Каменная карта

- 12:14Краязнаўства, Рознае

У народным гісторыка-краязнаўчым музеі Радунскай сярэдняй школы актыўна дзейнічае пошукавая група патрыятычнага клуба “Родынь” (такую назву сучасная Радунь мела ў сярэдневякоўі), якая распрацоўвае турыстычныя маршруты па месцах баявой славы, вызначае мясцовасці для дзейнасці археалагічных, этнаграфічных і экалагічных экспедыцый. У выніку такой работы ў юных краязнаўцаў з’явілася ідэя стварэння музея валуноў.

А пачалося ўсё ў час археалагічнай экспедыцыі каля вёскі Таўкіні, дзе вучні знайшлі шэраг культавых камянёў, а ў навакольных мясцовасцях вёскі Плікі выявілі старажытны язычніцкі стод (культавае бажаство балцкага насельніцтва). Экспедыцыя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Л.У.Дучыц правяла даследаванне вышэйназваных помнікаў, якія пазней былі ўнесены ў ахоўны каталог Рэспублікі Беларусь як унікальныя культавыя помнікі. Працягам работы стала распрацоўка міні-праекта “Валуны крутых дарог мінуўшчыны”, які стаў адным з пераможцаў міжнароднага праекта “Жывая гісторыя майго краю”. Мы выйгралі грант Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў на ўвасабленне ідэі ў жыццё. Вынікам работы над міні-праектам стала стварэнне ў 2014 годзе другога ў Беларусі арыгінальнага музея валуноў пад адкрытым небам. Мэтай музея з’яўляецца захаванне каштоўных экзэмпляраў валуноў, каб у далейшым мець магчымасць выкарыстоўваць іх пры вывучэнні гісторыі роднага краю.

Сабраць вялікія камяні з усяго Воранаўскага раёна і прывезці іх сюды было вельмі няпростай справай. Таму ў работу па стварэнні музея былі ўцягнуты ўсе жыхары раёна. Тэрыторыя музея паўтарае контуры Воранаўскага раёна, імітаваны ландшафтныя асаблівасці тэрыторыі. Валуны (на першым этапе — 15 камянёў, з перспектывай папаўнення калекцыі) на гэтай “каменнай” карце размяшчаюцца дакладна па геаграфічным прынцыпе: менавіта ў тых месцах, дзе яны былі сабраны. У рамках міні-праекта праведзены тры пошукавыя экспедыцыі па раёне. На працягу года завозіліся з усяго раёна экспанаты, а потым пачалася карпатлівая работа па вывучэнні і фарміраванні экспазіцый. У час рэалізацыі міні-праекта ўдзелена асаблівая ўвага вывучэнню фальклорнай спадчыны раёна, бо многія з тутэйшых валуноў — сапраўдныя рэлікты, са сваімі старажытнымі легендамі. Група навучэнцаў сабрала і сістэматызавала легенды і паданні пра валуны. Лепшыя з іх размешчаны ў зборніку “Праз легенды і паданні — да гісторыі культавых помнікаў”.

Члены патрыятычнага клуба “Родынь” разам з кіраўніком музея валуноў Іванам Іванавічам Фесенкам сёння займаюцца даследчай дзейнасцю па тэме “Культавыя валуны Воранаўскага краю” і “Ледавіковыя валуны Воранаўшчыны — натуральныя сведкі і захавальнікі мінуўшчыны”. Ніводзін наведвальнік музея не зможа застацца абыякавым да гэтых, здавалася б, халодных непрыступных глыб. Кожны камень мае шматвяковую гісторыю і кожны хавае загадку, якая чакае свайго ўважлівага назіральнага даследчыка, якім можа стаць кожны са школьнікаў. Валуны — зусім не простыя, гэта каштоўныя гістарычныя аб’екты, да таго ж звязаныя непасрэдна з гісторыяй беларускай зямлі. У музеі экспануюцца ледавіковыя валуны — камяні незвычайнага выгляду або правільнай геаметрычнай формы, камяні з захаванымі на іх адбіткамі слядоў жывёл або чалавека, адбіткамі раслін, а таксама любых іншых знакаў, метак або заглыбленняў, якія захаваліся са старажытных часоў. Сярод экспанатаў — геалагічны валун больш за 1,5 м вышынёй, Плікскі культавы камень вышынёй больш за 2,2 м, Бялюнцаўскі камень са знакамі вышынёй 1,2 м. Ёсць у патэнцыяльнай калекцыі і, магчыма, старажытны ахвярнік — валун з характэрным заглыбленнем.

Музей валуноў адкрыты для ўсіх жыхароў, якія імкнуцца больш даведацца пра гісторыю, культуру, прыродны патэнцыял роднага краю, гатовы падзяліцца сваімі ведамі з іншымі. Музей спрыяе фарміраванню сярод навучэнцаў і мясцовага насельніцтва разумення важнасці захавання каштоўных ледніковых валуноў, паглыбленню ведаў аб прыродным багацці роднага краю, развіццю турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

Святлана ПАЧОБУТ,
дырэктар Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.