Пісьменнікі за мір, стабільнасць і духоўнасць

- 11:08Інфармацыйная гадзіна, Рознае

ІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў Маскве, галоўнымі каштоўнасцямі абвясціў мір, стабільнасць і духоўнасць. Аб гэтым гаворыцца ў дакументах, прынятых дэлегатамі па выніках форуму.

У прыватнасці, у рэзалюцыі з’езда адзначаецца, што “для кожнага з нас найважнейшай каштоўнасцю ў жыцці з’яўляецца мір, стабільнасць, дастатак і дабрабыт”. На думку ўдзельнікаў форуму, духоўнасць, зварот да спрадвечных каштоўнасцей могуць дапамагчы змяніць свет, а галоўная роля ў гэтым працэсе належыць слову. “Мы, рускія і беларускія пісьменнікі, улічваючы новыя агульныя палітычныя і геапалітычныя праблемы, усведамляем сёння ўсю глыбіню і актуальнасць задач, якія перад намі стаяць”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі з’езда прынялі таксама зварот, у якім канстатуецца, што славянскі свет сёння аказаўся раздзелены і духоўна, і палітычна, і геаграфічна. “Нашы народы пастаўлены перад гістарычным выбарам, але ў нас ёсць свая асаблівая зброя абароны, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Гэта кнігі рускіх і беларускіх пісьменнікаў Кірылы Тураўскага, Максіма Багдановіча, Сімяона Полацкага, Ламаносава і Пушкіна, Гогаля і Дастаеўскага, Ганчарова і Талстога, Ясеніна і Шолахава, Чэхава і Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны і Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Мікалая Астроўскага, Аляксандра Фадзеева, Юрыя Бондарава, Івана Стаднюка, Міхаіла Аляксеева, Васіля Быкава і Максіма Танка, а таксама творы многіх іншых таленавітых пісьменнікаў нашых краін, якія ўнеслі свой уклад не толькі ў развіццё беларускай і рускай культур, але і ў развіццё сусветнай цывілізацыі. Культура — ёсць тая глеба, на якой узрастуць новыя парасткі нашай узаемнасці”.

У форуме прынялі ўдзел амаль 120 дэлегатаў з Беларусі і Расіі, а таксама палітычныя і грамадскія дзеячы з дзвюх краін.