“Стаханаўка” дадатковай адукацыі

- 10:40Людзі адукацыі, Рознае

Не адзін год прамінуў з таго часу, а перад вачыма Алы Мікалаеўны Шабогінай, культарганізатара вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дагэтуль яскрава паўстае адзін яркі малюнак дзяцінства.

— Як ні дзіўна, але памятаю яго дакладна, — усміхаецца Ала Мікалаеўна. — Было мне тады не больш за 5 гадоў. Сонечны, цёплы дзень. Я ў лёгкай квяцістай сукенцы са стужкай у руках. Пад яблыняй сядзіць мужчына і іграе на гармоніку. Вакол сабраўся гурт людзей. Нечакана незнаёмец спыніў ігру і спытаў: “Можа, станцуеш, Алачка?” У знак згоды я кіўнула галавой. Паліліся вясёлыя гукі музыкі, і я пачала кружыцца, узмахваць рукамі. Незнаёмец перастаў ужо іграць, а я ўсё кружылася, кружылася… Потым мяне аклікнула матуля: “Хопіць ужо, дачушка!” Маці падышла да мяне, узяла за руку і дала цукерку. Тады я і вырашыла, што сваё жыццё звяжу са сцэнай, стану артысткай. Пачала мроіць танцамі.

Штосьці з задуманага ў маленстве не збылося, а нешта знайшло рэальнае ўвасабленне. Пасля заканчэння школы А.М.Шабогіна нечакана вырашыла стаць бібліятэкарам.

— Не, я сваёй мары не здрадзіла, — прызнаецца Ала Мікалаеўна. — Гэта атрымалася выпадкова. У Беларускі ўніверсітэт культуры на бібліяграфічную справу паступала лепшая школьная сяброўка Таццяна Крысіна (цяпер загадчык Маларыцкай дзіцячай бібліятэкі), якая ўгаварыла падаць туды разам дакументы. Але я не паступіла.

Каб не марнаваць год, А.М.Шабогіна вырашыла ўладкавацца на работу. Аддзел культуры якраз шукаў кіраўніка Ужоўскага сельскага дома культуры.

— Работа вельмі падабалася, — успамінае Ала Мікалаеўна. — Шмат мерапрыемстваў праводзіла. Бралася за ўсё. Атрымлівалася добра. Мяне перапаўнялі ідэі, якія хацелася неадкладна ўвасобіць. Работа прыносіла вялікае маральнае задавальненне. Але я разумела, што для яе працягу неабходна спецыяльная адукацыя, таму праз год я паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Вельмі хацелася набыць спецыяльнасць, звязаную з танцамі.

Студэнцкія гады былі творчымі, вясёлымі, цікавымі, насычанымі на сустрэчы з вядомымі людзьмі. Вучылішча канчаткова сфарміравала ўпэўненасць у тым, што жыццёвы лёс неабходна звязаць з дзецьмі і танцамі. Але, як гэта аб’яднаць у адно цэлае, Ала Мікалаеўна пакуль не ведала.

Пасля заканчэння вучобы А.М.Шабогіна атрымала дыплом з адзнакай па спецыяльнасці “Арганізатар культурнай дзейнасці ў вольны час. Кіраўнік самадзейнага харэаграфічнага калектыву”. На першае месца работы малады спецыяліст прыехала ў Маларыту. У гарадскім Доме культуры ёй прапанавалі пасаду балетмайстра.

— Гэта было крыху не тое, што я ўяўляла і чым хацелася займацца, — гаворыць Ала Мікалаеўна. — Пэўны час шукала сябе. Набіралася вопыту ў старэйшых калег.

У 1996 годзе А.М.Шабогіна перайшла ў Дом піянераў Маларыты, дзе стала кіраўніком танцавальнага гуртка і культарганізатарам.

— Гэта было якраз тое, чаму вучылася і да чаго імкнулася, — гаворыць Ала Мікалаеўна. — Упэўнілася, што танец як сапраўднае мастацтва дае сілы, натхненне і жаданне жыць больш цікава. Танец для мяне — гэта своеасаблівае асяроддзе, у якім я жыву, якім дыхаю, з якога чэрпаю ідэі і ўвасабляю іх на сцэне. Ужо 20 гадоў займаюся справай для душы. Дапамагаю дзецям паказаць сябе, а іх бацькам — убачыць талент сваіх сыноў і дачок.

Падчас работы А.М.Шабогіна закончыла БрДУ імя А.С.Пушкіна.

— Жыццё ў педагагічнай прафесіі — гэта нястомная праца, — лічыць Ала Мікалаеўна. — Быць настаўнікам — значыць пастаянна выпрабоўваць сябе на мудрасць і цярпенне, прафесійнае майстэрства, чуласць, спагаду і дабрыню. Педагог — самая шматгранная прафесія на зямлі, якая спалучае ў сабе строгасць інструкцый і загадаў, сардэчную дабрыню, цеплыню і акцёрскае майстэрства.

За час педагагічнай дзейнасці А.М.Шабогіна атрымала шмат узнагарод. Ала Мікалаеўна адзначана дыпломамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзядоў марозаў і снягурак “Ёлка-фэст” і Рэспубліканскага конкурсу гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы” (у 2013 і 2014 гадах). А.М.Шабогіна заняла 1-е месца ў сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе на лепшую сцэнарную распрацоўку навагодняй конкурсна-гульнявой праграмы “Чароўны гадзіннік, ці Навагоднія прыгоды Бураціна”.

Ала Мікалаеўна заўсёды рыхтуе арыгінальныя гульнявыя праграмы з цудоўным мастацкім і музычным афармленнем, пастаянна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі. Педагог назапасіла багаты матэрыял па тэмах: “Выхаванне ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці”, “Гульня як сродак сацыялізацыі школьнікаў падчас правядзення культмасавых мерапрыемстваў”, “Роля масавых мерапрыемстваў у сістэме грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў” і “Прапаганда здаровага ладу жыцця”.

Цікаўлюся ў Алы Мікалаеўны: “Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны педагог?”

— Сапраўдным настаўнікам можа быць толькі чалавек вельмі чулага сэрца і шчырых пачуццяў, той, хто самаахвярна аддае свае душэўныя багацці і веды вучням, хто ўзбагачае дзяцей духоўным вопытам, вядзе за сабой, — адказвае А.М.Шабогіна. — Але самае галоўнае — гэта любоў да дзяцей, з якімі працуеш. Прафесія настаўніка складаная, бо патрабуе штодзённага гарэння, справядлівасці, разумнай строгасці і патрабавальнасці.

Сёння А.М.Шабогіну некаторыя калегі жартаўліва называюць “стаханаўкай”. Яе галоўныя якасці — чалавечнасць, талент, тактоўнасць і неверагодная працавітасць.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.