"Вясёлкавы карагод” закружыў дзіцячай творчасцю

- 10:53Культура
На мінулым тыдні на Магілёўшчыне разгарнуўся грандыёзны гала-канцэрт абласнога этапу X Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Гісторыя гэтага мерапрыемства налічвае ўжо шмат гадоў, а ўяўляе яно сабой своеасаблівы вынік мэтанакіраванай сістэмнай выхаваўчай работы педагагічных калектываў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецыяльных устаноў адукацыі па развіцці творчых здольнасцей дзяцей, іх духоўна-маральным выхаванні на традыцыях беларускай культуры. Ён мае вялікае значэнне для далучэння дзяцей да народнай творчасці і абрадаў. Акрамя таго, фестываль спрыяе фарміраванню пазітыўнага стаўлення да дзяцей з АПФР, узмацненню інклюзіўных працэсаў у галіне творчай дзейнасці, стварэнню ўмоў для самарэалізацыі, супрацоўніцтва і партнёрства здаровых дзяцей і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, умацавання сямейных адносін з дапамогай сумеснай дзейнасці.
Па традыцыі фестываль праводзіцца рэгіянальнымі этапамі па двух напрамках: мастацкая самадзейнасць і дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Гэты год не стаў выключэннем.
24_Вяселкавы карагодНа выставе дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці ў рамках абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” было прадстаўлена звыш трохсот пяцідзесяці дзіцячых работ з дваццаці ўстаноў адукацыі. Усе створаныя рукамі юных майстроў творчыя работы, выкананыя ў тэхніках аплікацыі, дрэваапрацоўкі, вышыўкі, пап’е-машэ, бісерапляцення, цестапластыкі, калажу, саломапляцення, былі цесна звязаны з культурай і побытам беларускага народа, што пацвярджала глыбокія веды хлопчыкаў і дзяўчынак аб нацыянальных традыцыях роднага краю.
Яркае ўражанне пакінулі работы выхаванцаў Магілёўскага дзіцячага дома № 1, Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Каменскай дапаможнай школы-інтэрната, Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і многіх іншых.
Атмасфера цеплыні і душэўнасці пранізвала канцэртную праграму фестывалю, якая складалася з трох блокаў, у кожным з якіх прысутнічаў свой асабісты настрой. Да таго ж, дзіцячыя выступленні суправаджаліся святламузыкай і мультымедыя, што рабіла нумары ўдзельнікаў больш змястоўнымі.
У першым блоку канкурсанты прадэманстравалі шчырую любоў да свайго краю, народных традыцый і роднай мовы. Свой талент у вакальным і харэаграфічным мастацтве гледачам і журы ад чыстага сэрца дарылі выхаванцы Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Магілёўскага дзіцячага дома № 1, Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Горацкага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Чэрыкаўскага ясляў-сада № 5, Каменскай дапаможнай школы-інтэрната Бабруйскага раёна, Досавіцкага ВПК “дзіцячы сад — базавая школа” і Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Другі блок канцэрта быў прасякнуты ваенна-патрыятычным духам. Падчас выступленняў канкурсанты паказалі, што свой абавязак — захаванне памяці аб вайне сучасная моладзь выконвае з годнасцю. Нікога з прысутных не пакінулі раўнадушным песні ваеннага часу ў выкананні выхаванцаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча Фёдара Шчарбачука і Кірыла Шусціна, а таксама танцавальная кампазіцыя з элементамі рукапашнага бою і выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля вучылішча. Узрушыў гледачоў і нумар хлопчыкаў і дзяўчынак з Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй, які спалучыў у сабе вакальную кампазіцыю і харэаграфічную замалёўку.
Нумары трэцяга блоку прадэманстравалі шматлікія дзіцячыя таленты Прыдняпроўскага краю. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры, арыгінальнасць харэаграфічных, музычных і вакальных нумароў паказалі творчыя калектывы Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, дзіцячага дома Бабруйска, Бялыніцкай, Асіповіцкай, Чавускай школ-інтэрнатаў, Раснянскай школы-інтэрната Чавускага раёна, Каменскай дапаможнай школы-інтэрната Бабруйскага раёна, Мсціслаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы Магілёва, магілёўскага дзіцячага дома № 1. Асабліва запамінальнымі былі выступленні тэатра жэставай песні “Праменьчыкі надзеі” Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, адно з якіх стала фінальным акордам фестывалю.
Гала-канцэрт прайшоў у цёплай, сардэчнай атмасферы. Аднак хвалюючы момант падвядзення вынікаў быў непазбежны. Пераможцам фестывалю па Магілёўскай вобласці ў мастацкай самадзейнасці стала Мсціслаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, а на выставе выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці лепшай прызнана Бабруйская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Не засталіся без узнагарод і астатнія ўдзельнікі, якія атрымалі дыпломы розных ступеняў у разнастайных намінацыях конкурсу. Акрамя таго, сапраўдным сюрпрызам стаў вялікі торт, прыгатаваны навучэнцамі ўстаноў прафтэхадукацыі рэгіёна.
На такой пазітыўнай ноце абласны этап X Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, які ў літаральным сэнсе закружыў у віхуры дзіцячых талентаў, завяршыўся. Цяпер наперадзе гала-канцэрт фестывалю ў НДЦ “Зубраня”, дзе магілёўскія навучэнцы, без сумненняў, таксама праявяць сябе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.