэматыка ў свеце жывёл”, у вясенняй Маскоўскай анлайн-алімпіядзе “Плюс” па матэматыцы, у конкурсе “Бяспечны свет” ад праекта “Далягляд” і г.д.

Не засталіся без увагі і бацькі вучняў. Ім таксама прыйшлося асвойваць ІКТ, бо яны сталі галоўнымі памочнікамі дзецям дома. Для паспяховага ўзаемадзеяння з вучнямі і іх бацькамі педагогі стварылі блогі класаў “Вясёлыя ўрокі” і “Чамучкі” (рэжым доступу: http://veselieuroki.blogspot.com.by; http://optimist2a.blogspot.com.by і http://www.pochemuchki2014.blogspot.com.by/). Кірункі блогаў — вучэбны і выхаваўчы. На ўроках дзеці выконвалі тэсты, індывідуальныя заданні, якія педагогі рыхтавалі для іх загадзя. Дома можна было вярнуцца да гэтых заданняў, каб прааналізаваць іх выкананне разам з бацькамі. У блогах размяшчалася і пастаянна абнаўлялася інфармацыя пра асноўныя значныя падзеі, якія праходзяць у класе, школе. На старонках блога бацькі маглі не толькі даведацца пра жыццё класаў, але і пазнаёміцца з дакументамі, якія суправаджаюць адукацыйны працэс, — праграмнымі патрабаваннямі па прадметах. Праз блогі ажыццяўлялася зваротная сувязь: можна было пакідаць каментарыі, водзывы, задаваць пытанні.

Выкарыстанне індывідуальных электронных прылад у адукацыйным працэсе паспрыяла фарміраванню дадатковай матывацыі да вучэбнай дзейнасці і росту ІКТ-кампетэнтнасці ў педагогаў, вучняў і іх бацькоў, дазволіла палепшыць якасць навучання, зрабіць працэс навучання і выхавання больш цікавым, інтэрактыўным, асобасна арыентаваным і дзейсным. Рэкамендуем выкарыстанне ІЭП у любой установе адукацыі. А мы, у сваю чаргу, таксама не будзем стаяць на месцы, а працягнем рэалізацыю гэтай тэхналогіі і ў далейшым.

Генадзь НАЗДРАНКОЎ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковай школы
Краснасельскага Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.