Дырэктар НЦМТДіМ Надзея ВАСІЛЬЧАНКА: “Калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту, ідзі да яе. Толькі ідзі не з пустымі рукамі і не з пустой галавой…”

- 11:25Рознае, Суразмоўца

На гэтым тыдні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста адзначыў сваё 80-годдзе. Адзначыў з размахам, з душой і, як заўсёды, з густам, без якога па азначэнні і не можа існаваць ніякая мастацкая творчасць. Пачатак юбілейным мерапрыемствам паклала 19 кастрычніка адкрыццё выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” і Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”. 20 і 21 кастрычніка па нязменным адрасе НЦМТДіМ вул.Кірава, 16 працавала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”. І ўчора ж, 21 кастрычніка, у Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў адбыўся феерычны юбілейны канцэрт “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” з удзелам як творчых калектываў цэнтра, так і замежных гасцей.

Наша газета ніколі не абыходзіла ўвагай дзейнасць Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Больш за тое, камусьці з нашых чытачоў такая безупынная ўвага да дзейнасці цэнтра, магчыма, здаецца нават нейкай прыхамаццю ці нейкім асаблівым фаворам. Але гэта не прыхамаць і не фавор. Проста аб’ектыўна НЦМТДіМ з’яўляецца цэнтрам усёй сістэмы дадатковай адукацыі нашай краіны, яе мозгам, сэрцам і душой. Усе дарогі і дарожкі ў гэтай сістэме вядуць у канчатковым выніку менавіта ў яе “Рым” — у цэнтр, у Мінск, на вул.Кірава, 16. І гэта не кажучы пра такія знакавыя для ўсёй культурнай і адукацыйнай супольнасці Беларусі мерапрыемствы, прадуманыя і арганізаваныя непасрэдна супрацоўнікамі НЦМТДіМ, як Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, рэспубліканскія чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях КВЗ, нацыянальныя форумы дзяцей Беларусі і інш.

Дык вось, гэта факт: мы часта пішам пра справы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але рэдка — пра людзей, якія стаяць за гэтымі справамі. А за справамі ж заўсёды стаяць людзі… З нагоды юбілею Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — крыху нефармальнае інтэрв’ю з яго дырэктарам Надзеяй Васільеўнай ВАСІЛЬЧАНКА.

— Надзея Васільеўна, што для вас значыць 80-гадовы юбілей НЦМТДіМ? Наколькі ён для вас асабісты?

— Ведаеце, неяк я пачула ад адной сваёй супрацоўніцы: “Для вас праца — гэта жыццё…” Я тады спачатку нават уздрыгнула: як гэта праца — жыццё? Можа, гэта занадта? А дзе ж тады ўласна само жыццё? Але потым усё-такі пагадзілася з той супрацоўніцай. Калі ты хочаш, каб любая справа, за якую ты ўзяўся, была паспяховай, напэўна, ты і павінен аддаваць ёй усё сваё жыццё, хварэць за яе, перажываць за яе, як за нешта сваё, роднае. Часам гавораць, маўляў, гэта — сваё прадпрыемства, а гэта — дзяржаўнае, і перажыванні тут абсалютна розныя. А калі ты перажываеш за дзяржаўнае, як за сваё? Тады як быць? А ў мяне менавіта такая сітуацыя. Я сапраўды перажываю за наш нацыя-нальны цэнтр, як за свой, родны. І, думаю, гэта перадаецца ўсяму калектыву, усім супрацоўнікам, а перш за ўсё — дзецям, якія займаюцца ў нас, і іх бацькам.

— На вас моцна цісне гэты юбілей?

— Безумоўна, гэта вельмі важная дата. За 80 гадоў праз нашу ўстанову прайшло нямала пакаленняў педагогаў, дзяцей. І сёння мы, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, нясём вялікую адказнасць перад тымі пакаленнямі педагогаў, якія тут працавалі да нас. Яны з самага пачатку, з 1936 года, калі ў Мінску быў адкрыты Палац піянераў і школьнікаў — сённяшні наш цэнтр, трымалі вельмі высокую прафесійную планку. Дастаткова ўспомніць такія прозвішчы нашых педагогаў-пачынальнікаў, як Каткоў, Рубін, Трэгубовіч, Брэйво, Галаванеўскі, Дзмітрук, Ермакоў і інш. І кожнае наступнае пакаленне імкнулася не толькі захаваць тыя высокія асновы, якія былі закладзены да іх, але і развіць іх. Імкнёмся да гэтага і мы сёння, бо разумеем, што развіццё — гэта і ёсць жыццё. Вы самі, мабыць, добра бачыце, якое актыўнае ў нас сёння жыццё… І, ведаеце, я нават часам уяўляю: калі б тыя педагогі, якія пачыналі тады, у 1936 годзе, паглядзелі на нас сённяшніх, што б яны падумалі, як бы ацанілі наш цяперашні ўзровень? Без лішняй сціпласці скажу: мне здаецца, мы б ім спадабаліся… Такім чынам, юбілей, як вы сказалі, цісне. Але гэтак па-добраму цісне.

— Вы кіруеце цэнтрам ужо 8 гадоў. А ці памятаеце той момант, калі толькі-толькі прыйшлі на пасаду дырэктара, калі даведаліся пра сваё назначэнне? Што рабілася тады ў вашай душы: тузалі сумненні, ахоплівала трывога, перапаўняла бязмежная радасць?

— Шчыра кажучы, бязмежная радасць дакладна не перапаўняла, таму што я, па-першае, усведамляла ўвесь цяжар адказнасці, які я мусіла браць на сябе, а па-другое, разумела, што мне на новай пасадзе трэба будзе вырашаць вялікае кола праблем, звязаных у першую чаргу з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Не памятаю ўжо хто дакладна, але нехта на нейкай нарадзе тады сказаў прыблізна такія словы: “Нехта ж павінен узяць на сябе адказнасць за ўсё гэта, і вам, Надзея Васільеўна, выпала гэтая ганаровая місія!”

— І што тады? Вы зайшлі ўпершыню ў свой дырэктарскі кабінет у якасці дырэктара, зачынілі знутры дзверы, каб ніхто не перашкаджаў, селі за рабочы стол, абхапілі рукамі галаву і моцна-моцна задумаліся: “Што рабіць, з чаго пачаць?”

— А вось не паверыце! Не было такога! Мне здаецца, з самага першага дня, колькі я працую ў цэнтры (а да дырэктарства я працавала пяць гадоў намеснікам дырэктара), ні адной хвіліны я адной не была і не зачынялася. Са мной пастаянна мае калегі, якія ідуць да мяне са сваімі пытаннямі, праблемамі, прапановамі, праектамі… Са мной пастаянна людзі! Я нават больш вам скажу: у нейкі момант я зразумела, што гэта ператвараецца ў праблему. Я ж не магу ніколі засяродзіцца, не магу пабыць сам-насам. І неяк я ўзяла за звычку прыходзіць на працу вельмі рана, яшчэ да васьмі раніцы. І што вы думаеце?! Мае калегі вельмі хутка прасеклі гэтую хітрасць, таксама сталі прыходзіць на працу яшчэ да васьмі і яшчэ да васьмі стукацца ў дзверы дырэктара, каб абмеркаваць са мной той ці іншы праект! (Смяецца.М.Ч.)

— Вы на ўсе 100 працэнтаў давяраеце сваім супрацоўнікам або аддаяце перавагу прынцыпу “давярай, ды правярай”?

— Я думаю, што пры нармальным кіраўніцтве кожны супрацоўнік будзе рабіць тое, чаго ад яго чакаюць. Іншая справа — як правільна паставіць перад ім задачу; як разам з ім яе, што называецца, прагаварыць; як намеціць крокі па ажыццяўленні гэтай задачы, асабліва калі ён нявопытны, а калі вопытны, то абазначыць хоць бы нейкія контуры… І, абсалютна шчыра кажучы, сёння я не магла б назваць ніводнага супрацоўніка цэнтра, у якім я была б не ўпэўнена. Натуральна, нехта можа зрабіць лепш, нехта — горш, камусьці патрэбна меншая дапамога, камусьці — большая. Але ўсе стараюцца і жывуць адной справай, хварэюць ёй. Таму я кірую хутчэй не па прынцыпе “давярай, ды правярай”, а па прынцыпе “давярай, ды памагай”. Безумоўна, усе праекты сцякаюцца да мяне, але кожны праект у нас пачынаецца з калектыўнага абмеркавання, потым каманда збіраецца яшчэ і яшчэ… Без каманды нічога не зробіш. А ўжо ў камандзе, безумоўна, ёсць свае ключавыя фігуры.

— Якімі праектамі цэнтра, ініцыіраванымі менавіта вамі, вы найбольш ганарыцеся?

— Я не вылучала б так катэгарычна сябе адну, бо, як толькі што сказала, усё залежыць ад каманды. Але ўжо калі гаварыць аб праектах, якія нарадзіліся пры мне і пры маім непасрэдным удзеле ў іх нараджэнні і развіцці, то гэта Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль харавой творчасці, Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-фэст”, Рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, праект “Беларускае мастацтва і дзеці”… Кожны з гэтых праектаў па-свойму выхоўвае нашых дзяцей патрыётамі, сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. Вельмі добра памятаю эксперымент у рамках праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, які правяла наш педагог кіраўнік творчай майстэрні “Вясёлка” Вольга Кашкурэвіч, калі дзеці спачатку вывучалі народныя беларускія строі, а потым мастацкімі сродкамі выявілі саміх сябе ў нацыянальным адзенні. Я ўпэўнена: нешта адбываецца ў душы маленькага чалавека, калі ён далучаецца да такіх спраў.

Многа знакавых канцэптуальных выстаў было арганізавана за апошнія гады. Вельмі ганаруся сёлетняй выставай “Гутарка з Малевічам”. Гэта быў сапраўдны ўзор мастацкай праектнай дзейнасці, яскравае сведчанне таго, што ў нас ёсць нямала педагогаў з сучасным мысленнем і бачаннем сваіх вучняў.

І, безумоўна, гэта тыя вялікія праекты, якія існавалі і раней, але за апошнія гады набылі абсалютна новыя фармат і маштаб. Напрыклад, “АРТ-вакацыі”: “АРТ-вакацыі” дзесяцігадовай даўнасці і “АРТ-вакацыі” сёння — гэта дзве вялікія розніцы. Сёння “АРТ-вакацыі” — гэта мноства самых розных намінацый, шэраг спадарожных падпраектаў, такіх як “Крэон”, “АРТ-партал”, “Рэцытацыя”, “PRO-вакацыi”. Нарэшце, згадаем, на якіх пляцоўках праходзілі гала-канцэрты гэтага фестывалю: канцэртная зала “Мінск”, Летні амфітэатр у Віцебску, Палац Рэспублікі, Летні амфітэатр у Маладзечне, Палац спорту… Гэта лепшыя сцэны ў краіне. Мы ўздымаліся на іх прыступка за прыступкай, мы ішлі да мэты.

— Ці маглі б вы сфармуляваць філасофію Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі нейкай ёмістай фразай, слоганам?

— Пяць гадоў назад, напярэдадні 75-годдзя цэнтра, я загарэлася ідэяй стварэння гімна нашай установы. Запрасіла кіраўніка нашага народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” Генадзя Маркевіча і вядомага паэта Алеся Бадака, мы сталі разам абмяркоўваць, якім павінен быць гэты гімн. Бадак усё пытаўся: “А якая мусіць быць галоўная думка гімна?” І ў мяне неяк міжволі вырвалася: “Ну, якая яшчэ думка можа быць? Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці!” А праз некалькі дзён з’явіўся наш гімн на словы Алеся Бадака і музыку Генадзя Маркевіча “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці”. Гэта наш лозунг, наш дэвіз, наш унутраны покліч — як хочаце называйце. Гэта тое, чым мы жывём, пад чым распісваемся, дзеля чаго і ў імя каго працуем… А працуем мы, які від творчасці ні вазьмі (ці гэта выяўленчае мастацтва, ці харавыя спевы, ці харэаграфія), у адным жанры, імя якому — выхаванне. Калі мастацкая творчасць дзіцяці закранае струны яго душы, уплывае на яго эмацыянальную сферу, калі юны чалавек спрабуе сродкамі мастацтва разабрацца ў сваіх і чужых учынках, ён ператвараецца на вачах, ён адухаўляецца. Часам неяк паблажліва кажуць, маўляў, галоўнае — гэта вучоба, а ўсе гэтыя танцы і песні ўсяго толькі культурна-адпачынкавая дзейнасць, не так яна ўжо і патрэбна сучаснаму прагматычнаму маладому чалавеку… Я з такім пасылам абсалютна не згодна. Няма больш эфектыўнага інструмента ўздзеяння на маладога чалавека, на станаўленне яго як асобы, чым мастацтва.

— Надзея Васільеўна, вы прыгожая, энергічная, аптымістычная. На вашых кволых жаночых плячах і на плячах вашай каманды трымаецца фактычна ўся сістэма дадатковай адукацыі нашай краіны… Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам вашага жыццёвага і прафесійнага поспеху.

— Для таго каб быў поспех, трэба многа працаваць. Натуральна, камусьці хочацца хутка, многа і адразу, але я ў гэта не веру. Калі ты імкнешся да нечага, то абавязкова гэтага дасягнеш. Але для дасягнення гэтай мары ты павінен нешта рабіць і павінен ставіць рэальныя задачы, нават калі напачатку яны здаюцца нерэальнымі. Згадаць, напрыклад, той факт, што мы выступілі з “АРТ-вакацыямі” ў Віцебску на галоўнай сцэне “Славянскага базару” ў Летнім амфітэатры. Многія тады не верылі ў нашы амбіцыі. Але мы даказалі, што можам, і зрабілі. Або праект, які мы рэалізоўваем разам з ЮНІСЕФ, “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Мы ж з нуля паднялі гэты праект, але верылі ў тое, што мы гэта зможам, з самага пачатку, прыклалі для гэтага вельмі шмат намаганняў, вынасілі вельмі многа думак і памкненняў. Таму ніякага сакрэту поспеху няма: калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту — ідзі да яе. Толькі ідзі да яе не з пустымі рукамі і не з пустой галавой.

— Ці ёсць (былі) у вашым жыцці людзі, якія для вас безумоўныя аўтарытэты?

— Так. Гэта мая школьная настаўніца рускай літаратуры ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці, дзе я расла і вучылася. Я літаральным чынам сябравала з ёй, хадзіла да яе ў госці, мы бясконца гутарылі на самыя розныя тэмы, яна давала мне чытаць кнігі са сваёй шыкоўнай дамашняй бібліятэкі… І, безумоўна, гэта мае бацькі — мама, заслужаны настаўнік Беларусі, і бацька, былы падводнік. Бацька быў для мяне заўсёды планкай, на яго я раўнялася, для яго старалася… На вялікі жаль, два гады назад яго не стала, і я адчула вялікую спустошанасць. Ніколі не забуду словы, якія ён мне сказаў аднойчы на дзень нараджэння: “Дачушка, я табе жадаю, каб табе было цікава жыць!” Я тады цалкам не зразумела яго словы, маўляў, як гэта можа быць нецікава жыць… А потым прыйшоў пэўны ўзрост і прыйшло разуменне: некаторым жа людзям сапраўды нецікава жыць. А калі чалавеку нецікава жыць, ён неяк хутка і згасае. Цікава чалавеку жыць толькі тады, калі ў яго ёсць мэта, няхай нават самая маленькая.

— Надзея Васільеўна, вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Ведаеце, у маёй дачкі ўчора быў дзень нараджэння (Інтэрв’ю запісвалася 19 кастрычніка.М.Ч.), мы сабраліся ўсёй вялікай сям’ёй, і дачка мне раптам гаворыць: “Ты, мама, шчаслівая жанчына… Ты нават сама не разумееш, якая ты шчаслівая! У цябе ёсць любімая праца, ты ўвесь час занятая цікавымі справамі, у цябе ёсць блізкія, якія цябе любяць і падтрымліваюць. Паглядзі, тут, за сталом, прысутнічаюць чатыры пакаленні: ты як пакаленне, твая мама, твае дзеці, твае ўнукі… Гэта ж здорава, калі бясконца цягнецца гэтая нітачка любові і павагі адно да аднаго праз пакаленні”. Шчыра кажучы, я ледзь стрымала слёзы ад гэтых слоў. Я зразумела, што я сапраўды шчаслівы чалавек.

— Вялікі дзякуй за гутарку, Надзея Васільеўна. Шчасця і надалей вам і вашаму цэнтру! З юбілеем!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.