Карэктывы, прадыктаваныя практыкай

На базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшлі тры пашыраныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя правядзенню ў навучальных установах маніторынгу па апрабацыі Кодэкса аб адукацыі ў адукацыйнай галіне нашай краіны, які павінен завяршыцца ў жніўні гэтага года.
На разгляд дэпутатаў, спецыялістаў Міністэрства адукацыі, прадстаўнікоў Нацыянальнага інстытута адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікоў навучальных устаноў былі вынесены пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў святле правапрымяняльнай практыкі Кодэкса аб адукацыі.

Як адзначыў старшыня камісіі Г.У.Пальчык, раздзел Кодэкса аб адукацыі, які тычыцца дашкольнай адукацыі, распрацаваны на высокім узроўні і будзе дастаткова зручным у правапрымяняльнай практыцы. Адметна і тое, што сам узровень дашкольнай адукацыі па ўсіх параметрах вельмі арганічна ўпісваецца ў сістэму адукацыі ў цэлым. Але ёсць пэўныя акалічнасці, якія неабходна абмеркаваць сярод практыкаў, і з улікам іх заўваг і прапаноў адкарэкціраваць адзін з раздзелаў галоўнага закона сістэмы адукацыі нашай краіны. У ходзе гутаркі спецыялістамі былі ўнесены прапановы, прадыктаваныя непасрэдна практыкай. Так, у прыватнасці, работнікі дашкольнай адукацыі адзначылі неабходнасць удакладнення відаў устаноў дашкольнай адукацыі і стварэння там спрыяльных умоў для развіцця дашкольнікаў, а таксама замацавання на заканадаўчым узроўні дадатковай адукацыі дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі і рэалізацыі дадатковых адукацыйных паслуг па праграмах, зацверджаных галіновым міністэрствам. Былі закрануты праблемы фарміравання штату дашкольных устаноў педагагічнымі кадрамі, развіцця іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, падвозу дашкалят да ўстаноў, якія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах.
Таксама былі ўзняты пытанні недахопу месцаў і напаўняльнасці груп у дашкольных установах, а таксама прывядзення ўстаноў дашкольнай адукацыі да адзінай тэрміналогіі ў назвах.

Галіна Віктараўна Смурага, старшыня абласнога савета загадчыкаў дашкольных устаноў Гродзенскай вобласці, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця, расказала, што сёння бацькі вельмі зацікаўлены, каб дашкольныя ўстановы аказвалі як мага больш дадатковых адукацыйных паслуг для развіцця іх дзяцей. Задаволіць усе густы — такую мэту паставілі перад сабой і педагогі дашкольнага цэнтра. Як паведаміла Галіна Віктараўна, ва ўстанове функцыянуюць адаптацыйныя пляцоўкі, мацярынская школа, вячэрняя група кароткачасовага знаходжання дзяцей. На найбліжэйшы час плануецца задаволіць і іншыя патрэбы дашкольнікаў і інтарэсы іх бацькоў.

Начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства Г.Р.Макаранкава падкрэсліла, што місія педагога – уключыць бацькоў у адукацыйны працэс дзіцяці і такім чынам разам з імі фарміраваць сацыяльна-педагагічны заказ на адукацыйныя паслугі. Безумоўна, у першую чаргу трэба ўлічваць меркаванні бацькоў, якія дадатковыя паслугі яны б хацелі атрымліваць для развіцця свайго дзіцяці. Але вельмі важна, каб у пагоні за пашырэннем іх спектра кіраўніцтва дашкольных устаноў не забывала пра якасць іх прадастаўлення, як гэта назіраецца ў некаторых дашкольных установах.
— У час правядзення маніторынгу мы выявілі негатыўныя моманты менавіта ў якасці прадастаўленых паслуг у дашкольнай установе, — падкрэсліла начальнік упраўлення. — Таму вельмі важна кіраўнікам устаноў усведамляць, што трэба скіроўваць сваю дзейнасць не толькі ў бок заробку грошай, але і клапаціцца аб якасці дашкольнай адукацыі і аб зместавым яе напаўненні. Галіна Рыгораўна заўважыла, што перад дашкольнай адукацыяй пастаўлена задача ствараць адпаведныя ўмовы для якаснага працэсу выхавання і навучання, своечасовай і якаснай падрыхтоўкі дзіцяці да школы і яго паспяховасці на наступных узроўнях адукацыі. Важна, пры гэтым, наладзіць цесную, непарыўную сувязь з бацькамі.

Удзельнікі пасяджэння выказалі прапановы па карэкціроўцы раздзела кодэкса “Агульная сярэдняя адукацыя”. Заўвагі і дапаўненні тычыліся, у прыватнасці, выключэння некаторых відаў агульнаадукацыйных устаноў, пашырэння кампетэнцый рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, непасрэдна заснавальнікаў навучальных устаноў, спрашчэння органаў самакіравання. Уносіліся таксама і заўвагі наконт агульных патрабаванняў да арганізацыі адукацыйнага працэсу — працягласці навучальнага года, вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні, напаўняльнасці класаў, узроставага цэнзу пры прыёме дзяцей у першы клас школы, а таксама ў гімназіі і ліцэі, форм выніковай атэстацыі навучэнцаў, атрымання адукацыі дома, навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі і шэрагу іншых.
У сваім выступленні П.І.Валынец, начальнік аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, звярнуў увагу на такія моманты, як выключэнне з пераліку адукацыйных праграм праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і служачых і немэтазгоднасць ажыццяўлення гэтай падрыхтоўкі ў школе. У выніку гэтага, неабходна было б выключыць міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат і міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. Па меркаванні начальніка аддзела, такія ўстановы могуць у большай меры адносіцца да ўстаноў дадатковай адукацыі.
Выказаў Павел Іванавіч і некаторыя заўвагі па кіраўніцкім кірунку, якія тычыліся непасрэдна кампетэнцыі мясцовых і распарадчых органаў у сферы адукацыі. На думку прадстаўніка адукацыі Брэсцкай вобласці, неабходна прадастаўляць больш ініцыятывы рэгіянальным органам кіравання, пашыраць іх дзейнасць у сферы кантролю за якасцю навучання, у правядзенні акрэдытацыі навучальных устаноў. Многа пытанняў узнікае ў рэгіёне і па камплектаванні класаў навучальных устаноў. Магчыма было б мэтазгодным ускласці кампетэнцыю па камплектаванні класаў на заснавальніка ўстановы адукацыі. Прагучала прапанова і аб тым, каб адкарэкціраваць нормы кодэкса, якія тычацца навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы адукацыі, і ў частцы вызначэння статусу навукова-метадычнага кабінета.

Святлана Васільеўна Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства, выказалася па кожнай прапанове, якая прагучала ў час пасяджэння, у тым ліку наконт закрыцця некаторых відаў устаноў адукацыі. Як вядома, ужо вырашана пытанне пра закрыццё вячэрніх школ, іх заменяць вячэрнія класы, якія будуць адкрыты ў звычайных школах. Што тычыцца міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў і цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, то, сапраўды, гэтыя ўстановы штучна прыцягнуты да сярэдняй школы, і праграмы прафесійнай падрыхтоўкі на гэтым узроўні адукацыі трэба выключаць. Напрыклад, у сельскіх школах ужо доўгі час вядзецца прафесійная падрыхтоўка трактарыстаў. Але аналіз стану вучэбнай тэхнікі выявіў, што там прэваліруюць старыя трактары. Засмучае і той факт, што кваліфікацыйны экзамен пасля прафесійнай падрыхтоўкі здольны здаць не ўсе, хто вучыўся, тым больш што ў далейшым рабочую прафесію выбіраюць нямногія.
С.В.Уклейка засяродзіла ўвагу і на пытанні напаўняльнасці класаў у школах. Існуюць праблемы ў гэтым і ў гімназіях і ліцэях. Па напаўняльнасці класаў, безумоўна, патрэбен адзіны нарматыў, і таму выбрана норма — 24 чалавекі ў класе, што стане своеасаблівым арыенцірам па напаўняльнасці. Але канчатковае рашэнне мэтазгодна было б прымаць заснавальніку навучальнай установы. Асаблівасцю наступнага навучальнага года стане тое, што школьнікам будзе дадзена магчымасць вывучаць з 10 класа некаторыя прадметы на павышаным узроўні, пры тым што факультатыўныя заняткі таксама будуць існаваць. Закранула начальнік упраўлення і такое пытанне, як ажыццяўленне навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. У канцы красавіка ў галіновым міністэрстве пройдзе пасяджэнне калегіі на гэтую тэму, дзе будуць узняты пытанні ўдасканалення такой работы. У сувязі з гэтым адбыліся выезды рабочых груп у складзе супрацоўнікаў галіновага міністэрства, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, якія вывучалі вертыкаль метадычнай работы, пачынаючы з рэгіянальных службаў, а таксама наколькі гэтая работа з’яўляецца эфектыўнай.
— Мы павінны дасканала адсачыць усе звенні метадычнай работы, пачынаючы з рэгіёнаў і заканчваючы галіновым міністэрствам, — адзначыла Святлана Васільеўна. — Важна, каб паміж імі было наладжана цеснае ўзаемадзеянне, толькі тады мы можам разлічваць на станоўчы вынік.
Ёсць пытанні і наконт устанаўлення мінімальнага прахаднога бала пры паступленні ў гімназію.
— Наша пазіцыя, — падкрэсліла С.В.Уклейка, — што такі бал устанаўліваць не трэба. І вось чаму. Мы правялі аналіз прыёму дзяцей па кожнай гімназіі ў краіне. Частка іх (17%) — неканкурэнтаздольныя і маюць конкурс менш як адзін чалавек на месца. Яшчэ столькі ж — 1,1 чалавека на месца. Як бачна, кантрольныя лічбы прыёму былі ў некаторых гімназіях устаноўлены так, што ў далейшым іх не планавалі выконваць. Таму ў першую чаргу неабходна ўстанаўліваць рэальныя кантрольныя лічбы.
С.В.Уклейка расказала таксама аб тым, што цяпер у НІА вядзецца даследчая работа па распрацоўцы мадэлі выпускной кампаніі для тых, хто заканчвае 9 клас, дзе таксама вызначаецца пералік прадметаў, па якіх трэба будзе здаваць экзамены. Напрыклад, стаіць пытанне наконт экзамену па гісторыі Беларусі, які плануецца перанесці на ўзровень 11 класа.
Падтрымала начальнік упраўлення і меркаванне, што асноўным органам самакіравання ў школе павінен заставацца педагагічны савет.

На адным з пасяджэнняў парламенцкай камісіі вялася размова аб удасканаленні сістэмы спецыяльнай адукацыі. Г.У.Пальчык адзначыў, што яшчэ ў 2004 годзе быў прыняты Закон “Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)”, які, па сутнасці, стаў прававой асновай для забеспячэння адукацыі такой катэгорыі асоб, іх сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства. Адметна, што гэты дакумент атрымаў станоўчую ацэнку ЮНЕСКА. Беларусь стала першай краінай у СНД, дзе на заканадаўчым узроўні былі вызначаны прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і арганізацыйныя асновы спецыяльнай адукацыі. Удзельнікі пасяджэння выказалі свае меркаванні па карэкціроўцы некаторых норм раздзела кодэкса “Спецыяльная адукацыя”. У асноўным заўвагі і прапановы тычыліся сферы падрыхтоўкі педагагічных кадраў для работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сацыяльнай падтрымкі дзяцей, іх постынтэрнатнай рэабілітацыі, арганізацыі навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дома, падвозу школьнікаў, арганізацыі бясплатнага харчавання асобных катэгорый дзяцей, забеспячэння іх вучэбнымі дапаможнікамі і падручнікамі, камплектавання вучэбных груп.

Антаніна Міхайлаўна Змушко, начальнік упраўлення спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства, заўважыла, што ў кодэкс уносіцца шмат змяненняў, якія тычацца адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, у прыватнасці, уводзіцца паняцце “інклюзіўная адукацыя”, якое адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі ў развіцці адукацыйнай галіны. Акрамя таго, прапанавана ўдакладніць у кодэксе тэрмін “педагагічныя работнікі” адносна настаўнікаў-дэфектолагаў, якія працуюць у пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, для таго, каб заканадаўча яны мелі статус педагагічных работнікаў і разам з ім адпаведныя прэферэнцыі.
— Мы замацоўваем таксама норму бясплатнага карыстання вучэбнай літаратурай толькі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія засвойваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, — паведаміла Антаніна Міхайлаўна.
Акрамя таго, было прапанавана звузіць пералік спецыяльных дашкольных устаноў, а таксама ўвесці дыягностыка-кансультацыйнае аддзяленне цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Усе вынесеныя на абмеркаванне заўвагі і прапановы будуць улічаны пры далейшым удасканаленні Кодэкса аб адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*