Алімпіяднікі-географы — сапраўдныя энтузіясты

- 14:56Адукацыйная прастора

На мінулым тыдні завяршылася Х Міжнародная алімпіяда па геаграфіі, якая праходзіла ў Японіі пры падтрымцы ўніверсітэта Цукуба. У спаборніцтвах прынялі ўдзел школьнікі з 32 краін. Беларусы па выніках алімпіяды атрымалі адзін сярэбраны медаль.

1_КиотоОлимп033 (1)Нашу краіну на алімпіядзе прадстаўлялі Ілья Рыдзецкі (у яго сярэбраны медаль) з Гродзенскай гарадской гімназіі, Аляксандр Лукашык з гімназіі № 10 Гродна, Глеб Лазовік з гімназіі № 4 Магілёва і Аляксей Аляксеенка з сярэдняй школы № 25 Гомеля.

“Каб вяртацца з міжнародных алімпіяд па геаграфіі з медалямі, трэба прадугледжваць усе магчымыя цяжкасці, улічваць спецыфіку алімпіяды. У першую чаргу быць гатовым да таго, што яна праводзіцца на англійскай мове, — адзначае навуковы кіраўнік вучэбных збораў па падрыхтоўцы школьнікаў да міжнародных геаграфічных алімпіяд, дацэнт геаграфічнага факультэта БДУ Аляксандр Іванавіч Зарубаў. — Сапраўды, даволі рэдкае спалучэнне прадметаў “геаграфія” і “англійская мова”. Не часта сустрэнеш школьніка менавіта з такім супадзеннем захапленняў. Геаграфіяй апантаны не вельмі многа дзяцей, і яны — сапраўдныя энтузіясты, якія вывучаюць прадмет таму, што ён ім проста падабаецца. Штогод мы знаходзім аматараў геаграфіі і, як правіла, выяўляем іх не ў сталіцы, а ў раённых і абласных гарадах. Часцей добрыя веды па геаграфіі дэманструюць школьнікі з малых гарадоў. Яны паспяхова выступаюць на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, дзе для ўсіх школьнікаў абавязкова праводзіцца дадатковы англамоўны тур.

Па выніках рэспубліканскай алімпіяды фарміруецца нацыянальная каманда для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе. Вучэбныя зборы праводзяцца ў маі і чэрвені. Але збораў недастаткова для таго, каб ахапіць усе пытанні, таму што геаграфія — прадмет шматпрофільны. Рыхтавацца дзеці павінны на працягу ўсяго навучальнага года. Часцей за ўсё перамагаюць на алімпіядах тыя школьнікі, якія яшчэ ў пачатковых класах праяўлялі інтарэс да прыродазнаўства. Да спаборніцтваў навучэнцы рыхтуюцца як самастойна, так і разам са сваімі настаўнікамі. Напрыклад, сёлетні сярэбраны медаліст Ілья Рыдзецкі перад алімпіядай вялікую ўвагу ўдзяляў моўнай падрыхтоўцы, працаваў разам з настаўніцай англійскай мовы, а геаграфіяй у большай ступені займаўся самастойна. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе ён з мэтай удасканальвання ведаў па англійскай мове стажыраваўся ў Лондане”.

1_КиотоОлимп019Міжнародная алімпіяда па геаграфіі праходзіла ў два туры. Першы тур — тэарэтычны, падчас якога школьнікі рашалі сем задач па асноўных кірунках геаграфіі: фізічнай, эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай. Другі тур праходзіў у два этапы: спачатку была “палявая” работа, а потым школьнікі разважалі над мультымедыйнымі тэстамі. Практычная работа праводзілася каля поймы ракі. Дзецям выдалі ліст з абрысамі тэрыторыі для стварэння плана землекарыстання. Акрамя таго, неабходна было начарціць прадольны профіль прапанаванага ўчастка і пазначыць яго геамарфалагічныя зоны. З гэтым заданнем беларускія школьнікі справіліся лепш за ўсё, хаця працаваць прыходзілася ў неспрыяльных умовах: было спякотна і ішоў дождж. Японія — прыморская краіна, знаходзіцца ў зоне вільготных субтропікаў, звычайна тут выпадае шмат ападкаў. Лепшыя вынікі на алімпіядзе прадэманстравалі школьнікі з Румыніі, Харватыі, Сінгапура і Аўстраліі.

Адна з асаблівасцей міжнародных спаборніцтваў па геаграфіі ў тым, што культурная праграма для канкурсантаў рыхтуецца іх жа сіламі. Кожная каманда прэзентуе сваю нацыянальную візітку: творчыя нумары, танцы, спевы, дэманструе нацыянальныя касцюмы. Наша каманда сёлета прадстаўляла вышытую нацыянальную кашулю з поясам. У якасці дамашняга задання алімпіяднікі афармлялі маляўнічыя постары з фотаздымкамі, цікавымі тэкстамі, картамі. У гэтым годзе тэма постараў — “Веды і мудрасць у сучасным развіцці Зямлі”. Удзельнікі алімпіяды наведалі таксама горны манастыр і возера Біва — самае вялікае прэснаводнае возера Японіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
terekhova@ng-press.by