Яна вельмі…

- 11:24Адукацыйная прастора, Людзі адукацыі
Месца ўпрыгожвае чалавека ці чалавек — месца? Здаецца, што ў выпадку з адукацыйнымі ўстановамі і людзьмі, якія працуюць у іх, гэтае пытанне можа быць вельмі спрэчным і не мець адназначнага адказу. Бо і сама школа можа мець слаўныя традыцыі, здольныя “ўпрыгожыць” кожнага, хто там будзе працаваць. Але ж у сваю чаргу і традыцыі не бяруцца з ніадкуль, а культывуюцца канкрэтнымі людзьмі, якія клапоцяцца аб “прыгажосці” месца. Што першым з’явілася на свет — курыца ці яйка?

 

Быць можа, прыгожы чалавек і прыгожае месца проста ў пэўны момант непазбежна сустракаюцца адно з адным, знаёмяцца, клапоцяцца адно пра аднаго, зрастаюцца адно з адным і як бы раствараюцца ў адным агульным і непадзельным лёсе… Міне колькі часу, глянеш на гэтае месца — і адразу пазнаеш яго па нейкім чалавеку, глянеш на чалавека — і адразу скажаш, адкуль ён.
Т.Г. ШчуркоВось ужо амаль дваццаць гадоў, з іх шаснаццаць на пасадзе намесніка дырэктара, у мінскай сярэдняй школе № 71 працуе Таццяна Георгіеўна Шчурко. Мне пашчасціла пазнаёміцца з ёй недзе гадоў пяць назад, калі яна завітала ў рэдакцыю нашай газеты і проста прапанавала цікавага чалавека для артыкула, маўляў, вы не пашкадуеце, калі пазнаёміцеся і напішаце. Натуральна, гаворка ішла пра настаўніка, натуральна, пра настаўніка з 71-й школы. Але прапанова Таццяны Георгіеўны не выглядала спробай намесніка дырэктара прапіярыць сваю школу ў СМІ, неяк засвяціцца. Гэта, хутчэй, нагадвала клопат маці пра сваё дзіця, маўляў, яно ў мяне вельмі таленавітае, вельмі неардынарнае, але пры гэтым вельмі сціплае, а хочацца, каб талент усё ж заўважылі… Шчыра кажучы, я ўжо нават не памятаю, пра каго канкрэтна тады ішла гаворка, бо пасля той сустрэчы я напісаў ужо не адзін і нават не два артыкулы ўсё з той жа 71-й школы з падказкі ўсё той жа Таццяны Шчурко — і пра канкрэтныя выдатныя дасягненні творчых калектываў установы (у 71-й школе ёсць тры ўзорныя калектывы!), і пра асобных яркіх выкладчыкаў творчых дысцыплін, у прыватнасці, Лідзію Масленікаву (кіраўніка ўзорнага канцэртнага хору “Званіца”), Наталлю Шыманец (аднаго з кіраўнікоў харэаграфічнага ансамбля “Першацвет”), выкладчыка па класе акардэона Марыну Клімовіч і іншых. Галоўнае, Таццяна Георгіеўна ніколі мяне не падманула, “сватаючы” розных людзей і розныя тэмы. Я штораз заставаўся задаволены “сырым матэрыялам”, спадзяюся, яна — “якасцю фактуры”.
Намеснік дырэктара школы — таямнічая пасада. Не ў тым сэнсе, што хавае ў сабе якуюсьці таямніцу, а ў тым, што сама таемна хаваецца за густым вэлюмам штодзённых школьных спраў і клопатаў, вынікаў і дасягненняў. Пагадзіцеся, на старонках газет і ўвогуле на слыху часцей за ўсё мы маем імёны ці непасрэдна дырэктараў школ, ці яркіх зорачак на “небасхіле”. І так, напэўна, не толькі ў адукацыйных установах, але і ў любым творчым ці вытворчым калектыве, у любой установе. А намеснік звычайна апынаецца недзе пасярэдзіне — паміж сонцам і зоркамі. А таму днём і ноччу нябачны. Хоць таксама зорка, хоць таксама сонца…
Сонца сагравае, зоркі свецяць — жыццё працягваецца… Днём і ноччу.
Але толькі зоркі і сонца могуць нам расказаць пра таго, каго мы не бачым. Сам ён ніколі не раскажа, будзе ўпарта ахоўваць сваю таямніцу.
Нават не ведаю, колькі разоў надоечы я пачуў ад калег Таццяны Георгіеўны Шчурко прыслоўе “вельмі”, калі папрасіў іх сказаць што-небудзь пра яе як пра педагога, жанчыну, таварыша… Можа, сто, можа, дзвесце ці трыста. І ўсё ў адной пазітыўнай канструкцыі: “Яна вельмі…”.
Дырэктар мінскай сярэдняй школы № 71 Наталля Казіміраўна Буркевіч: “Яна вельмі таленавіты і захоплены педагог, прафесіянал. Сваёй любоўю да мастацтва, да музыкі яна захапляе і калег, і дзяцей, і бацькоў — аб’ядноўвае ўсіх у адну вялікую каманду. Фактычна яна стаяла ля вытокаў стварэння школы з музычна-харэаграфічным ухілам, садзейнічала развіццю гэтага кірунку, стварала ўсе ўмовы для павышэння майстэрства нашых педагогаў. Яна вельмі руплівы ахоўнік гэтых цудоўных традыцый школы. У тым, што яны наогул захаваліся і існуюць, — яе самая вялікая заслуга.
Яна вельмі ініцыятыўны арганізатар. Бязмежная колькасць творчых мерапрыемстваў, канцэртаў, у тым ліку і за мяжой, — гэта таксама плён яе самаадданай працы. Яна ў добрым сэнсе вельмі азартная, можа захапіцца нечым вельмі хутка, але не тое, што захапілася і кінула: любую добрую справу яна давядзе да канца.
Яна вельмі патрабавальны, паслядоўны і самаарганізаваны чалавек. Гэта пра яе напалеонаўскія словы: “Галоўнае — увязацца ў вайну, а вайна план пакажа…”. Я хачу сказаць, што яна вельмі добры прадзюсар свайго вялікага калектыву педагогаў-музыкантаў.
Яна вельмі далікатны і талерантны кіраўнік. Мне спакойна, калі нейкія адміністрацыйныя функцыі па школе выконвае яна. Я ведаю, што яна педантычна ўсё пракантралюе і зробіць з добрым працэнтам выніковасці любую даручаную работу. Яна вельмі акуратная ў любой справе, вельмі вытрыманая і паслядоўная, вельмі дыпламатычная. Так, яна мая апора. Плячо. Трэба тэрмінова прыехаць ці, наадварот, затрымацца, зрабіць нешта — заўсёды “магу”, заўсёды “з задавальненнем”. І ніколі ні слова папроку ці прэтэнзіі, і нічога не трэба ўзамен — усё бескарысна і адкрыта, усё ад усяго сэрца, усё да кропелькі, усё напоўніцу. Працаваць з ёй — шчасце.
Яна вельмі прыгожая і прыемная жанчына. Жанчына, на якую хочацца глядзець, якой хочацца захапляцца, якой хочацца дзякаваць за яе талент, жыццёвую чалавечую мудрасць. У яе безліч удзячных вучняў, бацькоў, калег.
Яна вельмі мудрая маці. У яе дачка, і ў мяне дзве дачкі. Ніколі не забуду яе матчыных парад па выхаванні дзяцей: быць побач, але не перашкаджаць, падказваць, але гаварыць не наўпрост, а выхоўваць уласным прыкладам; як бы нам, бацькам, ні хацелася ўдзельнічаць у жыцці нашых дзяцей, размяркоўваць іх жыццё, усё ж лепш заставацца гэтакім назіральнікам, а побач з дзецьмі своечасова апынацца тады, калі ёсць невялікае падзенне.
Яна вельмі пазітыўны чалавек з незвычайным пачуццём гумару. У любой, здавалася б, самай бязвыхаднай сітуацыі, яна зможа паглядзець на праблему з гумарам і на пазітыўнай настроенасці адолець любую перашкоду.
Яна вельмі абаяльная і бясстрашная ў гэтай сваёй абаяльнасці. Нават на зло ідзе з усмешкай, і тады зло гіне, раствараецца ў яе ўсмешцы. Любы негатыў бездапаможна разбіваецца аб яе дабрыню, прамяністасць.
Яна вельмі, вельмі мяккі, цёплы, душэўны чалавек. У нас у школе ёсць добрая традыцыя. Кожны дзень, калі заканчваецца працоўны час, мы падводзім вынікі гэтага дня. Але вынікі не зробленай за дзень работы, а вынікі таго вопыту, якому нас навучыў канкрэтны працоўны дзень. Штовечар мы садзімся за стол — я і ўсе чатыры мае намеснікі — і гаворым пра тыя ўрокі, якія кожны з нас вынес з пражытага дня, увабраў у сябе дзеля поспеху ў дзень заўтрашні. Таму, дарэчы, у нас працоўны дзень і заканчваецца не нейкімі цяжкімі роздумамі ці, наадварот, палёгкай, маўляў, ну вось адбылі нарэшце. Мы проста робім высновы і заканчваем дзень на пазітыве — усё для нашай радасці, і гэты дзень таксама. І ў такіх абмеркаваннях Таццяна Георгіеўна, можна сказаць, самы прасветлены, самы аптымістычны чалавек”.
Няхай не пакрыўдзяцца тут на мяне ні загадчык метадычнага кабінета 71-й школы Ларыса Пятроўна Місюк, ні выкладчык па класе акардэона Марына Яўгенаўна Клімовіч, з якімі я таксама гутарыў, але якіх цытаваць тут не буду. Проста яны гаварылі мне пра Таццяну Георгіеўну прыблізна тое ж самае, што і дырэктар: “Яна вельмі… (прамяністая, таленавітая, сціплая, далікатная, добразычлівая, мудрая, адказная…)”. Ды і самі яны яшчэ неаднойчы змогуць сказаць сваёй калезе ўсё, што захочуць.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by