Раскрыць таленты

- 11:00Дадатковая адукацыя, Рознае

Па добрай традыцыі ў першы панядзелак новага навучальнага года пачаўся рэспубліканскі Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Актыўнае далучэнне навучэнцаў да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, фарміраванне станоўчага іміджу цэнтраў пазашкольнага выхавання — такой з’яўляецца галоўная мэта маштабнай акцыі, якая ўпершыню стартавала ў 2005 годзе і стала своеасаблівай візітоўкай айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

На працягу сямі дзён дзверы кожнай з 305 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны будуць адкрыты для навучэнцаў рознага ўзросту. Тыя, хто імкнецца раскрыць свой талент, вызначыцца з будучай прафесіяй, змогуць пазнаёміцца з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, мастацкага, тэхнічнага профіляў, з сучаснымі, запатрабаванымі моладдзю формамі работы. У кожным раёне пачалося правядзенне канцэртаў, спартыўных свят, творчых выстаў, майстар-класаў. Праз кожнае мерапрыемства чырвонай ніткай праходзіць тэматыка Года культуры, узгадваюцца нашы славутыя літаратары, мастакі, музыканты, навукоўцы. Безумоўна, на кожным свяце гаворыцца пра мір, пра тое, што мы жывём у мірнай краіне. Нездарма 1 верасня для кожнага школьніка быў праведзены ўрок “Нам мір завешчана берагчы!”.

_DSC1100.jpg(Сайт)

Штогадовае традыцыйнае свята правёў 4 верасня і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. На працягу ўжо 30 гадоў у прыгожым будынку (сапраўдным палацы творчасці, таленту, маладосці, што ўзвышаецца на беразе Камсамольскага возера) выхоўваецца маладое пакаленне, якое праслаўляе не толькі сталіцу, але і краіну. Вясёлы, шматлюдны і гасцінны палац кожны год сустракае вучняў з іх талентамі, уменнямі, імкненнямі. Сапраўдныя прафесіяналы дапамагаюць гурткоўцам раскрыць сябе, адкрыць у сабе ўвесь патэнцыял магчымасцей.

 — У кастрычніку 1986 года мы атрымалі гэты цудоўны будынак і з таго часу кожны год праводзім свята “Прывітанне, палац!”, прысвечанае пачатку навучальнага года, а з 2005 года — і пачатку Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета да нас запісалася вялікая колькасць навучэнцаў — больш за 8 тысяч. Гэта даволі высокі паказчык, які сведчыць пра тое, што дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вытрымліваюць канкурэнцыю на рынку паслуг дадатковай адукацыі. У гэтым годзе мы адкрылі 40 новых адукацыйных праграм. Нават для Мінска яны з’яўляюцца эксклюзіўнымі. Напрыклад, на базе Акадэміі навук пачала работу вялікая колькасць гурткоў для тых навучэнцаў, якія мараць стаць навукоўцамі ў розных галінах навукі. Упершыню адкрываем школу сацыёлагаў. У нас будзе цэлы блок гурткоў па эканоміцы, паколькі палацу прысвоены статус рэсурснага цэнтра ў галіне эканомікі. Варта вылучыць і блок гурткоў па тэхнічнай творчасці. Кожны год мы пераглядаем цыкл кірункаў у галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці, паколькі мяняюцца стылі, мода, тэхналогіі, — паведаміла дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр.

 Цэнтральныя падзеі тыдня пройдуць 9 верасня ў Магілёве, дзе адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, урачыстае закрыццё своеасаблівай акцыі. Удзельнікаў свята чакае знаёмства з актуальным вопытам работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэгіёна, канцэртная праграма, выставы творчых работ, шмат чаго яркага, запамінальнага. Пра цікавыя, актуальныя, новыя напрамкі і формы работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны чытайце ў суботу ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.