Знайсці месца, дзе “вытанцоўваецца”

- 11:35Рознае, Суразмоўца

Для многіх нечаканасцю стала землетрасенне, якое ў ноч на суботу адбылося ў румынскіх Карпатах, бо яго водгаласы дакаціліся ажно да Беларусі. У Гомелі людзі, асабліва на верхніх паверхах, сталі сведкамі таго, як дрыжалі сцены, бразгатала шкло і з паліц падаў посуд. Нязвыклыя да падобных рэчаў гамяльчане зведалі сапраўднае ўзрушэнне, некаторыя нават тэлефанавалі ратавальнікам. Людзі пыталіся, ці чакаць ім новых штуршкоў (а многіх гэтае пытанне, напэўна, хвалюе і цяпер).

Якраз напярэдадні карпацкага землетрасення мы сустрэліся з загадчыкам кафедры дынамічнай геалогіі геаграфічнага факультэта БДУ, доктарам геаграфічных навук, прафесарам В.М.Губіным і пагутарылі пра геалагічныя асаблівасці нашай краіны. У прыватнасці, Валерый Мікалаевіч паведаміў, што водгаласы далёкіх землетрасенняў — гэта не такая ўжо рэдкая з’ява для Беларусі. Сейсмічныя хвалі даходзяць да нас нават за тысячы кіламетраў. Часцей за ўсё іх фіксуюць сейсмолагі, але зрэдку іх адчуваюць і звычайныя людзі ў звычайных дамах.

— Землетрасенні заўсёды былі на нашай зямлі. На шчасце, яны не мелі вялікай разбуральнай сілы, таму ў архіўных запісах звычайна апісваўся моцны гул ветру, выбіванне шкла ў вокнах, разбурэнне лядашчых збудаванняў, а таксама моцны страх людзей і жывёл. У прыватнасці, падобныя звесткі ёсць аб землетрасенні, якое адбылося ў снежні 1887 года ў Барысаўскім павеце паблізу возера Сялява. Тады яшчэ не было сейсмічных станцый (інструментальныя метады, якія фіксуюць землетрасенні, пачалі прымяняцца толькі ў канцы XIX стагоддзя), але, верагодна, інтэнсіўнасць страсення зямной паверхні была каля 6 балаў.

Даволі моцнае землетрасенне (інтэнсіўнасцю 4—5 балаў) адбылося 10 мая 1978 года паблізу Салігорска. Яго зафіксавалі геафізічныя абсерваторыі “Плешчаніцы” (Мінская вобласць) і “Обнінск” (Калужская вобласць, Расія). Тады на шахтных палях ААТ “Беларуськалій” абрынулася больш за 3 тысячы тон саляносных горных парод. Навукоўцы звязалі гэтую сейсмічную падзею з моцным землетрасеннем, якое адбылося ў румынскіх Карпатах.

— Атрымліваецца, што ў нашу раўнінную Беларусь землетрасенні прыходзяць з гор, якія размешчаны за тысячу кіламетраў?

— Так, Беларусь размешчана ў заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай платформы, і тут няма сейсмічнай актыўнасці. Таму ўсе зафіксаваныя ў нас землетрасенні з інтэнсіўнасцю страсення зямной паверхні ад 1—2 да 4—5 балаў (па шкале МSК-64) — транзітныя, гэта значыць, што іх ачагі знаходзяцца далёка за межамі краіны. Яны не маюць моцнай разбуральнай сілы. Землетрасенні інтэнсіўнасцю 1—2 балы ў шэрагу выпадкаў узнікаюць у выніку парушэння пародных масіваў пры выманні калійных солей шахтавым спосабам на Старобінскім радовішчы. Такія сейсмападзеі называюць тэхнагеннымі землетрасеннямі.

Сёння, дзякуючы дыстанцыйнаму зандзіраванню зямлі з космасу, ужо ўстаноўлена ўзаемасувязь эпіцэнтраў землетрасенняў c геаактыўнымі зонамі зямной кары. І ў гэтым сэнсе тэрыторыя Беларусі надзвычай цікавая для вывучэння. Напрыклад, эпіцэнтр барысаўскага землетрасення можна ўбачыць на касмічных здымках у выглядзе лінеаментаў — лінейных і дугападобных элементаў рэльефу, звязаных з глыбіннымі актыўнымі разломамі.

Пры картаванні геаактыўных зон высокай інфарматыўнасцю адрозніваюцца касмічныя здымкі, атрыманыя з Беларускага касмічнага апарата, выведзенага на арбіту 22 ліпеня 2012 года. Аналіз даных дазволіў выявіць прасторавыя ўзаемасувязі геаактыўных зон з эпіцэнтрамі землетрасенняў інтэнсіўнасцю ад 1—2 да 4—5 балаў.

— Скажыце, Валерый Мікалаевіч, якія яшчэ працэсы, акрамя землетрасенняў, могуць адбывацца ў згаданых вамі геаактыўных зонах?

— На працягу каля 4,5 млрд гадоў у нетрах нашай планеты працякалі розныя глыбінныя працэсы. Пад іх уздзеяннем і з прычыны кручэння зямнога шара вакол сваёй восі ў верхняй абалонцы планеты сфарміраваліся геаактыўныя зоны. Яны ўяўляюць сабой сістэмы разломаў і ўчасткі павышанай трэшчынаватасці зямной кары, якія актыўна выявіліся на найноўшым этапе геалагічнай гісторыі (у апошнія 30 млн гадоў). На паверхні гэта выяўляецца ў рэльефе, покрыўных адкладах, гідралагічных асаблівасцях і іншых прыродных кампанентах ландшафту.

На касмічных здымках геаактыўныя зоны адлюстроўваюцца ў асаблівай форме рачных далін (у выглядзе лінейна арыентаваных і каленападобных выгібаў рэчышчаў), прымеркаванасці азёрных катлавін, забалочаных нізін і іншых кампанентаў ландшафту да пэўных ліній. Усё гэта і ёсць лінеаменты. Іх геолага-геафізічная інтэрпрэтацыя дазваляе ўсталяваць сувязь геаактыўных зон з разрыўнымі парушэннямі, павышанай трэшчынаватасцю, пранікальнасцю і напружанасцю ў зямной кары, што аказвае істотны ўплыў на інжынерна-геалагічную сітуацыю. У такіх зонах актывізуюцца тэхнагенныя працэсы, выкліканыя зрушэннем масіваў горных парод пры асваенні радовішчаў карысных выкапняў, парушэннем натуральнага рэжыму гідрасферы ў выніку адбору падземных вод і г.д.

У геаактыўных зонах, асабліва ў месцах іх перасячэння, узнікаюць дэфармацыі інжынерных збудаванняў, асфальтавага палатна аўтамабільных дарог, пачашчаюцца аварыйныя выпадкі на магістральных трубаправодах, адбываюцца іншыя негатыўныя з’явы. Таму пры праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі розных інжынерных збудаванняў трэба абавязкова ўлічваць прасторавае размеркаванне геаактыўных зон.

— А ці аказваюць геаактыўныя зоны ўплыў на чалавека?

— Так, у межах разломаў зямной кары могуць узнікаць геапатагенныя зоны. Там адзначаюцца геафізічныя палі і геахімічныя анамаліі, якія аказваюць негатыўнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і расліны. У народзе ведалі пра іх і стараліся абыходзіць. Доўгае знаходжанне ў такіх месцах адмоўна ўплывае на стан жывых істот, у тым ліку на здароўе чалавека. У прыродзе вызначыць іх нескладана: дрэвы там растуць крывыя, дуплаватыя, часта ссохлыя і сапсаваныя. І калі алешына, асіна і вярба могуць развівацца ў падобных месцах, то хвоя і елка будуць хварэць, у многіх раздвойваюцца ствалы, на іх з’яўляюцца нарасты. Нездарма такія геапатагенныя зоны людзі называлі гіблым месцам. А Мікалай Гогаль пісаў, што ў такім месцы “не вытанцоўваецца”.

Нашы продкі старанна выбіралі тэрыторыі, дзе будаваць дамы і цэрквы. Асаблівую ўвагу звярталі на паводзіны жывёл: “будуй дом там, дзе ляглі авечкі”. Людзі ведалі, што ніводзін сабака не ляжа ў радыусе дзеяння геапатагеннай зоны, а вось катам усё роўна, дзе спаць. Нядаўна канадскія даследчыкі ўстанавілі, што іх скура цалкам нейтралізуе геапатагенны ўплыў.

— Скажыце, Валерый Мікалаевіч, як можна выявіць геапатагенную зону ў побыце, у прамысловасці, каб мінімізаваць яе негатыўны ўплыў на людзей і тэхніку?

— Для выяўлення геапатагенных зон служаць розныя прыборы, якія вымяраюць параметры фізічных палёў і выпраменьванняў на зямной паверхні. Яшчэ са старажытнасці вядомы метад біялакацыі, які і цяпер прымяняецца лазаходцамі. У яго аснове ляжыць унікальная здольнасць чалавека ўспрымаць фізічныя палі зямлі. Сучасныя даследчыкі выкарыстоўваюць больш дасканалыя прыборы.

Прырода геапатагенных зон да канца не вывучана, і пэўнага меркавання навукоўцаў аб паходжанні гэтай з’явы няма. Але ў тым, што такія месцы існуюць і аказваюць негатыўнае ўздзеянне на арганізм чалавека і прыродную сітуацыю ў цэлым, няма сумненняў. На жаль, у Беларусі не ўдзяляецца належнай увагі вывучэнню прасторавага размеркавання геапатагенных зон.

— Што рабіць чалавеку, калі раптам высветліцца, што яго дом знаходзіцца ў геапатагеннай зоне?

— Ад уздзеяння геапатагенных зон ратуе рухавы лад жыцця. Зоны аказваюць негатыўны ўплыў на чалавека, калі ён знаходзіцца там працяглы час. Калі ж чалавек актыўны і шмат часу праводзіць на спрыяльнай тэрыторыі, то ахоўныя сістэмы яго арганізма нейтралізуюць адмоўны ўплыў геапатагенных зон.

Зараз у айчыннай геалогіі фарміруецца такі навуковы напрамак, як экалагічная геадынаміка. Ён закліканы вырашаць праблемы ўздзеяння ўнутраных і знешніх працэсаў зямлі на развіццё прыроды і чалавечага грамадства. А ўвогуле, чалавек павінен быць чуйным да прыроды. Гэта дазволіць яму знайсці гармонію з навакольным светам.

— Дзякуй, Валерый Мікалаевіч, за інтэрв’ю.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва В.М.ГУБІНА.