У аснове любога поспеху — работа, ініцыятыва і вера ў сябе

- 11:01Рознае, Суразмоўца

За апошнія восем гадоў Востраўская сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці пяць разоў атрымлівала сертыфікат пераможцы раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі. За эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця навучэнцаў сёлета навучальная ўстанова занесена на Галерэю славы раёна. Пра тое, як уплывае знаходжанне школы ў сельскай мясцовасці на арганізацыю адукацыйнага працэсу, якія праекты рэалізуюцца педагагічным калектывам, як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў, наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам Востраўскай сярэдняй школы Аленай Лявонцьеўнай ДЫДЫШКА.

— Алена Лявонцьеўна, з якім настроем педагогі школы пачалі новы навучальны год?

— Новы навучальны год, як і новы каляндарны год, заўсёды прыносіць штосьці новае. Наша школа перайшла на электронныя журналы і дзённікі, якія дазволяць ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход да кожнага навучэнца, выстройваць і аналізаваць яго індывідуальную адукацыйную траекторыю на працягу ўсяго перыяду навучання. Арганізавана таксама работа клуба фінансавай дасведчанасці.

Атрыманы сертыфікат пераможцы раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі, на якім аналізаваліся крытэрыі і паказчыкі дзейнасці ўстановы ў параўнанні з папярэднім годам (кадравы патэнцыял, матэрыяльная база, якасць адукацыі і эканамічныя паказчыкі), і пасведчанне аб занясенні на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна, безумоўна, натхнілі і надалі новыя сілы і цудоўны настрой на работу.

— Вы дастаткова вопытны кіраўнік, узначальваеце школу ўжо 19 гадоў. Як настроіць калектыў на поспех?

— У аснове любога поспеху стаіць работа, ініцыятыва і вера ў сябе. На гэта і варта настроіць педагогаў, зрабіўшы іх аднадумцамі.

— Ці ўплывае знаходжанне школы ў сельскай мясцовасці на арганізацыю адукацыйнага працэсу? Якія педагагічныя тэхналогіі выкарыстоўваюць настаўнікі?

— Адна з задач, над вырашэннем якіх працуе наш педагагічны калектыў, — гэта павышэнне якасці адукацыі шляхам стварэння камфортных умоў для развіцця індывідуальных асаблівасцей і магчымасцей кожнага дзіцяці праз сістэму факультатыўных заняткаў, заняткаў дадатковай адукацыі, шляхам далучэння навучэнцаў да даследчай і творчай дзейнасці, стварэння клубаў па інтарэсах.

Не сакрэт, што толькі тое навучанне з’яўляецца добрым, якое забягае наперад развіцця. Гэта значыць навучанне павінна арыентавацца не на ўчарашні, а на заўтрашні дзень развіцця дзіцяці. Каб кожны навучэнец, завяршаючы навучанне ў школе, разумеў, дзе выпускнік школы з такімі здольнасцямі, узроўнем ведаў, інтарэсамі, дамаганнямі, характарам, іншымі асобаснымі якасцямі зможа заняць адэкватную сацыяльную нішу, каб быць прынятым, паважаным, любімым, каб змагчы крэатыўна аднесціся да дзейнасці, стварыць сям’ю, быць законапаслухмяным, весці здаровы лад жыцця, быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе аграгарадка мае свае асаблівасці. Навучанне ў школе павінна быць адаптавана да ўмоў сваёй мясцовасці, бо сельская школа — гэта кузня будучых спецыялістаў, якія прыйдуць працаваць у сваю родную вёску. І ад узроўню зладжанай дзейнасці ўстановы сёння залежыць жыццё на сяле заўтра. Наш калектыў гэта разумее. Таму ў выніку мы маем няхай невялікі, але вынік. 50% нашых выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Кожны з навучэнцаў выбраў сваю прафесію, але тую, якая сёння запатрабавана ў нашым рэгіёне. 30% выпускнікоў звязалі сваю будучую прафесію з лясной гаспадаркай, 30% — выбралі інжынерна-тэхнічныя і будаўнічыя спецыяльнасці, 20% — гэта будучыя педагогі і медыцынскія работнікі, 10% — стануць спецыялістамі сельскай гаспадаркі і 10% — паступілі ва УВА МНС.

На працягу шэрага гадоў нашы навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі і дыпламантамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай і рускай мове, матэматыцы, гісторыі, абласных алімпіяд па здаровым ладзе жыцця, асновах бяспекі жыццядзейнасці, а таксама пераможцамі і дыпламантамі разнастайных творчых конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку і абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Так, летась, дыпломам ІІ ступені быў адзначаны чацвёртакласнік Данііл Зелянеўскі (кіраўнік — настаўніца пачатковых класаў Таццяна Антонаўна Петрашэвіч). Дыпломаў удастоены дзевяцікласніцы Аляксандра Горбік па матэматыцы і Паліна Лук’янчык па экалогіі (кіраўнік — настаўніца матэматыкі Таццяна Аляксееўна Котава).

У сваёй рабоце педагогі шырока выкарыстоўваюць інфармацыйныя і асобасна арыентаваныя тэхналогіі, тэхналогію мнагамерных дыдактычных адзінак, тэхналогію супрацоўніцтва і праблемнае навучанне. Прымяняюць метады нейралінгвістычнага праграмавання, выкарыстоўваюць элементы французскіх педагагічных майстэрняў і элементы гульнявых тэхналогій. Для фарміравання ключавых кампетэнцый навучэнцаў вядзецца работа па праектнай і даследчай дзейнасці. Займаючыся даследчай дзейнасцю, вучні спазнаюць навакольны свет, вучацца аналізаваць, мадэляваць дзеянні, прагназаваць вынік. Практычна даследчая дзейнасць — гэта шлях да самапазнання і самавызначэння, першы крок у будучую прафесію.

— Якое месца ў адукацыйным працэсе займае арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання?

— Профільнае навучанне ў нашай установе адукацыі арганізаваць складана з-за малой колькасці навучэнцаў. Усяго ў школе вучацца 65 навучэнцаў. Напаўняльнасць класаў вар’іруе ад 5 да 10 навучэнцаў. Таму на сёння мы актыўна займаемся дапрофільнай падрыхтоўкай навучэнцаў.

У школе дапрофільная падрыхтоўка ажыццяўляецца і на першай, і на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Яна ўяўляе сабой сістэму педагагічнай, псіхалагічнай, інфармацыйнай і арганізацыйнай дзейнасці ўстановы і складаецца з трох этапаў. Этап першы — пазнавальны — ахоплівае 1—4 класы. Мэта работы на гэтым этапе: стварэнне адукацыйнага асяроддзя, якое будзе садзейнічаць выхаванню ў дзіцяці асобасных якасцей, што даюць магчымасць рабіць выбар у сітуацыях самавызначэння. Навучэнцы знаёмяцца са светам прафесій праз экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, інтэлектуальныя гульні, вусныя часопісы, ранішнікі. Для іх арганізаваны факультатыўныя заняткі “Рашэнне тэкставых задач”, “Язык родной, дружи со мной”, “Мая Айчына”, заняткі дадатковай адукацыі “Берагоша”, “Бібліёша”, “Арыгамі”. Мы наладзілі супрацоўніцтва з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай Ляхавіч і арганізавалі работу спартыўнай секцыі па футболе. Кожная прыступка пачатковай школы працуе ў пэўным напрамку.

Этап другі — пошукавы — ахоплівае 5—6 класы і мае на мэце выяўленне адукацыйнага запыту навучэнцаў. Менавіта ў 5 класе дзіця пачынае задумвацца: “Навошта я вучуся?”, і ўжо ў гэтым узросце імкнецца самарэалізавацца. На гэтым этапе мы імкнёмся актывізаваць дапрофільную падрыхтоўку, таму што толькі пры яе дакладнай арганізацыі самарэалізацыя навучэнцаў будзе праходзіць не толькі ў выглядзе сяброўства і захапленняў, але і ў імкненні да пэўнай дзейнасці, а значыць — і да пэўнай прафесіі. Навучэнцы сярэдняга звяна актыўна ўцягнуты ў дзейнасць дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. Таксама для іх арганізаваны факультатыўныя заняткі “Матэматыка пасля ўрокаў”, “Грамадска-карысная праца”, “Энергазберажэнне”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, працуюць спартыўныя секцыі па футболе і лёгкай атлетыцы. Школьнікі ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах і творчых конкурсах, даследчай дзейнасці, наведваюць гурткі “Разьба па дрэве”, “Умелыя ручкі”. 30% дзяцей гэтага ўзросту наведваюць школу мастацтваў. Сумесна з Востраўскім сельскім домам культуры арганізавана дзіцячая вакальная група “Вясёлка”.

Трэці этап — прафесійна-арыентаваны — ахоплівае навучэнцаў 7—9 класаў. Мэта дзейнасці на гэтым этапе — стварэнне ўмоў для павышэння гатоўнасці да самавызначэння і ўсвядомленага выбару профілю навучання. На гэтым этапе навучання мы даём магчымасць навучэнцам паспрабаваць сябе, свае сілы ў розных відах дзейнасці, творчасці. Разнастайнасць захапленняў, уласны вопыт дазволяць дзіцяці лепш зразумець, што менавіта яму падабаецца, да чаго ляжыць душа, а што зусім нецікава. Такое самапазнанне неабходна для таго, каб падлетак мог усвядомлена выбіраць далейшы напрамак сваёй дзейнасці, зыходзячы з уласных інтарэсаў і ўяўленняў пра свае магчымасці.

Для навучэнцаў гэтай узроставай катэгорыі ў школе арганізоўваюцца такія факультатыўныя заняткі, якія даюць магчымасць ажыццявіць пробу сіл у той ці іншай дзейнасці: “Працягваем адкрываць таямніцы рэчыва”, “Алгебра вучыць разважаць”, “Складаны сказ без складанасці”, “Абагульняючы факультатыўны курс па гісторыі Беларусі”, “Здаровы лад жыцця”. Наладжана работа спартыўных секцый па настольным тэнісе і валейболе. Працуюць гурткі “Краязнаўства і турызм”, “Юны інфарматык”, клуб “Эколаг” і “Клуб фінансавай дасведчанасці”. Наладжана сувязь з лясніцтвам. Навучэнцы 9 класа наведваюць народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” сельскага Дома культуры.

На гэтым этапе праводзіцца актыўная прафарыентацыйная работа. Вывучаецца рынак прафесій, вучні наведваюць прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Для іх арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі сваёй мясцовасці, раёна. Навучэнцы ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, творчых і спартыўных конкурсах.

Дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў — гэта не набор адзінкавых дзеянняў педагога, а цэлая сістэма дзейнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Каб дасягнуць поспехаў, неабходна, каб у калектыве працавалі захопленыя, па-сапраўднаму апантаныя сваёй справай педагогі?

— Гэта сапраўды так. Наш педагагічны калектыў — гэта зладжаная, творчая каманда з 21 аднадумца, усе яны хварэюць за агульную справу і ўлюбёныя ў сваю работу. 86% педагогаў маю ць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагагічны стаж у большасці звыш 15 гадоў. 72% настаўнікаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій.

Мы ніколі не пакідаем сваіх калег сам-насам з якімі-небудзь праблемамі. Заўсёды імкнёмся дапамагчы, падтрымаць адно аднаго. Няўдача аднаго — гэта агульная няўдача, перамога аднаго — гэта перамога ўсіх. Толькі ў сяброўскім калектыве ёсць месца новым творчым пачынанням, прафесійнаму росту і прагрэсіўным ідэям.

А самае галоўнае — у нашай школе працуюць педагогі, якія вельмі любяць дзяцей, любяць і прымаюць іх такімі, якія яны ёсць. Настаўніца матэматыкі Таццяна Аляксееўна Котава актыўна займаецца з дзецьмі даследчай дзейнасцю. На працягу шэрага гадоў яе вучні з’яўляюцца дыпламантамі Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Праект па патрыятычным выхаванні малодшых школьнікаў “Я — беларус” настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Іванаўны Юнік удастоены дыплома ІІІ ступені на ўзроўні рэспублікі. Паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Аляксандраўна Сахон. Настаўнік рускай мовы і літаратуры педагог-арганізатар Юрый Георгіевіч Дзямід — актыўны ўдзельнік і пераможца розных прадметных і творчых конкурсаў. Пад яго кіраўніцтвам піянерская дружына “Пралеска” на працягу 4 гадоў з’яўляецца лепшай піянерскай дружынай раёна. Яго праект прышкольнага аздараўленчага летніка “Сонейка” адзначаны дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Юрый Георгіевіч — педагог-лідар, які вядзе за сабой і навучэнцаў, і педагогаў.

Творча працуе і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце настаўніца гісторыі Наталля Уладзіміраўна Петухова. Яна актыўна займаецца краязнаўствам, наладзіла супрацоўніцтва з Востраўскім сельскім домам культуры і сумесна з яго работнікамі арганізавала дзіцячую вакальную студыю “Вясёлка”. Бібліятэкар Марыя Іосіфаўна Ламанос — творчая асоба, добра валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі. На яе плячах ляжыць усё мастацкае афармленне творчых работ, стварэнне відэаролікаў, прэзентацый, фотакалажаў і г.д. Менавіта яна адказвае за ўсё тэхнічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, з чым, дарэчы, паспяхова спраўляецца.

— Алена Лявонцьеўна, якімі рысамі характару павінен валодаць настаўнік, якога вы прымаеце ў калектыў?

— У нашым калектыве будзе камфортна дасведчанаму, актыўнаму, творчаму педагогу, педагогу, які любіць дзяцей, сваю прафесію і сябе. Калі педагог любіць дзяцей, ён будзе імкнуцца ўкласці ў іх і веды, і любоў, адносіцца да іх патрабавальна, але справядліва. Калі настаўнік любіць сваю прафесію, ён будзе імкнуцца да самапазнання, самаразвіцця і самаўдасканалення. Калі педагог любіць сябе, ён будзе паважаць тых, хто яго акружае, адносіцца да іх стрымана і добразычліва.

— Ці ёсць у вашай школе маладыя спецыялісты? Якая работа вядзецца з імі, каб яны замацаваліся і засталіся працаваць ва ўстанове?

— Маладыя спецыялісты папаўняюць нашы рады практычна штогод. Так, летась да нас прыйшлі педагог сацыяльны Аляксандра Іванаўна Гурбановіч і педагог-псіхолаг Наталля Віктараўна Нікрута. Мы імкнёмся дапамагчы маладым спецыялістам з жыллём і ўладкаваннем, падтрымаць у працэсе знаёмства з калектывам педагогаў і навучэнцамі. Дзелімся сакрэтамі педагагічнага майстэрства. За маладымі спецыялістамі замацоўваюцца больш вопытныя настаўнікі. У межах школы маладога педагога, работу якой курыруе Н.У.Петухова, разглядаюцца метадычныя пытанні. Склалася добрая традыцыя, калі пасля ўрокаў у кабінеце псіхолага абмяркоўваюцца надзённыя праблемы. За гарбатай у нефармальнай атмасферы нараджаецца мноства цікавых ідэй. Дарэчы, усе ідэі, якія паступаюць, разглядаюцца, разумная ініцыятыва падтрымліваецца. Адным словам, імкнёмся стварыць умовы для самарэалізацыі. І вельмі радуемся, калі ў калектыве з’яўляецца новая маладая сям’я і нараджаюцца дзеці.

— Алена Лявонцьеўна, якія праблемы ў сістэме адукацыі вам падаюцца найбольш актуальнымі? Як іх вырашаць?

— На мой погляд, на сёння існуюць дзве асноўныя праблемы. Першая тычыцца кадравага патэнцыялу. Значная колькасць маладых спецыялістаў прыходзіць у школу з дыпломам, сярэдні бал якога 4,0—4,5. Узнікае пытанне: чаму можа навучыць педагог, маючы такі ўзровень ведаў? Адказ відавочны… Другая праблема тычыцца школьных падручнікаў. Складаная мова выкладання, няма паслядоўнасці ў вучэбным матэрыяле, адсутнічаюць міжпрадметныя сувязі.

Для вырашэння першай неабходна павысіць статус педагога, а далей павышаць планку патрабаванняў да абітурыентаў і студэнтаў, якія выбралі гэтую прафесію, бо менавіта ад настаўніка ў значнай ступені залежыць будучыня краіны. Другая праблема вырашыцца ў тым выпадку, калі напісанне падручнікаў будзе поўнасцю перададзена ў рукі педагогаў-практыкаў.

— Якой бачыцца ваша ўстанова ў будучыні? Якія планы на перспектыву?

— Пра будучыню хочацца памарыць. І ўбачыць школу з вялікай колькасцю вучняў, профільнымі класамі, наладжаным супрацоўніцтвам з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, добрай матэрыяльнай базай, сучаснай тэхнікай. У цэлым гэта і ёсць нашы планы на перспектыву.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.