Падарункі ад банка

- 9:53Вышэйшая школа, Рознае, Спецыяльная адукацыя

Сёння на ўліку ў Маларыцкім раённым ЦКРНіР знаходзіцца 381 дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Акрамя таго, у цэнтры дзейнічаюць спецыяльныя дашкольныя групы і пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі школам. Установа спецыяльнай адукацыі курыруе работу класаў інтэграванага навучання і выхавання.

— У цэнтры неабходную дапамогу атрымліваюць 33 дзіцяці, — расказала дырэктар ЦКРНіР Людміла Лукавец. — Для гэтага патрэбна добрая матэрыяльна-тэхнічная база, якая пастаянна паляпшаецца дзякуючы спонсарскай дапамозе людзей, неабыякавых да чужога гора. Так, нядаўна адбылася цікавая сустрэча нашых выхаванцаў і іх бацькоў пры падтрымцы калектыву ясляў-сада № 6 Маларыты (загадчыца Таццяна Трушко). Нагодай для мерапрыемства стала наведванне ўстановы кіраўніком цэнтра банкаўскіх паслуг № 500 Брэста ААТ “Прыорбанк” Андрэем Туцкім. Ён завітаў у госці да дзяцей не з пустымі рукамі, а перадаў цэнтру 5 дзіцячых ложкаў, 2 сталы, 6 крэслаў, артапедычнае крэсла, крэсла-грушу, набор дзіцячай мэблі і пыласос. Усё гэта паспрыяе стварэнню больш камфортных умоў для выхаванцаў і якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— Мы цудоўна разумеем, што асаблівым дзецям неабходны асаблівая ўвага і клопат, — адзначыў Андрэй Туцкі. — Пасля звароту дырэктара цэнтра ў наш банк было прынята рашэнне аб аказанні фінансавай дапамогі ўстанове спецыяльнай адукацыі. Гэта невялікая частка дабрыні, якой нашы супрацоўнікі шчыра падзяліліся з дзецьмі, пазбаўленымі самага дарагога багацця чалавека — здароўя. Такіх дзяцей нельга пакідаць без увагі і падтрымкі.

Падчас сустрэчы была арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма, якая ўключала розныя конкурсы для асаблівых дзяцей і іх бацькоў, а таксама нумары мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваныя выхаванцамі ясляў-сада № 6 Маларыты.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.