Што падтрымліваюць падтрымліваючыя заняткі?

- 10:30Якасць адукацыі
Як усім вядома, акрамя вучэбных, у школе праводзяцца факультатыўныя, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. Факультатыўныя заняткі рэалізоўваюць варыятыўны кампанент зместу адукацыі, накіраваны на пашырэнне і паглыбленне ведаў, павышэнне цікавасці да прадмета. Стымулюючыя забяспечваюць магчымасць рэалізацыі здольнасцей адораных навучэнцаў. Падтрымліваючыя заняткі накіраваны на пераадоленне цяжкасцей у вучобе.І вось менавіта на гэтым хацелася б спыніцца і падумаць.

У прытчы “Школа звяроў” апісваецца сітуацыя, як аднойчы вырашылі ўсім жывёлам даць “шырокую агульную адукацыю” і пачалі вучыць вавёрку плаваць, арла поўзаць, зайца лятаць і г.д. Што з гэтага атрымалася, няцяжка ўявіць: заяц, спрабуючы ўзляцець, зламаў лапу, і цяпер не толькі лятаць, але і скакаць не змог; крылы ў арла патрапаліся, і з былой хуткасцю ён ужо не лятаў; а калі адкачалі вавёрку, то яна не тое што на дрэва, на пянёк залезці не змагла…

Калі мы арганізоўваем падтрымліваючыя заняткі, то нярэдка сітуацыя выглядае вельмі падобна: не асабліва задумваючыся над тым, у каго якія схільнасці і імкненні, мы хочам, каб усе ўсё ўмелі і маглі. Але ж так не бывае!

За шмат гадоў работы ў пачатковай школе ні разу не бачыла, каб калі-небудзь праводзіліся падтрымліваючыя заняткі па маляванні ці музыцы, толькі матэматыка, руская, беларуская мовы… Апытанне настаўнікаў паказала, што асноўныя прычыны дзве: па-першае, маляванне (праца, музыка, фізкультура) не кожнаму даюцца, тут усё залежыць ад здольнасцей, і, па-другое, “ад нас гэтага не патрабуюць, гэтыя прадметы ў сярэдні бал не ўваходзяць”…

Атрымліваецца, што калі ў дзіцяці няма музычнага слыху, мы разумеем, што ніякія дадатковыя заняткі не дапамогуць: “супраць прыроды не пойдзеш”, а вось матэматычны ці моўны “слых” развіць можна… Але ж гэта не так! Механізм здольнасцей аднолькавы, проста мы яго не вельмі добра разумеем.

І займаемся, займаемся, займаемся… І ў школе, і дома, і ў выхадныя, і на канікулах… І кожны раз здаецца, асабліва калі гаворка ідзе пра малодшых школьнікаў, што вось яшчэ крышку — і атрымаецца, яшчэ крок — і пойдзе! І сапраўды атрымліваецца, і на самай справе гэтыя дзеці хоць крыху, але падцягваюцца, аднак у сярэдняй школе зноў з’язджаюць уніз, прычым даволі хутка. Мы наракаем на адсутнасць пераемнасці, але пры гэтым закрываем вочы на тое, што праграма істотна ўскладняецца і адной толькі стараннасці недастаткова. А яшчэ забываем народную мудрасць: “На лейцах і конь разумны”, а нам здаецца, што калі гэтага каня адпусціць, то ён і далей зможа быць “разумным”, мы ж столькі гэтаму вучылі… Але не! І вельмі крыўдна і шкада нашых педагагічных намаганняў, і сіл нашага слабага навучэнца, які і на ўроку ледзь выседзеў, для якога гэтыя разумовыя нагрузкі цяжэйшыя, чым любая фізічная праца, а мы яго яшчэ дадаткова нагружаем… Ах, калі б гэтую нашу энергію ды ў іншае рэчышча! Але пра гэта крыху пазней.

Што тычыцца славутых якасці паспяховасці і ступені навучанасці, то настаўнікі абавязаны не толькі праводзіць падтрымліваючыя заняткі з навучэнцамі, якія маюць адзнаку ніжэйшую чым 5 па прадмеце, але і весці рэгулярны ўлік выкананай работы і атрыманых “дасягненняў”. Гэта значыць, афіцыйна лічыцца, што кожнае дзіця здольнае вучыцца як мінімум на 5 балаў па ўсіх прадметах, а іначай настаўнік дрэнна працуе. І мы, сумленна займаючыся, пры гэтым часта сумна назіраючы марнасць сваіх намаганняў, або проста адразу “малюючы” пяцёркі, разумеючы, што “каму Бог не даў, таму Сарбона не дапаможа”, ўсе тым не менш задаёмся аднымі і тымі ж пытаннямі: “Калі “адзінка” афіцыйна лічыцца СТАНОЎЧАЙ адзнакай, то чаму з нас патрабуюць працэнт паспяховасці, які пастаянна трэба павышаць? Больш за тое, дзе наша педагагічная навука, якая распрацавала эфектыўныя методыкі па ўсіх вучэбных прадметах, якія дазваляюць навучыць кожнага?”

А яшчэ давайце паспрабуем уявіць сітуацыю, калі настаўнікаў і школы раптам пачнуць параўноўваць па росце навучэнцаў: у каго будуць самыя высокія паказчыкі, у таго будзе і рэйтынг вышэйшы, і прэмія яму большая, і грамату яму дадзім… І стануць нашы настаўнікі пасля ўрокаў “падцягваць” нізкарослых, даваць ім індывідуальныя заданні ў выглядзе дадатковых порцый морквы ці яшчэ нечага… Смешна? Бязглузда? Толькі ў чым розніца паміж працэнтам паспяховасці і працэнтам росту (хіба ў тым, што абсурднасць апошняга больш наглядная?..).

Але на самай справе праблема значна глыбейшая, чым здаецца. Апошнім часам мы вельмі часта гаворым пра недахоп прафесійнай рабочай сілы: усе рвуцца ва УВА! А можа, існуе простая залежнасць паміж нашымі падтрымліваючымі заняткамі ў іх звыклым выглядзе і той тэндэнцыяй, што хутка працаваць не будзе каму? Мы ж самі пераконваем і нашых дзецей, і іх бацькоў, што ёсць заняткі “важныя” — гэта школа, а ёсць “няважныя” — гэта ўсё астатняе! “Важнымі” займацца важна, трэба і прэстыжна, а тыя, хто займаюцца “няважнымі” справамі — няўдачнікі! Але скажыце, хіба толькі з вышэйшай адукацыяй чалавек можа быць паспяховым, хіба праграміст ці юрыст заўсёды больш шчаслівыя, чым дворнік ці сантэхнік? (Хаця, калі дворніку з першага класа даводзіць, што ён няўдачнік…)

Расказваюць пра ліцэйскія гады Пушкіна, калі настаўнік у чарговы раз ставіў яму нізкі бал па арыфметыцы і казаў: “Ідзіце лепш пішыце вершы…”. Цікава, а калі б з Пушкіным замест гэтага праводзілі падтрымліваючыя заняткі па матэматыцы, ён бы стаў “сонцам рускай паэзіі”?

А калі нашаму Васю ці Пецю мы кажам: “Ніякага футбола, пакуль дыктант не напішаш”, — ці не губляем мы чарговага Яшына ці Аршавіна (ці мы хочам атрымаць Даля або Ожагава?..).

Прашу правільна зразумець: я не супраць падтрымліваючых заняткаў для тых навучэнцаў, хто адчувае часовыя цяжкасці і з нашай дапамогай можа лёгка дагнаць клас. Гаворка ідзе аб практыцы, якая склалася, калі прыродныя здольнасці і задаткі не ўлічваюцца, калі мы лічым, што ўсе могуць быць “вучонымі”, калі мы вучым вавёрку плаваць, а зайца лятаць (калі ж гэтае параўнанне падасца прыцягнутым, можна перачытаць Я.А.Каменскага: “Куды не цягнуць здольнасці, туды і не штурхай. Змагацца з натурай — марная справа”).

Падтрымліваючыя заняткі не могуць і не павінны пераўтварацца ў абавязковыя і рэгулярныя для тых, хто адстае. Задачай школы павінна стаць не якасць ведаў, якой бы высокай яна ні была (хаця вынікі ЦТ штогод паказваюць яе сапраўдную сутнасць), а якасць жыцця. У ідэале кожны выпускнік на парозе школы павінен дакладна ўяўляць, дзе ён зможа сябе рэалізаваць з максімальным улікам сваіх магчымасцей і схільнасцей. Час развянчаць міф, што вучыцца — гэта лёгка і даступна кожнаму (хто не верыць, паглядзіце заданні па тэсціраванні па любым прадмеце і паспрабуйце іх нават не рашыць, а зразумець ці хаця б успомніць…).

А яшчэ лепш, калі б замест падтрымліваючых праводзіліся толькі стымулюючыя заняткі. Мы ж самі любім казаць, што ўсе дзеці — адораныя (праўда, пры гэтым нярэдка замоўчваем, што адоранасць бывае розная, а не толькі акадэмічная). Вось няхай і будуць стымулюючыя для ўсіх: кожнаму па здольнасцях.

Вучоба — гэта праца. Цяжкая, пастаянная, карпатлівая. Яна можа стаць больш лёгкай, калі ў чалавека ёсць жаданне і імкненне, здольнасці і задаткі. Але жаданні і імкненні могуць быць не толькі да гэтай сферы дзейнасці, але і да іншых: у школе вывучаецца больш за дваццаць прадметаў, а ў жыцці існуюць дзясяткі тысяч прафесій. І гэта яшчэ сёння. А якія прафесіі будуць заўтра, мы нават уявіць сабе не можам. Але асвойваць іх будуць нашы выпускнікі (калі, вядома, мы іх да гэтага зможам падрыхтаваць: узгадуем, а не затопчам тое, што ў іх ужо ёсць).

І, можа, тады мы адыдзем ад сумнай сітуацыі, калі нашы дзеці не любяць вучыцца, нашы дарослыя не любяць працаваць, таму што кожны нарэшце пачне займацца сваёй справай…

Святлана ГІН,
дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі,
кандыдат педагагічных навук,
член клуба “Крыштальны журавель”.