Вяртанне: з небыцця ў жыццё

- 11:42Рознае, Сацыяльны ракурс

Да людзей з залежнасцю ў нашым грамадстве ставяцца па-рознаму. Хтосьці згодзен з медыкамі, што алкагалізм, наркаманія — гэта хваробы. Ёсць тыя, хто ўпэўнены, што людзі самі вінаваты ў тым, што з імі здарылася, маўляў, ніхто нікога не прымушаў піць без меры або ўжываць наркотыкі. Але, думаю, калі не ўсе, то пераважная большасць пагодзіцца: калі чалавек асэнсаваў шкоду і для сябе, і для грамадства таго, што ён робіць, варта яму дапамагчы. Тым больш што сярод залежных так многа маладых людзей, нават непаўналетніх, у якіх яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Тое ж можна сказаць і пра людзей, якія былі асуджаны, адбылі пакаранне і імкнуцца парваць з крымінальным мінулым.

Пачатак — у лячэнні

Канечне, было б залішне наіўна спадзявацца, што кожны з тых, хто спатыкнуўся ў жыцці, здолее знайсці сілы, жаданне і матывацыю для таго, каб вярнуцца з наркатычнага або алкагольнага небыцця ў нармальнае жыццё. Але за час журналісцкай работы я пазнаёмілася з мноствам людзей, у якіх гэта атрымалася. І не толькі яны самі вярнуліся да жыцця, да яго вярнуліся іх сем’і, якія часта і дапамагаюць блізкім справіцца з праблемай. Дапамога такім людзям вельмі патрэбна — і з боку родных, і з боку дзяржавы, і ад грамадскіх арганізацый.

Трэба адзначыць, што ў апошнія гады ў Беларусі зніжаецца колькасць асоб, якія стаяць на наркалагічным уліку, штогадова зніжаецца і так званы п’яны траўматызм, колькасць ДТЗ па віне п’яных вадзіцеляў. Зараз лічбы такія: на ўліку па алкагалізме ў краіне стаіць прыкладна 165 тысяч чалавек, па наркаманіі — 5 тысяч.

— Па даручэнні Урада Рэспублікі Беларусь намаганнямі міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны распрацавана і зацверджана міжведамасная пастанова па сацыяльнай рэабілітацыі асоб, у якіх ёсць залежнасці, з далучэннем іх да працы, — расказаў на нядаўняй сустрэчы з журналістамі ў сталічным Доме прэсы галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў. — Мы ўскладаем вялікія надзеі на гэтае рашэнне, бо такога дакумента раней не было. Пастанова рэгламентуе парадак узаемадзеяння арганізацый, органаў на мясцовым тэрытарыяльным узроўні. Урачы, канечне, акажуць медыцынскую дапамогу, але далей гэтаму чалавеку трэба працаўладкавацца, калі няма прафесіі — яго неабходна навучыць нейкім спецыяльнасцям.

Наколькі важнае месца займае праца ў сацыяльнай рэабілітацыі, І.І.Канаразаў праілюстраваў такім прыкладам: у адным з рэгіёнаў Беларусі, дзе нядаўна пабываў спецыяліст, ён даведаўся, што больш за 33% правапарушэнняў і злачынстваў за першае паўгоддзе бягучага года здзейснілі тыя, хто нідзе не вучыцца і не працуе.

— Адна з нашых мэт — зрабіць грамадства больш здаровым і больш камфортным для тых яго членаў, якія не злоўжываюць алкаголем і не ўжываюць наркатычных рэчываў, — дадае прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя, — таму нашы асноўныя намаганні сёння накіраваны на прафілактыку.

Механізм работы з залежнымі, які прадугледжвае новы дакумент, на першым этапе ўключае пярвічны наркалагічны агляд (калі чалавек упершыню трапіў у поле зроку нарколага або ўрача-псіхіятра), потым залежны з пацверджаным дыягназам праходзіць поўны курс медыцынскай дапамогі ў аддзяленні з кругласутачным знаходжаннем. У далейшым ён можа па жаданні перавесціся ў аддзяленне з дзённым знаходжаннем. Тут з ім актыўна працуюць псіхатэрапеўт або псіхолаг, пачынаецца далучэнне залежнага да жыцця ў соцыуме. Затым пацыент прыходзіць па амбулаторную дапамогу, дзе на дабрачыннай аснове вырашаецца пытанне аб яго накіраванні ў аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі (у сярэднім яна займае 28 дзён).

Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя прызнае, што работа складаная. “Але эфектыўная, — дадае Іван Іванавіч. — Калі чалавек праходзіць усе гэтыя этапы, працэнт рэмісій значна вышэйшы. Некаторым неабходна знаходзіцца ў рэабілітацыйным аддзяленні два месяцы, некаторыя зрываюцца, вяртаюцца на першы этап”.

Залежнаму, які прайшоў усе этапы лячэння, прапаноўваюць звярнуцца ў органы па працы і сацыяльнай абароне, у цэнтры занятасці для таго, каб яму дапамаглі знайсці работу або накіравалі на вучобу, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе, напрыклад, былому асуджанаму могуць аказаць псіхалагічную, матэрыяльную дапамогу.

Сонца свеціць усім

Работа або вучоба, зразумела, неабходны і тым, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Хаця вучыцца можна і там.

— З самага першага дня знаходжання грамадзян у месцах пакарання і лячэбна-працоўных прафілакторыях супрацоўнікі нашых сацыяльна-псіхалагічных службаў пачынаюць работу па іх далейшай сацыяльнай адаптацыі ў грамадстве, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Кралько. — У тым ліку вядзецца работа па аднаўленні страчаных дакументаў.

Апошнім часам асабліва актуальным стала пытанне адукацыі асуджаных, бо зразумела, што чалавек са спецыяльнасцю, пэўнай адукацыяй мае куды больш шансаў канкурыраваць на рынку працы. Для пашырэння доступу да адукацыі ў месцах пазбаўлення волі МУС унесла прапановы для магчымага ўключэння ў Кодэкс аб адукацыі. Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра магчымасць працягваць вучобу па праграме базавай ці агульнай сярэдняй школы тым непаўналетнім, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах і пакуль выпадаюць з працэсу навучання. Цяпер у іх ёсць толькі магчымасць дамовіцца аб здачы экзаменаў, але не аб самім навучанні. Прапаноўваецца наладзіць такое навучанне з дапамогай настаўнікаў з найбліжэйшых школ з захоўваннем усіх умоў, у якіх падследныя павінны ўтрымлівацца, асобна па катэгорыях: саўдзельнікі, тыя, хто звярнуўся з касацыйнай скаргай, і г.д. Вучэбныя класы ёсць у кожным следчым ізалятары, у пэўных установах ужо ёсць падручнікі.

Расказаў А.П.Кралько і пра магчымасць дыстанцыйнай адукацыі. Так, МУС супрацоўнічае ў гэтым пытанні з Гомельскім абласным грамадскім аб’яднаннем “Сацыяльныя праекты”. Яшчэ летась дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву 15 асуджаных жанчын з папраўчай калоніі № 4 Гомеля пачалі вучыцца дыстанцыйна. Сёння тром з іх пакаранне заменена на больш мяккае, яны працягваюць вучыцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Астатнія і цяпер вучацца, знаходзячыся ў калоніі, прычым жанчыны выбіраюць эканамічныя і псіхалагічныя спецыяльнасці, хтосьці нават вывучае юрыспрудэнцыю. Яшчэ больш за 10 асуджаных гэтай калоніі заключаюць дагаворы на атрыманне вышэйшай адукацыі дыстанцыйна. Навучанне, дарэчы, аплачваюць самі асуджаныя або іх родныя. Кошт складае прыкладна 600 долараў у год.

— У кірунку дыстанцыйнай адукацыі мы супрацоўнічаем з Мінскім інавацыйным універсітэтам — адзінай навучальнай установай, якая здолела выканаць нашы патрабаванні па бяспецы доступу ў інтэрнэт, — тлумачыць Аляксандр Паўлавіч. — Таксама сёлета мы прапрацавалі пытанне аб пашырэнні эксперымента на выхаваўчую калонію № 2 Бабруйска і папраўчую калонію № 2 гэтага горада, а таксама на папраўчую калонію № 22 (“Воўчыя норы”, Брэсцкая вобласць) для асоб, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. Тут сабраны людзі, якія трапілі сюды за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Гэта ў асноўным моладзь да 30 гадоў, некаторыя вучыліся ў ВНУ, не закончылі іх. Калі яны хочуць вучыцца, то сёння ў іх ёсць такая магчымасць.

Пакуль, як кажа супрацоўнік МУС, 10 чалавек выказалі жаданне і маюць неабходныя дакументы, а таксама сродкі на аплату навучання. Мінскі інавацыйны ўніверсітэт нават выдзеліў камп’ютары для іх. У папраўчай калоніі № 2 таксама ёсць жадаючыя вучыцца, але не ва ўсіх ёсць дакументы аб школьнай адукацыі, затое ў часткі з іх ёсць некампенсаваныя страты па злачынствах, за якія яны былі асуджаны.

Плануецца таксама пашырыць спіс рабочых спецыяльнасцей, якія могуць атрымаць асобы, што знаходзяцца ў папраўчай калоніі для непаўналетніх. Зараз вядуцца адпаведныя перамовы з мясцовымі ўладамі і мясцовымі ўстановамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі на гэты конт.

Яшчэ адзін сродак рэсацыялізацыі асуджаных — далучэнне іх да мастацтва, развіццё творчага патэнцыялу. Так, сёлета, у Год культуры, прайшоў конкурс сачыненняў “Літаратурны герой, які аказаў уплыў на маё жыццё” сярод асуджаных і тых, хто знаходзіцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Сярод гэтых катэгорый праводзіцца і конкурс аўтарскай песні, наладжана супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. А ў рамках праекта “Тэатр у турме”, які дзейнічае з 2004 года ў ПК-4 Гомеля, у абласным драматычным тэатры прайшоў паказ спектакля “Сонца свеціць усім”.

Матывацыя і занятасць

— Праблемай сацыяльнай адаптацыі асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, мы займаемся сёмы год, — заўважае намеснік начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Аляшкевіч. — Гэтую работу можна ацаніць у лічбах: калі ў 2010 годзе колькасць рэцыдыўных злачынстваў складала 50%, гэта значыць, што кожнае другое злачынства здзяйсняў той, хто ўжо адбываў пакаранне, то сёння мы выходзім на 38%. Гэта, канечне, поспех, у якім мы бачым і сваю работу, і работу сваіх калег з іншых ведамстваў.

Ёсць сярод былых асуджаных і тыя, хто сам у стане вызначыць далейшы жыццёвы шлях, і тыя, каму неабходна пэўная дапамога, і людзі, з якімі даводзіцца шмат працаваць. Апошняй катэгорыі неабходна стварыць матывацыю для таго, каб з’явілася жаданне жыць у згодзе з законам і сацыяльнымі нормамі. А праблем у гэтых асоб, як правіла, многа — пачынаючы з адсутнасці жылля. Людзей з такой праблемай накіроўваюць або ў дамы начнога знаходжання, або ў пункты часовага знаходжання. Прынамсі, за пяць апошніх гадоў такія пункты створаны практычна ў кожным райцэнтры. Тут былыя асуджаныя могуць жыць на працягу шасці месяцаў, шукаць работу, аднаўляць дакументы з дапамогай супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, шукаць блізкіх.

Безумоўна, практыка паказвае, што больш проста і танна актыўна займацца прафілактыкай і пярвічных злачынстваў, і рэцыдываў, чым потым усім грамадствам расплачвацца за супрацьпраўныя дзеянні, працаваць з тымі, хто адбыў пакаранне.

— З 2015 года мы працуем над праектам закона аб сацыяльнай адаптацыі асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, — дадае С.А.Аляшкевіч. — У праекце вызначаны ўсе суб’екты дзяржаўных органаў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, якія займаюцца такой работай, удакладнены іх правы і абавязкі. Яшчэ праект закона ўводзіць такі інстытут, як камісіі па справах вызваленых, якія будуць дзейнічаць пры мясцовых органах улады. Вызначаны і такі новы для нас інстытут, як цэнтры сацыяльнай адаптацыі. Гэта сусветная практыка, ад яе нікуды не сысці. У цэнтрах праводзіцца комплексная работа — пачынаючы з навучання рабоце ў інтэрнэце, прыгатавання ежы і г.д. Гэта не проста начлежка.

Жанна Шчэмелева, кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, прывяла наступныя лічбы:

— Па выніках першага паўгоддзя 2016 года ў органах па працы і сацыяльнай абароне было зарэгістравана 1,3 тысячы чалавек, якія вярнуліся з ЛПП. З іх працаўладкавана ўсяго 30%. Чаму так мала? Гэта ў тым ліку звязана з нізкай матывацыяй да працы ў такіх грамадзян. Хачу звярнуць увагу на тое, што ўсё, што звязана з працаўладкаваннем і тых, хто вярнуўся з ЛПП, і тых, хто адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, заснавана на іх асабістым звароце ў адпаведныя органы добраахвотна.

Гэтыя органы, як падкрэсліла Ж.А.Шчэмелева, у адпаведнасці з міжведамаснай пастановай, будуць дапамагаць такім людзям і з працаўладкаваннем, і з навучаннем. Канечне, важнае значэнне мае работа з наймальнікамі. Прадугледжана пэўная матэрыяльная дапамога і некаторыя іншыя мерапрыемствы для тых, хто прайшоў поўны курс лячэння ад алкагольнай або наркатычнай залежнасці.

— Што тычыцца былых асуджаных, то ў нас ужо напрацавана добрая практыка, прыняты шэраг нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць гэты кірунак дзейнасці, — адзначае спецыяліст. — Для такіх грамадзян, напрыклад, устанаўліваецца абавязковая бронь для прыёму на работу, прычым бронь дастаткова вялікая — сёлета забраніравана больш за 6 тысяч месцаў для асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Яны ў першачарговым парадку накіроўваюцца на навучанне, бо многія не маюць прафесіі або страцілі прафесійныя навыкі. Натуральна, такая работа ўключае і стымуляванне наймальніка, аказанне дапамогі па арганізацыі самазанятасці — адкрыцця ІП, іншыя меры.

Марына ХІДДЖАЗ.