Беларусь дэманструе адкрытасць у пытаннях будаўніцтва АЭС

- 11:40Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Намеснік генеральнага дырэктара па энергетыцы Еўрапейскай камісіі Герасімас Томас лічыць, што Беларусь дэманструе адкрытасць у пытаннях будаўніцтва АЭС. Аб гэтым ён заявіў пасля наведвання пляцоўкі будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Дэлегацыя Еўракамісіі на чале з Герасімасам Томасам азнаёмілася таксама з экспазіцыяй інфармацыйнага цэнтра. Членаў дэлегацыі цікавілі пытанні бяспекі, падрыхтоўкі персаналу, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, захоўвання свежага і адпрацаванага ядзернага паліва. “Такі аб’ект, як інфармацыйны цэнтр АЭС, вельмі неабходны ў Астраўцы. Страх перад атамнай энергетыкай выклікаецца недахопам інфармацыі, а цэнтр дапамагае людзям ліквідаваць прабелы ў ведах аб атамнай энергіі”, — адзначыў Герасімас Томас.

Прадстаўнікам Еўракамісіі расказалі аб тым, якія змяненні адбыліся з горадам і Астравецкім раёнам пасля пачатку будаўніцтва Беларускай АЭС. Удзельнікі дэлегацыі паглядзелі невялікі фільм і зрабілі аглядную экскурсію па горадзе, пасля якой накіраваліся на будаўнічую пляцоўку АЭС.

Непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы прадстаўнікі Еўракамісіі азнаёміліся з ходам будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Каля макета энергаблока дэлегацыі расказалі аб сістэмах бяспекі, прадугледжаных у праекце Беларускай АЭС. Члены дэлегацыі ўбачылі будаўніцтва АЭС з назіральнай пляцоўкі, наведалі турбінную і рэактарную залы.

Завяршальным пунктам маршруту стаў вучэбна-трэніровачны цэнтр Беларускай АЭС. Тут удзельнікі дэлегацыі Еўракамісіі азнаёміліся з сістэмай падрыхтоўкі персаналу, методыкамі і тэхнічнымі сродкамі навучання, а таксама папрысутнічалі на адных з заняткаў змены энергаблока, на якіх адпрацоўваліся дзеянні персаналу ў час аварыйнай сітуацыі — спынення галоўнай цыркуляцыйнай помпы.

У ходзе візіту дэлегацыя Еўрапейскай камісіі на чале з Герасімасам Томасам абмеркавала з беларускім бокам шырокае кола пытанняў і ўзаемадзеянне ў кантэксце рэалізацыі першай Беларускай ядзернай энергетычнай праграмы. Асноўная тэма візіту — стрэс-тэсціраванне (ацэнка рызык і бяспекі атамнай станцыі).

“Што датычыцца атамнай станцыі ў Астраўцы, то Міністэрства энергетыкі, рэгулятар, заказчык будаўніцтва прадаставілі нам даныя адносна гэтага праекта, і я магу сказаць, што прадстаўнікі ўсіх органаў улады адкрыта дзяліліся з намі той інфармацыяй, якая цяпер ёсць”, — адзначыў Герасімас Томас.

“Гэта быў вельмі адкрыты візіт у адкрытай атмасферы, нам паказалі ўсё, што мы хацелі ўбачыць”, — падкрэсліў ён.

На яго думку, супрацоўніцтва з Беларуссю ў энергетычнай сферы не павінна абмяжоўвацца толькі атамнай тэматыкай. “Мы спадзяёмся, што ў нас будзе магчымасць абмяркоўваць супрацоўніцтва ў развіцці тэхналогій аднаўляльнай, альтэрнатыўнай энергетыкі і мы зможам абмяркоўваць пытанні распрацоўкі нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы”, — растлумачыў ён.

Прадстаўнік Еўракамісіі выказаўся за пашырэнне ўзаемадзеяння з Беларуссю. “Еўрапейскі саюз імкнецца актывізаваць супрацоўніцтва і дыялог з Беларуссю ў многіх галінах. Напрыклад, мы спрабуем павялічыць аб’ём інвестыцый праз Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і шукаем новыя магчымасці для супрацоўніцтва”, — дадаў ён.

Герасімас Томас таксама адзначыў, што большасць членаў дэлегацыі Еўракамісіі і ён сам наведваюць Беларусь упершыню. “Мы вельмі ўражаны сталіцай краіны, мы палюбілі Мінск”, — сказаў ён. Намеснік гендырэктара па энергетыцы Еўракамісіі адзначыў высокі ўзровень гасціннасці беларускага боку.