Грамадзянская сталасць праз гісторыю

- 11:10Рознае, Якасць адукацыі

Пытанне, як выхаваць вучня ў сучасных умовах, хвалюе мяне як настаўніка гісторыі і класнага кіраўніка. Для вырашэння задач па фарміраванні грамадзянскай сталасці школьнікаў, выхавання ў іх пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, палітычнай і маральнай адказнасці неабходна кардынальна мяняць падыходы да выхавання, прыстасоўваць іх да сучасных сацыяльна-эканамічных і духоўных умоў нашага жыцця.

Важнае месца ў сістэме выхавання належыць гуманітарным прадметам і асабліва гістарычнай навуцы і гістарычнай адукацыі. Лічу, што толькі праз захаванне гістарычнай памяці народа, праз правільную і праўдзівую перадачу гістарычных ведаў можна выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, вучыць моладзь любіць Айчыну, працаваць на карысць дзяржавы. У сваёй практычнай рабоце кіруюся закладзенымі ў змесце школьнага курса гісторыі выхаваўчымі магчымасцямі прадмета. Прадумваю сістэму выкладання з улікам узаемасувязі і ўзаемадапаўнення навучання і выхавання, вучэбнай і пазакласнай работы.

Змест школьнага курса гісторыі Беларусі дае настаўніку магчымасць выхоўваць грамадзяніна незалежнай Беларусі. На ўроках вучні знаёмяцца з найважнейшымі падзеямі і фактамі ў гісторыі Бацькаўшчыны, у іх выпрацоўваюцца ўменні самастойна арыентавацца ў падзеях і ацэньваць іх. Патрыятычны светапогляд і нацыянальная самасвядомасць звычайна грунтуюцца на гістарычнай памяці, на ўспамінах пра найбольш яркія падзеі мінулага сваёй Айчыны.

Каб выхаваць грамадзяніна, патрыёта, настаўніку трэба перш за ўсё ўспрымаць вучня як асобу, прымаць яго такім, які ён ёсць, з яго асаблівасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі. Закладзеныя ў змесце школьнага курса гісторыі Беларусі выхаваўчыя магчымасці трэба яшчэ рэалізаваць. Для гэтага неабходна прадуманая сістэма выкладання, заснаваная на ўзаемасувязі і ўзаемадапаўненні навучання і выхавання, вучэбнай і пазаўрочнай работы.

Рыхтуючыся да заняткаў, імкнуся правільна вызначаць выхаваўчыя задачы кожнай тэмы і кожнага ўрока. Паставіўшы канкрэтныя выхаваўчыя задачы, вызначаю ўмовы іх ажыццяўлення. Першая ўмова — адбор яркіх пераканаўчых фактаў, другая — выбар метадычных спосабаў і сродкаў іх даходлівага эмацыянальнага раскрыцця на ўроку з улікам здольнасцей, псіхікі і ўзросту вучняў.

Сістэматычны курс выкладання гісторыі Беларусі пачынаецца ў 6 класе. Паступова вучні назапашваюць, асэнсоўваюць такія паняцці, як радзіма, патрыёт, грамадзянін, грамадзянства, подзвіг, вайна, звычаі і традыцыі продкаў, грамадзянскі абавязак і іншыя.

Вучні павінны ўспрымаць галоўныя каштоўнасці:

* айчыну як краіну, дзе яны нарадзіліся, іх народ, з якім яны звязаны агульнай гісторыяй, мовай, традыцыямі;

* малую радзіму — вёску, пасёлак, раён, у якім яны жывуць, гісторыю роднага краю, асаблівасці побыту, традыцыі яго жыхароў;

* адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на павазе, адсутнасці насілля, агрэсіі, войн.

Выкладаючы гісторыю Беларусі шмат гадоў, прыйшла да высновы, што ўжо самыя першыя ўрокі фарміруюць у вучняў 6-х класаў цікавасць да гістарычнага шляху Айчыны. У сувязі з гэтым імкнуся пераканаць вучняў у надзвычайнай важнасці для ўсіх ведаць гісторыю менавіта сваёй зямлі.

Для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці можа быць выкарыстаны матэрыял тэмы “Культура нашых продкаў”. Вучні даведваюцца аб святах земляробаў і раскрываюць для сябе ўзаемасувязі паміж пакланеннем сілам прыроды і абрадамі. Актуалізуюцца веды аб народных святах, атрыманыя ў пачатковай школе. Навучэнцы самастойна па тэксце падручніка рыхтуюць паведамленні аб адпаведных абрадах. Яны імкнуцца звязаць паміж сабой паняцці “народныя традыцыі” і “абрады”, пранікаюцца адчуваннем значнасці і неабходнасці захавання гістарычных традыцый.

Вывучэнне беларускага сярэдневякоўя — важная прыступка ў працэсе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, бо многія тагачасныя падзеі і факты абуджаюць у вучняў пачуццё гордасці за свой народ і сваю Радзіму. Сур’ёзнае ўздзеянне на вучняў аказвае вобразнае, эмацыянальнае слова настаўніка пра барацьбу нашых продкаў супраць татарскіх і крыжацкіх захопнікаў, пра бітву пад Грунвальдам, пра славутага Давыда Гарадзенскага. Пры вывучэнні тэмы “Грунвальдская бітва і яе гістарычнае значэнне” даю ўсім вучням апераджальнае заданне: прачытаць тэкст падручніка, асобным вучням падрыхтаваць звесткі пра вялікіх князёў Вітаўта, Ягайлу.

На ўроках гісторыі заўсёды адзначаю, што сапраўднымі сынамі свайго народа, людзьмі, чыё жыццё не пражыта марна, былі і ўсе нашы дзеячы культуры, аўтары старажытных летапісаў, перапісчыкі кніг, мастакі. Пры вывучэнні тэмы “Утварэнне беларускай народнасці” школьнікі не проста набываюць веды аб сваім народзе, яго паходжанні — яны знаёмяцца з адметнымі рысамі і характарам беларусаў. Вучні робяць гісторыка-этнаграфічныя даследаванні аб побыце насельніцтва нашай мясцовасці, збіраюць і запісваюць абрады і звычаі, вывучаюць асаблівасці нацыянальнага касцюма, мясцовых дыялектаў. Вывучыўшы гэтую тэму, абавязкова наведваем Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе замацоўваем атрыманыя веды.

Васьмікласнікі на ўроках гісторыі Беларусі знаёмяцца з умовамі і асаблівасцямі ўтварэння беларускай нацыі, вывучаюць эканамічнае і культурнае жыццё, грамадска-палітычную думку, рэвалюцыйныя рухі і выступленні. Каб пашырыць веды вучняў, выкарыстоўваю мясцовы матэрыял пра дзейнасць Ігната Дамейкі, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Чачота, мецэнацкай дзейнасці Радзівілаў.

Шмат матэрыялаў можна выкарыстаць для патрыятычнага выхавання на ўроках у 10 класе. Гэта выхаванне на лепшых традыцыях герояў, якія змагаліся супраць германскай акупацыі і польскай інтэрвенцыі.

Подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны — яскравы прыклад служэння сваёй Радзіме. Праграма па гісторыі дае магчымасць правесці тэматычны ўрок “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Звычайна такі ўрок праводзіцца ў школьным музеі баявой славы 10-й Кубанскай казацкай кавалерыйскай дывізіі, якая вызваляла горад Нясвіж і Гарадзею ад немцаў.

У старшых класах на ўроках гісторыі Беларусі адбываецца сістэматызацыя ведаў вучняў, фарміруюцца іх асабістыя погляды на гістарычныя падзеі і з’явы. Тут выкарыстоўваюцца такія формы работы, як урокі-лекцыі, дыскусіі, круглыя сталы, канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі праводзіліся навукова-тэарэтычныя канферэнцыі, падрыхтаваныя вучнямі старшых класаў.

Падрыхтоўка і правядзенне канферэнцый выклікалі вялікую актыўнасць школьнікаў, далі ім магчымасць пранікнуцца павагай да абаронцаў Радзімы, паспрыялі станаўленню грамадзянскасці і выхаванню патрыятызму ў вучняў. Школьныя канферэнцыі пацвердзілі, што ў вучняў павышаецца цікавасць да навуковай дзейнасці. Старшакласнікі імкнуцца праявіць сябе, сваю індывідуальнасць і творчасць.

Праводзячы ўрокі ў старшых класах, імкнуся вучыць бачыць сваю краіну на фоне дасягненняў іншых народаў і краін. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне, эканамічным, палітычным і культурным сувязям краіны. Хачу данесці да вучняў, што толькі яны змогуць зрабіць сваю Радзіму лепшай, што толькі яны павінны забяспечыць яе дастойны заўтрашні дзень. Старшакласнікі вучацца выказваць свой пункт гледжання на падзеі, з’явы і факты нашай гісторыі і рэчаіснасці, вучацца яго абгрунтоўваць, доказна абараняць, паважаючы пры гэтым іншыя думкі.

Урокі гісторыі Беларусі — складаны псіхалагічны працэс, у якім прымаюць удзел вучні і настаўнік, і яны маюць розную структуру. Мэта ўрока ўключае ў сябе наступныя перспектывы: найбліжэйшую — фарміраваць адносіны да навучання як абуджэння свядомасці, сярэднюю — вучыць працаваць, імкнуцца, каб праца стала цікавым і неабходным заняткам, далёкую — выхаваць свядомых грамадзян дзяржавы. На ўроках гісторыі Беларусі выхоўваюцца не толькі патрыятычныя пачуцці, але і адбываецца маральнае станаўленне і развіццё гарманічнай, усебакова развітой, адукаванай асобы. Ажыццяўляецца гэта праз вывучэнне зместу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, знаёмства з сучасным станам і перспектывамі развіцця гаспадаркі, навукі, культуры нашай краіны, праз знаёмства з пытаннямі дзяржаўнага і палітычнага жыцця. З дапамогай матэрыялаў урокаў імкнуся выхаваць чалавека, які ўсведамляе свой грамадзянскі абавязак, адчувае пачуццё гордасці за нашы дасягненні і перажывае за пралікі і няўдачы, паважае нацыянальныя сімвалы, любіць беларускую мову і культуру.

Сёння любы настаўнік гісторыі выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці нетрадыцыйныя формы навучання школьнікаў, што выклікана фарміраваннем новага стылю педагагічнага мыслення настаўніка, якое арыентуе яго на эфектыўнае вырашэнне вучэбна-выхаваўчых задач ва ўмовах невялікай колькасці гадзін, на ўмацаванне самастойнай творча-пошукавай дзейнасці школьнікаў. Формы ўрокаў не проста абнаўляюцца пад уплывам узмацнення ролі асобы вучня ў навучанні, але і мяняюцца ў бок незвычайных гульнявых форм выкладання матэрыялу.

Перад настаўнікам гісторыі стаяць задачы, якія з’явіліся ў сувязі з пераглядам зместу прадмета: альтэрнатыўныя падыходы да ацэнкі праблем мінулага, прагназаванне падзей і з’яў, неадназначныя маральныя ацэнкі асоб і ходу падзей. Абмеркаванне гэтых пытанняў на ўроку немагчыма без набыцця вучнямі вопыту вядзення дыялогу, дыскусіі і далучэння да творчай дзейнасці. Камунікатыўныя ўменні, здольнасць да мадэлявання сітуацый набываюць усё большае значэнне ў нашым жыцці. Гэтым тлумачыцца ўсё большая ўвага настаўнікаў гісторыі да нетрадыцыйных форм правядзення ўрока.

Формы нетрадыцыйных урокаў вельмі разнастайныя. Выбар формы залежыць ад шэрага фактараў: узроставых асаблівасцей вучняў, узроўню іх падрыхтоўкі, інфармаванасці, псіхалагічных асаблівасцей, кантакту настаўніка з вучнямі.

У 7—8 класах можна праводзіць урокі — завочныя падарожжы. Яны даюць шырокія магчымасці для фарміравання ў вучняў цікавасці да гістарычнага мінулага пры вывучэнні новага матэрыялу. Карыстаючыся контурнымі картамі, атласамі, вучні адчуваюць сябе ўдзельнікамі падарожжа.

Глыбока патрыятычнай паўстае перад намі дзейнасць вялікага дзеяча культуры Францыска Скарыны, які галоўны сэнс свайго жыцця бачыў у служэнні простаму люду. На этапе падрыхтоўкі да ўрока — завочнага падарожжа з элементамі работы ў групах вучні атрымалі апераджальнае заданне — сабраць звесткі пра жыццё і дзейнасць славутага асветніка, падрыхтаваць паведамленне па пэўнай тэме.

У час падрыхтоўкі да ўрока выкарыстоўваўся матэрыял, атрыманы на экскурсіях па старажытных мясцінах, такіх як Полацк, Тураў, Заслаўе, вывучалася дадатковая літаратура. Падрыхтоўчая работа актывізавала дзейнасць вучняў і дапамагла ім даведацца пра свой патэнцыял, паспрыяла развіццю цікавасці да гісторыі Бацькаўшчыны, выклікала ў іх гордасць за славутага земляка.

Сучасны настаўнік практычна на кожным уроку, асабліва ў старшых класах, выкарыстоўвае элементы дыскусіі. Яна мае на мэце выявіць пункты погляду ўдзельнікаў на нейкую праблему і, калі неабходна, правесці ўсебаковы аналіз аднаго з іх, а затым сфарміраваць уласнае меркаванне кожнага вучня па той ці іншай гістарычнай праблеме.

Дыскусіі на тэмы беларускай нацыянальнай культуры садзейнічаюць фарміраванню ў вучняў грамадзянскіх пачуццяў і перакананняў. Прывяду прыклады пытанняў для дыскусіі на ўроку па тэме “Умовы і асаблівасці фарміравання беларускай нацыі”:

* Ці звязана з пачуццём Радзімы паняцце “менталітэт”?

* Ці ўплывае на менталітэт народа гістарычны працэс развіцця дзяржавы?

* Ці адзначаеце вы ў сябе беларускі менталітэт?

* У чым ён выяўляецца?

* Ці звязаны з менталітэтам беларусаў паняцці “грамадзянскасць”, “патрыятызм”?

Урок — гэта форма арганізацыі навучання, жывая і гарманічная частка педагагічнага працэсу. Любы ўрок павінен арганічна ўпісвацца ў сістэму работы настаўніка. Кожны ўрок павінен рэалізоўваць нейкую канкрэтную частку агульных задач навучання. У той жа час урок павінен адрознівацца цэласнасцю і завершанасцю, выконваць канкрэтныя задачы і даваць рэальныя вынікі.

Святлана ЖДАН,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Гарадзеі Нясвіжскага раёна.