Навука — справа для энтузіястаў? Тады трэба энтузіязм зрабіць нормай!

- 17:33Навука і інавацыі

Як і абяцалі, мы пачынаем знаёміць нашых чытачоў з беларускімі вучонымі, даследаванні якіх вядомы і запатрабаваны ў свеце, – лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай прэміі Scopus Award Belarus’2013. Адзін з іх – загадчык кафедры біяхіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат біялагічных навук Ігар Сямак – наш сённяшні госць. Нагадаем, што галоўнымі крытэрыямі прэміі Scopus Award з’яўляюцца колькасць публікацый вучонага ў англамоўных часопісах і колькасць іх цытаванняў.

Пра перспектывы лактаферыну і “зялёнае святло” для джынерыкаў

Кафедра біяхіміі біялагічнага факультэта БДУ вядома на прасторах байнэту сваім удзелам у праграме Саюзнай дзяржавы “БелРасТрансген” — той самай, у межах якой вывелі трансгенных коз.
Непасрэдна біёлагі маюць дачыненне да выдзялення з іх малака бялку лактаферыну — унікальнага біялагічна актыўнага рэчыва. Перш за ўсё лактаферын незаменны для немаўлят, якія аказаліся пазбаўлены мацярынскага малака, бо бялок ідэнтычны лактаферыну, што ўтрымліваецца ў малацэ жанчыны.
У адной з лабараторый кафедры Ігар Сямак паказаў нам храматограф, на якім выдзяляецца лактаферын. Тут вучоныя даследуюць уласцівасці гэтага каштоўнага рэчыва, якое нездарма называюць прыродным антыбіётыкам: яно праяўляе процівірусную, антыбактэрыяльную, антыгрыбковую, процізапаленчую актыўнасць. Па ацэнках некаторых экспертаў, лактаферын здольны здзейсніць ледзь не рэвалюцыю ў медыцыне.Ігар Сямак паказвае новы адкасны храматограф, які аналізуе складаныя сумесі і ідэнтыфікуе іх склад.
— Зараз праводзяцца даклінічныя выпрабаванні лактаферыну, каб даказаць яго бясшкоднасць, — расказвае наш суразмоўца. — Думаю, што пачынаючы з 2014 года даследаванні выйдуць на новы ўзровень — пачнуць стварацца канкрэтныя прадукты на аснове лактаферыну трансгенных коз: біялагічна актыўныя дабаўкі, а затым і лекі.

Большасць напрамкаў даследаванняў, што праводзяцца на кафедры І.В.Семака, можна аб’яднаць адным паняццем — аналітычная біяхімія.
Напрыклад, кафедра з’яўляецца адной з нямногіх у краіне аналітычных баз, дзе вядуцца так званыя біяэквівалентныя выпрабаванні лекавых прэпаратаў. З дапамогай самых сучасных прыбораў вучоныя аналізуюць джынерыкі (копіі замежных прэпаратаў, якія не запатэнтаваны на тэрыторыі Беларусі) і высвятляюць, ці эквівалентныя яны арыгінальным лекам.
Выпрабаванне джынерыкаў — гэта складаны комплекс мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць розныя бакі: фармпрадпрыемствы, медыцынскія ўстановы, навуковыя структуры. Біяхімікі атрымліваюць на аналіз кроў добраахвотнікаў, якія прымаюць лекавы сродак. Задача вучоных — праверыць, ці дасягаюцца пры прыёме джынерыка такія ж канцэнтрацыі дзеючага рэчыва ў крыві, як і пры прыёме прэпарата-арыгінала.
Праз кафедру біяхіміі прайшло каля 40 вельмі розных прэпаратаў. Выпрабаванне кожнага — гэта рашэнне новай аналітычнай задачы, распрацоўка новай методыкі, што і складана, і цікава. Аналіз ідзе на нанаўзроўні, паколькі дозы сучасных прэпаратаў вельмі малыя. Вельмі важна назапасіць столькі статыстычных даных, каб не засталося сумненняў у дакладнасці высноў. Па некаторых лекавых сродках неабходна правесці да дзвюх тысяч аналізаў! Словам, работа вельмі карпатлівая і працяглая: яна можа займаць ад двух тыдняў да двух месяцаў.
Потым на падставе высноў даследчыкаў эксперты будуць прымаць рашэнне аб тым, ці можна даваць джынерыку “зялёнае святло”. Частку прэпаратаў вучоныя ўсё ж такі бракуюць.
— Якая можа быць прычына неэквівалентнасці? Магчыма, дапаможныя рэчывы перашкаджалі ўсмоктванню прэпарата-копіі альбо абалонка зніжала біядаступнасць прэпарата, — расказвае Ігар Віктаравіч. — У такіх выпадках вытворцы разам з даследчыкамі разбіраюцца ў прычынах неадпаведнасці і далей удасканальваюць тэхналогію.
Недавер да беларускіх лекавых прэпаратаў не мае падстаў, лічыць Ігар Сямак.
— Кантроль якасці пачынаецца з моманту набыцця субстанцыі, — гаворыць ён, — і не слабее на ўсіх этапах. Напрыклад, калі раней для выпрабавання джынерыкаў было дастаткова 12 добраахвотнікаў, то цяпер патрабуецца 30. Свядомасць вытворцаў мяняецца на карысць прадуктаў больш высокай якасці, таму што ад гэтага залежыць іх рэпутацыя, бізнес.

Яшчэ вучоны займаецца даследаваннем метабалізму мелатаніну і вітаміну D3. Мелатанін — гэта нейрагармон, які выпрацоўваецца галоўным чынам у эпіфізе, а вітамін D3 сінтэзуецца ў скуры пад уздзеяннем ультрафіялету. Гэтыя біялагічна актыўныя рэчывы адказваюць у арганізме чалавека за цэлы шэраг функцый. Напрыклад, адна з вядомых уласцівасцей мелатаніну — удзел у рэгуляцыі сну і бадзёрасці. Акрамя таго, нейрагармон з’яўляецца магутным антыаксідантам, удзельнічае ў рэгуляцыі крывянога ціску, функцый стрававальнага тракту, работы клетак галаўнога мозга. Вітамін D3 забяспечвае ўсмоктванне кальцыю ў тонкім кішэчніку, дапамагае рэгуляцыі размнажэння клетак, абменных працэсаў, сінтэзу шэрагу гармонаў.
Дэфіцыт ці лішак у арганізме чалавека мелатаніну і вітаміну D3 прыводзіць да парушэння тых ці іншых фізіялагічных працэсаў і развіцця рознага роду паталогій. Менавіта таму важна ведаць, як ажыццяўляецца метабалізм гэтых злучэнняў у арганізме, якія пры гэтым утвараюцца метабаліты і якой біялагічнай актыўнасцю яны валодаюць. Маючы гэтую інфармацыю, можна будзе не толькі расшыфраваць механізмы многіх захворванняў, але і стварыць новыя лекавыя сродкі з адпаведным дзеяннем.
Уласна кажучы, артыкулы па аналітычнай біяхіміі, у прыватнасці па метабалізме, надрукаваныя ў замежных выданнях, і дазволілі І.В.Семаку стаць лаўрэатам міжнароднай прэміі. Што да работ па рэкамбінантным лактаферыне, то атрыманыя навуковыя вынікі спачатку трэба запатэнтаваць, а потым даводзіць да агульнага ведама. Прававая абарона асабліва важная, калі даследаванне мае прыкладную каштоўнасць. А лактаферын хутка плануюць атрымліваць у прамысловых маштабах.

Пра аўтсорсінг у навуцы, магчымасці Scopus і энтузіязм

Вучоны гаворыць, што прэмію Scopus Award атрымаў у многім дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з заходнімі вучонымі і сумесным праектам. Напрыклад, кафедра падтрымлівае шматгадовыя сувязі з Універсітэтам Тэнэсі, ЗША.
— Міжнароднае супрацоўніцтва аказалася ўзаемна карысным, — падкрэслівае Ігар Віктаравіч. — Калі кожны ўдзельнік праекта бярэцца за тыя задачы, якія ў яго лепш атрымліваюцца, гэта дазваляе хутка і эфектыўна выконваць даследаванне і атрымліваць новыя цікавыя вынікі. Такі прынцып можна назваць модным словам “аўтсорсінг”. Прычым самыя прыгожыя і цэльныя работы атрымліваюцца тады, калі аб’ядноўваюць свае намаганні спецыялісты з розных галін: скажам, з аналітычнай біяхіміі і клетачнай біялогіі.
Дарэчы, электронная база даных Scopus, свабодны доступ да якой з нядаўняга часу з’явіўся ў беларускіх універсітэтаў, — дзейсны інструмент для таго, каб завязаць новыя кантакты ў навуковым свеце.

Біяхімікі-студэнты— Па падобных базах можна адсачыць, хто выкарыстоўвае нашы артыкулы, — працягвае вучоны. — Гэта трэба не толькі для пошуку партнёраў, але і для падтрымання ўласнай формы. Навука настолькі хутка развіваецца, што не паспееш апублікаваць новыя даныя, як іх тут жа падхапілі іншыя вучоныя і на іх аснове пачалі развіваць новыя напрамкі даследаванняў. Так і мы выкарыстоўваем базы навуковай інфармацыі для таго, каб ведаць, што адбываецца ў сусветнай навуцы, не дубліраваць ужо зробленае, а ісці далей.
На кафедры біяхіміі, па словах загадчыка, многія з задавальненнем карыстаюцца рэфератыўнай навукаметрычнай базай даных Scopus, калекцыяй паўнатэкставых часопісаў Freedom Collection выдавецтва Elsevier, а таксама амерыканскай рэфератыўнай базай даных MEDLINE для біёлагаў і медыкаў, да якой вучоныя БДУ таксама маюць доступ.
— Раней электронныя варыянты многіх публікацый у англамоўных часопісах можна было атрымаць толькі за грошы, — зазначае Ігар Віктаравіч.
На сваім персанальным камп’ютары ён паказвае нам, як па базе даных даведацца, у каго які індэкс Хірша (паказчык прадукцыйнасці вучонага, калектыву, універсітэта і г.д, заснаваны на колькасці публікацый і колькасці іх цытаванняў. — Заўв. аўт.). У Ігара Семака, дарэчы, h-індэкс — 16.
Карыстацца навуковымі рэсурсамі інтэрнэту на кафедры прывучаюць і студэнтаў. Паводле інфармацыі выдавецкага дома Elsevier, які валодае базай даных Scopus, у нашай краіне адны з самых запатрабаваных артыкулаў у базе менавіта па біяхіміі. Несумненна, свой уклад у гэтую статыстыку зрабілі студэнты, аспіранты, выкладчыкі і вучоныя кафедры біяхіміі біялагічнага факультэта БДУ.
Студэнты выкарыстоўваюць рэсурсы Scopus і MEDLINE, напрыклад, пры напісанні курсавых і дыпломных работ, могуць параўнаць свае падыходы да эксперыментаў з падыходамі замежных даследчыкаў. Акрамя таго, на лекцыях выкладчыкі завастраюць увагу на тых ці іншых артыкулах. Важна, што размова ідзе аб англамоўных крыніцах. Словам, магчымасці для навучання — выдатныя!

Шмат кантактуючы з замежнымі калегамі, Ігар Сямак дзеліцца такім назіраннем: усё ж такі навука сёння — справа для энтузіястаў. І ў гэтым замежныя даследчыкі мала адрозніваюцца ад беларусаў, бо і ў еўрапейскіх краінах заробак вучонага ніжэйшы ў параўнанні з заробкам урача, юрыста ці прадстаўнікоў іншых прэстыжных прафесій.
Да энтузіястаў, безумоўна, адносіцца і сам Ігар Віктаравіч. Ён з тых, хто працуе не ад званка да званка, а часам ва ўрон асабістаму часу, каму важна рабіць нешта новае, неардынарнае, асэнсоўваць значнасць, карыснасць сваёй працы. Захапляць сваім энтузіязмам іншых, у тым ліку і моладзь. Паказваць уласным прыкладам, што энтузіястам быць правільна і выгадна, а белыя вароны — гэта “неэнтузіясты”.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.