Расія: у Маскве збяруцца прадстаўнікі адукацыйнай галіны СНД

- 11:08Паралелі, Рознае

У рамках плана мерапрыемстваў, прысвечаных Году адукацыі СНД, а таксама ў сувязі са святкаваннем 25-годдзя стварэння СНД 3–4 кастрычніка 2016 года ў Маскве адбудзецца IV з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Асноўная тэма з’езда, арганізатарам якога з’яўляецца Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, — развіццё інавацый у сучасным адукацыйным асяроддзі дзяржаў — удзельніц СНД як фактар павышэння якасці і даступнасці адукацыі.

Разам з настаўнікамі і работнікамі адукацыі ў Маскву прыбудуць кіраўнікі нацыянальных міністэрстваў адукацыі і навукі СНД, прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных і недзяржаўных адукацыйных арганізацый, міждзяржаўных і міжурадавых арганізацый СНД, адукацыйнай і навуковай супольнасці. Усяго ў рабоце з’езда плануецца ўдзел больш чым 300 дэлегатаў з Расіі, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана. Расійскую дэлегацыю ўзначаліць міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Вольга Васільева.

Удзельнікі форуму прааналізуюць асноўныя тэндэнцыі развіцця адукацыі ў краінах СНД, распрацуюць новыя адзіныя падыходы да адукацыйнага працэсу на прасторы Садружнасці, абмяняюцца інавацыйным навукова-педагагічным вопытам, паспрабуюць сфарміраваць механізм узаемадзеяння краін у сферы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для розных галін эканомік дзяржаў — удзельніц СНД.