Лесвіца поспеху: ад шакаладу ручной работы да абутку для сцюардэс

- 13:17Выхаваўчая прастора

Фестываль па эканоміцы і прадпрымальніцтве  з сімвалічнай назвай “Лесвіца поспеху” сёлета ў дваццаты раз прайшоў у сценах Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. За ўвесь перыяд яго існавання ўдзельнікамі фестывалю сталі больш за 4 тысячы навучэнцаў і студэнтаў з Беларусі, Украіны і Эстоніі. “Лесвіца поспеху” – хутчэй адукацыйны праект, у рамках якога юныя прадпрымальнікі абменьваюцца ідэямі, атрымліваюць новыя навыкі і веды. Разам з тым сярод распрацаваных праектаў ёсць тыя што набылі практычную рэалізацыю. Сёлетні фестываль у чарговы раз прадэманстраваў шырокую палітру бізнес-ідэй: ад стварэння буціка шакаладу ручной работы да вытворчасці абутку для сцюардэс.

Пад знакам трэнінгаў і дзелавых гульняў

Курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” сёння дастаткова рэдка сустрэнеш у школе. Думаецца, найбольш актыўна гэты кірунак развіваецца ў Мінскай вобласці, дзе асаблівае развіццё атрымалі школьныя бізнес-кампаніі. Аднак пра “бум” прадпрымальніцтва сярод моладзі па-ранейшаму гаварыць не даводзіцца.

Фестываль “Лесвіца поспеху” — не што іншае, як адкрытае адукацыйнае асяроддзе, дзе паспрабаваць сябе ў бізнесе можа амаль кожны.
“Асаблівасцю сёлетняга форуму можна назваць павелічэнне колькасці каманд каледжаў, — адзначыла каардынатар праекта Наталля Пятроўна Шапо. — І значна меншай у параўнанні з мінулымі гадамі стала колькасць школьных каманд. На жаль, сёння іх вельмі складана падрыхтаваць да ўдзелу ў фестывалі і мы не рэалізуем у поўнай меры патэнцыял школьнікаў. Аднак удзел навучэнцаў каледжаў дазваляе бачыць больш рэальныя бізнес-планы, многія з якіх гатовы да рэалізацыі ці ўжо працуюць.
У гэтым годзе ўдзельнікамі “Лесвіцы поспеху” сталі навучэнцы школ, гімназій і каледжаў з Мінска, Століна, Бабруйска, Маладзечна, Барысава, Ліды, Мсціслаўскага раёна, а таксама каманд з украінскага горада Роўна і расійскага Санкт-Пецярбурга. За дваццаць гадоў работы ў нас склалася і каманда партнёраў, сярод якіх упраўленне прадпрымальніцтва і аддзел па справах моладзі Мінгарвыканкама, Асацыяцыя беларускіх банкаў, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, Рэспубліканская Канфедэрацыя прадпрымальніцтва, дзелавы партал BEL.BIZ, маладзёжны партал Kariera.by і інш.”.
Пачатак фестывалю прайшоў пад знакам трэнінгаў і дзелавых гульняў. З эфектыўнымі камунікацыямі юных прадпрымальнікаў пазнаёміў бізнес-трэнер бізнес-школы “Empower” Максім Жбанкоў. Майстар-клас “Крыніцы фінансавання малога і сярэдняга бізнесу” для канкурсантаў правёў старшыня Рэспубліканскага мікрафінансавага цэнтра Ігар Мікульчык.
Надзвычай актуальнай для ўдзельнікаў фестывалю, у якім ужо не першы год прымаюць удзел сацыяльна накіраваныя праекты, стала прэзентацыя Прадстаўніцтва міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі “Сацыяльнае прадпрымальніцтва ў дзеянні”.
Адной з такіх работ сёлета стаў праект Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа “Краіна дзяцінства”, які атрымаў перамогу ў “сацыяльнай” намінацыі. Навучэнцы навучальнай установы займаюцца арганізацыяй дзіцячых свят і мерапрыемстваў. Усе выручаныя сродкі ад іх дзейнасці ідуць на арганізацыю аналагічных свят для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Другое месца атрымаў сталічны каледж бізнесу і права з праектам “Відэаназіранне на дзіцячых пляцоўках”. Трэцяе — праект гімназіі №1 Ліды “Траянскі конь”.

“Новы дзень”  беларускага бізнесу

Палітра сёлетніх бізнес-ідэй уразіла як гасцей фестывалю, так і членаў журы. Напрыклад, навучэнцы Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа прапануюць праект стварэння ў сталіцы і абласных цэнтрах буцікоў шакаладу, у якім будзе прадстаўлена шакаладная прадукцыя класа прэміум, прэміум-люкс, а таксама шакаладныя вырабы ручной работы.
“Мы плануем заключыць дамоўленасці аб супрацоўніцтве з такімі беларускімі вытворцамі шакаладу, як “Спартак” і “Камунарка”, якія ўжо сёння вырабляюць некаторыя віды эксклюзіўнай прадукцыі, — расказвае член бізнес-каманды Ганна Супрунчык. — Акрамя таго, у нашых планах супрацоўніцтва з вядомым мінскім майстрам Марыяй Кухарэнка, якая робіць шакалад ручной работы. Яна зацікавілася нашай ідэяй. Шакалад — прадукт шырокага спажывання, які набываецца штодзень, і ў той жа час нам хочацца надаць яму індывідуальны характар”.

 Школьнікі Лугаваслабодскай сярэдняй школы Мінскага раёна прадставілі на суд журы бізнес-праект “Упрыгажэнні з пластыкі”.
“Кожны экзэмпляр нашай біжутэрыі мае сваю ідэю, — расказвае член каманды Вераніка Макарэвіч. — Мы сочым за моднымі тэндэнцыямі і робім стаўку на разнастайнасць. Нашы асноўныя пакупнікі — моладзь, а рэалізуем мы сваю прадукцыю дастаткова сучасным спосабам: праз сацыяльныя сеткі і на шматлікіх школьных кірмашах”.
Мінскі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці парадаваў актуальнасцю сваёй бізнес-прапановы. У аснове іх ідэі ляжыць вытворчасць сучаснага і камфортнага абутку для сцюардаў і сцюардэс кампаніі “Белавія”, што, на думку аўтараў праекта, павінна быць асабліва запатрабавана напярэдадні правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Сёння навучэнцы каледжа ўжо маюць дамоўленасць з кампаніяй і заказ на пэўную партыю абутку.
Бабруйскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны каледж прадставіў бізнес-праект па вытворчасці паліўных брыкетаў “Агнеціс”, Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж — праект клуба змешаных адзінаборстваў “Well Round”, сталічная гімназія № 6 — праект “Катапёс”, Школа бізнесу Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі — праект маладзёжнага лагера “Trail”. Госці фестывалю — Школа бізнесу Роўна — прывезлі праект маладзёжнага летніка дэтэктыўнага кірунку.
“Мінск на калёсах” — так назвалі свой праект валанцёры сталічнай гімназіі №27. Яго сутнасць у развіцці інфраструктуры мінскіх веладарожак.
“Першае, што мы плануем зрабіць у гэтым кірунку, — навесці парадак уздоўж дарожак і адрамантаваць загароды, — расказвае валанцёр Аляксей Стрэчань. — Нам здаецца вельмі важным размясціць на працягу велатрасы невялікія кавярні з велапаркоўкамі, каб людзі мелі магчымасць адпачыць. А ў далейшых планах — экскурсійная дзейнасць па Мінску. Гэта так цікава — убачыць вядомыя месцы сталіцы з веласіпедных калёс! Ну і, канечне, плануем развіваць пракат веласіпедаў”.
Пераможцам намінацыі “Камерцыйны бізнес-праект” сёлета стаў праект Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці “Упрыгажэнні са скуры”. Скураныя бранзалеты, кулоны, партманеты, чахлы для тэлефонаў і нават карціны са скуры — далёка не поўны пералік асартыменту юных прадпрымальнікаў. Школьнікі нездарма назвалі сваю кампанію “Новы дзень”, яны прызнаюцца, што не звяртаюць увагу на сусветныя модныя трэнды, а самі з’яўляюцца заканадаўцамі моды ў сваім рэгіёне.
“Калі гэта вырабы пад заказ, то мы па жаданні кліента можам выпальваць на скуры ініцыялы або іншыя сімвалы, — адзначае капітан каманды Вікторыя Авечкіна. — Мы не маем фіксаванага кошту сваіх вырабаў, наш дэвіз “заплаці колькі зможаш”. Гэта дае магчымасць пакупніку вызначыць суму тавару, зыходзячы з уласнага фінансавага становішча. Кампанія “Новы дзень” з поспехам рэалізуе свой тавар у Мсціслаўскім раёне. Напрыклад, у нашай школе даволі часта праводзяцца тэматычныя вечарыны. Скажам, вечарыне 80-х гадоў характэрна свая стылістыка. Для таго каб быць на хвалі, нашы модніцы робяць заказ на аксесуары. Акрамя таго, прадукцыя ў сярэдневяковым стылі вельмі запатрабавана напярэдадні рыцарскіх фэстаў, якія праводзяцца ў Мсціслаўлі”.
Другое месца ў намінацыі “Камерцыйны бізнес-праект” заваяваў Мінскі каледж прадпрымальніцтва (праект “Аўтапоінт”), трэцяе — Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж (праект “кАРТрыдж”).

“Салодкае княства” пераможцаў

У намінацыі “Сацыяльны відэаролік” пераможцам стаў Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж, а ў намінацыі “Эканамічная інтуіцыя” — сталічны Каледж бізнесу і права. Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж быў прызнаны лепшым у арганізацыі рэкламнай кампаніі. І ён жа стаў абсалютным пераможцам фестывалю па эканоміцы і прадпрымальніцтве “Лесвіца поспеху — 2013” з праектам “Салодкае княства”.

“Мы не ставім перад сабой задачу выявіць тыя праекты, якім можна даць пуцёўку ў жыццё, — адзначае каардынатар праекта Наталля Пятроўна Шапо. — Аднак некаторыя ўдзельнікі фестывалю мінулых гадоў змаглі з поспехам рэалізаваць свае ідэі на практыцы. Так, з’явілася “Маладзёжнае інфармацыйнае агенцтва”, “Школа ролера”, сацыяльнае прадпрыемства “Рукавіцы дапамогі”, эканамічная гульня “Рабінзоны ў Экаландыі”.
Маладзёжнае інфармацыйнае агенцтва ў свой час прапанавала 45 рабочых месцаў для людзей, якія былі зарэгістраваны ў Цэнтры занятасці, а прадпрыемства “Рукавіцы дапамогі” дало магчымасць палепшыць матэрыяльнае становішча жанчынам, якія мелі патрэбу ў рабоце дома. І для пачынаючых прадпрымальнікаў гэта нямала”.

Наталля АЛЁХІНА.

aliohina@ng-press.by