Разумныя гульні

- 12:02Выхаванне, Рознае

Аздараўленчы лагер “Спадарожнік” знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Ліды (Гродзенская вобласць). Бадай, лепшага месца для дыслакацыі эрудытаў, чым гэта, не знойдзеш. Удалечыні ад цывілізацыі — ад горада, шуму, транспарту, тэлевізараў, камп’ютараў і нават ад інтэрнэту (тут яго папросту не зловіш) скончылася XVIII Рэспубліканская профільная змена для членаў клубаў інтэлектуальных гульняў. Традыцыйна арганізатарам змены выступіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай лігай інтэлектуальных каманд.

Бітва за лагер

У вёску з арыгінальнай назвай Дакудава з’ехаліся 160 разумнікаў і разумніц з усіх куточкаў Беларусі, каб на працягу 18 дзён памерацца сваім IQ. Усе яны пераможцы і фіналісты інтэлектуальных турніраў і чэмпіянатаў як абласнога і рэспубліканскага маштабу, так і міжнароднага. І колькасць такіх жнівеньскіх змен за плячыма знатакоў — індыкатар важнасці іх інтэлектуальных трафеяў.

Пасля эксперыментальнага турніру, пакуль увесь лагер пераапранаецца і настройваецца на спартыўны матч, на размову запрашаю трох знатакоў. Знаёмцеся: Уладзіслаў Пупшыновіч, дзесяцікласнік сталічнага Ліцэя БДУ, у лагеры — другі раз. Ён двойчы пераможца ў індывідуальнай “Сваёй гульні” на турнірах у Мазыры і ў Гомелі, віцэ-чэмпіён па “Сваёй гульні” ў рэспубліцы. На рахунку яго каманды — 1-е месца на чэмпіянаце Мінска па гульні “Што? Дзе? Калі”, адзін з самых важкіх трафеяў за гэты сезон — кубак Баранак за перамогу на турніры ў Баранавічах (дарэчы, з сямі гульняў яго каманда перамагала ў шасці). У Аліны Данілавай, дзесяцікласніцы гімназіі № 2 Віцебска, на рахунку — дзясяткі інтэлектуальных трафеяў, напрыклад “серабро” на чэмпіянаце рэспублікі па брэйн-рынгу. А вось для Настассі Сахоцкай, якая сёлета скончыла гімназію імя Янкі Купалы, профільная змена прайшла ўжо шосты раз. За сямігадовую інтэлектуальную кар’еру дзяўчына з камандай не раз выйгравала кубак Несцеркі, была прызёрам і пераможцай на чэмпіянатах рэспублікі і Еўропы. Апошнія сем гадоў, якія яна займаецца ў клубе Расціслава Маркавіча Міневіча, Насця вызначае як самыя актыўныя і цікавыя ў яе жыцці. Але іх эпіцэнтрам штогод станавіўся профільны лагер, які ўжо стаў сімвалам жніўня.

Юныя знатакі адпачываюць і ў іншых летніках, але сцвярджаюць, што з іх профільным лагерам ніводны не можа параўнацца. Асабліва апошнія два гады, калі ён праходзіць на базе “Спадарожніка”.
“Гэта лепшы лагер, дзе мы з інтэлектуаламі адпачывалі, — упэўнена агучвае агульнае меркаванне Насця Сахоцкая. — Папярэднія гады мы былі ў розных лагерах і на адной змене з тымі, каму гульні нецікавыя. Тут жа — толькі мы. Яшчэ да прыезду мы адно аднаго ведаем — на працягу сезона сустракаемся на розных інтэлектуальных турнірах, чэмпіянатах. Прыемна адчуваць сябе сярод сваіх, гэта маленькі інтэлектуальны гарадок, свой свет. Тут кожны — твой аднадумца, сябар”.

Аднадумцы ў дзяцей і педагогі, якіх яны таксама ведаюць задоўга да прыезду. Павысіць узровень ведаў, пашырыць кругагляд, павысіць гульнявое майстэрства дапамагаюць члены Беларускага элітарнага тэлевізійнага клуба “Што? Дзе? Калі?”, якія працуюць на змене ў якасці важатых і выхавальнікаў. Але галоўнае, што падкупляе падлеткаў, якія за права трапіць у гэты лагер б’юцца на інтэлектуальных палях на працягу сезона, — магчымасць павучыцца ў іх гульнявому майстэрству.

“Мы ведаем менш за іншых”

Такая магчымасць у іх тут ёсць кожны дзень — пасля снедання па дзве з паловай гадзіны ідуць сур’ёзныя баталіі: “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”, “Хэт-трык”, “Эрудыт-квартэт”, “Тройка”, “Двайны ўдар”… Але самае цікавае, што ў імкненні перамагчы тут няма сапернікаў.

“Саперніцтва — гэта толькі дзве з паловай гадзіны, ды і то на перапынках мы падбягаем адно да аднаго, цікавімся поспехамі, баламі, радуемся адно за аднаго”, — гаворыць Насця.

“Ды і каманды бываюць змешаныя, — дадае Уладзіслаў. — Напрыклад, толькі што мы скончылі эксперыментальны турнір — такі ў нас праводзіўся ўпершыню. Кожны трапіў у рандомную каманду з рандомных людзей і згуляў з імі па 6 пытанняў. Так гульцы мянялі каманды ўсе 6 тураў. Гэта цікавы экперымент. Калі каманда родная, згуляная, зладжаная, з размеркаванымі ролямі — гэта адно, а тут — экстрэмальныя ўмовы. І гэта мае свае перавагі. Так, выйграць складана (можна трапіць як у моцную каманду, так і ў слабую), але пазнаёміцца, пасябраваць — гэта найлепшы спосаб. З некаторымі людзьмі, пакуль не сеў з імі за адзін стол, я ўвогуле не быў знаёмы. Такая гульня з поспехам замяніла б традыцыйныя гульні на знаёмства, на разняволенне ў дзень прыезду.

А вось у “Тройкі” (гульню прыдумаў кіраўнік Гомельскага клуба Леанід Клімовіч) пагуляць з малазнаёмымі не атрымаецца. Яе сутнасць у тым, што ёсць дзве каманды і ў кожнай — па тры гульцы: адзін (капітан) сядзіць спераду, а астатнія два — у яго за спінай. На кожнае пытанне капітан, як толькі зразумее, што яго каманда зможа адказаць на гэтае пытанне, націскае на кнопку. Спачатку адказваюць людзі ззаду, а калі не адказваюць — сам капітан. І ў залежнасці ад таго, колькі правільных адказаў прагучала, права адказу пераходзіць другой камандзе. Галоўнае, што ніхто з гульцоў не мае права апавяшчаць, ведае адказ ці не. Гэтая гульня для зладжаных каманд, у якіх гульцы адчуваюць адно аднаго на ментальным узроўні, ведаюць, хто што ведае. Мая ж любімая гульня — “Эрудыт-квартэт”, калі спадзявацца можна толькі на свае веды. Па сутнасці, гэта тая ж “Свая гульня”, але індывідуальная. Мне цікава пацешыць сваё самалюбства, калі ўдасца выйграць у экстрэмальных умовах”.

“Што само па сабе больш складана, — тлумачыць Аліна. — Калі ў камандзе ёсць географ, гісторык, філолаг, спартсмен, мы на любое пытанне можам адказаць. А калі мне адной, без каманды, задаюць пытанне, скажам, пра футбол Фінляндыі, — я нічога не скажу”.

Аліна і Насця сваю дозу адрэналіну атрымліваюць у “Брэйн-рынгу”. “На абмеркаванне тых жа пытанняў, на якіх у “Што? Дзе? Калі?” даюцца 60 секунд, тут часу няма. Тут, пакуль чытаецца пытанне, трэба прыдумаць адказы, іх абмеркаваць, выбраць правільны, вызначыць, хто будзе адказваць ды яшчэ “абціснуць” саперніка. І, бадай, апошняе — галоўнае: пасля гукавога сігналу націснуць кнопку так, каб не было фальстарту (што дасць камандзе саперніка 10 дадатковых секунд для абмеркавання і права адказу), і не даць апярэдзіць сябе саперніку, — гаворыць Насця. — Але ў якую б гульню мы ні гулялі, любая з іх прымушае перажываць моцныя эмоцыі: і горыч ад няўдач, і радасць перамогі. У любым выпадку гэта вельмі магутныя эмоцыі, якія хочацца перажываць зноў і зноў. Па сваіх адчуваннях інтэлектуальныя гульні вельмі блізкія да спартыўных, а часам адрэналіну тут яшчэ і больш”.

Але калі для дзяцей гульня — гэта эмоцыі, то іх педагогі ведаюць, што за імі хаваюцца куды больш важныя рэчы. Павел Забаўскі, адзін з натхняльнікаў інтэлектуальнай змены, рэдактар беларускай тэлегульні “Што? Дзе? Калі?”, гаворыць: “Па сутнасці, мы ў клубах рыхтуем іх да дарослага жыцця: самастойна, лагічна разважаць. Больш за тое, яны вучацца ісці па самым кароткім шляху: падчас гульні ім трэба за адну хвіліну з камандай знайсці правільны адказ. Наша місія — выгадаваць такіх дзяцей, якія, дзякуючы сваім ведам, уменням і навыкам, змогуць сябе знайсці. І гэта ўсё — знайсці за хвіліну адказ і запісаць яго — цягне за сабой мноства складнікаў. Уменне прымаць рашэнні, уменне знаходзіць паразуменне з камандай, уменне выходзіць з канфліктных сітуацый, бо за хвіліну пражываецца маленькае жыццё. У будучыні ўменне працаваць у камандзе дапаможа ім працаваць у калектыве, вырашаць задачы, знаходзіць выйсце, браць на сябе адказнасць прымаць рашэнні, рабіць так, каб у гэтай камандзе ўсім было камфортна, бо яны ўжо ўмеюць, калі трэба, прамаўчаць, стрымаць свае эмоцыі, недзе наадварот — праявіць іх, умеюць адчуваць адно аднаго, слухаць і чуць. Акрамя таго, мы даём паняцце самаадукацыі. Мы ж кніжкі ўголас не чытаем — дзеці чытаюць самі. Але гэтае імкненне — адкрываць для сябе нешта новае — павінна быць у чалавека заўсёды”.

Можа падацца, што ў інтэлектуальныя гульні гуляюць людзі, якія вельмі шмат ведаюць. Але іх не назавеш ні захоплена “жывымі энцыклапедыямі”, ні абразліва “батанікамі”. “Мы ўвогуле ведаем мала, можа нават менш за іншых, — пераконваюць мяне мае суразмоўцы. — Гуляюць людзі, якія ўмеюць думаць — гэта галоўнае. Большасць пытанняў разлічана не на веды, а на ўменне раскруціць лагічны ланцужок і дайсці да правільнага адказу. Мы імкнёмся стаць не столькі разумнымі, колькі кемлівымі”.

“Самыя нецікавыя пытанні разлічаны на веды: гістарычныя даты, факты. Цікавейшыя тыя пытанні, якія трэба раскруціць, разгледзець з розных бакоў, накідаць розных версій, выбраць лепшую, прымераць, як дэталь у пазле, паглядзець, якая падыходзіць”, — гаворыць Аліна.

Але ж, каб прымераць версію, трэба ўсё роўна мець багаты багаж ведаў. Тут маладыя людзі знаходзяць прычыну толькі ў сваім падыходзе да новай інфармацыі: “ШДК-шнікі ўсю новую інфармацыю стараюцца адфільтраваць, выбраць тое, што можа спатрэбіцца ў будучыні — у гульні ці ў жыцці — і запомніць. А іншыя прапускаюць гэтую інфармацыю і пры выпадку нават не ўспомняць, што гэта чулі, — гаворыць Аліна. — Многія людзі выбіраюць сабе адну сферу: музыку, спорт ці нешта яшчэ — і арыентуюцца там куды лепш, чым мы. ШДК-шнікі эрудзіраваны ва ўсіх пытаннях. Я магу падтрымаць размову пра спорт, пра музыку, новыя кнігі. Магчыма, недзе павярхоўна, але я шмат чула пра ўсё”.

Мабыць, таму страката выглядаюць і інтарэсы інтэлектуалаў: яны рэдка маюць адно хобі. Так, хоць Насця заканчвала 11 клас, таму крыху забылася пра паняцце вольнага часу, бо рыхтавалася да ЦТ, але тым не менш знаходзіла час і для танцаў, і для вакалу, і для спорту, прычым настольным тэнісам дзяўчына займалася сур’ёзна. Аліна ў вольны час іграе на гітары і фартэпіяна, спявае, шмат чытае, прычым усё запар — ад дзіцячых казак да гістарычных дакументаў. Вельмі любіць беларускую літаратуру, культуру і з задавальненнем яе вывучае. Дарэчы, Аліна мае дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. Уладзіслаў у цэнтр сваіх інтарэсаў ставіць гісторыю: не дарма ён вучыцца па гісторыка-прыродазнаўчым профілі, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Але сцвярджае, што ў яго вольнага часу больш, чым хто можа падумаць: “Акрамя інтэлектуальных гульняў, я член клуба ЮНЕСКА, сур’ёзна займаюся мадэляваннем ААН, шмат чытаю і гуляю”.

Інтэлектуальны кайф і энергетычны драйв

Не менш страката выглядае і праграма дня ў лагеры. Канечне, галоўнае тут — гульні. Але ў другой палове дня інтэлектуальную гонку змяняе спартыўная: праводзяцца футбольныя матчы — жаночы і мужчынскі, а таксама валейбольныя, тэнісныя спаборніцтвы, ладзяцца шахматныя турніры. Вечарамі — культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, дыскатэкі, тэматычныя вечарыны, конкурсы, але ўсе яны адметныя, пачынаючы ад конкурсу кліпаў і “Міс лагера”, якая тут павінна быць не толькі самай прыгожай, але і самай эрудзіраванай, і заканчваючы спартыўна-інтэлектуальнымі гульнямі. Напрыклад, адна з любімых гульняў у дзяцей — інтэлектуальны біятлон, калі дзеці і бягуць, і “страляюць”. Толькі на стрэльбішчы трапнымі павінны быць не кулі, а адказы. Святое для кожнага на гэтай змене — традыцыйны тэатральны фестываль. У канцы змены для такіх творчых людзей — цудоўная магчымасць развярнуцца. Тым больш што ў тэатральным фестывалі дзеці не проста ставяць п’есу. Летась, напрыклад, ставілі прыквелы — бралі любы твор і пісалі сцэнарый таго, што было раней: апошнія словы ў сцэнарыі — першая фраза арыгінальнага твора. Рабілі і сіквелы — працяг вядомых твораў, а таксама пастаноўкі розных твораў у стылі розных краін, напрыклад, “Тры парсючкі” на ізраільскі манер”. Сёлета яны пераносілі ў часе вядомыя творы. Канечне, творчым людзям сумна, калі ўсё шаблонна, таму яны і ламаюць гэтыя шаблоны.

“У гэтым і ёсць плюсы профільнага лагера, у якім на змене толькі інтэлектуалы. Мы не падстройваемся пад рэжым лагера, пад яго агульналагерныя мерапрыемствы, а ладзім свае і так, як хочам самі, як цікава нам”, — гаворыць Канстанцін Бусаў, адзін з арганізатараў змены, загадчык аддзела ўзаемадзеяння з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі і развіцця дзіцячых ініцыятыў НЦМТДіМ.

І няхай у “Спадарожніку” ўжо стала ціха — над сцэнай выключаны сафіты, сціх свісток арбітра, не чуваць пытанняў вядучых і версій знатакоў — інтэлектуальны настрой у юнакоў і дзяўчат толькі ўзнімаецца. Наперадзе — новы навучальны год, а з ім — новы інтэлектуальны сезон. А значыць, хутка знатакі ўбачацца зноў. Няхай і за рознымі гульнявымі сталамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.