Крэатыўна, па-сучаснаму

- 15:12Рознае, Якасць адукацыі

Яшчэ за 500 гадоў да нашай эры Канфуцый вывеў простую формулу прафесійнага шчасця для чалавека: “Выберыце сабе работу па душы, і вам не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці”. Гучыць проста і геніяльна. Аднак рэалізаваць гэтую думку не так проста, як здаецца на першы погляд.

Зладжаная сістэма

Прафесій і спецыяльнасцей мноства, выбар ускладняюць уплыў на чалавека бацькоў, сяброў, соцыуму, уздзеянне стэрэатыпаў і многае-многае іншае. Выбраць прафесію складана нават сталаму чалавеку, што ўжо казаць пра падлеткаў. Таму прафарыентацыі ўдзяляецца такая пільная ўвага ўсюды, у тым ліку на Міншчыне.

У мінулым навучальным годзе больш за 13 тысяч школьнікаў сталі ўдзельнікамі прафарыентацыйных мерапрыемстваў, арганізаваных установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны. Работа праводзілася з навучэнцамі 1126 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ў шосты дзень з навучэнцамі 349 устаноў. Для іх праведзена больш за 250 мерапрыемстваў і каля 30 дзён адкрытых дзвярэй. Каб усё гэта ажыццявіць, папрацавалі каля 2200 навучэнцаў і больш за 1000 педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі. Колькасць заключаных дагавораў паміж установамі ПТА і ССА і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі аб правядзенні прафарыентацыйнай работы склала 473.

Падчас арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца пошуку і выкарыстанню сучасных форм і метадаў інфармавання школьнікаў аб прафесіях і фарміраванню ў іх матывацыі для атрымання прафесійнай адукацыі. Важны напрамак работы — узаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў у рамках сацыяльнага партнёрства пры правядзенні прафарыентацыйнай работы. Стварэнне інфармацыйнага асяроддзя прафарыентацыі — яшчэ адзін важны момант і абавязковая ўмова паспяховай дзейнасці. Акрамя таго, спецыялісты працуюць над арганізацыяй ранняй прафарыентацыі школьнікаў з выкарыстаннем рэсурсаў вытворчага навучання, бізнес-кампаній, аб’яднанняў па інтарэсах.

Прыкладаў паспяховай прафарыентацыйнай работы ва ўстановах ПТА і ССА Міншчыны мноства. Усе гэтыя ўстановы праводзяць дні адкрытых дзвярэй, супрацоўнікі каледжаў і ліцэяў прымаюць удзел у школьных бацькоўскіх сходах, сустракаюцца са школьнікамі, каб расказаць аб сваёй установе і спецыяльнасцях, якія яна прапаноўвае. Рыхтуюцца прэзентацыі, буклеты, відэаролікі аб установах, актыўна выступаюць агітбрыгады. Некаторыя ўстановы, акрамя звычайных мерапрыемстваў, прыдумваюць нестандартныя формы прафарыентацыі. Па цікавы вопыт варта завітаць у Вілейку, Дзяржынск, Маладзечна і Нясвіж. У кожнай з устаноў, аб якіх пойдзе гаворка, пабудавана зладжаная сістэма прафарыентацыйнай работы, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў рознага кшталту. Расказаць пра ўсё проста немагчыма, таму прапаноўваем вашай увазе некаторыя моманты.

Прафарыентацыйныя шоу

Вілейскі дзяржаўны каледж — самы яркі прыклад крэатыўнага падыходу да прафарыентацыйнай работы. Святы, што праводзяцца ў каледжы, сталі яго візітнай карткай, ці, як сказалі б сучасныя падлеткі, фішкай. У каледжы выкарыстоўваецца такая форма работы, як дні актыўнага прафарыентавання, у рамках якіх праводзяцца мерапрыемствы “Дзень судака”, “Дранік-шоу”, “Дзень малака”, “Энергія прыгажосці” і многія іншыя. Гэта цікавыя шоу-праграмы, куды запрашаюцца навучэнцы школ і гімназій раёна. Тут дзеці весела бавяць час і незаўважна для сябе даведваюцца больш аб прафесіях і каледжы. Падчас мерапрыемстваў навучэнцы дзеляцца на дзве каманды і на вачах у гасцей гатуюць незвычайныя стравы, а таксама паказваюць свае тэматычныя творчыя выступленні. Школьнікі выступаюць у якасці гледачоў і дэгустатараў. Многія з іх потым прыходзяць у каледж ужо ў якасці навучэнцаў. Арганізаваць цікавы адпачынак для маладых людзей, праверыць прафесійныя навыкі навучэнцаў цяперашніх, а таксама прыцягнуць увагу патэнцыяльных — не на кожным мерапрыемстве ўдаецца справіцца з усімі гэтымі задачамі. Аднак усё гэта з лёгкасцю ажыццяўляюць на шоу-праграмах у Вілейскім дзяржаўным каледжы.

Таксама на базе Вілейскага каледжа арганізаваны курс дапрофільнага навучання “Уводзіны ў прафесію”. Навучэнцы 8-х і 9-х класаў школ горада і раёна ў шосты школьны дзень прыязджаюць ва ўстанову і знаёмяцца з дапамогай педагогаў з асновамі прафесій слесара, цырульніка, вадзіцеля аўтамабіля, зваршчыка. Гэта цудоўная магчымасць паглядзець на прафесію знутры, каб мець аб ёй правільнае ўяўленне і скласці асабістае меркаванне.

Аб прафесіях — з дзіцячага сада

У Маладзечанскім дзяржаўным каледжы прафарыентацыйная работа актыўная і разнастайная. Хочацца звярнуць увагу на вопыт работы па раннім інфармаванні дзяцей аб свеце прафесій, працоўным выхаванні. Адметна, што пачынаюць працаваць з дзецьмі ўжо ў дашкольным узросце.

Трэці год запар супрацоўнікі і навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа праводзяць ва ўстановах дашкольнай адукацыі горада Тыдзень прафесійнага майстэрства. Так, сёлета яны завіталі ў яслі-сад № 31 Маладзечна. Каб малышам было цікава, прафарыентацыйная праграма была адначасова і забаўляльнай. У яслях-садзе з’явіліся тры парсючкі, якія прапанавалі дзецям разам будаваць дом. А дапамагалі ім у гэтым навучэнцы каледжа — прадстаўнікі розных спецыяльнасцей. Кожны дзень быў прысвечаны пэўнай прафесіі, спецыяльнасці, і навучэнцы каледжа рыхтавалі для дашкольнікаў цікавае мерапрыемства. У першы дзень муляры паказвалі інструменты і матэрыялы, расказваючы, чым яны адрозніваюцца і для чаго патрэбны. У наступны дзень разам з цеслярамі дзеці даведваліся, як у доме з’яўляюцца дзверы і вокны. Дзяўчаты-швачкі навучылі, як упрыгожыць дом фіранкамі, посцілкамі, фартухамі і іншымі тэкстыльнымі вырабамі. Электрыкі паказалі макет ахоўна-пажарнай сігналізацыі і звярнулі ўвагу на тое, што электрычны ток карысны і небяспечны адначасова. Апошнімі да дзетак завіталі будучыя кухары і афіцыянты, каб навучыць дашкольнікаў гатаваць і прыгожа падаваць смачныя стравы для гасцей, якія прыйдуць у новы дом на наваселле. У гульнявой форме дзеці паспрабавалі сябе ў кожнай з прапанаваных прафесій.

Навучэнцы каледжа з задавальненнем прымаюць удзел у Тыдні прафесійнага майстэрства. Яны старанна і адказна рыхтуюцца, прыдумваюць гульні, загадкі, рэпеціруюць пастаноўкі, вучаць вершы і песні, каб выхаванцам ясляў-сада было цікава, і абавязкова дораць дзецям падарункі, якія дапамогуць ім больш даведацца аб прафесіях. І яшчэ адзін цудоўны падарунак сваім малодшым сябрам падрыхтавалі навучэнцы каледжа: яны добраўпарадкавалі адну з гульнявых веранд. За іх работай пільна сачылі малышы, такім чынам яшчэ бліжэй знаёмячыся з будаўнічымі прафесіямі. Пазней супрацоўнікі і навучэнцы каледжа паўдзельнічалі ў святкаванні выпуску групы ясляў-сада, арганізаваўшы святочную праграму. Мерапрыемствы тыдня мелі вялікі рэзананс у горадзе, і цяпер многія дашкольныя ўстановы жадаюць супрацоўнічаць з каледжам.

Рэклама — рухавік прафарыентацыі

У Абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі ў мэтах прафарыентацыі разгарнулі маштабную рэкламную кампанію, а таксама зрабілі стаўку на сродкі пазавучэбнай дзейнасці.

Педагогі ліцэя ўдзяляюць вялікую ўвагу супрацоўніцтву з установамі адукацыі, установамі дадатковай адукацыі і іншымі сацыяльнымі інстытутамі ў рабоце па прафесійнай арыентацыi вучняў. На працягу некалькіх гадоў ліцэй цесна ўзаемадзейнічае з Дзяржынскім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, эколага-турыстычным цэнтрам “Станькава” ў сферы дадатковай адукацыі. У 2015/2016 навучальным годзе на базе ліцэя працавалі чатыры аб’яднанні па інтарэсах: студыя эстрадных спеваў “Сузор’е талентаў”, студыя танца “Віраж”, аб’яднанне па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Глорыя”, аб’яднанне ваенна-патрыятычнай накіраванасці “Меткі стралок”. У іх былі заняты 60 чалавек, сярод якіх былі як навучэнцы каледжа, так і навучэнцы школ Дзяржынска. Наведваючы аб’яднанні, школьнікі бліжэй знаёміліся з ліцэем, яго атмасферай, а таксама шмат даведваліся пра яго ад сваіх сяброў — навучэнцаў ліцэя, разам з якімі займаліся. Некалькі школьнікаў, якія ў мінулым годзе наведвалі аб’яднанні па інтарэсах на базе ліцэя, сёлета сталі яго навучэнцамі.

Рэклама — рухавік не толькі прагрэсу, але і прафарыентацыі. Для таго каб прыцягнуць дзяцей да паступлення ў ліцэй, яго супрацоўнікі стараюцца ствараць станоўчы імідж установы, а таксама максімальна распаўсюджваць інфармацыю аб ёй у горадзе і рэгіёне. Так, відэаролік аб ліцэі дэманструецца перад пачаткам кінасеансаў у гарадскім кінатэатры, рэкламныя лісты размешчаны ва ўсіх установах раёна і найбліжэйшых рэгіёнаў, інфармацыя пра ліцэй ёсць на шчытах на базавых прадпрыемствах, на прыпынках аўтатранспарту і чыгуначных станцыях, інфармацыйна-рэкламныя паведамленні часта з’яўляюцца ў прэсе і на папулярных інтэрнэт-парталах. Добры імідж установе ствараюць і яе навучэнцы — удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю, чые выставы і выступленні праходзяць на высокім узроўні. Так, навучэнцы нават замахнуліся на мюзікл і стварылі пастаноўку “Вечары на хутары каля Дзіканькі”, якая была высока ацэнена гледачамі.

Яшчэ адным напрамкам прафарыентацыі Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя з’яўляецца работа з установамі адукацыі горада па дагаворах аб прафесійным супрацоўніцтве. Так, быў заключаны дагавор паміж ліцэем і гімназіяй № 1 Дзяржынска. Цяпер праводзяцца заняткі са старшакласнікамі, якія забяспечваюць дапрофільную падрыхтоўку, сумесныя творчыя конкурсы і сустрэчы, майстар-класы на базе ліцэя, мэтавыя семінары, бацькоўскія сходы ў гімназіі з удзелам прадстаўнікоў ліцэя. Хлопчыкі і дзяўчынкі з гімназіі паспелі ўжо непасрэдна азнаёміцца з прафесіямі зваршчыка, кухара, трактарыста — пабывалі на майстар-класах навучэнцаў ліцэя, а потым і самі спрабавалі нешта рабіць. Гэта дае магчымасць дзецям рэальна ацаніць усе плюсы і мінусы пэўнай прафесіі і зрабіць свой выбар. Дзякуючы праведзенай рабоце, у 2016 годзе 10 вучняў гімназіі № 1 сталі навучэнцамі ліцэя.

Дні актыўнага адпачынку і прафарыентацыі

Дзень актыўнага адпачынку прапаноўваюць правесці ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Менавіта так называецца мадэль дапрофільнай прафарыентацыі школьнікаў, якая рэалізоўваецца ў каледжы. Для гасцей установы кожную суботу праводзяць тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства з навучальнай установай, са спецыфікай педагагічнай дзейнасці. Адначасова гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць фарміраваць камунікатыўныя якасці, развіваць арганізатарскія здольнасці, уменне ўзаемадзейнічаць, праяўляць ініцыятыву і творчасць. Асобным блокам прадстаўлены заняткі, накіраваныя на ацэнку ўласных магчымасцей у асваенні замежных моў і фізічнай культуры.

Як працуе мадэль? Кожную суботу ў каледж прыязджаюць навучэнцы школ Нясвіжскага і найбліжэйшых раёнаў. План мерапрыемстваў складзены на паўгоддзе і загадзя быў дасланы ў аддзелы адукацыі, спорту і турызму розных раёнаў. Навучэнцы і педагогі каледжа рыхтуюць для гасцей разнастайныя мерапрыемствы. Кожны тыдзень выбіраецца новая тэма, і суботнія мерапрыемствы актуалізуюць пэўныя кампетэнцыі, якія адпавядаюць адной са спецыяльнасцей каледжа. Мерапрыемствы разлічаны на вучняў 6—9 класаў, носяць творчы і гульнявы характар і праводзяцца ў трох кірунках: спартыўны блок, творчыя заняткі, сацыяльныя актыўнасці. Падчас мерапрыемстваў непасрэдна аб прафесіях не расказваецца, не даецца інфармацыя аб іх, але, удзельнічаючы ў конкурсах, выконваючы заданні, школьнікі развіваюць у сабе кампетэнцыі, неабходныя для той ці іншай спецыяльнасці. Такім чынам прафарыентацыя праводзіцца не яўна, а апасродкавана.

Напрыклад, у мінулую суботу мерапрыемствы ў каледжы былі аб’яднаны тэмай “Фестываль нацыянальных культур” і мелі мэту актуалізаваць кампетэнцыі настаўніка фізічнай культуры і настаўніка замежнай мовы. Для дзяцей, якія прыехалі ва ўстанову, быў праведзены спартыўна-пазнавальны дайджэст “Варыяцыі з мячом”. У якасці творчых заняткаў прайшлі музычны кірмаш “Ад Нясвіжа да Парыжа” і лінгвістычны квест “Па краінах і кантынентах”. У канцы для гасцей арганізавалі ролевую гульню “Наведванне штаб-кватэры ААН”.

Наколькі карысная для ўстановы такая форма работы, у каледжы ўжо адчулі. Вынікі мінулага года паказалі, што ва ўстанову прыйшлі матываваныя і зацікаўленыя навучэнцы, гатовыя працаваць і вучыцца.

Прафарыентацыя займае важнае месца ў дзейнасці ўстаноў адукацыі, бо яна звязвае сістэму адукацыі з эканомікай, патрэбы навучэнцаў — з іх будучыняй. Для дабрабыту грамадства неабходна, каб кожны выпускнік знаходзіў найбольш поўнае прымяненне сваім інтарэсам, схільнасцям, не губляў дарэмна час, сілы ў пошуках свайго месца ў сістэме грамадскай вытворчасці, месца, на якім мог бы прыносціь найбольшую карысць і атрымліваць вялікае задавальненне ад сваёй працы. Паспяховы вопыт работы ўстаноў адукацыі Міншчыны можа быць карысным у дасягненні гэтай мэты.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Вілейскім дзяржаўным каледжам.