Мабільны Полацк — горад веласіпедыстаў

- 14:57Рознае, Спартыўныя падзеі

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — гэта штогадовы міжнародны фестываль, мэта якога — папулярызаваць экалагічныя спосабы перамяшчэння, палегчыць працу грамадскага транспарту, зрабіць горад зручнейшым для жыцця людзей. У гэтым годзе ён праходзіць з 16 па 22 верасня, і Полацк прыняў у ім актыўны ўдзел — у горадзе праклалі першую веладарожку даўжынёй каля 5 кіламетраў і правялі масавы велапрабег да Наваполацка.

У ліку першых

Полацк першым з беларускіх гарадоў далучыўся да Міжнароднай дамовы мэраў, узяўшы на сябе абавязак знізіць да 2020 года выкіды CO2 у атмасферу на 20%. У 2015 годзе, падпісаўшы Хартыю Еўрапейскага тыдня мабільнасці, Полацк стаў таксама першым беларускім горадам, які афіцыйна падтрымаў гэты фестываль экалагічных відаў транспарту. Сёлета з яго ўзялі прыклад Наваполацк і Мінск.

Тыдзень мабільнасці — 2016 у Полацку праводзіцца ў рамках праекта “Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці”. Яго арганізатарамі выступілі Полацкі райвыканкам, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Міжнародны фонд “Інтэракцыя” і Наваполацкая асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Усё для людзей

Для гараджан галоўнай падзеяй тыдня стала з’яўленне першай веладарожкі. 17 верасня сотні палачан з веласіпедамі сабраліся на цэнтральнай плошчы Свабоды, каб адсвяткаваць афіцыйнае адкрыццё веладарожкі і адразу праверыць яе якасць падчас велапрабегу да Наваполацка. Першапачаткова па маршруце стартавала не менш за 300 велааматараў усіх узростаў, а ў Наваполацку да іх далучылася яшчэ каля 200 удзельнікаў. Разам яны вярнуліся ў полацкі парк ля Кургана Бессмяротнасці — там жыхары арганізавалі вялікі гарадскі пікнік.

Пры праектаванні будучай дарожкі ўлады кансультаваліся з велааматарамі. Як расказаў Сяргей Дзмітрыевіч Лейчанка, першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, маршрут веладарожкі выбралі самі гараджане з дапамогай галасавання ў інтэрнэце: “Калі з’явілася гэтая ідэя, мы намецілі прыкладны маршрут і прапанавалі інтэрнэт-суполцы гараджан-веласіпедыстаў выказаць сваё меркаванне, крытыку. Іх пажаданні былі ўлічаны”.

І спорт, і адпачынак

Са з’яўленнем веладарожкі жыхароў горада павіншаваў Санака Самарасінха, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па арганізацыі Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі. “Мне сказалі, што Полацк — адзін з найстарэйшых гарадоў у Еўропе, але я бачу, што ваш горад гатовы адправіцца ў будучыню, — адзначыў ён. — Прыемна бачыць, што тут так шмат моладзі, якая згодна ездзіць на веласіпедах, і вельмі важна, каб ідэя велапрабегаў захоўвалася не толькі на працягу аднаго тыдня ў годзе і не толькі ў двух гарадах краіны. Я заклікаю вас, вашых бацькоў, сяброў, сваякоў кожны дзень задаваць сабе пытанне: “А ці не паехаць мне сёння на веласіпедзе?” Наладжванне інфраструктуры для веласіпедыстаў у гарадах з’яўляецца вельмі важным, але ніякая інфраструктура не дапаможа, калі самі людзі не зменяць сваё стаўленне да экалогіі і ўласнага здароўя”.

На чале калоны веласіпедыстаў Санака Самарасінха разам з Сяргеем Лейчанкам праехаў увесь маршрут велапрабегу: з Полацка ў Наваполацк, а адтуль назад — на полацкі Курган Бессмяротнасці.

22 верасня Полацк і Наваполацк адзначаюць Сусветны дзень без аўтамабіля. Самыя мабільныя школа і прадпрыемства абодвух гарадоў, якія выйграюць конкурс, атрымаюць у падарунак велапаркоўкі. Галоўная ўмова конкурсу — прыехаць на веласіпедах у школу ці на працу ў як мага большай колькасці. Парадуюцца і мясцовыя аўтамабілісты: толькі ў гэты дзень, прад’явіўшы правы або тэхпашпарт, яны змогуць бясплатна ездзіць на аўтобусах і купіць веласіпед са зніжкамі. У полацкіх школах пройдуць майстар-класы на тэму мабільнасці. Для малодшых школьнікаў падрыхтавана акцыя “Дзеці ў руху”, мэта якой — навучыць іх беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя. Спецыяльна да фестывалю мабільнасці ў Полацку і Наваполацку запусцілі бясплатны мабільны дадатак Moovit, які дапамагае планаваць паездкі ў гарадскім транспарце і ацэньваць маршруты.

Пікнік стаў самым маштабным мерапрыемствам Тыдня мабільнасці. У яго праграме — велагонкі і велаконкурсы, канцэрт мясцовых музыкантаў, урокі ёгі, танцаў і фітнесу, дзіцячыя майстэрні, урокі пляцення кошыкаў для веласіпедаў, майстар-клас па маляванні. На кірмашы маладыя палачане прадавалі сувеніры і ўпрыгажэнні, зробленыя сваімі рукамі, правялі лекцыі пра падарожжы без візы і экалагічны лад жыцця, адкрылі фотазону і веламайстэрню, дзе ўсім жадаючым рабілі дыягностыку веласіпедаў і дробны рамонт. Для паркоўкі сотняў веласіпедаў прадбачлівыя арганізатары нават паставілі дадатковыя пераносныя агароджы. Дзеці з захапленнем майстравалі нескладаныя вырабы, малявалі на адкрытых мальбертах і назіралі за хімічнымі доследамі, а яшчэ разам з дарослымі спаборнічалі ў майстэрстве валодання двухколавым “канём”.

Пачатак доўгай дарогі

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці праводзіцца ў Полацку ўжо другі раз. Сёлета ён праходзіць пад лозунгам “Разумная мабільнасць. Моцная эканоміка”, бо адна з найважнейшых мэт фестывалю — паказаць, што выкарыстанне велатранспарту не толькі карыснае для навакольнага асяроддзя, але і эканамічна выгаднае.

Спецыяльна для Полацка ў 2014 годзе быў распрацаваны План устойлівай гарадской мабільнасці, які сумесна стварылі мясцовыя ўлады, эксперты, грамадскія арганізацыі, журналісты і прадпрымальнікі. Ён дапаможа палепшыць якасць транспартных паслуг, пашырыць сетку маршрутаў, стварыць новыя веладарожкі і знізіць негатыўнае ўздзеянне аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе. Бюджэт праекта — 334 тысячы еўра, з іх уклад Еўрапейскага саюза — 299,5 тысячы. Скончыць яго рэалізацыю збіраюцца да сакавіка 2017 года.

Генеральны план Полацка наогул не прадугледжваў будаўніцтва веладарожак, нягледзячы на рост папулярнасці гэтага спосабу перамяшчэння па горадзе. Новы План устойлівай гарадской мабільнасці павінен стаць дарожнай картай, якая ўзмоцніць магчымасці ўлад і грамадзян Полацка для стварэння эфектыўнай транспартнай сістэмы, што адлюстроўвае патрэбы горада. Гэтая стратэгія таксама закране пытанні перамяшчэння паміж Полацкам і Наваполацкам.

Сяргей Лейчанка адзначыў: “Далейшае развіццё сеткі полацкіх веладарожак плануецца менавіта ў гэтым кірунку. У наступным падобным праекце, які будзе падтрымліваць ПРААН, мы будзем рабіць веладарожку паміж Полацкам і Наваполацкам. Гэтую ідэю таксама прапанавалі гараджане-веласіпедысты”. Паводле слоў Сяргея Лейчанкі, яна пройдзе не ўздоўж аўтатрасы, а па беразе Дзвіны. Гэта паменшыць выдаткі на будаўніцтва і скароціць рызыкі дарожных здарэнняў. Збудаваць зручную міжгароднюю веладарожку плануюць ужо ў наступныя пяць гадоў.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота аўтара.